Пасееш прывычку...
Пасееш прывычку...
Чужы расказ, ды пра гэта, падаўся б невыносным, свой... У Люсьчыных планах на той травеньскi вечар нiчога такога не было: ехала дамоў. Па дарозе — збiралася зайсцi ў гастраном, потым — сабраць вячэру, нешта памыць-прыбраць... Карацей — штодзёншчына. Да таго ж — палегчаны варыянт, бо ў адрозненне ад iншых дзён, у гэты, — ехала не з пустымi рукамi: са знаёмай вёскi "гуманiтарку" прыслалi ў выглядзе масла, смятаны, тварагу... І ад шчырага сэрца. Гэта значыць, пакуль да прыпынку данесла, — рукi абарвалiся. Добра, што там лаўка ёсць: прыткнула (побач з нейчымi iншымi). Думала, на хвiльку, бо тралейбусы ж — касяком: падыдзе больш-менш свабодны... Аднак (прабачце, гэтым словам я буду "часцiць") замест iх пад’язджалi поўныя: ну не ўбiцца з такiмi сумкамi. Люська паглядзела на iх у чарговы раз, "узважыла" ў руках i... Не мела баба клопату — побач са сваiмi вандзэлкамi — убачыла яшчэ адзiн — чужую жаночую сумачку... — Э-э, чыя? — кiнулася глядзець па баках, кiнулася пытацца. Марна — нiхто не адгукаўся. I нiхто нiчога не бачыў... Адно — меркаваннi выказвалi многiя. Кшталту — забылася нейкая варона, паехала... Зараз, нябось, спахопiцца i вернецца назад. У надзеi на гэта (цi, дакладней, у чаканнi "варон"?) марудна папоўз Люсьчын вечар — паўгадзiны, гадзiна... За яе, па самых прыблiзных прыкiдках, можна было заехаць да чорта на рогi i вярнуцца назад. Аднак "вароны" ўсё не было... Iншага выйсця, як Люсьцы здалося, таксама — адкрыла сумачку, зазiрнула ўнутр. Да радасцi там сiнеўся пашпарт. А ён, як вядома, з прозвiшчам, з месцам прапiскi! Па iх (дзякуй службе 109) Люся мiгам знайшла тэлефон, тут жа набрала нумар. Раз, потым яшэ i яшчэ. Аднак трубку на тым канцы провада нiхто не здымаў. Вiдавочна было, што "варону" не варта не толькi чакаць, не толькi "лавiць" па тэлефоне, але i шукаць — ехаць па месцы прапiскi: дома ж нiкога няма. Сёння... Значыць, трэба ўжо заўтра?.. Але i адкладваць справу штось перашкаджала. Люся ведала, што — змесцiва сумкi. У ёй — бачыла ж — ляжаў досыць вялiкi (празрысты...) пакет з нейкiмi паперамi-дакументамi, яшчэ адзiн з лекамi, досыць пульхны кашалёк. Таму да заўтра (ну як не разумець жанчыне жанчыну?) тая, досыць сталага веку "варона" ў лепшым выпадку магла проста сплакацца... Калi не ўжо... Таксi да патрэбнага дома дамчала ўмомант. На званок у дзверы, як i чакала, не азваўся нiхто. Пазванiла ў суседнiя. Выйшаў мужчына, сказаў, што Савiчну, ну зразумела ж, ведае; а дзе яна зараз — не. Хоць здагадацца можна — у яе сяброўка ў суседнiм пад’ездзе. У яе, маўляў, трэба спытаць... Разам яны пайшлi ў той пад’езд — пабудзiлi, вiдаць, сяброўку (дужа растрапаная была)... Але ж, што называецца, "у курсе": з-за парога з хуткасцю АК (аўтамата Калашнiкава) выдала, што тая Савiчна сёння на Камароўку ездзiла, у Дом мэблi скураны мяккi вугал купляць, што колер недабраўшы, папаўзла на рынак — "намяла" гароднiны, рада была, што дзве тысячы зэканомiла. А па дарозе — сумку згубiла, цi нехта скраў. Да таго ж з дакументамi — дачу афармляе... Дык цяпер, во, ходзiць галосiць, ды валяр’янку п’е, мiлiцыю на ногi паставiла... — На прыпынку яе сумка была, на лаўцы. Вы ж перадасцё? — спытала ў кабеты Люся. Тая раптам зацiхла, насцярожылася, але сумку забрала, тут жа адчынiла, паглядзела ўнутр, потым на "гасцей"... Позiрк цiкавы быў. Не, не здзiўлены. Не ўдзячны... У Люсьчыным дзяцiнстве, акурат з такiм, прамаўлялi крылатае: "Не ўсiх дурных машынаю пабiла"... У Люсьчыных планах на гэты панядзелак зноў нiчога (ну такога...) не было — штодзёншчына: на працу-дамоў. Але праз гастраном: выходзячы з дому яна звычна зазiрнула ў халадзiльнiк (чаго б дакупiць?), потым — у кашалёк. Там паўсотнi яшчэ блакiтнела — значыць, грошай павiнна хапiць. Таму вечарам у краме яна спакойна прайшла паўз прылаўкi, спакойна паклала ў карзiнку сыр-смятану-хлеб-малако, спакойна пастаяла ў чарзе каля касы. А ўжо там... Мякка кажучы, ёй няёмка было. I крыўдна... Хоць i суцяшалi: калi верыць чарзе — на гэтыя граблi цi не кожны ступаў: замест тысячы аддаваў пяцьдзесят. Аднак Люсi ад гэтага не лягчэй было... I лягчэй! Бо потым жа ўспомнiла, што цягам дня кашалёк даставала толькi аднойчы — купляла мiнералку ў маленечкай крамцы. Назаўтра (ну чым не падстава для радасцi. Хоць i вельмi нядоўгай...) за прылаўкам у ёй, склаўшы рукi на грудзях, сядзела тая ж кабета. — Прабачце, — павiнiлася Люся, — я ў вас брала ваду i, здаецца... Не, я не магу сцвярджаць, але вы, можа, помнiце: замест тысячы я вам... — Яшчэ чаго?! — перабiла яе прадавачка. I дадала: — Шмат вас тут ходзiць, грошы прафукаўшы... А тады да мяне... Глядзець трэба, лiчыць. Я вось — трыццаць гадоў ужо... I ўчора касу "здымала" — нiякiх лiшнiх тысяч у ёй не было! Так што, мiлачка... Кабета, даючы зразумець, што размова закончана, "раскруцiла" рукi, апёршыся iмi на прылавак, стала ўставаць, паказаўшы пры гэтым... бэджык*. Прозвiшча на iм здалося знаёмым... Як i iмя. Але ж iх, дакладна, Люся не ўспомнiла б, калi б не апошняе — iмя па бацьку — Савiчна. — Вы купiлi сабе мяккi вугал?! — узрадавана, як у роднай спытала яна: — Ну-у, — здзiўлена зацягнула цётка. Нейкi час яны разглядалi адна на адну. I напэўна аднолькава: Люся — шкадавала кабету-прадавачку, кабета — адназначна — шкадавала яе, бо яно ж i насамрэч — не ўсiх дурных машынаю пабiла. ...Пасееш прывычку — пажнеш характар. Нешта ў iм цягам жыцця, пад уздзеяннем людзей i абставiнаў, можа змянiцца. Асноўнае — застаецца нязменным. Валянцiна Доўнар. * Бэдж — нагрудны значок з указаннем прозвiшча i пасады.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Люсьчыных планах на той травеньскi вечар нiчога такога не было: ехала дамоў. Па дарозе — збiралася зайсцi ў гастраном, потым — сабраць вячэру, нешта
|
|