Цяпер у бібліятэкаркі няма часу чытаць кнігi
Цяпер у бібліятэкаркі няма часу чытаць кнігi
Бiблiятэкарка з Круглянскага раёна нарадзiла трайнятаў. Цяпер ёй няма часу чытаць кнiгi: у сям’i Падбярозкiных стала шасцёра дзяцей. Наталля, ураджэнка Магiлёва, прыехала на Кругляншчыну па размеркаваннi, працавала ў сельскай бiблiятэцы i нарэшце знайшла ў вёсцы сваё шчасце. Каханы муж Алег працуе механiзатарам. Сям’я жыве ў добрым доме, якi дала сельская гаспадарка. Да нядаўняга часу Падбярозкiны гадавалi трох хлопчыкаў: старэйшаму 12 гадоў, а малодшаму — толькi 2. Але Наталлi вельмi хацелася i дачку: пяшчотную дзяўчынку, якую можна прыгожа апранаць i плесцi ёй коскi, якая будзе сябраваць з мацi. Алег падтрымаў жонку. У вынiку ў сям’i 7 жнiўня нарадзiлiся трайняты: хлопчык Ягор i дзве дзяўчынкi — Карына i Палiна. — Ва ўсякiм разе, план па дзяўчынках я перавыканала ўдвая, — весела ўсмiхаецца 32-гадовая Наталля. — І чаму ў мяне нарадзiлася трайня — мы не ведаем. Нi ў маiх сваякоў, нi ў мужавых, нiколi такога не было. А нам пашанцавала! Пра тое, што будзе трайня, Наталля даведалася 14 лютага. I гэта стала падарункам мужу на Дзень усiх закаханых. Жанчына ўзгадвае, што толькi ён ёй i паверыў адразу, а сваякi i сябры ўспрымалi навiну пра трайню як жарт. Алег жа адразу зразумеў, што трэба жонку падтрымаць: мужчына ўзяў на сябе частку надзённых клопатаў i дапамагаў ва ўсiм. I сёлетнi гарачы час у механiзатара праходзiў у хатнiх умовах: бацька зараз даглядае малодшага сына i, так бы мовiць, праходзiць практыку перад вяртаннем дадому яшчэ трох нованароджаных дзяцей. Парадавалiся нараджэнню брата i сясцёр старэйшыя дзецi Падбярозкiных: iм падабаюцца шматдзетныя сем’i, дзе разам добра i весела. Хлопчыкi зусiм не супраць "уварвання" дзяўчынак! Цяпер за трайнятамi назiраюць урачы Магiлёўскай абласной бальнiцы. У пакоi немаўляты Наталлi размеркаваныя па двух ложках: на адным — старэйшы Ягор, першы i самы вялiкi. Удваiх ляжаць сястрычкi Карына i Палiна, якiя нарэшце дасягнулi вагi ў 2 кiлаграмы. Мацi запэўнiвае, што адрознiвае дзяўчынак: Карына мае больш цёмныя валасы, а Палiна абяцае стаць бландзiнкай. — Яны вельмi прыгожыя i, мне здаецца, падобныя на свайго бацьку, — гаворыць Наталля. — У яго 7 верасня дзень народзiнаў, i мы спадзяёмся зрабiць Алегу каштоўны падарунак — выпiсацца з бальнiцы. У Шупенях усё гатова да прыезду мацi i немаўлятаў. Прымхлiвая Наталля нiчога загадзя не набывала для дзяцей, таму мужу давялося тэрмiнова рабiць амаль што аптовыя закупкi. Вельмi да месца прыйшлася тут i матэрыяльная дапамога гаспадаркi "Круглянскi свiтанак", дзе працуе шчаслiвы бацька цяпер ужо 6 дзяцей. Чым толькi могуць — дапамагаюць сваякi. Мацi Наталлi, Кацярына Аляксандраўна, якая працуе на прадпрыемстве "Магiлёўлiфтмаш", штодня прыязджае ў бальнiцу. Яна вельмi задаволеная сваiм ганаровым званнем шматдзетнай бабулi. Да 6 унукаў, дарэчы, сёлета далучыцца яшчэ адзiн: сястра Наталлi чакае дзiця. Падбярозкiным паведамiлi, што ў раёне рыхтуюць урачыстую рэгiстрацыю трайнi ў ЗАГСе. Шматдзетныя бацькi вельмi спадзяюцца на дапамогу ўладаў у складанай справе рамонту сiстэмы водазабеспячэння ў iх доме, дзе пакуль няма вады. А прафсаюзы ўвогуле хадайнiчаюць перад выканаўчай уладай аб выдзяленнi новага жылля, больш камфортнага i прыдатнага для вялiкай вясковай сям’i. — Я, безумоўна, разлiчваю на падтрымку дзяржавы, — каментуе Наталля. — Усе сродкi i iльготы, якiя гарантуе закон, будуць да месца. А так я нiчога не баюся. Самае галоўнае, што я нарадзiла здаровых дзяцей. Цяпер я ўпэўнена ў тым, што ўсё будзе добра. Раней нараджалi i гадавалi, калi не было нi памперсаў, нi падтрымкi. А сёння пераканана, што нашы дзецi нiчым не будуць абдзеленыя: нi харчамi i адзеннем, нi ўвагай i любоўю. Нараджэнне трайнятаў — гэта рэдкая падзея. Трайня Наталлi стала першай на Кругляншчыне за шмат гадоў. Увогуле ў Магiлёўскай вобласцi больш за пяць гадоў не нараджалiся трайняты. А сёлета — адразу дзве! Магiляўчанка Iрына Цiмошчанка ў 39 гадоў нарадзiла двух хлопчыкаў i дзяўчынку. — Мы зносiлiся з Iрынай, калi, цяжарныя, былi ў бальнiцы пад наглядам медыкаў, — расказала Наталля. — I мы сышлiся ў меркаваннi, што нам неверагодна пашанцавала. Мы — эксклюзiўныя, шчаслiвыя мацi. Такi наш лёс, i трэба, каб нашы дзецi выраслi здаровыя i шчаслiвыя. Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бiблiятэкарка з Круглянскага раёна нарадзiла трайнятаў. Цяпер ёй няма часу чытаць кнiгi: у сям’i Падбярозкiных стала шасцёра дзяцей.
|
|