Ушанаванні, канцэрты, спаборнiцтвы...
Ушанаванні, канцэрты, спаборнiцтвы...
Сонечна i цёпла было 3 лiпеня на Гомельшчыне, i такi ж настрой панаваў у душах жыхароў усiх населеных пунктаў вобласцi: прыйшло самае галоўнае нацыянальнае свята. Гэта адчувалася i ва ўбранстве вулiц i плошчаў горада на Сожы, урачыстыя мерапрыемствы ў якiм пачалiся грандыёзным парадам вайскоўцаў, прадстаўнiкоў працоўных калектываў, ветэранаў i моладзi ад плошчы паўстання да Вечнага агню, што днём i ўначы гарыць на плошчы Працы. Тут адбыўся мiтынг i цырымонiя ўскладання вянкоў i кветак да брацкай магiлы з мiнутай маўчання i салютам. Затым калоны рушылi на плошчу iмя Ленiна, дзе адбыўся вялiкi канцэрт. Свята ахапiла ўвесь горад. На тэрыторыi музея ваеннай славы, дзе сабраны дзесяткi адзiнак ваеннай тэхнiкi, працавала палявая кухня, i салдацкую кашу маглi пакаштаваць не толькi ўбеленыя сiвiзной-серабром ветэраны, але i ўсе ахвотнiкi. Тут жа была наладжана канцэртная праграма "У памяць аб подзвiгах дзеля Айчыны". Каля мемарыяльнага комплексу воiнаў-iнтэрнацыяналiстаў, што на вулiцы Багдана Хмяльнiцкага, адбылося ўшанаванне тых, хто вызначыўся ў баявых дзеяннях у замежных краiнах, за што iм уручылi ўзнагароды. У дзiцячым парку былi наладжаны выстаўкi творчасцi школьнiкаў горада, музейныя экспазiцыi, выстаўкi кнiг. У парку культуры i адпачынку iмя Луначарскага адкрыўся павiльён з металу i шкла для гульнi ў шахматы i шашкi, i ў iм было шматлюдна. У Чыгуначным раёне ўшаноўвалi доўгажыхароў пасёлка Касцюкоўка, а ў Савецкiм адбылося свята вулiцы 60 гадоў СССР. У мiкрараёне "Валатава" адбыўся лёгкаатлетычны прабег дзяцей i падлеткаў, а ў "Клёнкаўскiм" i ў зоне адпачынку "Сажалка" — спартыўна-масавыя мерапрыемствы i атракцыёны. На шматлiкiх сцэнiчных пляцоўках гучалi песнi, музыка, былі танцы. Самы ж грандыёзны канцэрт з удзелам артыстаў беларускай i расiйскай эстрады адбыўся каля Лядовага палаца, дзе была наладжана акцыя "Спяём гiмн разам". Тут жа ў 23 гадзiны начное неба расквецiлi ўсiмi колерамi вясёлкi залпы салюта-феерверку. — Усё было цудоўна, — сказалi ў гутарцы са мной кавалер трох баявых ордэнаў Славы Вiктар Вятошкiн i Герой Сацыялiстычнай Працы Пётр Кавалёў. — Як i ўсе жыхары Беларусi, мы ганарымся тым, што адстаялi сваю свабоду, сваю незалежнасць, што сваiмi працавiтымi рукамi паднялi краiну з руiнаў i папялiшчаў, пераадолелi шматлiкiя цяжкасцi i беды, што ўпэўнена iдзём наперад... Уладзiмiр ПЕРНІКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сонечна i цёпла было 3 лiпеня на Гомельшчыне, i такi ж настрой панаваў у душах жыхароў усiх населеных пунктаў вобласцi: прыйшло самае галоўнае нацыяна
|
|