Пячорныя людзі
Пячорныя людзі
Штодзень еду на працу пад нерытмiчны звон пустых бутэлек. Музыку для пасажыраў аўтобуса, зусiм не па заяўках, арганiзоўвае дзядуля ў аранжавай шапцы з кутасiкам. Не змяняючы сваiм правiлам, ён выходзiць на вулiцы Ландара i рушыць у зададзеным накiрунку. А ля пункта збыту шклотары яго ўжо чакае цэлы "хор" з такiмi ж звонкiмi клункамi ў руках. Мэта гэтых людзей — са скуры вон вылезцi, але сабраць грошы на бутэльку "чарнiла". Бо без яе — стандартнага "прапускнога бiлета" — у кватэру, якая зарэкамендавала сябе як прытон, гаспадар не пусцiць. Дылетанты, як правiла, не бачаць рознiцы памiж прытонамi i кватэрамi з рэпутацыяй прытона, — патлумачыў начальнiк мiлiцыi грамадскай бяспекi УУС адмiнiстрацыi Савецкага раёна горада Мiнска Уладзiмiр Сацюк. — Згодна з Крымiнальным кодэксам, прытонамi называюцца месцы збору наркаманаў цi прастытутак. Так, летась было ўзбуджана тры крымiнальныя справы за ўтрыманне прытона для ўжывання наркотыкаў. Сёлета дзве справы — за ўтрыманне прытонаў для заняцця прастытуцыяй. Месцы ж пастаяннага збору алкаголiкаў, ( такiх кропак у Мiнску 953. — Н.Д.), называюцца "кватэрамi з рэпутацыяй прытона". Там жывуць людзi, якiя апусцiлiся да ўзроўню гарадской каналiзацыi. Усяго ў Савецкiм раёне каля 40 такiх кватэр. На 12 з iх адпраўлены матэрыялы ў суд для прымусовага высялення гаспадароў-алкаголiкаў з кватэр. З астатнiмi супрацоўнiкi мiлiцыi праводзяць прафiлактычную работу, выносяць iм папярэджаннi. ... На гэты раз на пасляабедзенны абход участковыя iнспектары мiлiцыi Савецкага РУУС Аляксандр Скуратовiч i Вiктар Сянькевiч i старшы iнспектар па агiтацыi i прапагандзе ДАІ Савецкага РУУС Вольга Суворава ўзялi мяне з сабой. Задача мiнiмум: наведаць усе кватэры на вулiцы Л. Бяды, якiя знаходзяцца на кантролi мiлiцыi. Праўда, мае "гiды" адразу папярэдзiлi, што гэта даволi прэстыжны раён, таму тут не так шмат кватэр з "падмочанай" рэпутацыяй. Кватэра № 1: "Жнiвеньскi пачастунак" Стандартная двухпакаёвая кватэра. У адным пакоi жывуць муж з жонкай, у другiм — старэнькая бабуля з (нiколi не ведаеш, каго тут сустрэнеш)... Падчас нашага наведвання вольна развалiўся на адзiным ложку з папяросай у зубах нецвярозы мужчына. Побач з iм элемент iнтэр’еру, якi складана было не прыкмецiць — унiтаз, прыкрыты брудным адзеннем, i бутэлька з жаўтаватай вадкасцю на дне. — Так, я гляджу, у вас "Жнiвеньскi пачастунак" i ў кастрычнiку папулярнасцю карыстаецца?! — звяртаецца да псеўдагаспадара ўчастковы iнспектар. — А мы толькi чарнiла i п’ём. Дзе ж я на гарэлку грошы вазьму?.. — А на вiно адкуль бераце? ... — Крадзе i заганяе. Вунь бачыце, тэлевiзар зноў аднекуль прыцягнуў, — перапыняе маўклiвы адказ Аляксандр Скуратовiч. — Не злавiлi за руку, дык не кажыце. Мне яго адзiн добры чалавек аддаў. Як высветлiлася, нiхто з жыхароў гэтай кватэры не працуе, п’юць жа на пенсiю старой. Бабуля сама не адмаўляецца выпiць, але не да бяспамяцтва, як яе сабутэльнiкi, меру ведае. Баiцца, напэўна, каб суседзi панiку не паднялi. Апошнiя, дарэчы, якраз i дапамагаюць мiлiцыi выяўляць такiя кватэры. "Жыцця ад гэтых п’янiц няма. Да якiх часоў мы будзем усё гэта цярпець? У пад’езд, бывае, нельга зайсцi самому, не тое што гасцей запрасiць, так нагадзяць. А як нап’юцца, дык пачынаюць дэбашырыць, крычаць. Колькi людзей гадамi ў чэргах стаяць на кватэры, а яны не цэняць тое, што маюць дах над галавой... Высяляць iх патрэбна!" — прыкладна з такiм крыкам аб дапамозе звяртаюцца ў раённыя аддзелы мiлiцыi пакрыўджаныя суседзi. — Усе пытаннi, звязаныя з высяленнем такiх жыхароў, знаходзяцца ў кампетэнцыi жыллёва-камунальных службаў, — гаворыць Уладзiмiр Сацюк. — Часта яны перасяляюць сваiх хранiчных даўжнiкоў у меншыя па плошчы кватэры, за кошт чаго пагашаюць запазычанасцi. Мы ў сваю чаргу ў залежнасцi ад сiтуацыi адпраўляем жыхароў такiх кватэр у лячэбна-працоўныя прафiлакторыi, ставiм на ўлiк, прыцягваем да адмiнiстрацыйнай адказнасцi, бяром пад арышт. Паводле слоў Аляксандра Скуратовiча, знаходзяцца i нядобрасумленныя пакупнiкi нерухомасцi, якiя за бясцэнак скупляюць у алкаголiкаў кватэры, а ў якасцi альтэрнатывы прапануюць домiк у якой-небудзь вёсцы. Але, не сакрэт, што лягчэй за ўсё абвесцi вакол пальца дзiця i псiхiчна- хворага чалавека, якiм i з’яўляецца алкаголiк. Вось i застаюцца ахвяры рыэлтараў без кала i двара на вулiцы. Кватэра № 2: "Любоў i галубы" Непрыемны пах курыва, перагару i мачы ўдарыў у нос, ледзь мы паспелi выйсцi з лiфта. У гэтым выпадку нават неабавязкова было даставаць цыдулку з нумарам кватэры, каб знайсцi неабходныя дзверы. Дурманячы водар выдаваў гаспадароў. Стукалi хвiлiн пяць. Безвынiкова. Толькi сабралiся сыходзiць, як з-за дзвярэй пачуўся заспаны голас: "Каго там нячыстая прынесла?" На парозе нас сустрэла жанчына з сiнiмi кругамi пад вачыма, ускалмачанымi валасамi замест прычоскi. "Падымайцеся, мiлiцыя да вас у госцi завiтала", — звярнулася жанчына да дачкi i яе каханага. З-пад коўдры, калi гэты незразумела адкуль выцягнуты кавалак тканiны можна так назваць, паказалася спачатку адна засаленая галава, а пасля другая. Столькi кантрастаў у адным месцы я даўно не бачыла: ярка пафарбаваныя пазногцi, вышчыпаныя месячыкам бровы ну нiяк не спалучалiся з зацёкшым тварам i смярдзючай лужынай памiж дзвюма часткамi канапы, на якой адпачывала пасля чарговай папойкi маладая парачка. — Я гляджу, у вас нiякiх змен не адбылося? — А што тут такога? Ну п’ём мы. Што з гэтага? Нiкому ж не перашкаджаем. Тым больш нагода ёсць, у мяне дзень нараджэння ў вераснi. — А зараз ведаеце якi месяц? Кастрычнiк хутка скончыцца.. — З запою тут нiколi не выходзяць, — гаворыць Вiктар Сянькевiч. — П’юць, праўда, мiрна, суседзi не скардзяцца. Толькi вось час ад часу дачка прыходзiць у аддзяленне мiлiцыi i скардзiцца на сужыцеля. "Б’е ён мяне, забярыце яго" — просiць у заяве. А на наступны дзень забiрае свае словы назад, зноў у iх "любоў i галубы". Сярод пустых бутэлек i раскiданага па ўсiм пакоi адзення ляжыць шэрая паперка, на якой значыцца сума доўгу за камунальныя паслугi — 130 тысяч рублёў. — Такi доўг — яшчэ кветачкi. Вось тут, у суседнiм пад’ездзе, жыве сям’я алкаголiкаў, дык яны павiнны выплацiць дзяржаве ажно 10 мiльёнаў. Вось i жывуць такiя людзi ў час навукова-тэхнiчнага прагрэсу без святла, вады, газу, як быццам у пячоры. Калi мы спускалiся ўнiз па лесвiцы пасля наведвання апошняй кватэры з рэпутацыяй прытона, Вiктар Сянькевiч пацiкавiўся ў мяне: "Ну што, шкада табе iх?". I не дачакаўшыся адказу, прадоўжыў: — — А мне нiколькi. Самi выбралi сабе такi шлях. Вось толькi адзiнае — дзяцей шкада. Калi заходзiш i бачыш, як на бруднай падлозе сярод гары пустых бутэлек i пад пiльным наглядам прусакоў уплятае "Ролтан" чатырохгадовы хлопец з мурзатым тварыкам, сэрца аж сцiскаецца ад жалю. Добра хоць, што Дэкрэт № 18 дае нам права забiраць такiх дзяцей у сацыяльныя прытулкi. Бо нiхто не ведае, што п’яны чалавек можа зрабiць з дзiцем. Напэўна, чулi пра тое, як шызафрэнiк выкiнуў малога пляменнiка з акна. А алкагалiзм, як сцявярджаюць урачы-нарколагi, не менш, а то i больш небяспечная хвароба...". Надзея ДРЫЛА, фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Штодзень еду на працу пад нерытмiчны звон пустых бутэлек. Музыку для пасажыраў аўтобуса, зусiм не па заяўках, арганiзоўвае дзядуля ў аранжавай шапцы з |
|