Пры ДЖВШ галоўнае — дыета
Пры ДЖВШ галоўнае — дыета
Адна з частых прычын з’яўлення боляў у жываце — захворваннi жоўцевага пухiра i жоўцевых шляхоў, сярод якiх нярэдка сустракаецца дыскiнэзiя жоўцевывадных шляхоў (ДЖВШ). Дыскiнэзiя — тэрмiн лацiнскi, i абазначае ён "парушэнне руху" чаго б там нi было. У дачыненнi да жоўцевывадных шляхоў гэта варта разумець як ускладненае апаражненне самога жоўцевага пухiра, так i парушэнне праходжання жоўцi па жоўцевых пратоках. Прычын узнiкнення гэтага стану мноства: незбалансаванае i нерэгулярнае харчаванне (лiшак тлустага i вострага, захапленне чыпсамi, жуйкамi, газаванымi напоямi, карацей, усiм тым, што ўрачы называюць "шокавымi" прадуктамi); празмерныя нервова-псiхiчныя нагрузкi; глiсныя iнфекцыi; анамалii развiцця жоўцевывадной сiстэмы; хваробы страўнiкава-кiшачнага тракта; атлусценне; харчовая алергiя; маларухомы лад жыцця i iншыя. Па сваёй форме ДЖВШ сустракаецца ў двух варыянтах: гiпатанiчна-гiпакiнетычная, пры якой тонус жоўцевага пухiра панiжаны i скарачальная актыўнасць жоўцевых шляхоў аслаблена, або гiпертанiчна-гiперкiнетычная, калi, наадварот, назiраецца павышаны тонус пухiра i ўзмацненне актыўнасцi жоўцевых шляхоў. Западозрыць развiццё дыскiнэзii дазваляюць такiя сiмптомы, як болi ў правым падрабрыннi: рэзкiя колiкападобныя або працяглыя тупыя ныючыя (узнiкаюць пасля прыёму смажанай, тлустай, вострай, халоднай ежы, узмацняюцца пры фiзiчным або эмацыянальным перанапружаннi), млоснасць, радзей — рвота, адрыжка, горыч у роце, уздуцце жывата, знiжэнне апетыту, змяненне стулу (можа быць як запор, так i панос). Супярэчлiвасць праяў звязана з вышэйпамянёнымi формамi захворвання. У залежнасцi ад формы ДЖВШ прызначаецца i лячэнне. Вялiкае значэнне тут мае нармалiзацыя рэжыму харчавання i захаванне дыеты. Урачы рэкамендуюць пазбягаць пераядання, прымаць ежу 4—5 разоў на дзень, пажадана ў адзiн i той жа час для забеспячэння рытмiчнага аддзялення жоўцi. Пры любым тыпе захворвання, асаблiва пры абвастрэннях, з рацыёну выключаюць тлустыя, вострыя стравы, тугаплаўкiя тлушчы, марынады, вяндлiну, кансервы, маянэз, кетчуп, вырабы са здобнага i слоенага цеста. Пры гiперкiнетычнай форме абмяжоўваюць ужыванне прадуктаў, якiя выклiкаюць спазм жоўцевага пухiра: халодную або вельмi гарачую ежу, марожанае, пiрожнае, шакалад, газаваныя напоi, воцат, пiва, алкаголь, а таксама прадуктаў, якiя ўзмацняюць газаўтварэнне ў кiшэчнiку, i прадуктаў з утрыманнем грубай клятчаткi. Складана пералiчыць усе "шкодныя" прадукты, дый, напэўна, не варта гэта рабiць, таму што пераноснасць iх розная ў розных людзей. Паназiрайце за сваiм самаадчуваннем: калi жоўцевы пухiр "падасць сiгнал", зрабiце адпаведныя высновы. Пры гэтай форме хваробы рэкамендуюцца мiнеральныя воды з нiзкай i сярэдняй мiнералiзацыяй. Ваду трэба пiць цёплай, без газаў, за паўгадзiны да яды. Пры гiпакiнетычнай ДЖВШ паказана абагачэнне рацыёну прадуктамi, якiя паляпшаюць рухальную актыўнасць жоўцевых шляхоў: гэта капуста, буракi, морква, агуркi, слiвы, яблыкi, абрыкосы, а таксама прадуктамi, якiя аказваюць жаўцягоннае дзеянне: чорны хлеб, алеi, сметанковае масла, смятана, вяршкi, яйкi (жаўткi). Хворым рэкамендуецца так званая "дыета зяленiва". Перад кожным прыёмам ежы добра з’есцi агароднiнную салату з сельдэрэем, кропам, пятрушкай, запраўленую смятанай або алеем (сланечнiкавым або алiўкавым). Салату можна замянiць сокам з агароднiны. Некаторыя прадукты (яйка, вяршкi, кефiр з дабаўленнем 2—3 ч. лыжак алею, адвар шыпшыны) пажадана ўжываць вечарам за гадзiну перад сном. Пры гэтай форме дыскiнэзii карысныя высокамiнералiзаваныя воды, якiя п’юць у халодным цi крыху падагрэтым выглядзе, з газамi, за 30—60 хвiлiн да яды. паказана абагачэнне рацыёну прадуктамi, якiя паляпшаюць рухальную актыўнасць жоўцевых шляхоў: гэта капуста, буракi, морква, агуркi, слiвы, яблыкi, абрыкосы, а таксама прадуктамi, якiя аказваюць жаўцягоннае дзеянне: чорны хлеб, алеi, сметанковае масла, смятана, вяршкi, яйкi (жаўткi). Хворым рэкамендуецца так званая "дыета зяленiва". Перад кожным прыёмам ежы добра з’есцi агароднiнную салату з сельдэрэем, кропам, пятрушкай, запраўленую смятанай або алеем (сланечнiкавым або алiўкавым). Салату можна замянiць сокам з агароднiны. Некаторыя прадукты (яйка, вяршкi, кефiр з дабаўленнем 2—3 ч. лыжак алею, адвар шыпшыны) пажадана ўжываць вечарам за гадзiну перад сном. Пры гэтай форме дыскiнэзii карысныя высокамiнералiзаваныя воды, якiя п’юць у халодным цi крыху падагрэтым выглядзе, з газамi, за 30—60 хвiлiн да яды.У лячэннi i прафiлактыцы дыскiнэзii жоўцевых шляхоў асаблiвую ролю адыгрываюць жаўцягонныя сродкi раслiннага паходжання. У фiтатэрапii пры гiпертанiчна-гiперкiнетычнай форме прымяняюць барбарыс звычайны, мяту перцавую, лакрыцу, корань валяр’яну, сардэчнiк, плады кропу, палын; пры гiпатанiчна-гiпакiнетычнай дыскiнэзii — вятроўнiк, кукурузныя рыльцы, рамонак, кветкi сухацвету, корань дзьмухаўцу, плады шыпшыны, зверабой, мацярдушку, цвiнтарэй, цыкорыю. Улiчваючы складанасць формаў захворвання, лепш выкарыстоўваць не асобныя лекавыя раслiны, а зборы з iх. Вось некаторыя рэцэпты: l кветкi сухацвету (4 часткi), лiсце трылiснiку (3), плады каляндры (2), лiсце мяты (2 часткi): 1 ст. лыжку сумесi заварыць 500 мл кiпеню, настойваць 20 хвiлiн, працадзiць, прымаць па 100 мл 2—3 разы на дзень за 30 хвiлiн да яды; l бруснiчнiк (2 часткi), лiсце чорных парэчак (2), лiсце трыпутнiку (2), лiсце бярозы (1 частка): 1 ст. лыжку сумесi залiць шклянкай кiпеню, настойваць на вадзяной лазнi 30 хвiлiн, працадзiць ахалоджаны настой, прымаць па шклянцы 3 разы на дзень за гадзiну да яды; l кветкi сухацвету (1 частка), трава зверабою (1), лiсце мяты (1), трава сардэчнiку (1): 1 ст. лыжку сумесi залiць шклянкай кiпеню, настойваць на вадзяной лазнi 30 хвiлiн, працадзiць, пiць па 1/2 шклянкi 3 разы на дзень за 30 хвiлiн да яды; l корань дзьмухаўцу (2 часткi), кветкi пiжмы (2), плады шыпшыны (2), трава крываўнiку (2): 2 ст. лыжкi збору залiць 0,5 л кiпеню, злiць разам з травой у тэрмас, настойваць ноч, прымаць па 1/3 шклянкi 3—4 разы на дзень; l корань валяр’яну (2 часткi), плады анiсу (2), лiсце мяты (1 частка): 1 ст. лыжку збору залiць шклянкай кiпеню, настойваць 30 хвiлiн, працадзiць, прымаць па 1/2 шклянкi ў цёплым выглядзе. Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адна з частых прычын з’яўлення боляў у жываце — захворваннi жоўцевага пухiра i жоўцевых шляхоў, сярод якiх нярэдка сустракаецца дыскiнэзiя жоўцевывадн
|
|