Адна на сто працэнтаў
Адна на сто працэнтаў
Кiм бы вы нi былi ў школе — нават заядлым выдатнiкам — хоць бы раз у жыццi вам даводзiлася iсцi ў школу непадрыхтаваным, апраўдваючыся, што сёння якраз той дзень, калi настаўнiк, нарэшце, выклiча суседа па парце. Многiя цешылi сябе тым, што ў журнальным спiсе iх прозвiшча значыцца не ў першых шэрагах i прафесiйны запал настаўнiка, выпадкова ўчынiўшага "допыт" з прыдзiркамi, ападзе на другiх, менш шчаслiвых у гэтым плане вучнях. А ўявiце сабе такую сiтуацыю: у вас няма суседа па парце, а ваша прозвiшча займае адначасова i першае, i апошняе месца ў журнальным спiсе. Адным словам, вы — адзiн вучань у класе, адпаведна кожны дзень вам неабходна быць падрыхтаваным па ўсiх прадметах. Уявiш — аж дрыжыкi бягуць па спiне. Для адзiнаццацiкласнiцы Дарапеевiцкай школы-садка Валянцiны Козел такi расклад падзей — штодзённая рэальнасць. Сама дзяўчына ставiцца да гэтага вельмi разважлiва: — Да таго, што настаўнiкi выклiкаюць ледзьве не на кожным уроку, я прызвычаiлася даўно, яшчэ калi нас у класе было 12 чалавек. Такi, напэўна, у нас, выдатнiкаў, лёс, — усмiхаецца Валя. Калi летась 11 яе аднакласнiкаў (сярод якiх была i родная сястра) вырашылi развiтацца са школай, каб працягнуць вучобу ў сярэднiх спецыяльных навучальных установах, Валя нават не задумалася, цi варта заставацца ў школе i ёй. — Я ўжо даўно вырашыла: буду паступаць у медунiверсiтэт, а для гэтага базавай адукацыi недастаткова. Да таго ж, куды спяшацца з такой прыгожай школы? Два гады таму тут зрабiлi капiтальны рамонт, сёлета здалi ў эксплуатацыю новую спартыўную залу i атрымалi аўтобус, — разважае дзяўчына. Зараз 16 школьных прадметаў, якiя прадугледжаны праграмай, адзiнаццацiкласнiца будзе вывучаць з настаўнiкамi адзiн на адзiн. Чым табе не рэпетытарства? Праўда, зрабiць пры дапамозе факультатыўных заняткаў акцэнт на такую неабходную пры паступленнi бiялогiю цi хiмiю ў Валi не атрымаецца. Не дазволена. Як растлумачыў начальнiк Маларыцкага раённага аддзела адукацыi Алег Баравiк, згодна з правiламi, у сельскай школе факультатыўныя заняткi могуць праводзiцца толькi тады, калi на iх запiсалася мiнiмум тры чалавекi. — Гэты выпадак бадай што выключны. Згодна з планамi на адзiнаццаты клас, дазволена 12 гадзiн факультатыўных заняткаў, але з-за адсутнасцi неабходнай колькасцi вучняў на базе Дарапеевiцкай школы-садка яны праводзiцца не могуць. Размова можа iсцi толькi пра пазашкольныя факультатывы: цi дзяўчына будзе ездзiць займацца на факультатыў у суседнюю школу, цi вучнi з суседняй школы будуць прыязджаць у Дарапеевiчы. Наколькi такая практыка рэальная для вясковай школы, пакуль сказаць не магу, — патлумачыў начальнiк раённага аддзела адукацыi. Настаўнiкi Дарапеевiцкай школы-садка ў сваёй вучанiцы не сумняваюцца. Яны вельмi спадзяюцца, што налета ў раённым рэйтынгу паступлення выпускнiкоў насупраць Дарапеевiцкай школы-садка будзе стаяць 100 працэнтаў. Бо такая iх Валя — адна, але на ўсе сто працэнтаў. Аляксандр Алесiк. Фота аўтара. Маларыцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кiм бы вы нi былi ў школе — нават заядлым выдатнiкам — хоць бы раз у жыццi вам даводзiлася iсцi ў школу непадрыхтаваным, апраўдваючыся, што сёння якра |
|