Косаўскi палац — апошняя данiна рамантызму ў нашым краi
Косаўскi палац — апошняя данiна рамантызму ў нашым краi
Рыштаваннi Бацькаўшчыны Косаўскi палац Пуслоўскiх разам з суседнiм домiкам Касцюшкаў былi спаленыя ў 1944 годзе. Драўляную касцюшкаўскую сядзiбу агонь злiзаў хутка, а палац гарэў дзён дзесяць. Так расказваюць мясцовыя людзi. Велiчныя муры доўга супрацiўлялiся вогненнай стыхii. Але яна ў рэшце рэшт перамагла. Засталiся, па сутнасцi, толькi вонкавыя сцены палаца, засталiся таксама памяць i легенды.Гады тры таму, як адрадзiлi дом, у якiм нарадзiўся Андрэй Тадэвуш Касцюшка, i да памятных мясцiн штогод сталi ехаць госцi, паслы замежных дзяржаў, турысты, раптам усе заўважылi сцены палаца наводдаль за дрэвамi. I хоць гэтыя сцены хавалi за сабой руiны, ды i самi сям-там зруйнаваныя, з пагорка з-за высокiх дрэў яны выглядалi i велiчна, i рамантычна-загадкава, i гэтай далёкай прыгажосцю мiжволi зацьмявалi ўсё навокал. Палац нiбы прасiў, заклiкаў быць адноўленым. I, здаецца, дачакаўся. Прыняты ўсе неабходныя рашэннi аб рэстаўрацыi Косаўскага палаца Пуслоўскiх. Род Пуслоўскiх здавён валодаў косаўскiмi землямi. Войцэх Пуслоўскi, маршалак слонiмскi, быў слынным гаспадаром. Ён будаваў храмы, узводзiў прадпрыемствы, у Косаве пры iм славiлася дывановая фабрыка. Потым землi перайшлi ў спадчыну да Вандалiна, малодшага з пяцi сыноў Войцэха. У краi ён стаў знакамiтым як буйны прамысловец i вялiкi аматар мастацтваў. Апошняе, вiдаць, i паўплывала на лёсаноснае рашэнне. Яшчэ ў 1838 годзе 24-гадовы Вандалiн заснаваў Косаўскi ансамбль на ўзвышшы i раўнiннай тэрыторыi каля фальварка Мерачоўшчына на плошчы каля 40 гектараў. Ансамбль нечым нават нагадваў сядзiбы эпохi барока. Заязджаць у палац патрэбна было праз лiпавую алею, праз уязную браму i парадны партэр. Завяршаў вось кампазiцыi вадаём з востравам. Цiкава, што ўезд у памесце iшоў з боку Ружанскага тракта i абазначаўся брамай, якая называлася галоўнай. Дык вось у гэтых мясцiнах жыве легенда, што некалi пракапалi падземны пераход, якi злучаў Ружанскi i Косаўскi палацы. Сiстэма падвалаў i скляпенняў, асаблiва ў Ружанах, адрознiвалася надзвычайнай складанасцю. Гэта, хутчэй за ўсё, i парадзiла легенды. Хоць хто ведае дакладна?.. А вось незвычайныя бэзавыя кампазiцыi Косаўскага палаца да гэтай пары ўспамiнаюць тутэйшыя старажылы. Партэр акалялi пасадкi кустоў бэзу, якiя былi закладзены раслiнамi гатункаў розных колераў. Калi яны зацвiталi, то стваралi сабой незвычайную па прыгажосцi маляўнiчую карцiну. Бэз цвiў яшчэ нават колькi гадоў пасля пажару, пакуль канчаткова не вырадзiўся i не згiнуў пад наступленнем лесу. Галоўным у кампазiцыi сядзiбы, вядома, стаў палац, пабудаваны ў стылi англiйскай неаготыкi. Ён вельмi нагадваў рамантычна-таямнiчы замак. I рамантызм, i велiчнасць, i таямнiчасць стваралi найперш вежы, крыху падобныя на старажытныя замкавыя. Кожная з дванаццацi вежаў сiмвалiзавала месяц, чатыры цэнтральныя вежы адпавядалi хлебным месяцам года: маю, чэрвеню, лiпеню, жнiўню. У сваёй кнiжцы "Старадаўнiя сядзiбы Берасцейшчыны" Анатоль Федарук пiша: "Паводле думкi С. Ярашэўскага (польскi даследчык. — С.Я.), рэзiдэнцыя па кампазiцыi i прыгажосцi не мела сабе роўных у Польшчы. Некаторае падабенства палац меў са знакамiтым замкам Гогенцолернаў у Камянцы-Земблавецкiм. Велiчны будынак заняў плоскую вяршыню высокага пагорка. Яго становiшчам вызначалася маляўнiчая панарама на паркавыя тэрасы, сiстэмы вадаёмаў i старадаўнi фальварак. Зварот да гiстарычнага мiнулага, выразнасць далёкiх перспектыў з’явiлiся праяўленнем матываў рамантызму, якiя ўвасоблены ў агульным ансамблi". Шматлiкiя вежы палаца сталi яго галоўным архiтэктурным элементам, так бы мовiць, "каньком". Тут былi квадратныя, усечаныя i гранёныя вежы, яны лаканiчна дапаўнялi куты пабудовы i ўваходы. Акрамя таго, вежы маюць зубчатае завяршэнне, што дадае адчування старадаўнасцi i некаторай непрыступнасцi аб’екта. Апошняга дадавалi таксама аконныя i дзвярныя праёмы стрэльчатых абрысаў накшталт байнiц. Аграмадныя гатычныя праёмы ў сценах галерэй нават у цяперашнiх умовах руiнаў наводзяць на думку аб асаблiвай таемнай загадкавасцi, лабiрынтнасцi i велiчы пабудовы. У архiвах i лiтаратуры засталiся сведчаннi пра тое, якiя шыкоўныя i незвычайныя балi i прыёмы праходзiлi ў Косаве. Упрыгажэннем адной з залаў служыў вялiкi акварыум з экзатычнымi рыбкамi. А ў зiмовым садзе на прывязi сядзеў сапраўдны леў. Знакамiтая бiблiятэка Пуслоўскiх саступала хiба толькi суседняй сапегаўскай. Некалькi тысяч тамоў i рукапiсаў налiчвала кнiгасховiшча палаца. Кожная з залаў мела свой асаблiвы iнтэр’ер, свой колер, за якi i атрымлiвала назву. Былi тут белая, чорная, срэбраная залы. Ацяпляўся палац паравым спосабам. У падвальным памяшканнi стаялi аграмадныя рэзервуары з вадой, якая падагравалася. Побач з велiчнай рэзiдэнцыяй месцiлася сядзiба Касцюшкаў. У час росквiту палаца мерачоўшчынская сядзiба, наадварот, прыйшла ў заняпад. Як вядома, пасля смерцi бацькi Тадэвуша Касцюшкi Людзвiга фальварак Мерачоўшчына перайшоў праз некаторы час да Пуслоўскiх. Вандалiн Пуслоўскi з вялiкай павагай ставiўся да героя трох кантынентаў. Таму ён адрэстаўраваў домiк у папярэднiм выглядзе i абсталяваў там, па сутнасцi, музей. У адным з пакояў стаяў драўляны ложак, накрыты дываном. А над iм вiсела дошчачка з надпiсам: тут нарадзiўся слынны Фадзей Касцюшка. А ў 1878 годзе Вандалiн фiнансаваў будаўнiцтва касцёла Прасвятой Тройцы i Святога Крыжа ў Косаве, якi стаiць i дзейнiчае цяпер. У архiве касцёла захоўвалася метрыка нараджэння Тадэвуша Касцюшкi. Калi ж Касцюшкаву сядзiбу адрадзiлi ў наш час, паводле слоў яе дырэктара Iрыны Анцiпенкi, пытаннi пра суседнi палац узнiкалi ў турыстаў штодня. Нелагiчна дысанансам выглядалi ў жывапiсных мясцiнах велiчныя руiны. I вось два гады таму аблвыканкам прыняў рашэнне аб рэстаўрацыi палаца Пуслоўскiх. Частку грошай фундавалi рэспублiканскiя арганiзацыi. Пакуль што сумы выдзеленыя невялiкiя, але пачатак пакладзены. I з сакавiка гэтага года закiнуты паўразбураны палац ператварыўся ў будаўнiчую пляцоўку. Тут працуе брыгада з 16 чалавек ААТ "Брэстрэстаўрацыя". На справе гэта выглядае так: указаная колькасць жыхароў Косава знайшла сабе работу. Прараб Мiхаiл Дылько таксама чалавек тутэйшы, але мае вопыт такога роду работы, больш за год ён працаваў на рэстаўрацыi Нясвiжскага палаца. — Справа звычайная, — расказвае Мiхаiл Мiкалаевiч, — толькi патрабуе асаблiвай увагi i акуратнасцi, калi перабiраеш кожную цаглiну старадаўняй кладкi. Ужо ўладкавалi вертыкальную гiдраiзаляцыю фундамента, i паступова ўзнiмаемся, аднаўляем вонкавую кладку. Работы пакуль вядуцца ў левым крыле палаца. Пад адным з вуглоў гэтага крыла з месяц таму адкапалi невялiчкi скарб — некалькi срэбных i медных манет чаканкi 1820 i наступных гадоў. Цяпер знаходкай займаюцца вучоныя, а рабочыя перакананыя, што гэтыя муры хаваюць у сабе яшчэ шмат таямнiц i загадак. У былой рэзiдэнцыi Пуслоўскiх запланавана зрабiць турысцка-забаўляльны цэнтр высокага класа з гасцiнiчным комплексам, канферэнц-залай, музеем, кафэ-сталовай. На ўсю работу патрабуецца больш за 20 мiльярдаў рублёў. I хочацца верыць, што такiя грошы паступова збяруцца, каб старадаўнi палац у стылi рамантычнай неаготыкi заззяў новай прыгажосцю. Можа, знойдзецца нарэшце загадкавая музычная зала — адна з галоўных легендаў славутасцi — больш правiльна, месца былой, залы i яна будзе абсталявана наноў. Памяшканнi палаца мелi высокiя акустычныя ўласцiвасцi. Апошняе, вiдаць, i спарадзiла легенду пра тое, што ў адной з залаў дастаткова было дакрануцца рукой да сцяны, каб загучала музыка, у другiм месцы пачыналася iншая мелодыя, нешта накшталт дыстанцыйнага кiравання сучаснай апаратурай. Такая зала магла б стаць фiшкай новага музея. Святлана ЯСКЕВIЧ. Iвацэвiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Косаўскi палац Пуслоўскiх разам з суседнiм домiкам Касцюшкаў былi спаленыя ў 1944 годзе. Драўляную касцюшкаўскую сядзiбу агонь злiзаў хутка, а палац г
|
|