Грыбныя страсцi
Грыбныя страсцi
Казкi для дарослых Калi на роўныя асфальтаваныя дарожкi апускаецца асеннi вечар i ў домiках, дзе жывуць адпачывальнiкi, запальваюцца агнi, на алеi невялiкага скверыка з’яўляецца пара. Мужчына i жанчына iдуць калi не пад руку, дык, ва ўсякiм разе, на такой блiзкай адлегласцi адно ад аднаго, што не застаецца нiякiх сумненняў у iх узаемных прыязных адносiнах. Яны не першы год прыязджаюць разам у гэты санаторый. Жывуць у розных пакоях, кожны пад сваiм прозвiшчам. Але заўсёды трымаюцца разам, адасабляюцца ад астатнiх... Галiна спецыяльна выбiрае для адпачынку грыбны сезон. Заядлая грыбнiца, яна ўжо на памяць ведае ўсе сцяжынкi i лагчынкi, усе "каштоўныя месцазнаходжаннi" ў радыусе з паўкiламетра вакол санаторыя, дасканала вывучыла iх за некалькi апошнiх гадоў. Грыбы iдуць на засушку i засолку. Валера заўсёды прывозiць з сабой некалькi пустых вёдраў цi iншую тару, а потым адвозiць (запоўненую) на машыне дадому. Калi заканчваецца тэрмiн пуцёўкi, за iм на службовай машыне прыязджае вадзiцель, i яны разам грузяць у багажнiк прыгатаваныя Галiнай грыбныя прысмакi i разнасолы. Вадзiцель прыцмоквае ад здзiўлення языком: "Гэта вы самi, Валерый Iванавiч, назбiралi?" Валера невыразна пацiскае плячыма i, стараючыся надаць голасу адценне абыякавасцi, адказвае: "Не зусiм... Дапамагала тут адна... суседка па паверсе". У гэты самы час "суседка" ўважлiва назiрае за зборамi праз шчылiну памiж фiранкамi ў сваiм пакоi... Яна паедзе дадому спачатку ў прыгарадным аўтобусе, потым — у электрычцы. I ўсё вернецца на "кругi свае". Дом, дзецi, работа на чыгуначным вузле сувязi i... дача, дзе яны час ад часу сустракаюцца з Валерам. Галiна ўжо i сама дакладна не памятае, як i чаму ўсё гэта закруцiлася, дзе i калi пачалося. Наглядзелася прыгожых фiльмаў, пазайздросцiла чужому каханню i прыгожаму жыццю... Захацелася незвычайнасцi, небудзённасцi, узлёту... Муж — самы пасрэдны, з такiм не ўзляцiш. З дому — на работу, з работы — дадому. З парога — на кухню, з кухнi — у залу, за кнiгу, за газету, а потым — спаць. Яна ляжала побач з iм з заплюшчанымi вачыма i пад яго храпенне марыла зусiм аб iншым жыццi: поўным прыгод, рызыкi i пачуццёвасцi. А ранiцай наступнага дня ўсё паўтаралася зноў... Нi ад чаго не стамляешся так, як ад будзённасцi, ад штодзённага паўтарэння падзей, размоў i твараў. Прыядаючыся паступова i спакваля, яны робяцца неад’емнай часткай жыцця, яго стваральнiкамi i разбуральнiкамi адначасова... Так жылi ўсе Галiны сяброўкi, суседкi, калегi, знаходзячы ў хатнiм кругавароце i дачных клопатах i супакаенне, i радасць, i збавенне ад iншых праблем, i нават шчасце. Галiна, адзiная са свайго невялiкага калектыву, любiла камандзiроўкi. Нават непрацяглыя i зусiм кароценькiя — туды i назад: ранiцай — у сталiцу, з паперамi да высокага начальства, вечарам — дадому. Вось i даездзiлася: Валерый Iванавiч, на якога яна нават глядзець баялася, калi паперы на подпiс прывозiла, уласнай персонай запрасiў да сябе на дачу. Было нейкае свята, у госцi панаехала процьма людзей (балазе, жонка гаспадара знаходзiлася на адпачынку ў iншай краiне). Так, здаецца, усё i пачалося... Падвыпiўшы, народ запалiў вогнiшча, пачалi смажыць шашлыкi... Шампанскае цякло ракой, з начнога неба таямнiча падмiргвалi зоркi... Душа неслася ў рай, i Галiне здавалася, што менавiта да гэтага адчування яна iмкнулася ўсё жыццё... Валерый Iванавiч вадзiў яе, п’яную ад шчасця, за руку памiж градак i тлумачыў, дзе i што расце, хоць усё роўна нiчога не было вiдаць... Потым яны не раз прыязджалi на дачу ўдваiх. Спачатку для таго, каб адпачыць, расслабiцца, нацешыцца адсутнасцю чужых вачэй... Але аднойчы, "каб не вяртацца сюды аднаму яшчэ раз", Валера папрасiў яе дапамагчы палiць памiдоры i агуркi ў парнiку. Галiна згадзiлася. У наступны свой прыезд яны "за адным разам" абабралi куст чырвонай парэчкi, i Валера павёз дадому цэлае вядро ягад на кампоты... Потым палолi градкi, збiралi слiвы, яблыкi, выкопвалi бульбу. Галiна i сама не заўважыла, як уцягнулася. Здзiўлялася толькi свайму спрыту, сiле, вынослiвасцi — трэба ж было завiхацца на дзвюх дачах (сваёй i Валеравай), усюды паспяваць. Муж асаблiва не цiкавiўся, дзе i як жонка праводзiла выхадныя. Ды i яна, пад- няўшыся ў сваiх уласных вачах, увогуле перастала з iм лiчыцца... Праўда, ехаць адпачываць у санаторый з чужым чалавекам у першы раз было ўсё ж жудаснавата. За пару тыдняў да ад’езду Валера папрасiў яе дапамагчы ўправiцца з агародам. Жонка адпусцiла яго на дачу з адзiнай умовай: сабраць i закансерваваць агуркi. На агурочнай нiве Галiна шчыравала ледзь цi не да апоўначы. I калi, стомленая, ледзь дацягнулася да ложка — не да рамантыкi ўжо было, не да кахання — у акно нечакана ўдарыў свет ад аўтамабiльных фар. У пакой заляцеў напалоханы Валерый Iванавiч: "Схавайся куды-небудзь хутчэй, сын з сяброўкай прыехаў!" Нiчога не папiшаш — прыйшлося лезцi на гарышча... Седзячы наверсе на зламанай раскладушцы, ляскаючы зубамi ад холаду i хутаючыся ў тоненькую коўдру, Галiна слухала, як смяюцца i нешта гучна абмяркоўваюць унiзе незнаёмыя людзi. Яны звiнелi шклянкамi i рагаталi, а яна скрозь маленькае акенца пазiрала на жнiвеньскае неба, адкуль па-змоўнiцку падмiргвалi зоркi... Было вельмi шкада сябе i хацелася лаяцца апошнiмi словамi. Успамiналiся ўласныя дзецi i мучыла думка пра тое, што яны, напэўна, леглi спаць ненакормленыя... Натуральна, назаўтра Галiна спазнiлася на работу. Праз паўгадзiны калегi былi ў курсе яе спраў — раззлаванай жанчыне вельмi цяжка стрымлiваць свае эмоцыi... Усе думалi, яна не даруе нi яму, нi сабе, паступова супакоiцца, апусцiцца на зямлю, возьмецца за розум. У першыя днi пасля прыезду з дачы яна сапраўды сцiшылася, узяла сябе ў рукi... Але ўжо праз тыдзень патэлефанавала Валеру, каб... папрасiць прабачэння за свой "нервовы зрыў". Гэта толькi яшчэ раз пацвердзiла вядомую аксiёму наконт таго, што жаночыя ўчынкi не падпарадкоўваюцца законам логiкi. Пра Галiну пагаварылi i забылiся: у рэшце рэшт, супрацоўнiцам надакучыла кожны дзень абмяркоўваць адно i тое ж. Дарослая жанчына — яе праблемы. ...Каханне, кажуць, рэч вельмi злая. Нiколi не ведаеш, якi жарт утворыць з табой у наступны момант. Галiна часта ўспамiнае свой першы вечар на Валеравай дачы. Вогнiшча, песнi, пырскi шампанскага... Яна хацела прыгожай казкi i гатовая была дзеля гэтага ахвяраваць усiм ранейшым жыццём, зацягнутым плёнкай паўсядзённасцi... Магчыма, яна апынулася не ў той казцы цi сустрэла "няправiльнага" прынца. Калi ў час абедзеннага перапынку замест таго, каб iсцi дадому i кармiць дзяцей, якiя вяртаюцца са школы, Галiна дастае з полiэтыленавага пакета Валераву кашулю i пачынае прышываць да яе гузiкi, калегi выходзяць на калiдор "пакурыць". Яны гатовы хоць гадзiну тырчаць на лесвiчнай пляцоўцы, абы не бачыць гэты жывы помнiк ахвярам страсцi. Галiна ўсмiхаецца: маўляў, зайздросцяць. Не iм жа дораць маленькiя прыемныя "сувенiры": шакаладкi, калготкi, памаду для вуснаў... Не iх жа кожны год возяць на адпачынак у санаторый... А там — прырода, лес, грыбы... Сёлета, папярэджваў Валерый Iванавiч, клопатаў крыху прыбавiцца. Сын ажанiўся, паедзе з жонкай на адпачынак у Балгарыю. Маладыя ўсё ж, не да зiмовых нарыхтовак. Трэба будзе i на яго долю грыбкоў замарынаваць... Наталля ЎЛАДЗIМIРАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi на роўныя асфальтаваныя дарожкi апускаецца асеннi вечар i ў домiках, дзе жывуць адпачывальнiкi, запальваюцца агнi, на алеi невялiкага скверыка з’
|
|