Крыніца памяцi
Крыніца памяцi
Спадчына Старажытныя могiлкi, дзе пахаваны праваслаўныя святары, уладкоўваюць каля Палыкавiцкай крынiцы пад Магiлёвам.Палыкавiцкая мiнеральная крынiца — помнiк прыроды ў Магiлёўскiм раёне. Паводле даведнiкаў, вада ў ёй валодае лекавымi ўласцiвасцямi: утрымлiвае фтор, магнiй, медзь i iншыя мiкраэлементы. У спякотныя жнiвеньскiя днi на крынiцы шматлюдна. Палыкавiчы — прыгарадная вёска на беразе Дняпра, дабрацца да яе грамадскiм транспартам проста. Людзi набiраюць у бутлi халодную ваду — яе тэмпература толькi 6—7 градусаў цяпла. Самыя смелыя, а iх нямала, акунаюцца ў купель: кiдаюцца ў ваду i пырскаюцца жвавыя хлапчукi, дзяўчаты ў яркiх купальнiках адчуваюць сябе як на пляжы, а сталыя жанчыны ўгаворваюць маладога мужчыну паспрабаваць водныя працэдуры — а ён усё ж вырашыў пакуль абмежавацца пiццём святой вады. Людзi сядзяць на лавах паблiзу крынiцы, атрымлiваюць задавальненне ад прахалоды ў ценi каплiцы святой велiкамучанiцы Параскевы. Непадалёк маладая мастачка Ганна Конанава, якая любiць прыгожыя мясцiны Магiлёўшчыны, малюе мясцовую царкву. Паводле падання, вобраз Параскевы-хрысцiянкi, якая была закатаваная паганцамi, — з’явiўся ў гэтым месцы паляўнiчаму. Ля крынiцы, дзе ўбачылi жанчыну ў белым, хутка сталi малiцца i пабудавалi храм. Каплiца каля крынiцы была ў ХIХ стагоддзi, а аднавiлi яе ў 2000-м. Прыстойную суму ў 5 тысяч нямецкiх марак выдаткавала на аднаўленне храма сямейная пара Арнольд: ураджэнка Магiлёва Ала i яе муж Дытэр, якi стаў праваслаўным i пры хрышчэннi атрымаў iмя Дзмiтрый. Муж i жонка, якiя жывуць у Германii, штогод прыязджаюць у Палыкавiчы. А побач уздымаюцца ў неба купалы новага Свята-Троiцкага сабора над крынiцай. Ён будуецца ўжо дзесятак гадоў i, калi ўсё будзе добра, адкрыецца для вернiкаў налета на Троiцу. У час будаўнiцтва храма тут знайшлi парэшткi людзей i надмагiльныя плiты. Жыхары Палыкавiчаў i блiжэйшых мiкрараёнаў Магiлёва добра ведалi невялiкiя могiлкi, якiя месцiлiся ля крынiцы, i рэшткi каплiцы. Аднак напрыканцы ХХ стагоддзя склепы разрабавалi, плiты правалiлiся — iх засыпала зямлёй. Цяпер на могiлках наводзяць належны парадак. — Мы сабралi ў труну косцi i чарапы людзей, якiя былi знойдзены пры будаўнiцтве новага храма, — расказаў айцец Аляксандр, якi вядзе службы ў Палыкавiцкай каплiцы. — Былi нават парэшткi немаўлятаў. Знайшлi i некаторыя прадметы: напрыклад, жаночы чарапахавы грэбень. Калi выводзiлi падмурак, то зрабiлi невялiкi склеп, дзе пахавалi труну з парэшткамi. I безумоўна, правялi памiнальную службу. Парэшткi людзей у мностве калiсьцi былi знойдзеныя таксама пры навядзеннi парадку ў Магiлёўскiм Нiкольскiм жаночым манастыры. Там дакладна бачныя пашкоджаннi: вiдавочна, што людзi загiнулi пакутнiцкай смерцю ў турме, якая была ў манастырскiм храме ў 1930-я гады. Аднак у Палыкавiчах, упэўнены айцец Аляксандр, iншая сiтуацыя: знойдзеныя парэшткi — з разрабаваных царкоўных могiлак. Магiльныя плiты выкладзеныя каля храма — там, дзе i былi могiлкi. Большасць з iх належыць сям’i Лепяшынскiх, дзе мужчыны былi святарамi Палыкавiцкага храма. Праўда, не ўсе надпiсы на плiтах можна адразу разабраць. Гiсторыкi, напэўна, даведаюцца, у якiх сямейных дачыненнях былi пахаваныя тут Лепяшынскiя. Мацвей Аляксеевiч, якi пайшоў з жыцця ў 90 гадоў у 1861 годзе. Настасся Лявонцьеўна (вiдаць, матушка), якая памерла на 80-м годзе жыцця ў 1864 годзе. Магiлы двух Лепяшынскiх (вiдаць, сыноў), якiя памерлi зусiм маладымi ў 1869 годзе — у 25 i ў 22 гады. Протаiерэй Iаан, якi нарадзiўся ў 1816-м, а пайшоў з жыцця ў 1892-м годзе... Ёсць на царкоўных могiлках i плiты з iншымi прозвiшчамi. Напрыклад, Ганна Ягораўна Гарадыская нарадзiлася ў 1835-м годзе, памерла ў 1908-м — але ў адзiн дзень, 3 лютага. Васiль Iванавiч Цывiнскi пайшоў з жыцця на 70-м годзе жыцця ў 1913 годзе... Хто былi гэтыя людзi, якое дачыненнi мелi да Палыкавiцкага храма — цяпер не памятаюць i мясцовыя старажылы. Сёння каля кожнай плiты — кветкi. Навокал яшчэ iдуць будаўнiчыя работы, i айцец Аляксандр абяцае, што з цягам часу царкоўныя могiлкi будуць цалкам добраўпарадкаваныя. Тут мяркуюць пасадзiць дрэвы i кветкi. А старажытныя надмагiльныя плiты пачысцяць ад зямлi i адновяць. Каб людзi, якiя прыязджаюць у Палыкавiчы, не абмiнулi i гэтае гiстарычнае месца. А сёння зноў спякота, i ля Палыкавiцкай святой крынiцы шмат людзей. Адны шукаюць тут прахалоды, iншыя — пазбаўлення ад хваробаў. Людзi, якiя вераць у гаючую ваду, распавядаюць цiкаўным пра цуды вылячэння ад хваробаў: трэба толькi паверыць! А праваслаўны святар айцец Аляксандр з Палыкавiчаў слушна гаворыць: "Цудаў цяпер мала, i ратавацца людзям трэба цярплiвасцю". Iлона Iванова. Магiлёўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старажытныя могiлкi, дзе пахаваны праваслаўныя святары, уладкоўваюць каля Палыкавiцкай крынiцы пад Магiлёвам. |
|