Нiягарскi вадаспад
Нiягарскi вадаспад
Канадскі дзённiк (працяг. Пачатак у нумары за 10 чэрвеня.)Далейшы наш шлях з Таронта ляжыць на Нiягарскi вадаспад, якiя мае самы высокi перапад вышынь — 49 метраў над узроўнем мора. Убачыць Нiягару — i памерцi. Менавiта так можна ахарактарызаваць памкненнi турыстаў з усяго свету ўбачыць незвычайнае вiдовiшча на Нiягары. Праўда, шыкоўны выгляд вадаспад прымае ў вельмi сонечнае надвор’е, калi бурныя патокi вады, якiя спадаюць з канадскага i амерыканскага бакоў, бачны як на далонi. Дарэчы, канадцы ганарацца тым, што "iх" вадаспад — больш эфектнае вiдовiшча, чым вадаспад на тэрыторыi ЗША. Хоць абедзве гэтыя краiны якраз над амерыканскiм вадаспадам злучае металiчны мост, праз якi бясконца ходзяць аўтамабiлi. Пешшу, хоць i без гарантыi ўласнай бяспекi, таксама можна здзейснiць праменад у бок амерыканцаў. Кажуць, што да 11 верасня 2002 года, калi ЗША былі атакаваны бен-ладанаўскiмi тэрарыстамi, турысты маглi без праблем зайсцi да сярэдзiны моста i зрабiць сiмвалiчны крок на тэрыторыю суседняй дзяржавы. Праўда, цяпер без амерыканскай вiзы, папярэдзiла наша гiд Iрына, такiя паходы могуць закончыцца непрадказальна. А з улiкам спецыфiчных адносiнаў Беларусi i ЗША — тым больш. Таму рызыкаваць з пешым паходам у Амерыку мы не сталi, хоць вельмi хацелася. У дажджлiвы дзень разгледзець не толькi амерыканскi бераг, але i водныя лавы, што сыплюцца з ракi Нiягара, не так проста. На адлегласцi выцягнутай рукi на некалькi сотняў метраў у вышыню i шырыню сцелецца дымка з дробных кропляў вады, якiя ўтвараюцца ў месцы падзення вады i проста не паспяваюць выпарыцца... Мiж тым, калi перафразаваць вядомага класiка, Нiягарскi вадаспад "дзівосны ў любую пагоду". Яшчэ вядомы англiйскi пiсьменнiк Чарльз Дзiкенс у 1842 годзе ў час наведвання Нiягарскага вадаспада адзначыў, што "было вар’яцтвам сказаць нешта аб гэтым дзiвосным месцы". Потым дадаў: "Тут i нi ў якiм iншым месцы чалавек блiжэй за ўсё знаходзiцца да Бога". I з гэтым наўрад цi паспрачаешся — большасць людзей, якiя бачаць вадаспады, бываюць проста шакiраваны гэтымi сiламi прыроды. Зрэшты, турысты наведваюць вадаспад з таго самага часу, калi яго ўпершыню выявiлi. Гэта адбылося ў канцы ХVII стагоддзя. Менавiта тады на Сталовай гары — агляднай пляцоўцы на самым краi вялiкага вадаспада, быў пабудаваны надзвычай просценькi гатэль. I толькi праз стагоддзе турыстычныя вiзiты на Нiягару для мясцовых уладаў набылi камерцыйны характар. Цяпер гэты бiзнэс пастаўлены на паток. I калi раптам ваш амерыканскi цi канадскi знаёмы гатовы вас прывезцi ў гэтае дзiвоснае месца i выступiць у якасцi экскурсавода без наяўнасцi адпаведнай лiцэнзii на права называцца гiдам, то можна мець шэраг непрыемнасцяў ад мясцовых сек`юрыцi. Хоць часы, калi праз вадаспад праходзiлi па канаце цi пераплывалi яго на бочцы, даўно мiнулi, усё ж ёсць некалькi спосабаў здзейснiць экскурсiю да падножжа абодвух вадаспадаў. Амаль паўтара стагоддзя невялiкiя лодачкi "Дзева Туману" праходзяць па бурлiвым водным рэчышчы, iдуць на Амерыканскi вадаспад i даходзяць да самага падножжа Падковападобнага канадскага вадаспада. Яшчэ адзiн варыянт больш цесна азнаёмiцца з гэтым цудам прыроды — з дапамогай фунiкулёра ўзабрацца на адкрытую пляцоўку цi ў тунэль. Менавiта з тунэля бачна сцяна вады, якая падае ўнiз з ракi Нiягара, гэта — фантастычнае вiдовiшча. Хоць i без залiшняга экстрыму, але гэты спосаб азнаёмiцца з Нiягарскiм вадаспадам больш ашчадны, чым першы. Бо лодку не толькi моцна гойдае i разварочвае, але i бясконца залiвае халоднай вадой i пакрывае густым пакрывалам з мноства водных кропелек. Ангiну падхапiць — у iмгненне. Праўда, наўрад цi хто аб гэтым задумваецца. Чалавека больш наведваюць фiласофскiя думкi... Вучоныя сцвярджаюць, што Нiягарскi вадаспад утварыўся ў вынiку бурнага геалагiчнага працэсу, якi цягнецца i па сёння. Праўда, спрэчкi вучоных мужоў па нiягарскай тэме толькi прыцягваюць людзей у невялiкi гарадок Нiягара Фолс, дзе афiцыйна "прапiсаны" Нiягарскi вадаспад. Штогод каля 12 мiльёнаў турыстаў з самых аддаленых куткоў планеты прыязджаюць, каб убачыць тое, аб чым яны, пэўна, марылi ўсё сваё жыццё. Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ, Канада.(Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Далейшы наш шлях з Таронта ляжыць на Нiягарскi вадаспад, якiя мае самы высокi перапад вышынь — 49 метраў над узроўнем мора.
|
|