21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Міхаiл Зiзюк: Тваё свiтанне

26.08.2009 10:35 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Міхаiл Зiзюк: Тваё свiтанне

Ужо каторы дзень яму было нудна. Нуда тачыла, як чарвяк яблык. Унутры варушыўся невыразны боль. Ён не даваў яму перадышкi. Ад чаго гэта, што з iм зрабiлася — ён не ведаў. Яму не хацелася нiчога: нi грошай, нi дарагiх цыгарэт, нi гарэлкi. Нават да Мiлкi зусiм не цягнула, як раней. Што за халера з iм робiцца?

Вадзiм адкаркаваў бутэльку нейкай дарагой гарэлкi. Ён плюхнуў з бутэлькi ў чарку i тут жа кульнуў. Пякучае цяпло разлiлося ў грудзях, на некалькi iмгненняў зняўшы нуду. Мiлка сядзела каля яго з цыгарэтай у зубах i пастуквала абцасiкам у такт музыцы. Яны ўжо з гадзiну сядзелi ў гэтым замызганым начным бары. Пад столлю круцiўся дапатопны люстраны шар, кiдаючы безлiч сполахаў на змрочную столь i пракураныя сцены. Паветра было насычана тытунём i алкаголем. Грымела зусiм невядомая яму музыка, пад якую ў цэнтры бара вытанцоўвалi з дзясятак падпiтых дзяўчат. Са злосцю i раздражненнем ён зноў адкаркаваў бутэльку. Спачатку хацеў налiць у чарку, ды раптам перадумаў i глынуў з гарла. Мiлка здзiўлена таропiлася ў яго:

— Вадзiк, ты чаго? Штосьцi не так?

— Усё не так. І гэты смярдзючы бар, i гэты вечар, i гэта жыццё. Абрыдзела.

— Паехалi ў iншае месца, калi табе тут не падабаецца. Мне тут таксама не падабаецца. Тут сумна, — Мiлка капрызна зморшчыла носiк.

— Паехалi, — пагадзiўся Вадзiм. — Можа, на возера?

— Хачу на возера, хачу на возера, — падскочыла Мiлка, — хачу купацца. Я буду купацца голай, як русалка.

Яны выйшлi на вулiцу. Цёплы летнi вечар даўно авалодаў наваколлем. Дарэчы, якi вечар? Ужо каля гадзiны ночы. Вадзiм з жалем адзначыў, што гарэлка яго не бярэ. Ён не хмялеў. Ну i халера з ёй, гарэлкай.

Зараз ён дасць сваёй ластаўцы, выцiсне з яе ўсё. Даiшнiкаў ён не баяўся, не першы раз. БМВ зараўла i сарвалася з месца, як добра прышпораны конь. З-пад калёс пырснулi дробныя каменьчыкi. Стрэлка спiдометра хутка пасунулася ўправа. Мiлка смалiла цыгарэту ды гойдалася пад музыку. Скончыўся горад i яго рознакаляровыя агнi. Цемра шэрай коўдрай закрыла ўсё абапал дарогi.

Але ўсё-такi, чаму яму так пагана? Можа з-за таго, што Алка, яго сястра, сказала, што не будзе з iм нават вiтацца? Хай не вiтаецца, каралева знайшлася.

— Ты нiколi не дапамагаў бацькам. Ты нават на пахаванне мацi спазнiўся. Калi мне спатрэбiлася твая дапамога — ты i тут адмовiў. Якi ты мне брат пасля гэтага? — крычала Алка яму на вулiцы. Так, крыху яна мела рацыю. Адразу пасля службы ў войску яму дапамог стары сябар, Алесь, узяў яго ў аўтамабiльны бiзнэс. Яны ганялi машыны з Германii. Спачатку пэўную долю ён сплачваў Алесю. Але хутка сам стаў на ногi. У той час яму патэлефанавала мацi. Тэрмiнова патрэбны былi грошы бацьку на аперацыю. Калi б ён аддаў iх, то застаўся б без абаротных сродкаў. Лезцi ў пазыку — аддаваць з працэнтамi. Але ж сама аперацыя не мела сэнсу, усё роўна не дапамагла б бацьку, шанцаў на поспех амаль не было. Навошта марна трацiць грошы? Ён сказаў мацi, што грошай у яго на той час не было. Бацька не дачакаўся аперацыi. На пахаваннi бацькi мацi нiчога яму не казала. Адно толькi доўга глядзела ўслед, калi ён ад’язджаў. Чаму ён так зрабiў? Бо не хацеў жыць у такой жа галечы, як жылi бацькi. Ён даўно вырашыў, што павiнен вырвацца з гэтага балота.

А калi два гады таму памерла мацi, ён быў за мяжой. Як ты кiнеш справы, калi ўсё ўжо на мазi? Мацi ён нiчым не змог дапамагчы. Таму i прыйшлося спазнiцца на пахаванне. Гэта жыццё, куды ты дзенешся. Але тады ён адчуў сябе неяк нядобра. Некалькi дзён хадзiў сам не свой. I для сябе вырашыў: бясспрэчна, яму шкада, што выйшла ўсё неяк не зусiм па-людску, але так склалiся абставiны.

Алка, безумоўна, малайчына. Яна даглядала бацькоў, хоць i свая сям’я немалая, глядзела iх да апошняга. Нядаўна яна папрасiла, каб Вадзiм крыху дапамог ёй. Муж без работы застаўся, дачка паступае. А тут рамонт у кватэры не закончаны. Але ж дай адзiн раз, папросiць i другi. Ды i Саша яе — лайдак добры. Каб хацеў — мог бы паварушыцца, знайсцi працу. Ён адмовiў, матывуючы, што яго грошы ўкладзены ў тавар. Нiчым дапамагчы не можа. Вось тады Алка яму i нагаварыла. Можа, пасля гэтага яго i апанавала нуда?

Цi можа з-за таго, што Юрка, ягоны маленькi Юрка, калi ён сустрэў малога ў магазiне з Юляй, нават не захацеў да яго падысцi? Юрка насупiўся i адвярнуўся да мамы. Так, гэта яна падвучыла сына. З Юляй Вадзiм пазнаёмiўся на вулiцы. Яму падалося, што гэта каханне. Але ўжо на першым годзе яму надакучыла сямейнае жыццё. Калi ёсць грошы, трэба браць ад жыцця ўсё. I ён браў. Нават калi нарадзiўся Юрка, гэта нiчога не змянiла. Разышлiся яны, калi Юрку было тры гады. Юля тады яму сказала: "Я не разумею, для чаго ты жывеш на гэтым свеце. Табе нiхто не патрэбен". Кватэру яны падзялiлi. Юля атрымлiвае алiменты, Юрку Вадзiм калi-нiкалi прыносiць падарункi. Што ёй яшчэ патрэбна?

Фары выхоплiвалi з цемры вялiзныя шатры елак, шапатлiвыя цягуча-пакорныя плечы бяроз, упэўненыя постацi магутных дубоў. Ды яшчэ незлiчонае войска белых матылькоў, што раз-пораз таўклiся аб лабавое шкло. Амаль не збаўляючы хуткасцi, БМВ звярнула з шашы ў лес, пакiнуўшы на скрыжаваннi дарог воблака пылу. Машына панеслася па вузлаватых карэннях, мiнаючы звонкiя векавыя сосны.

— Ну, Вадзiк, ты сёння нясешся, — задаволена смяялася Мiлка, — разгуляемся на возеры. Ты мне шампанскага ўзяў?

— Узяў, усё ўзяў, — выкрыкнуў ён, паддаўшы газу.

Мiлка радасна завiшчала. Не, увогуле Мiлка неблагая. Дзяўчына без комплексаў. Ён з ёй ужо паўгода. Мiлцы многа не патрэбна. Дасць крыху на кiшэнныя расходы, i ўсё. Адным словам, з ёй проста. Цi можа ён так хоча, каб было ўсё проста?

Раптам з цемры, нiбыта прывiд, вырасла таўшчэзная вялiзная сасна. Адкуль яна тут узялася? Так i ёсць, ён прагледзеў паварот. Машына проста ляцела на гэтую самую сасну. А можа, i сасна ляцела на машыну. Мiлка пранiзлiва закрычала. Ён жа нават i не тармазiў. Недзе, у падсвядомасцi, востра кальнула думка: усё, больш не будзе нiчога. Нi возера, нi Мiлкi, нi-чо-га. Апошняе, што бачыў Вадзiм, — гэта маленькi абразок, якi звалiўся на яго ад удару...

Боль, невыносны, пякельны боль, запаланiў усю яго iстоту. Гэта быў ужо фiзiчны боль. Ад яго заняло дыханне, вусны спяклiся. З неверагоднай цяжкасцю Вадзiм расплюшчыў вочы. Ён быў зацiснуты прыборнай панэллю, якая ўпiлася яму ў грудзi. З цяжкасцю ён крыху павярнуў галаву. Асноўны ўдар прыйшоўся на правы бок машыны. Вадзiм не змог глядзець на скрываўлены твар Мiлкi i заплюшчыў вочы. Боль. Боль зноў разлiўся па ўсiм целе. Цi ж можна трываць гэты боль? Вадзiм адчуў, што страчвае прытомнасць. Свет, выразны белы свет заiскрыўся перад iм. Ён быў такi ласкавы, такi пяшчотны, што так i хацелася стаць з iм адным цэлым, быць яго частачкай, купацца ў iм, толькi б быць з iм. Але той самы боль не пускаў да свету, ён трымаў Вадзiма, як на ланцугу.

Боль. Што ты ведаеш аб болю? Гэты голас загучаў у iм. Ён не iшоў нiадкуль, ён быў тут, быццам прысутнiчаў з iм усё яго жыццё. "Дык што ты ведаеш аб болю?" — зноў загучаў той жа голас. Вадзiм хацеў застагнаць, але не змог. У свядомасцi маланкаю палыхнула сустрэча, якая трывала сядзела далёка ў памяцi. На вулiцы старая бабулька, што iшла перад iм, зачапiлася, упала i яе пакет з прадуктамi рассыпаўся. Невядомая сiла бы падштурхнула яго наперад, да той бабулькi. На нейкi момант яму падалося, што перад iм яго мацi. Вадзiм хутка нахiлiўся, дапамог бабульцы i нават данёс пакет дахаты. "Дзякуй табе, сынок. Дай Бог табе здароўя", — сказала бабулька. Усяго некалькi зусiм простых слоў. Яму чамусьцi стала няёмка i ў той жа час хораша. Так, здаецца, дробязь. Затое Вадзiм тады адчуў сябе найшчаслiвейшым чалавекам ад тых простых слоў. Цэлы дзень у яго быў цудоўны настрой, за плячамi як крылы выраслi.

I тут ён раптам зразумеў: дык вось у чым справа, чаму яго з’ядала нуда. Усё светлае i добрае пранеслася мiма яго. I яму стала так крыўдна за сваё няўдалае жыццё, што Вадзiм не стрываў, горка заплакаў.

Слёзы цяклi раўчукамi. Але боль стаў сцiхаць. На адно iмгненне свядомасць вярнулася да яго. Вадзiм расплюшчыў заплаканыя вочы. Над лесам з’явiлiся першыя, ледзь прыкметныя сонечныя прамянi. Верхавiны дрэў пачырванелi разам з новай ранiцай. Свiтае.

Сонца пакрысе стала падымацца над ляснымi абшарамi. Лёгкае i светлае, як подых ветрыку, амаль няўлоўнае воблачка, узнялося над пакарабачаным аўтамабiлем. На некалькi iмгненняў воблачка завiсла ў паветры, быццам не разумеючы, што яно тут робiць. I тут жа прапала, растварылася ў першых прамянях, у нябачным дотыку надыходзячага дня. Зашапацелi дрэвы, вiтаючы ранiцу, ажылi шматлiкiя птушкi. Нячутна знiк белы туман, што з вечара сiвiзной пабялiў пахучыя травы. Сонца ўздымалася вышэй i вышэй, аддаючы зямельцы ўсё сваё цяпло.

г. Навагрудак.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ужо каторы дзень яму было нудна. Нуда тачыла, як чарвяк яблык. Унутры варушыўся невыразны боль. Ён не даваў яму перадышкi. Ад чаго гэта, што з iм зраб
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика