"Нехта ж павiнен кармiць горад!"
"Нехта ж павiнен кармiць горад!"
Ліст у нумар "Звязду" я выпiсваю гадоў з 10 i мяняць яе на нешта таўсцейшае альбо таннейшае не збiраюся, таму хаця б, што пачытаеш яе — родную, на роднай мове — i лягчэй крыху стане: быццам з роднымi людзьмi пагаварыў. Пра што? Пра ўсё. Зачапiў вось артыкул Сымона Свiстуновiча "Да добрага дома ды добрую б зарплату". Пiша ён пра Брэсцкую вобласць, але тое ж назiраецца паўсюль. Мы, напрыклад (муж ветурач, я настаўнiца), жылi ў Вiцебскай, зараз — у Мiнскай... I ведаем: сем’i простых людзей (не банкiраў, не дырэктараў прадпрыемстваў, не мiлiцыянераў, не бандытаў...) дом сабе пабудаваць не могуць. Спытаеце, навошта? Маўляў, такiх спецыялiстаў, як мы, жыллём у вёсцы павiнны забяспечваць. Тэарэтычна — так. А на практыцы... Мне за 10 гадоў яго не прапаноўвалi нi разу. Добра яшчэ — прапаноўвалi мужу. Разам калiсь мы i клюнулi на драўляны дом, абкладзены цэглай. Праўда, з трыма грубкамi i выгодамi за хлявом, але ж гэта было ўжо, можна сказаць, сваё, асобнае жытло, не ў бацькоў. Пераехалi мы, пайшлi працаваць. I што? Муж са сваёй вышэйшай адукацыяй больш чым 300 тысяч беларускiх рублёў дамоў не прыносiў. Для сям’i гэта, як вы разумееце, зусiм не грошы. Таму на паўтары стаўкi працавала я. Добра, што была такая магчымасць, — у глыбiнцы кадраў часта не хапае. У вынiку праз тры гады наш дом ужо быў з вадой, з каналiзацыяй (муж сам правёў), купiлi электранагравальнiк... Не сказаць, што дужа абжылiся, але ж канцы з канцамi зводзiлi, пакуль не нарадзiўся сын. Праз тры месяцы пасля гэтага я выйшла на працу — па грашах так было выгадней, бо мужу да яго 300 тысяч па-ранейшаму нiчога не дабавiлi. I ён стаў думаць, што рабiць далей, а гэта значыць — стаў шукаць працу. Не памятаю, колькi мы прачыталi аб’яў (у тым лiку ў iнтэрнэце), колькi абзванiлi гаспадарак, але нiдзе нам не прапаноўвалi нiчога лепшага, чым мы мелi. Той жа домiк прысядзiбнага тыпу (як iх будуюць, я назiрала ўсю зiму 2004—2005-га года, таму жыць у iм не хачу) i тыя ж 100 еўра — у Верхнядзвiнскiм раёне, у Сенненскiм, у Докшыцкiм... Знайшлi нарэшце гаспадарку пад Мiнскам, дзе мужу паабяцалi аклад у памеры 350 тысяч, але з прэмiямi i надбаўкамi за стаж, паабяцалi кватэру з выгодамi. Прыехалi, паглядзелi — вёска чыстая, прыгожая... Садок далекавата, але ў школе патрэбны настаўнiкi. Карацей, рашылiся — самi зрабiлi рамонт у кватэры, пераехалi, жывём. Старыя ды i новыя знаёмыя здзiўляюцца, як нам хапiла смеласцi кiнуць абжытае месца, паехаць у свет? Адказваю, што наўрад цi адважылiся б на гэта, калi б не дзецi. На ранейшым месцы будучынi б у iх, лiчы, не было: гаспадарка слабая, заробак малы, школа доўга не працягне... Гэта я ўсё пра тое, што нiякiя дамы прысядзiбнага тыпу не прывабяць добрых спецыялiстаў, бо яны, спецыялiсты, як правiла, людзi сямейныя. У iх павiнен быць годны заробак — хаця б тысяч 700. Многа? Але ж рабочы на заводзе атрымлiвае больш. Дык чаму ветурач, якi скончыў акадэмiю, якi працуе ад цямна да цямна i без выхадных, не можа прэтэндаваць на падобнае? Але i гэта не ўсё. У гэтага спецыялiста, павiнен быць месяц водпуску, транспарт, павiнна быць палiва. I, абавязкова, добрыя паважлiвыя адносiны з боку кiраўнiкоў гаспадаркi. А без гэтага... Шчыра кажучы, цяжка ўявiць, што будзе без гэтага. Нехта ж павiнен кармiць горад... I.К., Мiнскi раён. (Прозвiшча i адрас паведамлялiся толькi для рэдакцыi).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Звязду" я выпiсваю гадоў з 10 i мяняць яе на нешта таўсцейшае альбо таннейшае не збiраюся, таму хаця б, што пачытаеш яе — родную, на роднай
|
|