Як гэта, без аўтамабіля?...
Як гэта, без аўтамабіля?...
22 верасня — Усеагульны Дзень без аўтамабiля! Гэта глабальная акцыя, якая праводзiцца ў многiх краiнах свету, заклiканая ўзгадаць аб негатыўным уздзеяннi аўтамабiляў на прыроднае асяроддзе. У рамках гэтага мiжнароднага праекта 22 верасня i ў Беларусi, упершыню, пройдзе шырокамаштабная акцыя "Дзень без аўтамабiля". Традыцыя правядзення "Дня без аўтамабiля" нарадзiлася ў 1998 годзе ў Францыi — тады гэты дзень адзначылi каля двух дзесяткаў гарадоў краiны. Цяпер у акцыi ўдзельнiчае больш за тысячу гарадоў розных дзяржаў свету. "Дзень без аўтамабiля" праходзiць не толькi ў Еўропе, але i ў Амерыцы, Кiтаi, Тайландзе. На адзiн дзень уводзяцца абмежаваннi для маторнага транспарту ў цэнтральных зонах гарадоў, заахвочваецца выкарыстанне як "устойлiвых" вiдаў транспарту, да якiх адносiцца гарадскi транспарт, так i веласiпедных i iншых мускульных транспартных сродкаў. Жыхары гарадоў атрымлiваюць за гэта падарунак: магчымасць падыхаць чыстым паветрам i пагуляць у бяспецы па вулiцах, адваяваных у машын. Што было б актуальна i для жыхароў Мiнска, бо асноўная крынiца забруджвання паветра ў нашым горадзе — аўтатранспарт, на яго долю, напрыклад, у 2005 годзе прыйшлося 82 працэнты выкiдаў шкодных рэчываў у атмасферу. У нашай краiне акцыя "Дзень без аўтамабiля" будзе насiць добраахвотны характар, i ўся iнфармацыйная кампанiя заклiканая абмежаваць на адзiн дзень выкарыстанне насельнiцтвам аўтамабiляў для асабiстых i службовых патрэбаў. Паводле слоў Аляксандра Апацкага, першага намеснiка мiнiстра прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя, штодзень у свеце з’яўляецца 100 тысяч новых машын: прыкладна адна машына ў адну секунду. Аўто на ўсiх этапах свайго iснавання вельмi негатыўна ўплывае на здароўе планеты, вырабляе адных толькi адходаў амаль ў 50 разоў больш за сваю вагу i забруджвае такую колькасць паветра, якую можна параўнаць толькi з забруджваннем ад вытворчых прадпрыемстваў цэлага горада. У сярэднiм, прабягаючы 15 тыс. км за год, адзiн аўтамабiль спальвае 2 тоны гаручага i выкарыстоўвае 30 тон паветра, ў тым лiку 4,5 тоны кiслароду. Пры гэтым у атмасферу выкiдваецца 700 кг чаднага газу, 230 кг вуглевадародаў. Лiчбы ўражваюць. Забруджванне паветра ў гарадах на 70—90 працэнтаў прыпадае на аўтатранспарт. Хiмiчныя злучэннi ў складзе выхлапных газаў вельмi негатыўна ўплываюць на дыхальную i сардэчна-сасудзiстую сiстэмы чалавека, знiжаюць iмунiтэт, што ў сваю чаргу прыводзiць да абвастрэння хранiчных захворванняў. Транспарт — крынiца шуму i можа выклiкаць галаўныя болi i стомленасць. Выхлапныя газы становяцца таксама прычынай такiх сур’ёзных захворванняў, як рак, бранхiяльныя захворваннi i свiнцовыя атручэннi. Аўтапарк Беларусi — каля 2,8 млн машын i матацыклаў. Штогод яго колькасць павялiчваецца на 3-4 працэнты. Толькi ў Мiнску зарэгiстравана 470 тыс. аўтамабiляў. За адзiн дзень аўтатранспарт наносiць шкоду iнфраструктуры горада i навакольнаму асяроддзю на суму больш за 6 млрд рублёў. Што i казаць, калi ранiца большасцi жыхароў пачынаецца з гукаў ўключаных рухавiкоў i паху адпрацаваных газаў. Выкiд забруджвальных часцiц пры падагрэве аўтамабiля, асаблiва зiмой, значна вышэйшы, чым пры яго руху па вулiцы, напрыклад. У цэлым адпрацаваныя газы ў небяспечных канцэнтрацыях распаўсюджваюцца да трэцяга-чацвёртага паверха. Аўтамабiльны транспарт таксама — гэта 10-працэнтны ўклад у выкiды парнiковых газаў, якiя прыводзяць да змянення клiмату. У "Дзень без аўтамабiля" ў многiх гарадах свету перакрываюцца цэнтральныя вулiцы для таго, каб зрабiць рух пешаходаў i веласiпедыстаў больш камфортным. Паводле слоў А. Апацкага, асобныя ўчасткi мiнскiх аўтадарог таксама плануецца перакрыць, аднак дзе канкрэтна, пакуль невядома. Гэтая iнфармацыя ўзгадняецца Мiнiстэрствам транспарту i Дзяржаўтаiнспекцыяй. Чакаецца, што ў кожным раёне сталiцы будуць арганiзаваныя адмысловыя пешаходныя зоны, дзе пройдуць спартыўныя спаборнiцтвы, адбудзецца конная шоу-праграма, а таксама забаўляльныя i канцэртныя выступленнi. Гэты дзень павiнен стаць сямейным святам. Таму правядзенне акцыi "Дзень без аўтамабiля" не можа не радаваць. І, нягледзячы на тое, што ўсiм зразумела, што адзiн дзень не зможа вырашыць усе праблемы негатыўнага ўздзеяння аўтатранспарту на навакольнае асяроддзе i на чалавека, але дапаможа звярнуць увагу на цяжкае экалагiчнае становiшча. Да слова, актывiсты арганiзацыi "Крытычная маса", напрыклад, заклiкаюць вас 22 верасня прыехаць на сваiм веласiпедзе да Тэатра оперы i балета, каб даць старт велапрабегу. Старт у 18.30 ад помнiка Максiму Багдановiчу. Дзiяна Арыпава.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
22 верасня — Усеагульны Дзень без аўтамабiля! Гэта глабальная акцыя, якая праводзiцца ў многiх краiнах свету, заклiканая ўзгадаць аб негатыўным уздзея
|
|