Папера
Папера
Мой бацька быў заядлы курэц. Як кажуць, не выпускаў папяросу з рук, нават з габэлькам у руках трымаў цыгарэту ў вуснах. I калі ў васьмiдзесятыя гады ўзнiклi спрэс дэфiцыты, калi цяжкавата стала купiць i простую "Прыму", прыняў кардынальнае рашэнне — перайшоў на тытунь. Сам вырошчваў яго, абiраў лiсце, сушыў, скручваў, наразаў. Смяяўся: "Пры паляках за гэта штрафавалi, а цяпер прасцей — вырошчвай, калi жадаеш". Да мяне ў яго была толькi адна просьба — прынясi паперы. Побач з рэдакцыяй раённай газеты — раённая друкарня. Там я спачатку ўзяў для яго абрэзкаў тоненькай, практычна такой жа, як у цыгарэтах, паперы. Але яна не спадабалася. Пайшла простая, газетная, вядома, без надрукаваных на ёй знакаў. Бацька ўспомнiў тым самым маладыя гады, калi таксама мужчыны круцiлi самакруткi, выкарыстоўвалi для гэтага любую паперыну, якая трапляла пад рукi. Няхай гэта i газета, няхай i кнiжка. У тагачасных настаўнiкаў, ды яшчэ i ў нашу пару бытавала: — Дзе дзённiк? Скурыў? I гэта не гiпербала. У сваiх успамiнах "Лiсткi календара" Максiм Танк пiша: "Ратуючы мае рукапiсы i кнiгi ад вайны i ад курыльшчыкаў (бо паперы не было дзе дастаць), бацька закапаў iх на ўзлессi ў бульбяной яме, дзе яны i праляжалi да канца вайны". У рускiх гэта слова "бумага", а наша папера, атрымлiваецца, блiжэй да першакрынiц. Да лацiнскага раруrus, што ад грэчаскага раруrоs. Так называўся матэрыял для пiсьма, якi вырабляўся ў старажытнасцi са сцяблiн раслiн з адпаведнай назвай. Бумага ж ад iтальянскага bаmbаgiа — бавоўна. Папера прыблiзна такая, якая яна ёсць цяпер, атрымана ў Кiтаi з раслiнных валокнаў. Гэта шмат пазней пачалi вырабляць яе ў асноўным з драўнiны. Сёння вядомыя сотнi вiдаў паперы. Дарэчы, а як абысцiся без слова "бумажнiк", той ёмiстасцi, дзе носяць паперы, дакументы. Аказваецца, у беларускай мове некалi iснавалi свае назвы гэтай рэчы — гамэтка, вайгак, папернiк. Як чалавек, якi ўжо больш чым трыццаць гадоў займаецца журналiстыкай, шмат меў стасункаў з самымi рознымi гатункамi паперы. А вось адно запомнiлася. Апошнiя паўгода службы ў мотастралковай часцi я спаў у казарме з усiмi сваiмi сябрамi, на буйныя вучэннi выязджаў таксама з iмi, але астатнi час праводзiў у рэдакцыi дывiзiйнай газеты. Не хапала афiцэраў-журналiстаў, а паколькi паклiканы на службу я быў ужо з рэдакцыi "раёнкi", мяне далучылi i там да гэтага. Была i свая друкарня — прапаршчык i тры салдаты. Але абсталяванне па тым часе прыстойнае. I вось дачка нейкага генерала з Мiнска напiсала дыпломную працу. Набралi яе, аддрукавалi мае сябры з друкарнi. Трэба пераплесцi. Для пераплёту прывезлi фiнскi ватман ружовага i сiняга колеру. Паколькi дачка генерала яшчэ не зрабiла выбару ў колеры — пераплялi два экзэмпляры. А якi гэта быў ватман! Насычаны, рэжаш яго, а ён наскрозь аднолькавы. Ватман — вiдаць, кароль з усiх вiдаў паперы. А названы так ён па прозвiшчы англiйскага прамыслоўцы ХVIII стагоддзя Дж. Ватмана, вырабляецца з рыззя. У слове папера значэнне не толькi матэрыялу для пiсьма, друку, малявання. Гэта i пiсьмовы дакумент афiцыйнага характару, розныя лiсты з рукапiсным альбо друкаваным тэкстам. У 1964 годзе Пiмен Панчанка напiсаў верш "Сумленне". Гнеўны, балючы. Яго трэба цытаваць увесь, але ж гэта газетны артыкул. Ды ад цытаты не ўтрымаюся: Праўда веку! Зрабi нас дужымi, Рабства знiшчыць дапамажы: Рабства жонкi i рабства мужа, Рабства дачаў i аўтамашын; Рабства чаркi, паперкi, блату, Бiркi званняў i крэслы чынуш. Мы плацiлi вялiкую плату За шчаслiвы наш дзень, Дык чаму ж З-за каня, з-за палена без гневу Удава б’е паклоны царку?.. Тут паэт выкарыстаў слова паперка ў яе негатыўным сэнсе, калi паперка, нейкi дакумент становяцца вышэйшымi за чалавека, падмiнаюць яго. Прайшло больш чым сорак гадоў, а праблема з папяровай валакiтай застаецца вострай i ў нашы днi. Вядзецца барацьба з гэтай вечна жывой з’явай, сёння мы гаворым пра прынцып "аднаго акна", пра iншыя захады, але праблема яшчэ далёка не вырашана. I ўсё-такi пра блiжэйшае для ўсiх тых, хто хоць крыху спрычынiўся да