21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Мінiстр Будны: У Лоску знакамiты асветнiк надрукаваў свае галоўныя творы

26.08.2009 10:29 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мінiстр Будны: У Лоску знакамiты асветнiк надрукаваў свае галоўныя творы

Сымон Будны часцей узгадваецца ў звязцы з Нясвiжам. І гэта, напэўна, апраўдана — менавiта тут выйшаў вядомы "Катэхiзiс". Першая друкаваная кнiга на землях сучаснай Беларусi, прычым, што адметна, на старабеларускай мове. Аднак залатой парой у творчасцi вядомага асветнiка, фiлосафа i грамадскага дзеяча многiя ўсё ж лiчаць лоскi перыяд. У маёнтку тутэйшага магната з’явiлiся творы, якiя без перабольшання ўвайшлi ў сусветную скарбонку. Каб паспрабаваць пачуць крокi Буднага i пабачыць усё на ўласныя вочы, я i накiраваўся прама ў Лоск.

Дзе тая Буда?

Дасюль няма дакладнага меркавання нi пра дату нараджэння Сымона Буднага, нi пра месца. Узгадваецца, што ён з’явiўся на свет каля 1530 года ў сям’i дробнага шляхцiца. Дакладна вядома адно — нарадзiўся асветнiк у паселiшчы пад назвай "Буда". Часцей можна пачуць, што гэта адбылося ў Польшчы (у пацвярджэнне версii ўзгадваецца, што колькi твораў надрукавана на польскай мове). Аднак такiх мястэчак многа ў Беларусi, ва Украiне, у Расii, ды ўвогуле ва ўсёй Усходняй Еўропе. Так што iнтрыга ўсё ж застаецца.

Далейшы жыццёвы шлях Буднага больш-менш вядомы. У чатырнаццаць гадоў ён паступiў на факультэт вольных мастацтваў Кракаўскага ўнiверсiтэта. Правёў у сценах гэтай навучальнай установы каля дзесяцi гадоў, пасля ўдасканальваў сваю адукацыю на тэалагiчным факультэце Базельскага, а таксама ў шэрагу iншых еўрапейскiх унiверсiтэтах. У 1558-м Сымон Будны прыехаў у Вiльню — тагачасную сталiцу Вялiкага Княства Лiтоўскага. Тут ён выкладаў на беларускай мове асновы тэалогii ў мясцовым пратэстанцкiм зборы. Праз некалькi гадоў стаў кальвiнiсцкiм прапаведнiкам спачатку ў Клецку, а пасля ў Нясвiжы. У рэзiдэнцыi Радзiвiлаў пры фiнансавай падтрымцы буйных магнатаў Будны заснаваў адну з першых у Беларусi друкарняў. Сюды з Вiльнi быў перавезены шрыфт, якiм у свой час карыстаўся Францыск Скарына. I 10 чэрвеня 1562 года ў Нясвiжскай друкарнi выйшаў знакамiты "Катэхiзiс", дзе, дарэчы, Будны рашуча выказаўся ў абарону беларускай мовы. Таксама ў гэтым горадзе былi надрукаваныя яшчэ некалькi кнiг, у прыватнасцi, "Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам". Будны стаў адным з iдэйных правадыроў беларускай Рэфармацыi, адным з кiраўнiкоў яе радыкальнай плынi — арыянаў цi, як iх называлi, "лiтоўскiх братоў". Свае погляды Будны адстойваў праз актыўную лiтаратурна-публiцыстычную i выдавецкую дзейнасць. Галоўнымi на той час сталi пераклад Бiблii i апокрыфаў на старазапаветныя i новазапаветныя тэмы. Асветнiк пераязджае ў Холхава, а неўзабаве i ў Заслаўе. У гэтым горадзе завяршаецца пераклад i Старога Запавету. У друкаваным выглядзе кнiга з’яўляецца, як мяркуюць спецыялiсты, ва Уздзе. Падчас працы над тэкстам Свяшчэннага Пiсання найбольш праявiўся перакладчыцкi талент Буднага. Нiхто з тагачасных руплiўцаў, перакананыя многiя сучасныя даследчыкi, не меў такога высокага ўзроўню ва ўсёй Еўропе, як беларускi гуманiст. Апрача беларускай ён выдатна валодаў класiчнай лацiнскай, а таксама стараславянскай, грэчаскай, польскай, iўрытам ды многiмi iншымi мовамi. Зразумела, такi чалавек знаходзiў вакол сябе шмат прыхiльнiкаў.

Драўляны "трохкутнiк"

Пасля смерцi Мiкалая Радзiвiла Чорнага Сымону Буднаму трэба было шукаць новых фундатараў сваёй выдавецкай дзейнасцi. Такi брат па веры неўзабаве знайшоўся — беларускi магнат Ян Кiшка заснаваў у Лоску друкарню i прапанаваў асветнiку пасаду мiнiстра. Гэта быў той шанц, якiм Сымон не мог не скарыстацца. Такiх шырокiх магчымасцяў у Буднага не было нават у Нясвiжы. Нездарма лоскi перыяд называюць яго залатой парой.

Лоск — сапраўды мiстычная вёска, якая вядомая з далёкай даўнiны. Гэтае месца ўзгадваецца з ХIV стагоддзя, i ўжо як умацаванае паселiшча. Пра тыя падзеi распавядаецца ў экспазiцыi мясцовага гiсторыка-краязнаўчага музея, якi, дарэчы, носiць iмя Сымона Буднага.

— Лоск можна лiчыць адным з пунктаў своеасаблiвага трохкутнiка разам з Крэвам i Гальшанамi, — заўважае кiраўнiк музея Мiкалай Вайцюлевiч. — Калi ад апошнiх цяпер засталiся "каменныя ўспамiны", то ад нашага драўлянага замка — хiба толькi гарадзiшча.

Яно i сёння ўзвышаецца над вёскай больш чым на дзесяць метраў. Сярод месцiчаў ходзяць розныя легенды наконт "будаўнiчага матэрыялу". Адно з па- данняў у сваiм вершы выклала тутэйшая паэтка Валянцiна Гiруць-Русакевiч. Паводле гэтай версii, Лоскi замак будавалi з камянёў. Прычым з розных па колеры: спачатку клалi чорныя, пасля карычневыя, шэрыя, а на зубцы — жаўцявыя i чырвоныя. Як толькi завяршылi майстры працу, то пайшоў дождж i замак заззяў рознымi фарбамi. Дзiўны бляск здзiўляў усiх гасцей. З-за чаго знiк замак? Зноў-такi каханне! Юнак i дзяўчына жылi б шчаслiва разам доўгiя гады, калi б не вайна. Прымусiла лiхалецце мужчыну за меч узяцца, а жанчына чакала доўгiя сямнаццаць гадоў. Калi сустрэлiся, то дзяўчына ссiвела, а каханы спачатку яе не пазнаў. Ад адчаю кiнулася яна з высокай замкавай вежы. А замак рассыпаўся па каменьчыках...

Кажуць, што з той пары несупакоеная панна маладзiковай яснай ноччу з’яўляецца ў ваколiцах Лоска. То вядзе каня, то на пранiку (драўляная плоская прылада, якой раней жанчыны бiлi лён цi палатно на рэчцы) па вадзе перапраўляецца. Калi нехта гэты прывiд убачыць, то галоўнае не спужаць — нават пры малейшым шолаху здань панны iмгненна знiкае. Магчыма, пра ўсе мясцовыя сакрэты калiсьцi расказалi i Сымону Буднаму. Цi паверыў легендам асветнiк, хто ведае? Ён сваёй справай быў заняты.

У Лоску кнiгавыданне вялося неверагоднымi нават па сённяшнiх мерках тэмпамi: як вынiкае з матэрыялаў музея, толькi ў 1574 годзе ў Лоску было надрукавана пяць кнiг! У экспазiцыi можна пабачыць, як выглядала тагачасная друкарня, а таксама фалiянты. Магу вам сказаць, што гэта сапраўдныя творы мастацтва. Таксама побач размешчана схема замка, а яшчэ матэрыялы пра знакамiтага земляка. I экзэмпляры з археалагiчных раскопак, якiя праводзiлi супрацоўнiкi iнстытута гiсторыi некалькi дзесяцiгоддзяў таму. Напэўна, шукалi сляды друкарнi Сымона Буднага. Знаходак было шмат, у тым лiку — вялiкi нацельны крыж. Калi яго раскрылi, то высыпаўся нейкi парашок. Экспанат забралi навукоўцы, а ў музеi пакiнулi толькi копiю. Бадай, галоўную загадку Лоскае гарадзiшча даследчыкам тады не раскрыла.

"Якая ласка мне будзе"

Мiкалай Вайцюлевiч кажа, што да спадчыны Буднага дакрануўся нечакана. У Лоск прыехаў у 1973-м, пасля службы ў войску. I адразу заняўся... будоўляй. Справа ў тым, што ў вёсцы якраз пачалi ўзводзiць новую школу. Двухпавярховы будынак узводзiлi побач з новым кварталам, якi сярод месцiчаў атрымаў назву "гарадок". Вяскоўцам дзiўна было пасялiцца ў сапраўдных кватэрах, дзе былi амаль усе гарадскiя выгоды.

— У старой школе быў створаны гiсторыка-краязнаўчы куток, — заўважае Мiкалай Вайцюлевiч. — А як перайшлi ў новы будынак, то трэба было справу далей працягваць. Пры ўдзеле вучняў, бацькоў, настаўнiкаў i быў створаны музей iмя Сымона Буднага. Калi заняўся гэтай работай, то яна мяне вельмi зацiкавiла. Давялося ад матэматыкi "ўлезцi" ў гiсторыю. I цяпер я тут галоўны захавальнiк.

Дванаццаць кнiг Будны надрукаваў у Лоску. У музейным раздзеле "Святло далёкага мiнулага" аб гэтым узгадваецца. У 1574 годзе ўпершыню ў сусветнай лiтаратуры выйшаў Новы Запавет з прадмовай, каментарыямi i заў- вагамi. Зноў-такi Будны пацвердзiў свой высокi ўзровень — выданне выклiкала шырокi рэзананс. Таксама сярод тагачасных навiнак — "Аб фурыях, цi французскiя вар’яцтвы". У гэтай кнiзе расказваецца пра жудасныя падзеi Варфаламееўскай ночы i гучыць папярэджанне грамадзянам ВКЛ, дзе ў той час разгортвалася нежартоўная рэлiгiйная барацьба.

15 жнiўня 1576 года Будны надрукаваў у Лоску свой асноўны тэалагiчны трактат "Аб найгалоўнейшых палажэннях хрысцiянскай веры". У гэтым творы асветнiк падагульнiў свае рэлiгiйна-фiласофскiя погляды. Ён сцвярджаў чалавечую прыроду Хрыста, выступаў супраць замагiльнага жыцця i незямнога свету. Аднак Будны лiчыў, што i без дапамогi царквы чалавек не здолее дасягнуць маральнай дасканаласцi. "Якая ласка мне будзе — не ведаю, — пiсаў Сымон Будны. — Але пра тое зусiм не дбаю. Мне досыць ужо таго, што не закапаў майго малога таленту, а прынёс карысць... Усю маю працу няхай ацэняць наступныя пакаленнi".

У Лоскiм музеi, паводле слоў яго дырэктара Мiкалая Вайцюлевiча, захоўваецца мабыць адзiны ў свеце каляровы партрэт Буднага. Яго намаляваў самадзейны мастак Уладзiмiр Дурко. Увогуле гэты апантаны чалавек падарыў музею 46 карцiн i эцюдаў. Цяпер базавая школа ў Лоску зачыненая, а ў будынку налета плануюць размясцiць дом састарэлых на 80 месцаў. Музей застанецца — прынамсi, так запэўнiлi Вайцюлевiча. Музей, а таксама памятная дошка нагадваюць аб дзейнасцi вядомага беларускага асветнiка ў Лоску. Мiнiстр Будны i дасюль гаспадарыць у невялiкай беларускай вёсачцы.

Мiкалай ЛIТВIНАЎ,

Валожынскi раён.

Фота аўтара.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сымон Будны часцей узгадваецца ў звязцы з Нясвiжам. І гэта, напэўна, апраўдана — менавiта тут выйшаў вядомы "Катэхiзiс". Першая друкаваная к
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика