Пачатак вяселля ў хаце нявесты
Пачатак вяселля ў хаце нявесты
(Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 13, 14 жніўня.) * За святочным сталом (на вяселлi, хрэсьбiнах, улазiнах) муж i жонка павiнны былi абавязкова садзiцца побач, што павiнна было сiмвалiзаваць непарушнае адзiнства заручанай пары. Старыя людзi вучаць: каб пражыць жыццё ў любовi i павазе адно да аднаго, муж i жонка не павiнны садзiцца цераз вугал стала (вугал, як i нож, здольны толькi падзяляць), так, каб памiж iмi сеў нехта чужы, а таксама не садзiцца за розныя сталы, каб памiж iмi быў стык двух сталоў. Асаблiва недаравальна, калi ў такое становiшча трапляюць толькi што заручаныя пары. Неаднаразова мы сутыкалiся з тым, што ў час вяселля жанiх i нявеста сядзелi за рознымi сталамi i нават не думалi аб тым, што ў кантэксце вяселля кожная дэталь мае лёсавызначальны характар. * "Памiнальны" ("жалобны") стол быў выключэннем з агульнапрынятых нормаў звычайных i святочных паводзiнаў i вымагаў асаблiвых адносiнаў да сябе. Усё, што было з iм звязана: i характар паводзiнаў людзей, i асаблiвасцi сервiроўкi, i комплекс страў, якiя гатавалi для памiнальнай трызны, — мела супрацьлеглую накiраванасць у параўнаннi з вясельным або радзiнным сталом i адпаведнымi абрадамi. На памiнальны стол абрус засцiлалi левым бокам, а муж i жонка садзiлiся цераз стол — адзiн насупраць аднаго. Гэтым выключным па сваёй iдэйнай напоўненасцi крокам нашы продкi вырашалi праблему, якая сфармулявана ў прыказцы "Не лезь паперад бацькi ў пекла". Муж i жонка ў такiм выпадку сiмвалiчна адначасова рухалiся па дарозе жыцця (уздоўж бакоў стала) да сваёй старасцi. Пра такiх людзей казалi: "Во шчаслiвыя людзi: у адзiн дзень павянчалiся, у адзiн i памерлi". Акрамя таго, што мужчыны садзiлiся ўздоўж правага краю стала, а жанчыны злева, за памiнальным сталом жостка прытрымлiвалiся яшчэ аднаго правiла: старэйшыя першымi заходзiлi за стол, а блiжэй да парога рассаджвалiся маладзейшыя члены роду або вясковай абшчыны. Форма рытуальнага стала Прынцыпова важнае значэнне ў сямейна-родавых абрадах мела i форма стала. Фактычна яна ўвасабляла сабой самую галоўную iдэю агульнародавай урачыстасцi. Вясельны стол нагадваў птушку з двума крыламi (якая павiнна будзе прынесцi першынца навастворанай сям’i) — лiтару "Г", пры гэтым яго цэнтр знаходзiўся ў чырвоным куце. Якраз там, пад абразамi, пад двума "крыламi" бабулiнага ручнiка-набожнiка, сядуць маладыя пасля вянчання. Удакладнiм: уздоўж аднаго "крыла" стала сядуць прадстаўнiкi роду нявесты, уздоўж другога — жанiха. Памiнальны стол увасабляў зусiм iншую iдэю. Калi шлюб злучаў сямейную пару, то смерць разлучала яе, пакiдала на зямлi толькi адно сямейнае крыло, таму форма жалобнага стала нагадвала лiтару "I", або той самы тунэль, па якiм душа сканалага пакiне гэты свет i адправiцца ў царства продкаў. У апошнiя дзесяцiгоддзi зафiксавана вельмi шмат успамiнаў людзей, якiя перанеслi клiнiчную смерць, але засталiся ў гэтым свеце. У такiм выпадку яшчэ i яшчэ раз трэба задумацца над тым, цi правiльна мы робiм, калi фактычна ўсе абрадавыя сталы (у тым лiку i вясельныя) ставiм у выглядзе лiтары "П"? Два рады сталоў, за якiмi спiнамi адзiн да аднаго сядзяць прадстаўнiкi двух родаў, якiя публiчна выказваюць намер паяднацца, нiяк не здольныя генерыраваць падобную iдэю. Наадварот, у энергетычным плане такiя формы рытуальных сталоў надоўга закладваюць праблему мiжродавага непаразумення (сварак, спрэчак, жаданне адвярнуцца адно да аднаго спiнай). Разам з тым усе мы прызвычаiлiся да таго, што ў дзейнасцi вядомых мiжнародных арганiзацый пры вырашэннi найбольш складаных, крызiсных сiтуацый удзельнiкi кангрэсаў садзяцца за "круглы" стол. "Сесцi па чыне" Самае пачэснае месца — у чырвоным куце — заўсёды належала жанiху i нявесце. Побач з iмi садзiлiся самыя блiзкiя сябры: шафер i шаферка, баяркi, маршалак, хросныя бацькi. Кожнае "крыло" вясельнага стала запаўняла моладзь i блiзкiя сваякi ў адпаведнасцi з iх узростам: чым маладзейшыя госцi, тым яны былi блiжэй да маладых, а чым старэйшыя — тым далей ад чырвонага кута або блiжэй да парога, да зоны будучай сустрэчы з продкамi. Этнаграфiчныя звесткi канца ХIХ ст. сведчаць i пра наступную важную акалiчнасць: "Пасля прыезду маладых з-пад вянца пачынаецца банкет. Усе жанатыя госцi запрашаюцца бацькамi нявесты да абедзеннага стала, а маладыя i ўвесь вясельны поезд запрашаюцца дзяўчатамi — сяброўкамi маладой у асобную хату". Прыведзены прыклад выразна сведчыць пра тое, што ў некаторых мясцiнах iснавала строгае правiла: нежанатую моладзь за вясельны стол не запрашалi. У асобным месцы — улетку пад яблыняй у садзе, зiмой — у суседняй хаце — для iх накрывалi свой стол. Лiчылася, што за святочным сталом, прысвечаным шлюбнай урачыстасцi, павiнны былi знаходзiцца толькi сямейныя пары — жанатыя людзi, каб тым самым паспрыяць заручэнню жанiха i нявесты на доўгiя гады. Людзi верылi ў тое, што прысутнасць за сталом удаўца або "дзяцюха" — хлопца-пераростка — магло справакаваць непаразуменнi памiж маладымi. Акрамя таго, зразумела, што за вясельным сталом маглi гучаць i, як правiла, гучалi недвухсэнсоўныя парады маладым аб "тайнах" замужняга жыцця, пелiся жартоўныя прыпеўкi, якiя не павiнны былi чуць падлеткi i моладзь перадшлюбнага ўзросту. "Усяму свой час", — казалi ў народзе. У вясельным абрадзе беларусаў iснаваў i такi звычай, калi ў хаце нявесты за стол запрашалi толькi гасцей з боку жанiха, а радзiна нявесты павiнна была "прыслугоўваць", каб у сям’i мужа iх дачку не крыўдзiлi i дагаджалi ёй так, як на вяселлi дагаджалi радзiне жанiха. На Вiцебшчыне спявалi: Цi не жаль жа табе, Мар’юшка, Што чужая радня кут заняла, А свая радзiнка ў парозе. Чужая радзiнка мёд, вiно п’ець, А свая радзiнка памяло трэць. Аксана Катовiч, Янка Крук.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За святочным сталом (на вяселлi, хрэсьбiнах, улазiнах) муж i жонка павiнны былi абавязкова садзiцца побач, што павiнна было сiмвалiзаваць непарушнае а |
|