звадлiвага, чароўнага, але разам з тым i пакутлiвага — пiсання, стварэння. Дзiўная рэч, але за нейкiя паўтара дзесяцiгоддзя мы развучылiся пiсаць. Мы ўжо вельмi рэдка садзiмся за чысты аркуш паперы, нам цяжка ўспомнiць тыя ацiхлыя, узнёслыя хвiлiны, калi, як казаў паэт, нешта "шаптаў паперы аловак". Мы паперу трымаем у руках толькi тады, калi яшчэ цёплая, выпаўзае яна з прынтара. Камп’ютар — вялiкая спакуса. Вершы, зразумела, на iм не пiшуць. А вось проза, артыкулы... Камп’ютар прыўносiць у працэс пiсання шмат палёгкi чыста тэхнiчнага плана, але ён разам з тым адымае нешта ад душы. Мiж паперай i табою напiсаным становiцца машына. У адным з iнтэрв’ю Чынгiз Айтматаў, пiсьменнiк сусветнага маштабу, гаварыў, што так i не асвоiў камп’ютар. Але гэта выключэннi. А ўспомнiм жа славутага "Перапiсчыка" Максiма Багдановiча: На чыстым аркушы, прад вузенькiм акном, Прыгожа лiтары выводзiць ён пяром, Ўстаўляючы памiж iх чорнымi радамi Чырвоную страку; ўсялякiмi цвятамi..." Заслугi Уладзiмiра Караткевiча перад беларускай лiтаратурай, i не толькi лiтаратурай, а перад тым, як фармiравалася беларуская нацыянальная iдэя, цяжка пераацанiць. Ёсць у яго рамане "Чорны замак Альшанскi" адзiн цiкавы момант. Караткевiч апiсвае, як яго герой рыхтуецца сесцi за стол i пiсаць. Герой-героем, але мне здаецца, што тут Уладзiмiр Сямёнавiч, як кажуць, спiсвае з сябе, выказвае сваё стаўленне да працэсу прыгожага пiсьменства. "Для мяне гэтыя першыя хвiлiны — ледзь не найбольшая асалода ў жыццi. Метадычна раскласцi на стале рэчы: чыстая папера — справа, злева — месца для спiсанай. Справа крыху далей — вымытая да рыпення попельнiца. Ля яе нечапаны (абавязкова нечапаны) пачак цыгарэт. Дзве ручкi запраўленыя чарнiлам. На падаконнi злева свежазмолатая кава ў герметычным слоiку i кававы апарат. На стале анi парушынкi. Сам ты толькi што пагалiўся, узяў ванну, абавязкова надзеў новую чыстую кашулю. Перад табою бялюткi аркуш iльсняной паперы, i зялёная лямпа кiдае на яго яркае ў салатавым паўзмроку кола..." Што ж, гэта класiк, так класiчна i адносiўся ён да працэсу пiсання, не грэбання рукой на якой-небудзь паперцы, а менавiта пiсання, стварэння, што з’яўляецца святым. Александрыйская папера — асаблiвы гатунак гладкай, шчыльнай, белай паперы вялiкага фармату для чарчэння i малявання. Каштоўная папера — аблiгацыi, вэксалi, дарэчы, паперкамi многiя ў Беларусi называюць звычайныя грашовыя банкноты. Лакмусавая папера — фiльтравальная папера, насычаная растворам лакмусу, якая ўжываецца ў якасцi рэактыву на растворы i шчолачы. Крэйдаваная папера — пакрытая белай клеявой фарбай. Мiлiметровая папера — папера для чарчэння ў клетку, роўную аднаму квадратнаму мiлiметру. А ёсць жа яшчэ выразы: Застацца на паперы — не выканаць абяцанае, проста нешта запiсаць, пастанавiць, а потым на гэта забыцца. Папера ўсё стрывае — пра тое, што недаказальнае альбо невырашальнае, пра самоту чалавека, якi не змог дабiцца праўды. Сёння ў апрацоўцы жылых i iншых будынкаў прымяняецца вельмi шмат разнастайных матэрыялаў. А, мiж iншым, зусiм нядаўна галоўным з такiх матэрыялаў было пап’е-машэ. Назва цiкавая, ад французскага рарiеr mасhе — жаваная папера. Гэта папяровая маса, змешаная з клеем, гiпсам, мелам, з якой выраблялiся бытавыя i нават мастацкiя прадметы. I дазвольце ўспомнiць сваё. Некалi напiсалася: У шуфлядзе стала, Мiж папераў спiсаных так спешна, З недаверлiвай папкi, Якую "на потым" заву, Колькi ён адляжаў I забыты амаль, i бязгрэшны — Незакончаны верш... Я схiляю прад iм галаву. А заканчваўся верш, якi, здаецца, i друкаваў у адным з мiнскiх выданняў так, як, вiдаць, сёння ўжо не напiшацца, няхай i на самай цудоўнай паперы: Ды спынiўся аловак. У той з ветраком барацьбе I наiў, i адчай, i адвага, I вера скрозь скруху... Я нiколi-нiколi Такiм не пачую сябе. Алесь Касцень. г. Паставы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мой бацька быў заядлы курэц. Як кажуць, не выпускаў папяросу з рук, нават з габэлькам у руках трымаў цыгарэту ў вуснах. I калі ў васьмiдзесятыя гады ў |
|