21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Усё, "як у людзей..."

26.08.2009 10:29 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Усё, "як у людзей..." Жэня вярнуўся з Гомеля ад бабулi, дзе правёў некалькi дзён i адразу ж трапiў у абдымкi мацi Ларысы Валянцiнаўны, бацькi Алега Пятровiча, брата Вадзiма i сястрычак Леры i Насцi. А калi да яго пацягнулiся ручкi трохгадовай Людачкi, не вытрымаў: прызнаўся, як сумаваў па ўсiх. І мы па табе вельмi, сказалi дзецi, а мацi спытала: няўжо ў бабулi яму было дрэнна? Было добра, але дома — лепш, адказаў хлапчук i прыхiнуўся да яе.

Ларыса Валянцiнаўна ўспомнiла сваё дзяцiнства, калi яна ездзiла з Гомеля ў госцi да бабулi ў вёску Ухватаўкi, што ў Рагачоўскiм раёне. Што нi рабiла толькi там, у чым нi дапамагала роднаму чалавеку: i агарод праполвала, i з каларадамi змагалася, i жыўнасць розную выпасвала, да ўсякай работы былi здатныя яе рукi, хоць у горадзе такое выконваць ёй не даводзiлася, там быў iншы профiль, бо Ларыса — старэйшая сярод траiх дзяцей у сям’i, i мацi Таццяна Сяргееўна ўсе надзеi ўскладала на яе па хатнiх справах, асаблiва калi ў яе з мужам не заладзiлася жыццё i яны скасавалi шлюб.

У той вось час, калi ў сям’i не хапала грошай, Ларыса ў чатырнаццаць з паловай гадоў вырашыла пайсцi на працу, каб мець хоць нейкi заробак. Але куды толькi нi звярталася, дзяўчо шкадавалi (бо ведалi, што сiтуацыя прымушае яе шукаць работу), але ж разводзiлi рукамi: падлетак ты, падрасцi, а потым прыходзь. I ўсё ж урэшце ёй пашанцавала: у адной цырульнi дзяўчыну прывецiлi i ўзялi ў вучанiцы па манiкюрнай справе, якую яна асвойвала тры з паловай месяцы. Зразумела, што Ларыса вымушана была пакiнуць вучобу ў сваёй школе № 45 i вечарамi наведваць школу рабочай моладзi, каб атрымаць сярэднюю адукацыю.

— Да кожнага работнiка цырульнi, — успамiнае яна зараз, — даводзiўся план. Ахвотнiц-жанчын рабiць манiкюр было мала, ад чаго, мiж iншым, залежаў i заробак. Дык я, каб падцягнуць справы, вырашыла навучыцца мужчынскай стрыжцы, што i ўдалося. Але ўсё роўна зарплата не задавальняла мяне, бо хацелася i ў кiно, тэатр схадзiць, i прыгожа апрануцца. У той час мама выйшла замуж другi раз, i айчым дапамог мне ўладкавацца на завод лiцця i нармаляў. На самым пачатку работы — зноў вучанiцай, а затым па цэхах размяркоўвала са склада дэталi. I гэтак — тры гады.

Магчыма, Ларыса i сёння працягвала б на гэтым прадпрыемстве сваю рабочую бiяграфiю, калi б не наведвалася да бабулi. А там, у суседнiх Сенажатках Жлобiнскага раёна, у адрозненне ад Ухватаўкi, па вечарах — дыскатэкi, танцы ў сельскiм клубе. Яе i прыкмецiў Алег Амбруцiс, вясковы хлопец, якi быў старэйшы за яе на чатыры гады i вучыўся ў Чырвонабярэжскiм саўгасе-тэхнiкуме. I яна звярнула на яго ўвагу. Адным словам, узаемная сiмпатыя, якая перарасла ў каханне. Ларыса праводзiла Алега ў армiю (а служба яго праходзiла ў Чалябiнску). Калi вярнуўся дадому, з букетам кветак з’явiўся ў Гомелi i прапанаваў Ларысе руку i сэрца, як кажуць у такiх выпадках.

— Як зараз памятаю: iшоў дождж, Алег — мокранькi ад яго, i пышны букет ружаў. Я дала згоду, — кажа Ларыса Валянцiнаўна, — i шчаслiвая, што гэта зрабiла. Чалавек ён надзейны, ураўнаважаны, працавiты, самастойны. У чатырнаццаць гадоў дапамагаў у летнiя канiкулы бацьку, якi рана пайшоў з жыцця, працаваць на камбайне. У iх сям’i ён таксама сярод дзяцей быў старэйшым, i працы рознай яму хапала. А клапатлiвы якi быў! Калі я хадзiла яшчэ ў дзяўчатах, мяне збiла матацыклам, i я паўгода ляжала ў бальнiцы, дык ён часта наведваўся туды, супакойваў: усё будзе добра.

Пажанiлiся яны летам 1991 года, i адразу вырашылi: будзем жыць у Гомелi. Алег уладкаваўся працаваць у вытворчае аб’яднанне "Гомельбудматэрыялы" рабочым. У той час адбыўся распад адзiнай вялiкай краiны. Усюды пачалося скарачэнне штатаў, знiклi надзеi на атрыманне бясплатнага жылля, а ў кватэры мацi Ларысы ў двух пакоях было цесна. Таму знайшлi прыватную кватэру, але ж думкi былi аб адным: у iхняй сям’i будзе многа дзяцей, патрэбна думаць аб сваiм жыллi. Атрымаць яго ў горадзе з iхняй зарплатай — праблема невырашальная. А тут нарадзiўся ўжо Вадзiм, i блукаць з дзiцем па чужых кватэрах не так проста. Таму паехалi жыць да мацi Алега ў Жлобiнскi раён, i праз каторы час ён атрымаў запрашэнне на работу сантэхнiка ў вёску Стэпы з выдзяленнем жылля.

Здавалася, жыццё наладжваецца: праца ёсць, дом бясплатны — таксама, Ларыса асвойвае навыкi вясковай работы i быту. У тым сэнсе, што мацi Алега выдзелiла iм цялушку, дзве казы, двух парсюкоў, дзесяць курэй з пеўнем, сена, агарод пры доме, дзе можна садзiць цi сеяць, што твая душа пажадае. Цяжка было ўпраўляцца з гаспадаркай, бо нарадзiўся другi сынок Жэня, ды нiчога, прывыкла гараджанка Ларыса да вясковых спраў, але з iмi давялося развiтацца. Справа ў тым, што ў тым доме сям’ю не прапiсвалi, i Амбруцiсы вырашылi перасялiцца ў Жлобiн.

Зноў прыватная кватэра, зноў неспакой: што будзе далей, хто дапаможа? Прамiльгнула надзея ўладкавацца Алегу на працу ў КУП "Цепласэрвiс", дзе яму паабяцалi даць пакой у iнтэрнаце. I на тым дзякуй. Жыццё наладжвалася, хлапчукi падраслi, а ў сям’i Амбруцiсаў думалi пра свой кут i пра тое, што трэба, каб у ёй з’явiлася дзяўчынка.

— Я наогул марыла, — гаворыць мне Ларыса Валянцiнаўна, — каб у нас было шмат дзяцей. Напэўна, таму, што сказалiся гены, спадчына. У маёй мамы iх было трое, у бабулi — чацвёра, у прабабулi — дванаццаць. У iншых родзiчаў — таксама. А чым я горшая? Таму, калi мы жылi ў iнтэрнаце, нарадзiлася спачатку Лера ў 2000 годзе, а потым i Насця ў 2003-м. Хто-нiхто пытаў: навошта, жыццё цяжкае, глядзi, каб жабрацкую сумку не займелi. А мы з мужам верылi ў будучыню: прарвёмся, маўляў. Без старання i намаганняў i рыбку не зловiш. Трэба варушыцца.

Ларыса не сядзела склаўшы рукi. Яна, як i многiя жыхары Жлобiна, закупляла штучнае футра i шыла з яго мяккiя цацкi — мядзведзiкаў, зайцаў, сабачак i г.д., якiя прадавала каля чыгуначнага вакзала. Дапамагаў ёй у гэтай справе i Вадзiм. Да заробкаў Алега далучылiся i заробкi Ларысы. Так з’явiлася магчымасць уступiць у кааператыў iндывiдуальных забудоўшчыкаў i нават унесцi тры ўзносы ў будаўнiцтва ўласнай кватэры. Праўда, хутка высветлiлася, што мэта аказалася на мяжы прывiду, бо за цэнамi на жыллё Амбруцiсы ўгнацца з iхнiм кашальком не маглi. Добра, што з’явiлiся ўказы Прэзiдэнта краiны па дапамозе i клопатах у дачыненнi да шматдзетных сем’яў. Тут i льготныя крэдыты, i субсiдыi на будаўнiцтва жылля i г.д., што карэнным чынам змянiла сiтуацыю. Бо цi ж не палёгка, калi атрымалi субсiдыю на сорак гадоў з выплатай нязначных гадавых працэнтаў? Так вось i справiлi яны наваселле ў 2005 годзе ў трохпакаёвай кватэры дзевяцiпавярховiка. Да гэтай сямейнай радасцi прыбавiлася яшчэ адна: нарадзiлася Людачка. Бацькi i пяцёра дзяцей — сем я. Ларысе Валянцiнаўне ўручылi ордэн Мацi.

— Клопатаў хапае, — працягвае яна. — Я шчаслiвая, што ў мяне добры муж. На рабоце да яго павага, донар... Дома таксама не сядзiць склаўшы рукi, заўсёды сярод дзяцей, дапамагае iм ва ўсiм. У нас ёсць вiдэакамера, i яны робяць здымкi, калi мы на прыродзе або адзначаем сямейныя святы. Дзецi навучылiся валодаць камп’ютарам, афармляюць фотаальбомы, выпускаюць насценгазеты...

Я спытаў у Вадзiма, дзесяцiкласнiка, куды ён пойдзе вучыцца пасля школы. У Чырвонабярэжскi сельскагаспадарчы, быў адказ. Падлетак любiць матэматыку, а Жэня, наадварот, аддае перавагу гуманiтарным прадметам, вельмi многа чытае, ён — васьмiкласнiк. Лера — першая памочнiца мацi па кухонных справах i сёлета закончыла першы клас. Насця наведвае дзiцячы садок, ну а Людачка дома з мамай. Малая яна яшчэ.

Дружная сям’я ў Ларысы Валянцiнаўны i Алега Пятровiча Амбруцiсаў. Зараз яна — у чаканнi пашырэння жылля. А наперадзе задума — купiць легкавушку.

Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.

 

 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жэня вярнуўся з Гомеля ад бабулi, дзе правёў некалькi дзён i адразу ж трапiў у абдымкi мацi Ларысы Валянцiнаўны, бацькi Алега Пятровiча, брата Вадзiма
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика