Алесь Лагвінец. МЫ.Чаму я займаюся палітыкай?Алесь Лагвінец. 36 год. Беларус. Палітоляг, перакладчык, заснавальнік Руху «За Свабоду». Ад лютага 2007 году — памочнік і дарадца лідэра «Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча. Хобі: футбол, вандроўкі на ровары, плаваньне. Верыць у лепшую Беларусь. За апошнія гады ў галовы беларусаў моцна быў убіты стэрэатып пра тое, што палітыка — «брудная справа», «мышыная валтузьня», справа махляроў, дармаедаў і няўдачнікаў. Ні на першага, ні на другога, ні на трэцяга я, здаецца, не падобны. Маю добрую адукацыю, досьвед, уменьне працаваць з людзьмі. Мог бы выбраць сабе іншую сфэру дзейнасьці. Але займаюся гэтай справай, якая прыносіць пакуль больш праблемаў, чым відавочных карысьцяў. Чаму я займаюся палітыкай? — пытаюцца ў мяне. Паспрабую растлумачыць. Пачну з апісаньня «мэнтальных тыпаў» людзей, якія хочуць займацца палітыкай. Найчасьцей на палітычную арэну выходзяць азартныя гульцы, якіх прыцягвае рызыка, барацьба і — перамога. Выходзяць на яе «акцёры», якім падабаецца быць вядомымі, славутымі й любімымі, якія разыгрываюць на палітычнай сцэне свае спэктаклі. Займаюцца палітыкай «апосталы» — людзі, якія вераць, што могуць зьмяніць сьвет у лепшы бок і ведаюць, як гэта зрабіць. У палітыку ідуць таксама й уладалюбцы — найбольш небясьпечная катэгорыя асобаў, якіх прыцягвае не слава, не самарэалізацыя, не барацьба, а толькі бязьмежная ўлада над людзьмі, доступ да неабмежаваных рэсурсаў. Часта ўладай яны кампэнсуюць свае комплексы, помсьцяць за крыўды, нанесеныя ў дзяцінстве. Памянёныя тыпы рэдка сустракаюцца ў чыстым выглядзе. Найчасьцей у асобе палітыка зьмешаныя ўсе чатыры кампанэнты. У палітыку ідуць людзі з адхіленьнямі — скажаце вы. Настолькі ж, наколькі людзьмі з адхіленьнямі можна назваць, прыкладам, прафэсыйных гульцоў у баскетбол. Гэты спорт патрабуе людзей з якасьцямі, якія ёсьць далёка ня ў кожнага. Узяць хаця б вялікі рост. Публічная палітыка таксама патрабуе асаблівых якасьцяў — уменьня размаўляць з людзьмі і слухаць іх, упэўненасьці ў сабе, прафэсійных ведаў пра грамадзтва (у такой важнай справе мусяць быць пэўныя бар’еры для дылетантаў), уменьні знаходзіць кампраміс. У сёньняшніх беларускіх умовах вельмі важнымі якасьцямі ёсьць сумленнасьць, мужнасьць і самаадданасьць. Дык чаму я стараюся ўжо шмат гадоў прабіць гэтую, на выгляд, бэтонную сьцяну? Чаму зьбіраю подпісы пад пэтыцыямі сярод жыхароў майго мікрараёну, чаму зноў і зноў балатуюся на «выбарах», добра ведаючы, што мясцовая «вэртыкаль» зробіць усё магчымае, каб не даць мне доступу да дэпутацкага мандату? Чаму пасьля маёй нашумелай нерэгістрацыі ў гэтым годзе я стаў даверанай асобай двух незалежных кандыдатаў па маёй акрузе, каб быць назіральнікам і далей змагацца за сам прынцып справядлівых выбараў (дарэчы, перакананы, масавае назіраньне за выбарамі і вынікаючае абурэньне ад «цудаў» над бюлетэнямі — абавязковы элемэнт масавага пратэсту)? Чаго я хачу? Бязьмежнай улады? Грошай? Не. Я займаюся грамадзкай справай, бо рабіць інакш не дазваляе сумленьне. Бо я хачу паважаць сябе, бо вакол мяне — аднадумцы. Прыстойныя, сумленныя і патрыятычныя людзі, неабыякавыя да грамадзкага жыцьця. Хтосьці знаходзіць сваё шчасьце ў лячэньні людзей, хтосьці — у будаваньні дамоў. А я знаходжу — у камунікацыі зь людзьмі, у знаходжаньні, фармуляваньні і намаганьнях па вырашэньні пытаньняў, якія зьяўляюцца важнымі для вялікай колькасьці людзей. Гэта й ёсьць сапраўдны сэнс слова «палітыка»: не барацьба за ўладу, а фармаваньне й рэалізацыя прапановаў, якія датычацца штодзённага жыцьця людзей. Я хачу даказаць людзям, што можна жыць па-іншаму, што яны могуць палепшыць сваё жыцьцё. Я хачу паказаць сваім аднадумцам, што такія як яны — ёсьць, іх шмат, хачу дапамагчы ім пераадолець пачуцьцё адчаю і самотнасьці. Я аптыміст. Я веру, што рана ці позна мы будзем жыць у нармальнай, свабоднай, заможнай эўрапейскай краіне, дзе кожны зможа рэалізаваць сябе, будзе чуць праўду, зможа ганарыцца сабой, будзе сам вырашаць, як жыць, і сам зарабляць на жыцьцё. Але лепшая будучыня ня прыйдзе сама. Яе мы набліжаем сёньня сваёй працай. Я намагаюся бараніць інтарэсы жыхароў мікрараёна. Бо хачу сваім прыкладам паказаць людзям, што можна бараніць свае інтарэсы. Я хацеў бы, каб людзі самі маглі вырашаць свой лёс штодзённа, а не раз на 4 гады, кідаючы бюлетэнь і выбіраючы няхай сабе й самую дэмакратычную ўладу. Для жыцьця людзей ці не важней зьмяніць ЖЭС, участковага інспэктара, раённую адміністрацыю, чым прэзыдэнта. Я займаюся палітыкай дзеля сябе, бо лічу працу зь людзьмі годным заняткам, дзеля маіх сяброў і аднадумцаў, дзеля маіх вучняў, якія, упэўнены, пераўзыйдуць мяне (адзін зь іх, дарэчы, вельмі мне дапамог у напісаньні гэтых радкоў!). Я займаюся палітыкай дзеля ўсіх Вас, мае суайчыньнікі, бо я ў вас веру. Усё ў нас будзе добра. Трэба толькі моцна гэтага жадаць. І працаваць. Разам. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Алесь Лагвінец. 36 год.
|
|