ААТ "Шклоўскi масларобны завод": малочныя рэкi, тварожныя берагi
ААТ "Шклоўскi масларобны завод": малочныя рэкi, тварожныя берагi
Паводле вынікаў 2007 года, ААТ "Шклоўскi масларобны завод" занесена на Рэспублiканскую дошку гонару. Шклоўскi масларобны завод прапануе людзям натуральную i смачную малочную прадукцыю пад маркай "Избушка молочника". І яе будзе значна болей, калi праз два гады ў райцэнтры пабудуюць новую сучасную вытворчасць, дзе будуць перарабляць 200 тон малака за суткi. Юбiлейны год Сёлета Шклоўскаму масларобнаму заводу спаўняецца 60 гадоў. Юбiлей тут маюць намер адзначыць у жнiўнi, калi таксама споўнiцца 4 гады, як заводам кiруе Аляксандр Ерашэнка. Ён узначалiў прадпрыемства, калi яно мела каля мiльярда рублёў стратаў. У завода была велiчэзная крэдыторская запазычанасць, не выконвалiся прагнозныя паказчыкi, удавалася перарабiць толькi 8 тон малака — гэта у 5 разоў менш, чым цяпер. Новы кiраўнiк сабраў каманду спецыялiстаў i паставiў задачы: прыбытковая праца, павелiчэнне аб’ёмаў вытворчасцi, пашырэнне асартыменту прадукцыi i заваёва сур’ёзных рынкаў збыту. Для таго, каб прадукцыю Шклоўскага масларобнага завода пакупнiкi лёгка пазнавалi на палiцах крамаў, з’явiўся новы арыгiнальны брэнд — "Избушка молочника". Сёння гэты брэнд ведаюць не толькi на роднай Шклоўшчыне, але i ў Магiлёве, Мiнску i нават Смаленску. Тры-чатыры разы на тыдзень у Расiю адпраўляецца 7,5 тоны натуральнамалочнай прадукцыi, якая карыстаецца папулярнасцю ў смалян. Поспехi ў працы кiраўнiцтва i працоўнага калектыву Шклоўскага масларобнага завода адзначаны цяпер шматлiкiмi ўзнагародамi. Трэцi год запар прадпрыемства атрымлiвае пераможны сцяг Шклоўскага раёна. Дырэктар быў удастоены звання "Чалавек года". Завод прапiсаўся на раённай Дошцы гонару, а цяпер трапiў i на рэспублiканскую. Тут будзе новы завод! Шклоўскi масларобны завод месцiцца ў цэнтры горада, непадалёк ад райвыканкама. Дарэчы, адзiн з заводскiх будынкаў — былая сiнагога з адпаведнай архiтэктурай. Усе памяшканнi завода — чыстыя i акуратныя. Невялiкая тэрыторыя ўпрыгожана кветкавымi клумбамi i фантанам. Тут сочаць за парадкам. Аднак пры ўсiм гэтым заводу цесна на сваёй цяперашняй невялiкай тэрыторыi. Яму трэба развiвацца i пашыраць вытворчасць. — Мы цяпер перарабляем за суткi 40 тон малака, i гэта нават больш за нашы магутнасцi, — расказвае галоўны iнжынер Аляксандр Капылоў. — У летнi сезон вялiкага малака ў раёне мы збiраем ужо 160 тон малака, а, паводле планаў, да 2010 года гэтая лiчба павялiчыцца да 200 тон, а то i болей. Мы аддаём малако на iншыя прадпрыемствы, але пастаўлена задача перарабляць усё тут, у Шклове. Таму цяпер iдзе размова пра глабальную рэканструкцыю i пашырэнне завода. У райцэнтры будзе пабудавана новае прадпрыемства, якое акрамя натуральнамалочнай прадукцыi будзе вырабляць масла i сухое малако. — Пашырацца на цяперашняй пляцоўцы складана з-за санiтарна-ахоўных нормаў: цэнтр Шклова не вельмi пасуе для вялiкага прадпрыемства, — паведамiў дырэктар Аляксандр Ерашэнка. — Таму новую вытворчасць пабудуем на новым месцы — на былой тэрыторыi агракамбiната, якая цяпер пустуе. Кiраўнiк дзяржавы даў дабро: пры наведваннi Шклова на адкрыццi завода па вырабе газетнай паперы Аляксандр Лукашэнка сказаў, што праз два гады ў раённым цэнтры з’явiцца новае прадпрыемства па перапрацоўцы малака. Нават верагодна, што знойдзецца i расiйскi iнвестар. Сёння ўжо робiцца праект, i хутка ў нас будзе сучасны, перадавы завод. Жывыя прадукты Нездарма гавораць, што шклоўскае малако надзвычай добрае i смачнае. Больш за 90 працэнтаў малака, якое паступае на Шклоўскi масларобны завод, — вышэйшага гатунку. Усе карысцi добрай сыравiны iмкнецца данесцi да людзей "Избушка молочника". Прадукцыя гэтага масларобнага завода мае адметную рысу: яна натуральная, цi як трапна кажуць — жывая. — Жывыя прадукты не маюць кансервантаў i не прайшлi дадатковую тэрмiчную апрацоўку, — тлумачыць Аляксандр Капылоў. — Шклоўскiя прадукты — выключна натуральныя i жывыя! — Нам трэба заваёўваць рынак якаснай прадукцыяй, — тлумачыць падыходы Аляксандр Ерашэнка. — Малако — адзiн з асноўных харчовых прадуктаў, якi патрабуецца чалавеку штодзень. Самае смачнае малако — у бабулi ў вёсцы, i яно стаiць толькi некалькi сутак. А што гэта за малако, якое захоўваецца некалькi дзесяткаў дзён? Людзям патрэбны натуральны прадукт. Такi, як наш: ён пачысцiць арганiзм i дасць яму карысныя рэчывы. I праўда: невялiкiя тэрмiны захоўвання жывой шклоўскай прадукцыi не перашкаджаюць яе паспяховай рэалiзацыi. Адносна невялiкiя аб’ёмы вытворчасцi i кампактны калектыў дазваляюць, што называецца, вынасiць на руках кожны пакунак. Так што рэкламны слоган шклоўскiх малочных харчоў "Казка-прадукт" тут вельмi да месца. Здаровая ежа Усяго на заводзе ў Шклове вырабляюць 24 найменнi прадукцыi. Многiя з прадуктаў маюць дыпломы "Прадукт года". Дакументы, якiя адзначаюць высокую якасць прадукцыi завода, у вялiкай колькасцi ўпрыгожваюць сцены прыёмнай i кабiнетаў кiраўнiцтва. Сярод iх — i сертыфiкат аб адпаведнасцi сiстэмы менеджменту якасцi СТБ ISО 9001-2001. Сёння папулярнасцю карыстаюцца ёгурт "Крепышок", ражанка, бiякефiр, пiтныя ёгурты. Людзям падабаюцца смачныя шклоўскія тварог i смятана. Жыхары Магiлёва пiльнуюць у крамах завоз прадукцыi Шклоўскага масларобнага завода. Апошнiм часам гараджане аддаюць перавагу модным дыетычным прадуктам — нiзкатлустаму малаку i нятлустаму кефiру. Але ўсё ж найбольш папулярны цяпер новы прадукт са Шклова: "Окрошка к картошке". Гэтаму кiсламалочнаму напою з дадаткам агурка i кропу аддае перавагу сам дырэктар завода i многiя яго калегi: — Гэта любiмы народам прадукт. Ён нiбыта вясковы: з бульбай альбо хлебам — тое, што трэба! — I зноў-такi ўсё натуральнае, — зазначае мiкрабiёлаг Наталля Iсаева. — Мне пабадаецца наша прадукцыя тым, што яна робiцца з якаснага малака, без анiякiх Е i хiмiчных дабавак. Гэта ўсё здаровае харчаванне: я ем яго сама i вам раю пачаставацца! Шклоўскiя прафесiяналы Сёння на Шклоўскiм масларобным заводзе працуе 180 чалавек. Сярэднi заробак па прадпрыемстве летась склаў каля 700 тысяч рублёў. Нездарма ў кiраўнiка завода ёсць цэлая кнiжка для запiсу тых, хто хоча атрымаць працу: з гэтых ахвотнiкаў можна было б набраць поўнасцю новы калектыў! — У нас ёсць прыбыткi, мы плацiм грошы, але, заўважу, што не дарма! — запэўнiвае Аляксандр Ерашэнка. — Наш завод пачынае працаваць а 3-й гадзiне. I людзi нашы — прафесiяналы: трэба ўмець рабiць смятану цi тварог, не пазяхаць, тэхналогiю не парушаць, укладваць душу — каб усё было смачнае. Так што перад усiм наша прадукцыя сваёй добрай рэпутацыяй удзячна добрасумленным працаўнiкам завода. — Я думаю, што рэцэпт поспехаў прадпрыемства — насамрэч у калектыве, — пагаджаецца з дырэктарам галоўны бухгалтар Алена Таланкова. — Трэба не толькi хацець выкараскацца, але i павесцi за сабой людзей. Каб ва ўсiх было перакананне, што чым сядзець i плакаць над цяжкасцямi, трэба падняцца i працаваць. Супрацоўнiца лабараторыi хiмбаканалiзу Ала Буевiч працуе на Шклоўскiм масларобным заводзе больш за дзесятак гадоў. Яна ведала розныя часiны на прадпрыемстве, а цяпер прызнаецца, што трымаецца за сваю працу. — Мы тут кiраўнiцтвам задаволеныя: наш дырэктар нам як бацька, — прызнаецца яна. — I прадукцыя наша самая лепшая — карысная для здароўя, сапраўдная. Раiса Сцяпанаўна Злобiна — мыйшчыца малакавозаў. Разам з вадзiцелем Алегам Кандраццевым яна мые аўтамабiль i расказвае: — Машыны трэба добра мыць i парыць, каб малако было чыстае i добрае. Гэта абавязкова. I мне мая праца падабаецца. Хоць я i пенсiянерка, але дырэктар мне сказаў, што я магу працаваць на здароўе. I я ўсё раблю добра, сумленна! На заводзе распавядаюць, што ўзор адказнага стаўлення работнiка да справы — гэта старшая кладаўшчыца Наталля Леанiдаўна Новiкава. Сцiплая жанчына, яна вельмi добра ведае сваю працу i выконвае яе так, як рабiла б гэта дома, для сябе. Працуем добрасумленна! За апошнiя гады гаспадарка Шклоўскага масларобнага завода пашырылася. Каб паменшыць выдаткi на збор малака i развоз у гандаль гатовай прадукцыi, новае кiраўнiцтва стварыла аўтатранспартны ўчастак. Закiнутую аўтабазу прывялi ў парадак, каб арганiзаваць стаянку i абслугоўванне аўтамабiляў — малакавозаў i iзатэрмiчных фургонаў. — Мне мая праца падабаецца, — усмiхаецца начальнiк участка Рыгор Осiпаў. — Прыходзiць новая тэхнiка, наша база будуецца i пашыраецца, увогуле будзе новы завод. Так што перспектыва ў нас ёсць! Жадаю ўсiм сваiм калегам, каб на нашым заводзе быў прыбытак i каб мы заўсёды былi наперадзе! У будучынi адкрыецца трэцяя фiрмовая крама Шклоўскага масларобнага завода. Гэта будзе ў жылым раёне райцэнтра, паблiзу якога распачнецца будоўля новай вытворчасцi. Кiраўнiцтва адзначае добрую працу службы маркетынгу, якая заўсёды працуе ўзмоцнена. Менавiта ад яе супрацоўнiкаў залежаць збыт, клiенты, рынак i, урэшце, прыбыткi прадпрыемства. — Сёння ў Беларусi паважаюць шклоўскiя малочныя прадукты, — лiчыць дырэктар Шклоўскага масларобнага завода Аляксандр Ерашэнка. — Нам ёсць чым ганарыцца. Мы плацiм падаткi ў бюджэт, спансiруем дзiцячыя ўстановы. Шклоўцы i ўлады паважаюць наша прадпрыемства, i мы будзем добрасумленна працаваць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле вынiкаў 2007 года, ААТ "Шклоўскi масларобны завод" занесена на Рэспублiканскую дошку гонару.
|
|