"Бывай, Гродна, і добры дзень!"
"Бывай, Гродна, і добры дзень!"
13—15 чэрвеня прайшлi заключныя мерапрыемствы VІI Рэспублiканскага фестывалю нацыянальных культур За тры днi ўжо традыцыйнага свята нацыянальных культур Беларусi ў горадзе над Нёманам аўтару гэтых радкоў не давялося пачуць нiводнага абразлiвага слова, без чаго, на жаль, не абыходзiцца ў будзённым жыццi. Больш за тое, не ўбачыў i нiводнага зняважлiвага позiрку. Усмешкi, жарты... I такое ўражанне, што на гэту цудоўную атмасферу чалавечай шчырасцi, еднасцi не магла не адрэагаваць нават нябесная канцылярыя. Пралiўны дождж, якi з суботняй ранiцы некалькi гадзiн моцна турбаваў думкi арганiзатараў, удзельнiкаў i гасцей фестывалю, да пачатку дзейства закончыўся i ўжо не нагадваў пра сябе да заключных падзей свята. У Гродне, як заўсёды, вельмi старанна i адказна рыхтавалiся да фестывалю. Для прыёму гасцей, сярод якiх былi дэлегацыi з гарадоў-пабрацiмаў горада над Нёманам, задзейнiчалi не толькi гасцiнiцы, але i iнтэрнаты навучальных устаноў, прадпрыемстваў, аздараўленчыя ўстановы. Гаспадары выканалi ўсе просьбы па арганiзацыi экскурсiй, штаб фестывалю быў гатовы прадаставiць любую iнфармацыю, а калi ўзнiкла нейкая праблема — дапамагчы ў яе вырашэннi. Папрыгажэлi ўтульныя куточкi ў цэнтральнай частцы горада, дзе размясцiлiся нацыянальныя падворкi, мясцовыя ўлады паклапацiлiся аб рэстаўрацыi шэрагу гiстарычных пабудоў, абнаўленнi фасадаў будынкаў, рамонце дарог. Услед за першынцам жанру паркавай скульптуры ў абласным цэнтры — гараджанiнам Жылiберам на ўваходзе ў парк, якi носiць яго iмя, Уладзiмiр Панцялееў якраз да фестывалю выканаў яшчэ дзве работы — гэта "Лебедзi" на Гараднiчанцы i непадалёк — "Амур" ля будынка ЗАГСа. I цяжка нават падлiчыць, колькi "фотасесiй" адбылося каля апошняй скульптуры "крылатага хлопчыка" ў фестывальныя днi! Фестывальны рух узбагачаецца талентамi ўсё новых нацыянальнасцяў, якiя ў мiры i згодзе жывуць i працуюць на беларускай зямлi, ствараюць сем’i, а таксама, бывае, аб’ядноўваюцца ў творчыя калектывы. Як гэта зрабiлi ў Вiцебскай вобласцi, дзе пры Iллюшынскiм сельскiм Доме культуры арганiзаваны народны клуб нацыянальных культур "Дружба", якi аб’ядноўвае людзей пяцi нацыянальнасцяў. Альбо ў Касцюкоўскiм СДК Барысаўскага раёна, дзе стварылi народнае аматарскае аб’яднанне прадстаўнiкоў нацыянальных культур "Шматгалоссе". У складзе гэтага аб’яднання — прадстаўнiкi 14 нацыянальнасцяў, 45 удзельнiкаў ва ўзросце ад 15 да 76 гадоў. Прычым яны вiтаюць сваiх гасцей не толькi мовай песнi i танца, але i сапраўдным парадам нацыянальных хлябоў: грузiнскi лаваш i яўрэйская маца, малдаўскi калач i туркменскi чурэк, нямецкi кух i казацкi паходны кулеш. А на свяце кухняў долма дапаўняе манты, сацывi — плоў, а шашлык — мамалыгу. Сярод навiнак фестывалю — свята нацыянальнага кiно, падворак замежных студэнтаў, якiя навучаюцца ва ўнiверсiтэтах горада над Нёманам, святы дзiцячай нацыянальнай паэзii i нацыянальнага харэаграфiчнага мастацтва, канцэрт прафесiйных артыстаў розных нацыянальнасцяў Беларусi... Цiкава i тое, што на многiх падворках падрыхтавалi свае варыянты нацыянальных сямейна-бытавых абрадаў, прычым у некаторых выпадках гэта былi элементы не тэатралiзаванага, а сапраўднага вяселля. Паводле слоў упаўнаважанага па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў Леанiда Гулякi, прыемна ўсведамляць, што менавiта на беларускай зямлi нарадзiлася i шмат гадоў iснуе такое незвычайнае па сваёй прыгажосцi свята, якое сваёй самабытнасцю, глыбокiм лiрызмам i сардэчнасцю спрыяе ўмацаванню i ладу мiжэтнiчных адносiнаў. Нашым фестывальным рухам вельмi цiкавяцца за мяжой i ёсць цiкавыя прапановы па яго далейшым развiццi. У прыватнасцi, даволi рэальнай бачыцца арганiзацыя фестывалю нашых суайчыннiкаў, якiя пражываюць за межамi Беларусi. Леанiд Гуляка паведамiў, што сёлета падпiсаны пагадненнi аб супрацоўнiцтве па падтрымцы нацыянальных меншасцяў у Беларусi i нацыянальных суполак беларусаў за мяжой з дзяржаўнымi органамi Лiтвы, Малдовы, Украiны, такое ж пагадненне неўзабаве будзе ў нас i з Расiйскай Федэрацыяй. За мiнулы i першую палову гэтага года Рэспублiканскi цэнтр нацыянальных культур перадаў беларусам Расii, Украiны, Латвii, Лiтвы, Эстонii, Польшчы, Арменii, Казахстана кнiгi, DVD-дыскi i фотаальбомы аб Беларусi, метадычную лiтаратуру, аўдыёкасеты, нотныя зборнiкi, паштоўкi, сцэнарыi святаў, музычныя iнструменты, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва... Беларускiя сцэнiчныя касцюмы былi набыты Мiнiстэрствам культуры i ўручаны Саюзу беларусаў Крыма, Беларускаму грамадска-культурнаму таварыству ў Польшчы, Вiльнюскай школе iмя Ф. Скарыны ў Лiтве, Калiнiнградскаму зямляцтву беларусаў, нацыянальна-культурнай аўтаномii беларусаў Томска, музею "Беларускi двор" у Арэнбургу. Дарэчы, калi на прэс-канферэнцыi была агучана iдэя арганiзацыi фестывалю нашых суайчыннiкаў, якiя пражываюць за межамi сваёй гiстарычнай Радзiмы, то яе адразу ж падтрымала намеснiк старшынi Гродзенскага аблвыканкама Марыя Бiрукова, прапанаваўшы аб’яднаць у гэтай справе намаганнi рэспублiкi i Прынёманскага краю. Магла б скласцiся традыцыя, калi на наступны год пасля Рэспублiканскага фестывалю нацыянальных культур Гродна прымае фестываль беларусаў замежжа. Барыс ПРАКОПЧЫК. Фота Яраслава ВАНЮКЕВIЧА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За тры днi ўжо традыцыйнага свята нацыянальных культур Беларусi ў горадзе над Нёманам аўтару гэтых радкоў не давялося пачуць нiводнага абразлiвага сло
|
|