21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Хабар для чакіста

26.08.2009 10:28 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Хабар для чакіста

Аповед аб тым, да чаго давялi прадпрымальнiка яго спробы падстрахаваць свой незаконны бiзнэс

Жыў-быў у Добрушы такi чалавек — Вiктар Арлоў (прозвiшчы i iмёны ў гэтым артыкуле зменены). Разваротлiвы, энергiчны мужчына 53-гадовага ўзросту. Да выхаду на пенсiю працаваў у мiлiцыi, аўтарытэтам i павагай карыстаўся афiцэр. Але вось адправiлi яго на заслужаны адпачынак, i ён задумаўся: што рабiць? Сядзець дома без справы не ў яго натуры. Пасля некаторых разваг прыйшло рашэнне падацца ў iндывiдуальныя прадпрымальнiкi. Падаў заяву ў адпаведную iнстанцыю, аформiў усе дакументы як мае быць i атрымаў лiцэнзiю на аптовы i рознiчны гандаль, у тым лiку i на рынках. Займаўся набыццём, захоўваннем i рэалiзацыяй запасных частак да аўтатрактарнай тэхнiкi, гаруча-змазачных матэрыялаў i прадуктаў харчавання. 

Справа была для яго новая, ды нiчога, паступова яна наладжвалася. Не бедаваў чалавек, на хлеб не прасiў. З падатковымi органамi, здаецца, жыў у згодзе. Праўда, калi ў 1999, 2003, 2004 i 2006 гадах тыя правялi планавыя праверкi яго фiнансавай дзейнасцi, то выявiлася, што ён павiнен быў даплацiць у бюджэт адпаведна 88,5, 1217, 2228,8 i 2156,9 тысячы рублёў. Спрачацца з гэтым не стаў i памяркоўна згадзiўся, што недаплата падаткаў адбылася за кошт завышэння расходаў i занiжэння выручкi. Драбяза, ды i толькi. Недагляд.

Чалавек ён не сквапны, добразычлiвы, за што яго цанiлi ў райаддзеле ўнутраных спраў, дзе абралi членам савета ветэранскай арганiзацыi i ён аказваў былым работнiкам мiлiцыi пасiльную матэрыяльную дапамогу. Але ж i прынцыповы, рашучы ў сваiх дзеяннях i ўчынках. Калi хто спрабуе ў дачыненнi да яго цi кагосьцi iншага праявiць нахабнасць, недазволенасць, яму спуску Вiктар Мiкалаевiч не дасць. Гэта — бясспрэчны факт. Як, напрыклад, было з чакiстам Васiлём Сокалам.

Справа ў тым, што апошнiм часам, а менавiта ў 2007 годзе ён, Вiктар Арлоў, пазнаёмiўся з гэтым непрыемным чалавекам, з якiм сустракаўся каля дзесяцi разоў i той увесь час плакаўся: жыццё ў яго цяжкае. Зарплата невялiкая, у сям’i двое дзяцей з жонкай на яго шыi сядзяць, два неаплачаныя крэдыты, дрэнная легкавушка, дом дабудоўваць трэба. Натура ж у яго, Арлова, такая: не праходзiць мiма бяды чалавека. Слухаў ён слухаў Васiля Сокала ды i вырашыў зняць з парадку дня яго праблемы. Калi ён такi бедны, дык трэба аплацiць тыя яго крэдыты або аказаць iншую матэрыяльную дапамогу. Адным словам, зрабiць яму прыемнае. А ўзамен — абсалютна нiчога ён, Арлоў, ад яго не патрабуе. Ну, калi, праўда, могуць здарыцца нейкiя парушэннi з яго боку (бо ў прадпрымальнiцтве, самi ведаеце, не проста разабрацца), дык няхай ён, работнiк упраўлення КДБ, закрые на гэта вочы. Або паспрыяе яму, калi гэтым могуць заняцца iншыя праваахоўныя органы. Аўтарытэт жа ў чакiста — ого-го.

Дык вось, Васiль Сокал закапрызiў, калi ён, Арлоў, прапанаваў такi варыянт, а той адмовiўся ад яго. Можа баяўся чалавек, што ён тым самым заплямiць свой афiцэрскi службовы гонар, а можа нешта iншае стукнула ў яго галаву — хто ведае. Не хоча — не трэба. Такога добразычлiўца, як Арлоў, яму знайсцi наўрад цi ўдасца.

Але ж так было толькi спачатку. Вiдаць, Васiль Сцяпанавiч напускаў гэта на сябе спецыяльна. Наганяў цану, напэўна. Бо праз каторы час, разважаў Арлоў, за мае дробязныя парушэннi той пачаў патрабаваць хабар. А што мне заставалася рабiць? Неаднаразова даваў яму грошы. На памяцi 500 i 500 долараў. Апетыт у чакiста рос i ў чарговы раз ён даў зразумець, што патрэбна гэту суму павялiчыць. Размова адбылася ў тамбуры маёй кватэры. З вока на вока. Я спытаў, ці хопiць пяць тысяч "зялёных". Ён крутнуў галавой i паказаў два пальцы. Дзве тысячы, значыць. I сказаў, што па мабiльнiку пазвонiць, калi адбудзецца сустрэча, i гэтыя грошы трэба прывезцi яму дадому.

Пасля гэтага задумаўся Арлоў. Колькi можна цярпець нахабнiка? Калi змоўчваць увесь час, згаджацца з iм, падпарадкоўвацца, дык ён наогул на карак сядзе. Годзе! Трэба вывесцi яго... на чыстую ваду! Таму рашуча напiсаў заяву ў пракуратуру, паклаў яе ў кiшэню i пасля таго, як патэлефанаваў Сокал, паехаў з iм на сустрэчу ў Гомель. Адбылася яна сёлета восьмага лютага ў доме апошняга, дзе ён перадаў таму 1400 долараў.

Васiль Сцяпанавiч акуратна пералiчыў купюры: трынаццаць — па сто баксаў i дзве — па пяцьдзясят i спытаў, дзе астатнiя? Будуць пазней, адказаў прадпрымальнiк i ў думках ужо быў у пракуратуры са сваёй заявай. Ды раптам расчынiлiся дзверы, i ў пакой ускочылi некалькi чалавек, якiя скруцiлi яго, уклалi тварам унiз на падлогу, прывялi панятых i пачалi пiсаць пратакол аб тым, што ён даў хабар Сокалу. Правакацыя! Пастка! Яму, Вiктару Мiкалаевiчу, толькi i засталося выцягнуць тую заяву з кiшэнi i папярэдзiць Сокала, што за такiя дзеяннi, несумяшчальныя з яго прафесiяй, таго вытураць з упраўлення КДБ. Як пiць даць вытураць! Толькi вось заяву ў яго адабралi. Ды нiчога, усё стане на свае месцы. Разбяруцца.

Тут аўтар павiнен зрабiць адступленне i сказаць, што ўсё вышэй апiсанае пададзена з пункту гледжання прадпрымальнiка Вiктара Арлова на допытах у следчых i на судовых пасяджэннях. Але ж маецца iншая, зусiм процiлеглая версiя, пацверджаная шматлiкiмi фактамi, рэчавымi доказамi, паказаннямi чакiста Васiля Сокала, сведкаў i г.д., якiя i ляглi затым у прыгавор суда. Вось што было насам-рэч.

Так, iндывiдуальны прадпрымальнiк Вiктар Арлоў займаўся аптова-рознiчным гандлем сельскагаспадарчай прадукцыі i гаруча-змазачных матэрыялаў. Але гэта была не адзiная крынiца яго даходаў. Не маючы спецыяльнага дазволу (лiцэнзii), ён скупляў i рэалiзоўваў у Расiйскую Федэрацыю лом чорных i каляровых металаў. Акрамя таго, за пэўнае грашовае ўзнагароджанне аказваў асобам, якiя займалiся гэтым незаконным бiзнэсам, паслугi па транспарцiроўцы i суправаджэннi машын з металаломам па тэрыторыi Добрушскага раёна.

У абавязкi ж старшага оперупаўнаважанага УКДБ па Гомельскай вобласцi Васiля Сокала ўваходзiла контрразведвальнае забеспячэнне ўсiх суб’ектаў гаспадарання па лiнii кантрабанды i барацьбы з карупцыяй. У працэсе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у поле яго зроку i трапiў Вiктар Арлоў, калi ў мiнулым годзе да першага пачалi паступаць аператыўныя даныя аб тым, што прадпрымальнiк мае дачыненне да вывазу чорных i каляровых металаў. А гэта магло ўказваць на карупцыйныя праяўленнi подкупу службовых асобаў.

Арлоў быў не лыкам шыты, як кажуць у народзе, i добра разумеў, якой небяспечнай для яго "бiзнэсу" можа быць дзейнасць чакiста, бо машыны з грузам пачалi на беларуска-расiйскай мяжы цi на падыходзе да яе правярацца часцей. Але спыняць даходную дзейнасць Арлоў не спяшаўся. Замест гэтага пачаў шукаць чалавека, якi дапамог бы яму вырашаць праблемы з праваахоўнымi органамi, а калi ўдасца, дык уцягнуць яго ў сваю "вупраж". Такога чалавека ён убачыў у асобе аператыўнага супрацоўнiка ўпраўлення КДБ Беларусi па Гомельскай вобласцi Васiля Сокала. Лепшага не знойдзеш, вырашыў ён i завязаў з iм знаёмства.

Не будзем удавацца ва ўсе перыпетыi гэтых яго прапаноў, дамоўленасцяў i г.д., але ўсё ж адзначым некаторыя з iх, якiя пралiваюць святло на iх сутнасць. Мы ўжо казалi, што памiж прадпрымальнiкам i чакiстам адбылося каля дзесяцi сустрэч, i ў матэрыялах суда маюцца неабвержныя факты таго, што Арлоў абяцаў Сокалу плацiць яму зарплату ў пяць i нават дзесяць разоў большую, чым ён атрымлiвае на сваёй рабоце. Калi той не хоча так, дык ён будзе класцi тыя грошы на яго разлiковы рахунак, можа купiць яму легкавушку i г.д. Ён у стане аплацiць яму такiя паслугi, бо продаж металалому ў суседняй Расii — гэта залатая жыла. Напрыклад, за некалькi даставак яго туды было "наварана" 36 тысяч долараў. "Бабкi", як вядома, добрыя. Без асаблiвых напруг яны прыплываюць. Дваццаць працэнтаў ад агульнай сумы будуць яму, Сокалу. Не, гэта не хабар, а ўзнагарода за тое, каб той не звяртаў увагi на яго работу, закрыў на ўсё вочы, а пры выпадку i ад iншых прыкрыў. Ён, Арлоў, дзелiцца з усiмi, хто яму садзейнiчае, дапамагае ў бiзнэсе. Адзiн толькi ты, Васiль Сцяпанавiч, альбiнос. Табе што, грошы не патрэбныя? Не бойся, нiхто аб гэтым ведаць не будзе. Падумай.

Неабходна сказаць, што Сокал нi ў якiм выпадку не правакаваў прадпрымальнiка нi словамi, нi ўчынкамi да нейкiх супрацьпраўных дзеянняў i паводзiў сябе ў рэчышчы той сiтуацыi, якая складвалася з яго прапаноў, не пабуджаючы ў яго жадання пайсцi на нейкiя парушэннi цi праступкi. Так вось i наступiў момант, калi аб усiм гэтым Васiль Сцяпанавiч падаў рапарт начальнiку ўпраўлення, аб чым быў пастаўлены ў вядомасць i пракурор вобласцi: чакiсту настойлiва прапануецца хабар за яго зараней незаконную бяздзейнасць.

Тады i было прынята рашэнне аб спыненнi супрацьпраўнай работы нелегальнага бiзнэсмена. У рамках аператыўнага эксперыменту, пасля перадачы супрацоўнiку дзяржбяспекi грошай у суме 1400 амерыканскiх долараў, Вiктар Арлоў быў затрыманы аператыўнай групай упраўлення КДБ. Падчас агляду ў яго кiшэнi чакiсты знайшлi заяву ў пракуратуру, у якой было ўказана, што Васiль Сокал вымагаў у яго грошы i ўжо неаднаразова атрымлiваў хабар. На пытанне ж, чаму ён не паведамiў раней аб гэтым у адпаведныя праваахоўныя органы, адказаў, што баяўся, а вось зараз не баiцца. А Васiлю Сокалу ў вынiку не паздаровiцца. Не трэба даказваць, што такiм чынам (напiсаннем заявы ў пракуратуру) хабарадаўца вырашыў падстрахавацца. На ўсякi "пажарны" выпадак.

У час судовых пасяджэнняў былi, як кажуць, расстаўлены ўсе кропкi над "i". Выявiлiся даволi цiкавыя моманты. Напрыклад, адны сведкi сцвярджалi, што пры перасячэннi мяжы з Расiяй у "МАЗах" з металаломам у iх патрабавалi толькi страхоўку, а дакументы на груз нават не пыталi, што бясклопатны праезд туды iм гарантаваў Вiктар Арлоў. Другiя ўказвалi на тое, што ён шукаў людзей, якiя б маглi за месяц сабраць да ста i больш тон металалому, а ў Расii ў яго такiя партнёры, якiя прымуць iх за мiлую душу. Трэцiя гаварылi, што разам са сваiм металам яны перавозiлi метал i Арлова i г.д. Мiж iншым, указаныя дзеяннi Вiктара Арлова, як канстатаваў суд, не ўтрымлiваюць у сабе прыкметы крымiналу i органамi папярэдняга расследавання яны нiяк не квалiфiкаваныя i па гэтай прычыне падлягаюць выключэнню з абвiнавачвання. Тым не менш даказана вiна яго, як i тое, што Васiль Сокал дзейнiчаў у рамках аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. А прадпрымальнiк прызнаны вiнаватым у дачы хабару чакiсту за яго "зараней незаконную бяздзейнасць i ў замаху на паклёп, злучаны з абвiнавачваннем ва ўчыненнi цяжкага злачынства".

Вызначаючы меру пакарання, суд улiчыў характар i ступень грамадскай небяспекi ўчыненых злачынстваў, матывы i мэты iх, памер хабару, станоўчыя характарыстыкi па месцы жыхарства i ранейшай работы, уплыў пакарання на яго выпраўленне i на ўмовы жыцця яго сям’i. Па сукупнасцi гэтых злачынстваў Вiктару Мiкалаевiчу Арлову суд адмераў "чатыры гады абмежавання волi з накiраваннем яго ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу". Атрымаўшы добры ўрок, прадпрымальнiк касацыйную скаргу ў вышэйстаячую судовую iнстанцыю падаваць не захацеў. Значыць, згадзiўся з прысудам.

Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.

 

 

 

 

 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аповед аб тым, да чаго давялi прадпрымальнiка яго спробы падстрахаваць свой незаконны бiзнэс
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика