21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Герой Сацыялістычнай Працы 58 гадоў на адным ФАПе. І столькi ж — са "Звяздой"

26.08.2009 10:28 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Герой Сацыялістычнай Працы 58 гадоў на адным ФАПе. І столькi ж — са "Звяздой"

Сяргей Iванавiч Шклярэўскi, без усялякага перабольшання, — проста легендарны чалавек. Добра вядомы не толькi на роднай Случчыне, дзе доктара даўно цэняць за прафесiяналiзм i шчырае сэрца, але i па ўсёй Беларусi, у многiх краiнах постсавецкай прасторы. Яго рэгалiй, напэўна, з лiшкам хопiць для экспазiцыi не аднаго музея, пры ўсiм гэтым Сяргей Iванавiч застаецца вельмi сцiплым чалавекам. I працавiтым — у свае восемдзесят гадоў шторанiцы пачынае прыём пацыентаў у Покрашаўскiм фельчарска-акушэрскiм пункце. Сюды ён уладкаваўся ў далёкiм 1950-м i з таго часу дапамагае людзям. Вядома, варта завiтаць да такога чалавека: павiншаваць з юбiлеем, паслухаць успамiны. I атрымаць сапраўдны зарад бадзёрасцi i аптымiзму, якiя загадчык ФАПа лiтаральна выпраменьвае.

 

Па волi лёсу

 

Па волi лёсу

 

Па волi лёсу

Нарадзiўся Шклярэўскi ў лiпенi 1928 года ў вёсцы Сярагi, што на Случчыне. У звычайнай сям’i: бацька — рабочы, мацi працавала ў калгасе. У вайну Сяргей удваiх з сястрой засталiся без бацькоў. Хлопчык быў адным з нямногiх мужчын у вёсцы. Узгадвае, што апрацоўвалi вялiкi кавалак зямлi — пяць гектараў (3 га ворыва i 2 — сенажацi). Навучыўся пахаць, убiраць, збажыну цэпам малацiць. На касьбу прыходзiлася выязджаць на тыдзень. Паколькi бацьку расстралялi з-за таго, што ён быў партызанскiм сувязным, то ўсе родныя апасалiся арышту. Сяргей нiколi ўлетку не начаваў дома, каб раптоўна не папасцiся. Аднак сваё трывожнае ваеннае дзяцiнства заўсёды ўзгадвае з цеплынёй. Кажа, што ў памяцi засталiся больш добрыя моманты — як коней пасвiлi, вогнiшча раскладвалi i на непрацяглы час забывалiся пра лiхалецце...

Пасля вызвалення, у 1944-м, у вёску прыехаў дзядзька, якi забраў пляменнiка да сябе ў Ленiнград. Шклярэўскаму тады было 16 гадоў. Напэўна, як усе хлопчыкi таго пакалення, ён марыў стаць ваенным — паступiць у сувораўскае вучылiшча. Аднак такiм планам не наканавана было спраўдзiцца. Уладкаваўся на працу ў Кастрычнiцкiя чыгуначныя майстэрнi, праз тры месяцы атрымаў разрад слесара. Дзень Перамогi сустракаў разам з сотнямi тысяч ленiнградцаў на Дварцовай плошчы. Разам з роднымi пераехалi ў Варонеж, аднак, калi пасля дзядзьку накiравалi ў Кiтай, то хлопчыку давялося вяртацца дадому.

Так летам 1945-га Шклярэўскi зноў апынуўся на Случчыне. Лета — жнiво, працы хапала. Увосень пайшоў у сёмы клас, выбралi старастам. Праз год здаў экзамены (ажно па 12 прадметах), выпускны вечар i атэстат — пуцёўка ў дарослае жыццё. Хацеў пайсцi ў чыгуначны тэхнiкум у Гомелi (усё ж паспеў крыху папрацаваць у ленiнградскiх майстэрнях), аднак не атрымаў своечасова дакументы. Таму ў 1946 годзе паступiў у Бабруйскую фельчарска-акушэрскую школу. Так пачаўся адлiк яго медыцынскай кар’еры. Выпадак акрэслiў усё далейшае жыццё: тут мiжволi задумаешся пра абгрунтаванасць выбару — лёс чалавечы, напэўна, усё ж вызначаюць вышэйшыя сiлы.

— Стыпендыя — 180 рублёў, з якiх 100 аддаваў за кватэру, а 80 заставалася на атаварванне харчовай карткi, — заўважае Сяргей Iванавiч. — Падзарабляў на нарыхтоўцы дроў, на будоўлях. У родных мясцiнах падчас вучобы бываў нячаста, бо бiлет на аўтобус з Бабруйска да Слуцка тады каштаваў 37 рублёў (цiкава, што нават пра ўсе дэталi свайго жыцця Шклярэўскi ўзгадвае без цяжкасцяў — памяць проста выдатная. — М.Л.). Нярэдка дабiраўся, як цяпер кажуць, "аўтастопам", на таварных вагонах. Прайсцi пешшу са Слуцка да сваёй вёскi было звычайнай справай.

Курс маладога медыка

Падчас вучобы згарэла хата: дахi саламяныя, сухавеiца — калi занялася полымя, то "выкацiла" адразу паўвёскi. Калi прыехаў дадому, не пазнаў двара. Сястра жыла ў родных, трэба было ўзводзiць новы дом. Тут скончылася вучоба ў фельчарскай школе. Як узгадвае Сяргей Iванавiч, выпускны сабралiся святкаваць у рэстаране "Бярэзiна". Усе хлопцы касцюмы пакуплялi, а Шклярэўскi на ўрачыстасцi прыйшоў у вайсковай кашулi i кiрзавых ботах — не ставала грошай на абнову. Аднак на белы вальс яго запрасiла прыгажуня Ядзя Раманоўская, якая была старшынёй прафкама. Пакуль не раз’ехалiся, усё з ёй па Бабруйску ўзяўшыся за рукi блукалi. А пасля развiталiся i неяк згубiлiся, з горыччу заўважае Шклярэўскi.

Прыехаў на радзiму, а ўладкавацца няма дзе. Тут якраз павестка прыйшла i пайшоў служыць у войска. У Прыбалтыку тады накiравалi цэлы эшалон беларусаў. Трапiў у ваенна-марскую чыгуначную (зноў iронiя лёсу) артылерыйскую батарэю. Паколькi па медыцынскай спецыяльнасцi вакантных месцаў не было, то залiчылi кулямётчыкам. Праз колькi часу старшы лейтэнант забраў хлопца да сябе ў медсанчасць.

— Гэта быў лазарэт на шэсць ложкаў у Янтарным, што ў Калiнiнградскай вобласцi — першае месца, дзе я самастойна праводзiў прыём матросаў, вызначаў дыягназ, выпiсваў патрэбныя лекi, — узгадвае Шклярэўскi. — Нават прымаў роды ў жонкi камандзiра роты, пасля лячыў сына камандзiра часцi. Курс маладога медыка тады прайшоў паспяховы i свой аўтарытэт замацаваў.

На некалькi тыдняў паслалi на нарыхтоўку дроў. Справа была ўвосень: надвор’е дрэннае — моклi ў балотах у халадэчы. Многiя захварэлi, у тым лiку i малады доктар. Шклярэўскага камiсавалi з войска з-за дрэннага здароўя. Прыехаў у родную вёску i заняўся будаўнiцтвам дома (сястра ўсё яшчэ жыла ў чужой хаце). Паехаў выпiсваць дровы, сустрэў знаёмую i тая падказала: у Покрашаве ёсць вакантнае месца. Сяргей Iванавiч адразу ў абласны цэнтр, у Бабруйску (тады гэта была Бабруйская вобласць Грэскi раён) далi накiраванне. Так у 1950 годзе Шклярэўскi ўладкаваўся ў Покрашаўскi фельчарска-акушэрскi пункт. У яго працоўнай кнiжцы з’явiўся першы i адзiны запiс (акрамя, зразумела, адзнак аб падзяках i ўзнагародах).

Тады гэты ФАП абслугоўваў даволi вялiкую акругу: шэсць вёсак, дзе жылi 3 тысячы чалавек (сярод якiх 800 дзяцей). У пасляваенны час нярэдкiмi былi эпiдэмii розных захворванняў — дыфтэрыi, туберкулёзу, менiнгiту, шкарлятыны, адзёру. У раёне працавалi толькi шасцёра ўрачоў. Службы хуткай дапамогi не было, лекаў не хапала — умовы даволi жорсткiя. Але нават у такiх абставiнах малады медык паступова адолеў небяспечныя захворваннi. Першым часам было па трыццаць выклiкаў у суткi!

— Выдалi стэндаскоп i я абыходзiў вёску за вёскай, — заўважае Сяргей Iванавiч. — Працавалi ў ФАПе ўдваiх разам з акушэркай. Малады быў, таму ўсюды спраўляўся: i па службе, i на грамадскую работу хапала сiлаў. Гадоў з дзесяць даводзiлася амаль круглыя суткi працаваць, пасля крыху лягчэй стала. Калгас дапамог правесцi рамонт будынка, зрабiлi асобныя кабiнеты — ужо зусiм iншая справа, чым спачатку.

Сем пакаленняў пацыентаў

Шклярэўскi на працягу 25 гадоў узначальваў камiсiю па ахове здароўя i сацыяльнага забеспячэння раённага Савета дэпутатаў. Пасада даволi неспакойная, аднак у такiм разе з’яўлялiся новыя магчымасцi. У Покрашаўскiм фельчарска-акушэрскiм пункце ўпершыню ў Беларусi адкрыўся стаматалагiчны кабiнет — дагэтуль такая практыка не ўводзiлася. Сяргей Iванавiч па дазвол звяртаўся нават да мiнiстра аховы здароўя. Высокi чыноўнiк справу адобрыў i ў Покрашаве пачаў праводзiць прыём стаматолаг. Патрэба ў такiм спецыялiсце была надта вялiкая.

— Праблема ўзнiкала з лячэннем зубоў — не было ўрача, — адзначае Шклярэўскi. — Калi забалiць, дык чалавек толькi анальгiн глытае i няма магчымасцi атрымаць квалiфiкаваную дапамогу. А так выдзелiлi абсталяванне, мы свой кабiнет адкрылi i вырашылi пытанне.

Пры садзейнiчаннi загадчыка ФАПа ў суседнiм Замосцi пачалося будаўнiцтва першай у раёне ўрачэбнай амбулаторыi. Прычым, што цiкава, узвядзеннем медыцынскай установы занялася мясцовая гаспадарка. Ужо праз год з’явiўся двухпавярховы будынак па арыгiнальным праекце. Дзяржава пасля кампенсавала затраты калгасу i выдзелiла новае абсталяванне для аснашчэння амбулаторыi.

Паступова былi лiквiдаваны небяспечныя хваробы. Увялi абавязковыя прышчэпкi, каб iх рабiць, даводзiлася ўгаворваць усю сям’ю: "бабка дасць згоду, пасля за мацi бярэшся, а напрыканцы дзiця з-пад печкi дастаеш". Прафiлактычныя меры прынеслi свой плён, i цяпер пра эпiдэмii ўзгадваецца хiба што як пра гiстарычны факт. Вясковага доктара ўзнагародзiлi граматай Вярхоўнага Савета БССР, у 1966 г. атрымаў ордэн Ленiна. Далi службовы матацыкл, пуцёўку ў санаторый.

У 1978-м у Покрашава прыехала вялiкая камiсiя: правяралi, гутарылi з людзьмi. А 23 кастрычнiка быў падпiсаны ўказ аб прысваеннi Шклярэўскаму звання Героя Сацыялiстычнай Працы. Выпадак сапраўды ўнiкальны — сярод медыкаў у Беларусi былi адзначаны толькi дзевяць чалавек, а фельчар толькi адзiн (шасцёра такiх спецыялiстаў ва ўсiм Саюзе). Сяргею Iванавiчу выдзелiлi "УАЗiк". Служба (менавiта так вызначае доктар сваю справу) засталася такой жа — прыёмы, клопаты, бяссонныя ночы.

— У вясковага медыка праца не абмяжоўваецца пэўнымi гадзiнамi, калi ён прымае пацыентаў у ФАПе, — лiчыць Шклярэўскi. — Дзверы майго дома заўсёды адчынены для людзей. Ёсць такая прымаўка: "смерць i радзiны не чакаюць гадзiны". Таму неабходна заўсёды быць гатовым прыйсцi на дапамогу. Трэба працаваць сумленна, з душой — такога прынцыпу прытрымлiваюся ўсё жыццё. Самае галоўнае — стаўленне да пацыента, калi даглядаеш, то i атрымаецца.

Для кожнага часу ёсць свае захворваннi. Цяперашнiя хваробы, лiчыць загадчык Покрашаўскага ФАПа, узнiкаюць з-за няправiльнага ладу жыцця. Алкаголь, тлустая ежа, курэнне, нiзкая актыўнасць — вынiкам стала рэзкае павелiчэнне сардэчна-сасудзiстых паталогiй. Вельмi важна iх папярэдзiць. Таму ўжо цяпер дыспансэрызацыя на ўчастку Шклярэўскага праведзена на 100 працэнтаў. Доктар падлiчыў, што за час сваёй працы назiрае ўжо сем пакаленняў пацыентаў. Кожнаму неабходна ўздяляць увагу, каб не ўпусцiць небяспечныя захворваннi (у прыватнасцi, анкалагiчныя). Адкуль толькi сiлы ў Сяргея Iванавiча бяруцца? Напэўна, сям’я дапамагае — дачка, сын i два ўнукi ў выхадныя i на святы заўсёды прыязджаюць у вёску.

Вось ужо на працягу 58 гадоў загадчык Покрашаўскага ФАПа, Герой Сацыялiстычнай Працы Сяргей Шклярэўскi на медыцынскай службе. Дарэчы, з 1950-га ён нязменна выпiсвае "Звязду", паколькi лiчыць, што менавiта гэтае выданне блiзкае яму па душы. Прыемна, калi такiя людзi аддаюць перавагу нашай газеце. Здароўя вам, доктар Шклярэўскi!

Мiкалай ЛIТВIНАЎ,

Слуцкi раён.

Фота аўтара.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сяргей Iванавiч Шклярэўскi, без усялякага перабольшання, — проста легендарны чалавек. Добра вядомы не толькi на роднай Случчыне, дзе доктара даўно цэн
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика