Пасля Андоры — на трэцiм месцы
Пасля Андоры — на трэцiм месцы
У другiм матчы адборачнага цыкла да чэмпiянату свету-2010 зборная Беларусi на стадыёне "Камуналь" у Андора-ла-Вельi перамагла каманду Андоры — 3:1. Мячы ў беларусаў забiлi Дзмiтрый Верхаўцоў (37), Вiталь Радзiвонаў (79) i Вячаслаў Глеб (90). У гаспадароў вызначыўся Марк Пужоль (67, з пенальцi, фол — Верхаўцоў). У перадматчавых прагнозах гульня з "карлiкам" (плошча княства складае 468 км2, дзе пражывае 70 тысяч чалавек) не называлася лёгкай прагулкай. Падапечныя Давiда Радрыга гуляюць толькi на адбой i заўсёды па адной схеме: 1-10-0-0. Андорцы з’яўляюцца адной з самых грубых камандаў Еўропы па колькасцi чырвоных i жоўтых картак. Куды больш рэйтынгавыя сапернiкi нярэдка вымучвалi перамогi над камандай з маленькай дзяржавы. Французы забiлi пенальцi за пяць хвiлiн да свiстку, з лiкам 1:0 летась ледзь перамаглi расiяне. Футбольная федэрацыя Андоры — адна з самых маладых у Еўропе (заснавана ў 1994 годзе), i ў трох першых адборачных цыклах нацыянальная зборная гэтай краiны пацярпела паражэннi ва ўсiх 28 матчах з агульным лiкам 9:28. Першыя ачкi каманда набрала толькi ў адборы на ЧС-2006, двойчы згуляўшы ўнiчыю i атрымаўшы першую гiстарычную перамогу ў афiцыйных матчах над зборнай Македонii. Да першай вiкторыi андорцаў у таварыскiх матчах беларусы маюць самае непасрэднае дачыненне. Гульцы нацыянальнай зборнай, якiя "плавiлi" тады галоўнага трэнера Сяргея Бароўскага, палiчылi не ганебным абняславiцца ў Пiрынеях i прайгралi 26 красавiка 2000 года з лiкам 0:2. Выбар у галоўнага трэнера зборнай невялiкi — у Андоры ўсяго 171 афiцыйна зарэгiстраваны футбалiст, i ўсяго 42 з iх маюць права гуляць за зборную. Акрамя прафесiяналаў у нацыянальнай камандзе гуляюць i банкаўскiя клеркi, i паштальёны. У многiх з iх толькi адна мара — забiць гол за нацыянальную зборную. Галоўны трэнер беларускай каманды Бернд Штанге зрабiў у складзе, якi выходзiў на поле ў Львове, толькi дзве замены. Замест Антона Пуцiлы месца на правым флангу заняў Аляксандр Паўлаў, пост нумар адзiн аказаўся за Сяргеем Верамко (Юрый Жаўноў атрымаў траўму). Аднак з першых хвiлiн матча, упёршыся ў масiраваную абарону гаспадароў, беларусы доўга не маглi прадэманстраваць "украiнскай" гульнi. Замены Бернда Штанге спрацавалi — праявiлi сябе i Вiталь Радзiвонаў, i Вячаслаў Глеб, якiя зарабiлi па два балы па сiстэме "гол+пас". Абедзве беларускiя атакi ў другiм тайме пачынаў Аляксандр Глеб: А. Глеб — В. Глеб — Радзiвонаў — 1:2, А. Глеб — Радзiвонаў — В. Глеб — 1:3. Пасля матча галоўны трэнер беларусаў заявiў, што сапраўднага футбола ў матчы не было. "Бо адна каманда абаранялася на полi шырынёй 58 метраў сiламi 9 гульцоў. Пераадолець такую абарону неверагодна складана. Такiя матчы складана ацэньваць з пункту гледжання якасцi гульнi. Але мы ставiлi задачу перамагчы i справiлiся з ёй. Гэта галоўнае", — заявiў нямецкi спецыялiст. 10 верасня ў групе адбылiся яшчэ два паядынкi: Казахстан — Украiна — 1:3 i Харватыя — Англiя — 1:4. У англiчан тры мячы забiў 19-гадовы форвард лонданскага "Арсенала" Тэа Уолкат, а ў харватаў на 53-й хвiлiне быў выдалены Роберт Ковач. Буйной гасцявой перамогай англiчане падсаладзiлi горыч няўдачы ў вырашальным паядынку адборачнага турнiру чэмпiянату Еўропы-2008, калi, саступiўшы дома харватам (2:3), яны не трапiлi на кантынентальны форум, прапусцiўшы Расiю. З шасцю ачкамi пасля двух матчаў зборная Англii ўзначальвае турнiрную таблiцу групы 6. Таксама 6 балаў набрала i каманда Украiны, але з-за горшай рознiцы забiтых i прапушчаных мячоў яна займае другi радок. Следам размясцiлася Беларусь — 3 ачкi (пасля 2 матчаў), Харватыя — 3 (2), Казахстан — 3 (3) i Андора — 0 (3). Два блiжэйшыя гульнявыя днi прызначаны ў нашай групе на кастрычнiк. 11-га пройдуць матчы Украiна — Харватыя i Англiя — Казахстан, а 15-га згуляюць Харватыя — Андора i Беларусь — Англiя. З вынiкаў у адборачных матчах у iншых групах адзначым сенсацыйную гасцявую перамогу Люксембурга над Швейцарыяй — 2:1. Прычым адзiн з мячоў забiў Альфонс Левек — той самы, якi мiнулай восенню прынёс перамогу Люксембургу над Беларуссю на гомельскiм стадыёне "Цэнтральны". Вiцэ-чэмпiён Еўропы, зборная Германii, з вялiкай цяжкасцю выратавалася ад паражэння ў Фiнляндыi — 3:3. Усе тры мячы ў немцаў на рахунку Мiраслава Клозэ. Зборная Расii вымучыла дома перамогу над Уэльсам — 2:1. Вырашальны гол за 9 хвiлiн да фiнальнага свiстку правёў Павел Паграбняк. Каманда Эстонii нечакана буйна была разгромлена сцiплай дружынай з Боснii i Герцагавiны — 7:0. Адзначым таксама паспяховы старт у адборачным турнiры чэмпiянату свету зборнай Лiтвы, якая атрымала другую перамогу запар, адолеўшы дома каманду Аўстрыi, удзельнiка Еўра-2008 — 2:0. У першай сустрэчы 6 верасня лiтоўцы ў гасцях разграмiлi удзельнiкаў чэмпiянату Еўропы румын — 3:0. З 6 ачкамi лiтоўцы аднаасобна ўзначальваюць турнiрную таблiцу 7-й групы, апярэджваючы аўтарытэтныя зборныя Сербii, Аўстрыi, Францыi i Румынii. Алена АЎЧЫННІКАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У другiм матчы адборачнага цыкла да чэмпiянату свету-2010 зборная Беларусi на стадыёне "Камуналь" у Андора-ла-Вельi перамагла каманду Андоры
|
|