21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вясельнае застолле: дык "горка" цi "соладка"?

26.08.2009 10:29 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вясельнае застолле: дык "горка" цi "соладка"?

Крок за крокам мы разглядалi розныя складнiкi даволi працяглага па часе перадвясельнага перыяду, затым паступова, надаючы значную ўвагу шматлiкiм дэталям пачалi разгляд пачатковага этапа ўласна самога вяселля: вызначылi форму святочнага стала, патлумачылi прынцыповую схему пасадкi гасцей, акрэслiлi кола найбольш тыповых рытуальных страў, размеркавалi функцыянальныя абавязкi галоўных вясельных чыноў. Можна з палёгкай уздыхнуць — усё гатова. Здавалася б, засталося толькi пачуць доўгачаканую каманду-бласлаўленне свата: "З Богам!" або "Дай, Божа, у добры час!". Аднак перш чым паважаны сват-тамада возьме сябе ў рукi, справiцца з эмоцыямi i абвесцiць вясковаму люду, з якой нагоды ён сабраўся за званым сталом, мы зробiм яшчэ некалькi заўваг, якiя датычацца нашага нацыянальнага менталiтэту.

Па-першае, паўсюдна лiчылася, што ладзiць святочнае застолле нi ў якiм разе нельга на пазычаныя грошы. Гэтая забарона напрасткi звязана з адным з галоўных правiлаў народнай культуры, якое патрабуе: аддай усе пазыкi перад Новым годам. У маладых людзей скончыўся адзiн цыкл жыцця i распачынаўся новы, яшчэ больш працяглы i адказны. Таму распачынаць яго нельга было з праблемамi, якiя вяжуць па нагах яшчэ з давясельнага часу. А з iншага боку, пачатак новага цыкла жыцця неабходна было маркiраваць рытуалам, якi скiраваны быў на праграмаванне сямейнага дабрабыту. Тут ужо правамоцную сiлу набiрае яшчэ правiла беларускай традыцыi, якое мы добра памятаем па нашых паводзiнах у веснавы час. Пачулi ўпершыню зязюлю, патрасiце ў кiшэнi манеты, якiя будуць з вамi на гэты час. Казалi, што пустая кiшэня прадракала на ўвесь будучы год недахоп фiнансавых сродкаў. Вясельны абрад у значнай ступенi быў тоесным моманту зязюльчых прадказанняў. Па сутнасцi ў iм закадзiравана ўся гiсторыя будучага жыцця заручанай пары, таму iснавала глыбокая перакананасць, што гучнае вяселле на пазычаныя грошы не прынясе маладым шчасця. Дарэчы, гэты ж самы рэгламентуючы прынцып пашыраецца i на паводзiны сваякоў у кантэксце пахавальнага абраду. Крайне непажаданым лiчылася пазычаць у суседзяў адзенне для нябожчыка або нейкiя атрыбуты, якiя павiнны будуць суправаджаць яго ў момант пераходу ў iншасвет.

Па-другое, адным з краевугольных камянёў нашага менталiтэту з’яўляецца правiла, сэнс якога сфармуляваны ў паслявясельным дыялогу памiж госцем i тым, хто не прысутнiчаў на ўрачыстасцi: "Ну, як вяселле?" — "Ой, усё добра, усё добра. Адно кепска — прымусу не было!"

Сярод беларусаў iснавала няпiсанае правiла, у адпаведнасцi з якiм госцi павiнны былi спяваць, весялiцца, жартаваць, танцаваць, але пры гэтым не напiвацца i стрымлiваць сябе ад пераядання. Беларускае традыцыйнае вяселле было не толькi строга рэгламентаваным абрадам, падзеi якога наперад ведаў кожны запрошаны госць i дакладанага выкананння якога ён бясспрэчна прытрымлiваўся, але яшчэ i драматычнай дзеяй, псiхалагiчным спектаклем, у якiм кожны персанаж дакладна ведаў сваю ролю, месца, статус, за якiмi, у сваю чаргу, стаялi агульнаграмадскiя жыццёвыя стасункi. Вясельнае застолле — гэта шматпланавы дыялог, у цэнтры якога былi маладыя, але разам з тым кожны госць быў звязаны з iмi, а найперш з iх бацькамi сотнямi нябачных, але вельмi адчувальных нiтачак-сувязяў. Вось гэты пульсуючы нерв i трэба было не парушыць нi сватам, нi бацькам жанiха i нявесты. Калi сват i свацця трымалi руку на пульсе ўсёй святочнай дзеi, надаючы ёй адпаведную дынамiку, ствараючы атмасферу весялосцi (у пэўнай ступенi штучнай), то бацькi маладых штохвiлiнна разыгрывалi мiнi-спектаклi з удзелам кожнай запрошанай сям’i. Яны ўзгадвалi нейкiя цiкавыя выпадкi, здарэннi з удзелам таго цi iншага госця, iмкнулiся выказаць сваю павагу, пачцiвасць, падзяку за прынятае запрашэнне. А самае галоўнае было ў тым, што кожны з гэтых адрасных дыялогаў быў скiраваны на тое, каб угаварыць-упрасiць госця падняць кiлiшак, выпiць за здароўе маладых i пасля гэтага закусiць тым, "што Бог паслаў". І толькi пасля працяглых угавораў госцi пачыналi налягаць на прыгатаваныя прысмакi. Уласна кажучы, вось гэты псiхалагiчны падтэкст i яго ўдалае вырашэнне i былi гарантам таго, што пра такое вяселле будуць доўга гаварыць: "Удалося на славу!" Калi ж бацькi не здолеюць дасканала выканаць ролю мясцовых дыпламатаў, пра такое вяселле скажуць: "Прымусу не было".

Узнiкненне ўзгаданага фразеалагiзма зусiм невыпадковае. На жаль, у практыцы правядзення святочных застолляў сустракалiся i непрадбачаныя абставiны. Побач з адкрытасцю душы, шчырасцю, гасцiннасцю, шчодрасцю iснавлi i сквапнасць, скупасць, якiя не прымалiся аднавяскоўцамi. Здаралася, гаспадары iшлi на розныя хiтрыкi, каб стрымаць апетыт гасцей. Сярод iх былi i зусiм нечаканыя (аб чым сведчаць звесткi фалькларыстаў ХIХ ст.): "I на вясельнай бяседзе i на iншых ашчадныя гаспадары хочуць, каб iх госцi менш пiлi i елi ды хутчэй разыходзiлiся па хатах, не тлумiлi б галавы. Дзеля гэтага стол засцiлаюць тым абрусам, якi ляжаў тут пры нябожчыку, а знiзу ў яго ўтыркаюць нож: тады госцi хутка захочуць спаць i разыдуцца. Калi госцi ведаюць гэткiя гаспадарскiя хiтрыкi, зайшоўшы ў хату, яны найперш падыходзяць да печы i глядзяць у комiн: тады чары гаспадароў губляюць сiлу".

Нарэшце i гэты падводны рыф святочнай урачыстасцi мы мiнулi. Сват даў знак, каб усе сцiшылiся, i з разуменнем выключнай значнасцi падзеi блаславiў яе пачатак: "З Богам". У iмгненне вока ў хаце ўсталявалася цiшыня. Галоўны цырыманiял-майстар абвясцiў аб тым, дзеля чаго сабраўся вясковы люд. Не паспеў ён дагаварыць сваю прамову да канца, як прастора хаты напоўнiлася спевам жаночага гурта. Трэба сказаць, што характэрнай асаблiвасцю беларускiх традыцыйных вяселляў з’яўляецца амаль пастаяннае i абавязковае суправаджэнне кожнага вiншавання спецыяльнымi песнямi ў выкананнi лепшых вясковых спявачак. Даволi часта сэнс песнi зводзiўся да прамой iлюстрацыi чарговага абрадавага дзеяння або шчырага вiншавання якога-небудзь госця. Не паспеў сват абвясцiць аб тым, што сённяшнi агульнародавы фэст прысвечаны вельмi адказнай падзеi ў жыццi не толькi жанiха i нявесты, але i усiх прадстаўнiкоў двух пародненых родаў, як хор жанчын перахапiў iнiцыятыву i па-свойму пракаментаваў гэты этап святочнай урачыстасцi:

Ляцелi гусi з далёкай Русi,

Наехалi госцi з нашай Беларусi.

Гэта сватоўе — знаць, што паноўе,

Знаць, што паноўе, панскага роду —

Не п’юць гарэлкi, чакаюць мёду.

— А ў нас пчолкi не параiлi,

Для Вас мядочку не нанасiлi.

Тут жа самыя актыўныя памочнiкi сватоў падхоплiвалi яшчэ адну песню, словы якой запрашалi гасцей распачаць святочны абрадавы дыялог i служылi адным з першых "прымусаў" з боку сваякоў нявесты:

Пiце, госцейкi, дужа

У добрага мужа.

Пiце i гуляйце,

Добрыя мыслi майце,

Добрыя, дабрэнькiя,

Госцейкi мiленькiя.

Сёння, на жаль, шмат што ў нашых вяселлях пераасэнсавана на сучасны манер, але зусiм не ў лепшы бок. Часцей за ўсё гэтыя змены — вынiк нашага элементарнага няведання прынцыпаў пабудовы старой традыцыi, а таксама перастаноўкi прадугледжаных абрадам акцэнтаў. На самым пачатку вясельнага застолля сват прапанаваў падняць кiлiшак i ўшанаваць не самiх вiноўнiкаў урачыстасцi, а выпiць за тых, хто стаяў каля вытокаў радаводнай кнiгi быцця — за продкаў ганаровага Роду, жывым увасабленнем якога з’яўлялiся бабулi i дзядулi заручанай пары i, вядома ж, перш за ўсё з таго боку, якi распачаў вясельную дзею — з боку нявесты.

Другiм тостам госцi жадалi ўшанаваць бацькоў нявесты. Як правiла, гама пачуццяў, якiмi былi напоўнены песнi ў адрас мацi маладой, была мiнорнай. Гэта зразумела — мацi, якая ўзгадавала сваю "доню", развiтвалася з ёю, адпраўляла ў чужую сям’ю. Таму i песнi, адрасаваныя ёй, былi напоўнены смуткам i думкамi аб развiтаннi:

Будзе ж табе, мая мамачка,

Да без роднае дачкi.

Пойдзеш у поле шырокае

Ды буйное жыта жацi,

Зоймеш постацьку шырокую —

Да некаму паджынацi.

Нажнеш снапок, нажнеш другi —

Да некаму i звязацi.

Скажаш слоўца да другое —

Да некаму адказацi.

Гэта ж табе, мая мамачка,

Да без роднага дзiцяцi.

I толькi трэцi тост быў адрасаваны непасрэдным вiноўнiкам урачыстасцi — жанiху i нявесце. I вось тут у развiццi вясельнага рытуалу адбываўся iстотны псiхалагiчны пералом. Не паспелi госцi прыгубiць кiлiшак, як дом у лiтаральным сэнсе слова ўзрываўся ад нечаканых эмоцый. Услед за сватам усе дружна пачыналi крычаць урачастае зычэнне: "Горка!". Абрадавы сэнс гэтага зычэння-заклiку ў дадзеным кантэксце далёка неадназначны.

Публiчнае цалаванне

Сёння даволi цяжка вызначыць тую эпоху або той дакладны час, калi ў структуры вясельнага абраду ўзнiкла такое выключнае па сваёй эмацыянальнай афарбоўцы рытуальнае дзеянне, як публiчнае цалаванне жанiха i нявесты. Звычайна яно суправаджаецца аглушальным заклiкам гасцей, якiя разам скандзiруюць "Горка!" I вось якраз пад гэты калектыўны iмператыў-загад жанiх i нявеста павiнны ўстаць з-за стала i некалькi разоў пацалаваць адно аднаго. У сусветна вядомым слоўнiку У. I. Даля, якi выйшаў з друку ў 1866 годзе, гэты абрад атрымаў наступнае тлумачэнне: "Горько" — приговаривают за свадебным столом о вине, подсластить надо, и молодые должны поцеловаться" ( В. Даль, с. 187).

У адным з тамоў серыi "Беларуская народная творчасць", прысвечаным апiсанню вясельнага абраду, знаходзiм наступную спробу патлумачыць сутнасць абрадавай дзеi: "Каханне маладых было асновай добрага настрою ўсiх гасцей. Гэта падкрэслiвалася звычаем крычаць "горка", пасля чаго жанiх i нявеста павiнны былi даказаць усiм прысутным адданасць адно аднаму". (Вяселле. Абрад, с. 23)

Зразумела, што адно i другое тлумачэнне маюць, хутчэй, апiсальны характар, чым тлумачальны. А што ж усё-такi стаiць за тым рытуальным дзеяннем, калi жанiха i нявесту лiтаральна прымушаюць цалаваць адно аднаго ў прысутнасцi ўсёй радзiны i аднавяскоўцаў? Магчыма, гэта не што iншае, як далёкiя водгукi тых архаiчных абрадаў, калi хлопец выкрадаў дзяўчыну ў суседняга племенi i тут жа пазбаўляў яе цнатлiвасцi, каб нi яна, нi сваякi затым не пярэчылi стварэнню новай сям’i.

За вясельным сталом пацалунак памiж жанiхом i нявестай адбываўся на вачах усёй радзiны, прычым пад яе прымусам i, што вельмi цiкава, калi маладыя стануць нейкiм чынам пярэчыць калектыўнаму патрабаванню, то гэта нязгода можа атрымаць катэгарычную негатыўную ацэнку. Магчыма, калектыўане падбухторванне на пацалунак было знакам таго, што юнак i дзяўчына пераходзiлi ў дарослае жыццё, якое вымагала зусiм iншага характару i ўзроўню адносiнаў памiж мужчынам i жанчынай. У дадзеным выпадку ўдзельнiкi святочнага застолля станавiлiся свайго роду настаўнiкамi моладзi ў iх першых кроках сумеснага жыцця. Акрамя жартаўлiва-падбухторваючага "Горка!", за вясельным сталом маглi прагучаць i iншыя парады, пажаданнi i нават перасцярогi, якiя тычылiся "дарослага" жыцця будучай сям’i. Яшчэ раз у сувязi з гэтым нагадаем, што за вясельны стол не дапускалiся тая моладзь, якая не прайшла абрад iнiцыяцыi i не атрымала права на стварэнне сям’i.

Не баючыся перабольшанняў, можна сцвярджаць, што вясельныя пацалункi — гэта старажытны народны звычай. Аднак у рытуальных дзеяннях, якiя адбываюцца ў храме ў час вянчання, яны не прадугледжаны. Але пачынаючы з 1917 года, яны вельмi паспяхова былi ўключаны ў цырымонiю рэгiстрацыi шлюбу ў ЗАГСах. Цалавацца, што называецца "на вачах у грамады" стала навамоднай традыцыяй, запазычанай з класiчнага вясельнага абраду.

I ўсё ж давайце яшчэ раз зiрнём на агульную паслядоўнасць вясельнага абраду канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Пасля даволi "цнатлiвага" вянчання пачыналася вясельнае застолле, падчас якога першыя тры чаркi выпiвалiся (без асаблiвых эмацыянальных узлётаў) за радаводныя каранi маладых. Гэта была свайго роду падзяка продкам i адначасова прэзентацыя тых, хто бярэ на сябе адказансць працягваць радавод. I толькi пасля рытуальнага дыялогу з продкамi ўвага прысутных пераключалася на жанiха i нявесту, прычым пераключэнне мела ўзрыўны характар. Адны эмоцыi змянялiся iншымi: зварот да продкаў — цiхi, удзячны, узважаны; зварот да маладых — спакуса, эратызм, гарэзлiвасць.

Ускосным доказам таго, што пацалункi на вяселлi — гэта абрадавае пасвячэнне ў дарослае жыццё, можа служыць рытуальнае дзеянне, якое зрэдку яшчэ сустракаецца на нашых сучасных вяселлях. Госцi настойлiва заклiкаюць жанiха i нявесту пацалавацца, а тым часам шаферка — блiжэйшая сяброўка нявесты — iмкнецца "адкупiцца" ад гасцей цукеркамi, раскiдаючы iх у розныя бакi.

Кожнае новае пакаленне людзей дапаўняла сэнс ключавых рытуальных дзеянняў сваiм разуменнем. У цяперашнi час на некаторых вяселлях можна пачуць сакраментальнае пажаданне, якое мае прамое дачыненне да разглядаемай праблемы: "Няхай толькi сёння жанiху i нявесце будзе горка, а ўсё астатняе жыццё — соладка". Пры гэтым госцi дадаюць: чым больш разоў прагучыць слова "горка", тым лепшым будзе жыццё новай сям’i. Магчыма, i ў гэтым пераасэнсаваннi ёсць пэўная доля праўды.

Разам з тым людзi сталага веку прапаноўваюць некалькi iншую трактоўку зместу рытуальнага заклiнання "Горка!" Каб зразумець сакральна-магiчны аспект гэтага тлумачэння, нам зноў спатрэбiцца звярнуцца да шэрагу тыпалагiчна блiзкiх абрадавых сiтуацый. Давайце яшчэ раз узгадаем пачатак заручынаў, калi нечаканыя госцi з’явiлiся на парозе хаты будучай нявесты i завялi iншасказальны дыялог, каб, крый Божа, не сурочыць запланаваную акцыю. Хрэсьбiны нованароджанага, як правiла, iмкнулiся прымеркаваць да саракавога дня. А да таго часу немаўля называлi незвычайным iмем — Багданька — г.зн. дадзены Богам (параўнайце: адно з найбольш пашыраных сярод украiнцаў iмя — Багдан). Iдэальнай лiчыцца сiтуацыя, калi чалавек мае два iменi: храмавае, духоўнае, якое не павiнен ведаць нiхто, акрамя хросных бацькоў i святара, а таксама свецкае iмя або вулiчную мянушку, якое, па перакананнi бiяэнергетыкаў i знаўцаў народнай традыцыi, не можа быць транслятарам шкоднага ўздзеяння на чалавека. А ўзгадайце, як мы паводзiм сябе тады, калi першы раз наведваем парадзiху i яе дзiця? Баючыся сурочыць немаўля, мы тройчы плюнем праз левае плячо, а затым тройчы прамовiм загадзя лжывую, але амаль абавязковую i ўсiм зразумелую ў дадзеным кантэксце формулу-зман: "Цьфу! Якi ж ты гiдкi, непрыгожы, плюгавы!" Гэты прынцып мiжасабовых стасункаў захоўваецца i ў сучасным жыццi соцыума. Мы не хочам гаварыць пра свае блiзкiя планы, каб не разбурыць задуманае. Калi ў нас пытаюцца пра наша матэрыяльнае становiшча, мы сцiпла заўважаем: "На хлеб з маслам хапае".

Усе ўзгаданыя сiтуатыўныя кантэксты даюць нам нечаканую падказку i дапамагаюць расшыфраваць сэнс пажадання "Горка" ў структуры вясельнага абраду: маладым сапраўды жадалi сямейнага дабрабыту, узаемапаразумення i салодкiх пацалункаў, але каб зберагчы iх ад людской зайздрасцi i жадання нашкодзiць, крычалi зусiм iншае, каб збiць нячыстую сiлу з панталыку.

Даць душы волю, а таленту прастор

Знаёмства з этнаграфiчнымi даследаваннямi ХIХ—ХХ стст., у якiх падаецца апiсанне беларускага вясельнага рытуалу, сведчаць аб тым, што на нашых "вяселлях" на самай справе пераважала весялосць, прыўзняты настрой, iмправiзаваныя жарты, якiя дапаўнялiся прыпеўкамi непрыкрытага эратычнага характару. Святочны настрой залежаў не ад колькасцi выпiтага моцнага напою, а, хутчэй, якраз наадварот, яго строга абмежаванай колькасцi. У "Могилевских губернских ведомостях" за 1856 г. прыводзяцца надзвычай павучальныя i паказальныя звесткi. Аўтар аднаго з артыкулаў, прысвечанага апiсанню мясцовага вяселля, незадаволена заўважае: беларусы празмерную ўвагу надаюць выпiванню моцных напояў — за тры днi вяселля ўсёй вёскай яны выпiлi "аж тры лiтры самагонкi!". Калi мы сёння расказваем аб гэтых нотках незадавальнення нашым слухачам, то яны шчыра здзiўляюцца пачутаму, пры гэтым заўважаюць: аўтар, вiдаць, не дапiсаў некалькiх важных слоў: "Па тры лiтры на кожнага!" Так, яшчэ ў пазамiнулым стагоддзi, калi людзi дакладна ведалi, дзеля чаго яны прыйшлi на вяселле, асноўнае месца ў iх паводзiнах займалi спевы i танцы, а на апошнiм была спакуса падняць кiлiшак за маладых.

Аснову вясельнай фальклорнай традыцыi гэтага перыяду складалi песнi, якiя суправаджалi абрадавыя дзеяннi "пасагу". Пасля таго, як маладых тройчы па сонцы абвядуць вакол стала, пачыналi спяваць "пасаг" — "блаславенне або закляцце, якому надавалi асаблiвае значэнне i без якога нi шлюбу, нi вяселля не прызнавалi":

Як сцякалi дзвi рэчанькi,

Тож обiдвi быстрысенькi!

Як зайшоўся мiсяц з сонцам,

Тож абое яснэсенькi

Да й абiдва маладэсенькi.

Першы пасаг з-пад мiсяца,

Другiй пасаг з-пад сонейка.

З-пад мiсяца маладый жэнiшок,

З-пад сонэнька малада дзiвонька".

"Пасаг" спявалi доўга, да ўсiх родных i людзей добрых, кожны раз паўтараючы яго спачатку. Пасля "пасагу" падавалi частаванне..." (Беларусы. Сям’я, с. 280).

Вясельныя песнi, якiя спявалi ў адрас маладой, можна падзялiць на некалькi груп. На першае месца мэтазгодна паставiць вуснапаэтычныя творы, прысвечаныя роду дзяўчыны, яе бацькам, якiя пеставалi-гадавалi дзiця:

— Малада дзевачка, якая ты харошая!

Цi не сонца цябе радзiла,

Цi не месяц цябе гадаваў,

Цi не ветры цябе калыхалi,

Цi не зоркi цябе забаўлялi?

Часцей за ўсё нявесту параўноўвалi з кветкай, якая цешыць вока сваiм хараством у веснавую пару:

Не мак цвiцiць, не ружовы цвяточак —

А расцвiла ўся Галiнчына галоўка..."

А якi глыбокi жыццёвы сэнс пакладзены ў аснову песень, адрасаваных жанiху! Услухайцеся, задумайцеся, паразважайце над тым, якога бяздоннага багацця мы пазбавiлi нашы сучасныя гарадскiя вяселлi:

Маладзенькi Ванечка,

Умеў жонку выбiрацi,

Умеў жонку выбiрацi —

Умей яе шанавацi:

Каб босая не хадзiла,

Каб лапцiкаў не насiла,

Часта ў госцейкi хадзiла.

Не карай яе дубцом,

Карай шчырым слаўцом.

Яна дубца не баiцца —

Шчыру слоўцу пакарыцца.

Высокiм паэтычным сэнсам былi напоўнены творы, адрасаваныя адначасова абодвум маладым. Iх глыбокi сiмвалiзм дае права лiчыць iх актуальнымi i ў нашы днi i друкаваць на запрашальнiках, якiя маладыя дасылаюць сваёй радзiне напярэдаднi сваёй урачыстасцi:

У нас сёння нядзелечка-васкрасенне,

Зачынаецца таццянчына вяселле.

Пiва з мёдам злiваецца — на пiццё,

Пара людзей злучаецца — на жыццё.

Пiва з мёдам злiваецца — пiць будуць,

Пара людзей злучаецца — жыць будуць.

Корпус беларускай вясельнай паэзii — адзiн з самых прадстаўнiчых жанраў ва ўсiм традыцыйным фальклоры. Песеннае спаборнiцтва магло доўжыцца не адну гадзiну. Часта яно перапынялася заклiкамi музыкаў да танцаў. А гэта быў чарговы этап творчага спаборнiцтва. Гармонiк, дуда, скрыпка, цымбалы i бубен маглi "падняць мёртвага.Танцы на вясковым вяселлi немагчыма параўнаць нi з чым. Гэта несупынная экспрэсiя, моцны выплеск станоўчай энергii, фантастычны конкурс-спаборнiцтва, падчас якога сямейныя пары або проста пары аднавяскоўцаў дэманстравалi не толькi адчуванне рытму, валоданне сваiм целам, але i адчуванне партнёра, павагу да яго. Адзiн танец мог доўжыцца амаль гадзiну, калi ўжо, здавалася, не было сiлаў нi ў танцораў, нi ў музыкаў. Але аб гэтым больш падрабязна гаворка пойдзе далей.

Аксана Катовiч, Янка Крук.

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Крок за крокам мы разглядалi розныя складнiкi даволi працяглага па часе перадвясельнага перыяду, затым паступова, надаючы значную ўвагу шматлiкiм дэта
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика