21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Егіпецкiя кантрасты: пяцiзоркавыя гатэлi i дамы... без дахаў

26.08.2009 10:28 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Егіпецкiя кантрасты: пяцiзоркавыя гатэлi i дамы... без дахаў

Камфортны адпачынак цалкам рэальны, але зусiм не гарантаваны 

Дзе можна ўбачыць вярблюда побач з шыкоўным гатэлем? І дзе, каб з гэтай жывёлiны спусцiцца (сесцi можна бясплатна), прыйдзецца заплацiць? Зразумела, гэта Егiпет. Прычым не надта ўжо ад нас i далёкi. Каб трапiць з беларускай сталiцы ў Хургаду альбо Шарм-Эль-Шэйх, спатрэбiцца амаль столькi ж часу, як i на падарожжа з Гродна ў Мiнск — прыкладна чатыры з паловай гадзiны. Вядома ж, у першым выпадку транспарт паветраны, а ў другiм — наземны. Ёсць рознiца i ў яго запаўняльнасцi: калi ў "маршрутцы" цi аўтобусе нярэдка пустуе каля паловы месцаў, то ў самалёце (прынамсi падчас нашага рэйсу) быў поўны пасажыракамплект. Прычым самых розных узроставых катэгорый. А гэта значыць, што беларускiя грамадзяне, хоць i не так актыўна ў параўнаннi з тымi ж расiянамi, але ўсё больш цiкавяцца калiсьцi зусiм невядомымi для iх экзатычнымi турыстычнымi маршрутамi.

Егiпет — гэта калыска старажытнай цывiлiзацыi, краiна, дзе ўзнiкла першая дзяржава, нарадзiлiся пiсьмо, матэматыка, астраномiя, медыцына. I калi Японiю называюць краiнай узыходу сонца, то Егiпет — гэта краiна поўнага яго незаходу, дзе лета заўсёды. Адсюль i адно з першых месцаў у свеце па колькасцi турыстаў. Да iх паслуг — тысячы гатэляў самага рознага ўзроўню, ад эканом-класа да шыкоўных пяцiзоркавых, рэстараны на любы густ, адпачынак на пляжных курортах Мiжземнага i Чырвонага мора, марскiя прагулкi з купаннем i рыбалкай, круiзы па Нiле, усе ўмовы для аматараў падводнага плавання. I, вядома, шматлiкiя экскурсii па аб’ектах гiстарычнай спадчыны — пiрамiды Гiзы, таямнiцы Сфiнкса, грабнiцы фараонаў... Можна таксама пабываць у пустынi, дзе няма нiчога, акрамя сонца i выпаленай зямлi, i ўбачыць, як жывуць бедуiны. Там вы можаце паўдзельнiчаць у фальклорным шоу, пакатацца на вярблюдзе цi квадрацыкле, адчуць уладу чалавека над самымi небяспечнымi вiдамi змеяў, а таксама паназiраць у тэлескоп за зоркамi. Як кажуць, любы капрыз за вашы грошы.

У прыватнасцi, падарожжа ў старажытную сталiцу егiпецкiх фараонаў Луксор з наведваннем грандыёзнага Карнакскага храмавага комплексу, храма царыцы Хатшапсут — адзiнай жанчыны-фараона, Далiны цароў з грабнiцамi, алеi сфiнксаў, а таксама музея папiрусу i алебастравай фабрыкi каштавала для дарослых 65 долараў, а для дзяцей — 35. Марская прагулка ў Эль Гуну, якую называюць Венецыяй на Чырвоным моры — адпаведна 40 i 20 долараў. Гэта экскурсiя ўключала ў сябе купанне i рыбалку ў адкрытым моры пад наглядам каманды матросаў. Праўда, снасцi пастаянна чаплялiся за каралы, i таму нiхто з турыстаў нiчога не злавiў. А на зваротным шляху нешта здарылася з нашым транспартным сродкам i прыйшлося перасаджвацца па трапе на iншы карабель. Але, мабыць, найбольшай дозай адрэналiну ўзбагацiлiся трое падарожнiкаў, якiх карабель "забыў" у моры пасля купання. Дзякуй богу, што ненадоўга.

Дарэчы, пры купаннi рэкамендуецца нiчога не кранаць рукамi, паколькi большасць рыбаў ядавiтыя. Нельга адрываць, а таксама вывозiць з Егiпта каралы i iншыя прадметы марской флоры i фаўны, нават падабраныя на беразе. Такiя парушэннi караюцца штрафам да ста долараў. А за знаходжанне ў грамадскiх месцах у нецвярозым стане, згодна з егiпецкiм заканадаўствам, могуць нават арыштаваць. Мiж тым апынуцца "пад мухай" у рэстаранах гатэляў, якiя не працуюць па сiстэме "ўсё ўключана", даволi праблематычна, паколькi спiртныя напiткi каштуюць вельмi дорага. А за iх пранос на тэрыторыю гатэля можна заплацiць штраф.

Трэба сказаць, што да кашалькоў турыстаў егiпцяне ставяцца з вялiкай пашанай, што адчуваеш з першых жа хвiлiн знаходжання ў гэтай краiне. Дастаўка гасцей у гатэль — абавязак мясцовай турфiрмы, бiлеты купляць не трэба. Аднак ужо ў аэрапорце вадзiцель мiкрааўтобуса зусiм не празрыста намякае, каб яму "пазалацiлi ручку". А напрыканцы экскурсii ў Луксор (караван складаўся з больш чым сотнi аўтобусаў пад канвоем палiцыi) аб грашовым узнагароджаннi вадзiцеляў просiць ужо гiд. Маўляў, iх заробак залежыць выключна ад "турыстычных" чаявых, ды i трэба аддзячыць, што добра даехалi. I сапраўды, з улiкам вельмi распаўсюджанага iгнаравання тутэйшымi шафёрамi элементарных правiлаў дарожнага руху i шматлiкiх трагедый, ахвярамi якiх нярэдка становяцца турысты, паспяховаму вяртанню з экскурсii трэба шчыра парадавацца.

Сiстэма чаявых у Егiпце распаўсюджваецца не толькi на вадзiцеляў, але i на афiцыянтаў у барах i рэстаранах, насiльшчыкаў у гатэлях. Гэта не абавязак, а правiла добрага густу. Больш за 1 фунт (1 долар ЗША роўны прыкладна 5 егiпецкiм фунтам) за дробныя паслугi даваць не варта. Праўда, у некаторых рэстаранах чаявыя ўключаны ў рахунак i складаюць 5-10 працэнтаў ад кошту заказу.

Што датычыцца гандлю, дык у гэтай сферы егiпцяне — сапраўдныя прафесiяналы. Навуку "вывудзiць" з турыстаў як мага больш грошай яны засвоiлi даўно i даволi паспяхова. У любым гандлёвым пункце ты для iх самы пажаданы госць, ледзь не брат, i вядома ж тут, канешне ж, самыя нiзкiя цэны. Пры гэтым, аказваецца, рэч можа вельмi хутка патаннець i ў два, i нават у пяць разоў. Калi ж пакупнiк адразу "клюе" на "нiзкую" цану, то амаль заўсёды застаецца ў пройгрышы ў параўнаннi з рэальным коштам тавару.

Але, з iншага боку, можна пагарэць i на, здавалася б, ну вельмi смешных цэнах. У прыватнасцi, лiтаральна за бясцэнак на вулiцы прадаюцца самыя папулярныя ў Егiпце сувенiры — папiрусы. Чаму так танна? А ўсё ў тым, што гэта падробкi з рысавай паперы альбо бананавага лiсця. Таму купляць папiрусы варта ў спецыялiзаваных магазiнах, дзе выдаюць сертыфiкаты якасцi.

Акрамя папiрусаў, турысты набываюць у Егiпце парфумерныя эсенцыi i алей, а таксама базальтавыя статуэткi, чаканку, вырабы з золата i срэбра, малахiту i каштоўных камянёў, картушы (ахоўныя медальёны), жукоў-скарабеяў, кальян, нацыянальнае адзенне.

Дарэчы, на сцяне магазiна можна ўбачыць... крыж альбо выяву Iсуса Хрыста. Можна не сумнявацца, што ўладальнiкам гандлёвай кропкi з’яўляецца хрысцiянiн-копт. Адрознiць копта ад мусульманiна можна па хрысцiянскiм iменi. Маладыя жанчыны апранаюцца ў еўрапейскiм стылi, а ў пажылых спаднiца заўсёды на некалькi сантыметраў вышэй ад шчыкалаткi, у адрозненне ад доўгiх спаднiц у мусульманак. Амаль у кожнага копта пасля абраду хрышчэння ў дзяцiнстве на запясцi правай рукi альбо каля вялiкага пальца ставiцца татуiроўка ў выглядзе крыжыка, што сiмвалiзуе гатоўнасць прыняць пакутнiцтва за веру.

На сёння хрысцiяне складаюць каля дзесяцi працэнтаў насельнiцтва Егiпта. Копцкай праваслаўнай царкве, якая абапiраецца на вучэнне Апостала Марка — аднаго з вучняў Хрыста, ужо дваццаць стагоддзяў. Царква кiруе амаль усiмi бакамi жыцця егiпецкiх хрысцiян. У прыватнасцi, мясцовыя храмавыя службы ўдзельнiчаюць у падборы жанiха i нявесты сярод прыхаджан. Пры гэтым разводы ў коптаў забароненыя, акрамя асаблiвых выпадкаў — даказанай здрады мужа цi жонкi альбо змены рэлiгii жонкай-копткай на мусульманства.

У навучальных установах i на працы копты, як правiла, трымаюцца групамi. Ёсць цэлыя галiны, дзе хрысцiян большасць: фармакалогiя, турызм (гатэлi, якiя належаць коптам), сотавая сувязь, магазiны па продажы ювелiрных вырабаў i бавоўны. Тым не менш традыцыi мусульман i хрысцiян у Егiпце вельмi падобныя. Гэта датычыцца вяселляў, абавязковага багатага перадшлюбнага падарунка нявесце, абразання нованароджаных. Iснуе i агульнае свята Шам эн-Нэсiм ("удыханне першага вясновага ветрыку"), якое супадае з праваслаўнай Пасхай i адзначаецца ў першы панядзелак пасхальнага тыдня. Абавязковыя яго атрыбуты для ўсiх егiпцян — фарбаваныя яйкi, салёная рыба (з часоў, калi стала надавацца асаблiвая ўвага абагаўленню Нiла, яе соляць да свята), выпечка. Усё гэта, дарэчы, прапануецца ў пасхальныя днi i турыстам у рэстаранах гатэляў.

Да гатэлю асабiста ў аўтара гэтых радкоў нiякiх прэтэнзiй не ўзнiкла. Узорны парадак, карэктнасць з боку абслуговага персаналу, разнастайнае харчаванне па прынцыпе "шведскага стала", забаўляльныя праграмы, пляж лiтаральна за два крокi ад гатэля... Да таго ж тут працуюць некалькi выхадцаў прыгожага полу з краiн былога СССР, у якiх, калi побач няма гiда, пры неабходнасцi можна атрымаць кансультацыю рускамоўным турыстам. Аднак, безумоўна, больш камфортна адчувае сябе той, хто хаця б на мiнiмальна неабходным узроўнi размаўляе па-англiйску. Зрэшты, гэта датычыцца адпачынку не толькi ў Егiпце.

Увогуле ў Хургадзе, якая па колькасцi мясцовага насельнiцтва параўнальная з беларускiм абласным горадам ля Нёмана, на сёння каля трохсот вялiкiх i малых гатэляў з самымi рознымi ўмовамi пражывання i, адпаведна, расцэнкамi. Яшчэ дваццаць гадоў таму гэта была невялiкая рыбацкая вёска, а цяпер — адзiн з самых папулярных курортаў на беразе Чырвонага мора, куды штогод прыязджае больш за 1 мiльён турыстаў. Адпачываць тут можна круглы год, паколькi ў самым спякотным месяцы, у жнiўнi, тэмпература паветра не перавышае плюс 35 градусаў, а ў самым халодным, у лютым, вада не астывае нiжэй за плюс 23 градусы. Прычым спякоту ў Егiпце з-за сухога паветра шмат хто пераносiць намнога лягчэй, чым нашу айчынную "парылку".

Праўда, камфортны адпачынак у Егiпце хаця i цалкам рэальны, але зусiм не гарантаваны. У гэтым можна пераканацца пасля знаёмства з водгукамi турыстаў на шматлiкiх iнтэрнэт-сайтах. З аднаго боку — самыя прыемныя ўспамiны, жаданне прыехаць зноў. З iншага — расчараванне i нават катэгарычнае "У Егiпет больш не паеду!" Чаму? Вось некаторыя прычыны: " Крыўдна заплацiць як за "пяцёрку", а апынуцца ў гатэлi, дзе наогул няма ўпамiнання аб зоркавасцi"; "Тры гадзiны чакала нумар, нарэшце знайшлi, а там брудна, няма вады ў душы, абяцанага сейфа, адключыўся кандыцыянер. Нi разу не мянялi пасцельную бялiзну, ручнiкi"; "Сiстэма "ўсё ўключана" працуе на тым, што ёсць у наяўнасцi, а чаго няма, дык таго i няма. Меню амаль не мяняецца, пасадачных месцаў мала, чэргi. Можна гадзiну прасядзець у бары, i да цябе нiхто з персаналу не падыдзе". "Турыстаў палiчылi нармальным накiраваць на экскурсiю ў Каiр рэйсавым аўтобусам, дзе былi проста жудасныя ўмовы". А адну расiйскую турыстку гiд... забыў у гатэлi, i яна ледзь паспела да свайго авiярэйсу.

Такiя вось кантрасты. А значыць, каб не сапсаваць адпачынак, трэба адказна ставiцца да выбару тураператара, гатэля, не пашкадаваць часу на знаёмства з уражаннямi iншых турыстаў у тым жа iнтэрнэце i рабiць высновы з iх горкага вопыту.

Зрэшты, умовамi пражывання ў гатэлi i якасцю экскурсiйнага абслугоўвання егiпецкiя кантрасты не абмяжоўваюцца. Ды i ўвогуле гатэль, турыстычныя падарожжы — гэта адно, а тутэйшыя рэалii — зусiм iншае, часам абсалютна адваротнае. Бляск i чысцiня ў гатэлi i... горы смецця на гарадскiх вулiцах. Рэкламныя прапановы на будаўнiцтва альбо арэнду шыкоўных вiлаў i апартаментаў з выглядам на мора, прыватным пляжам i дамы... без дахаў, якiя бачыш з экскурсiйнага аўтобуса. Гiд тлумачыць, што прычын тут некалькi. Па-першае, заўсёды цёпла, практычна не бывае дажджоў. Па-другое, калi сын стварае сваю сям’ю, то ў доме дабудоўваецца другi альбо трэцi паверх. I па-трэцяе, гаспадары недабудаваных жылых дамоў не плацяць за iх падатак.

...Калi караван аўтобусаў па дарозе з Луксора праязджаў каля вясковых паселiшчаў з дамамi без дахаў, то ўздоўж трасы заўсёды збiралася шмат дзяцей. Большасць з iх была настроена да турыстаў вельмi добразычлiва, але некаторыя праводзiлi караван... пляўкамi. Мажлiва, гэтым маленькiм егiпцянам крыўдна, што iм i iх бацькам такiя падарожжы могуць хiба што прыснiцца. Хаця ў аўтобусах, вядома, былi зусiм не алiгархi.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзе можна ўбачыць вярблюда побач з шыкоўным гатэлем? І дзе, каб з гэтай жывёлiны спусцiцца (сесцi можна бясплатна), прыйдзецца заплацiць? Зразумела, г
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика