Мяняю асфальт на зямлю!
Мяняю асфальт на зямлю!
Гісторыя жанчыны, якая ў пошуках працы пакiнула горад i стала вясковай жыхаркай
Мазалава — адно з самых маляўнiчых мясцiн Мсцiслаўшчыны. На адным баку пагорка ўзвышаецца царква Ушэсця, пабудаваная ў першай палове XІX стагоддзя. Цяпер яна аднаўляецца. На другiм баку — вялiзны надпiс "Квiтней, мой край", выкладзены плiткамi i камянямi. Трэцяй славутасцю аграгарадка Мазалава нядаўна стаў адмiнiстрацыйны будынак, пафарбаваны ў яркiя зялёны i чырвоны колеры. У сельвыканкаме, якi месцiцца тут, хваляцца, што больш нiдзе ў акрузе няма будынка ў колерах нацыянальнага сцяга. Жылыя дамы ў некалькi паверхаў у пасёлку выглядаюць больш сцiпла, затое маюць упрыгажэнне ў выглядзе сiмпатычнага склада гарбузоў пад балконам i кветкавых клумбаў перад пад’ездамi. Адна з актывiстак добраўпарадкавання на Цэнтральным завулку — Ларыса Уладзiмiраўна Сiвакова. Старшыня Мазалаўскага сельскага Савета Леанiд Пятровiч Падальхоў раiць усiм жыхарам аграгарадка браць прыклад з жанчыны. — Куды толькi мяне лёс нi кiдаў, а прытулак знайшла ў Мазалаве i нi аб чым не шкадую, — усмiхаецца Ларыса Уладзiмiраўна. Яна вырасла на Дрыбiншчыне, выйшла замуж за вайскоўца. Калi муж пайшоў з армii, сям’я пасялiлася на яго радзiме ў Мсцiславе. Жылi, гадавалi сына i дачку, пакуль трагiчнае здарэнне на дарозе не абарвала жыццё мужчыны. Ларысе Уладзiмiраўне трэба было жыць далей, але праблемы з працай не вырашалiся. Уладкавацца па спецыяльнасцi ёй не ўдавалася: прафесiя кандытара напрыканцы 1990-х не была запатрабаванай. Жанчына працавала падсобнай рабочай у прыватнай краме, i на атрыманыя капейчыны ледзь зводзiла канцы з канцамi. I калi ёй прапанавалi працу ў сельскай гаспадарцы, яна не доўга разважала. Восем гадоў таму яна пераехала ў Мазалава i стала аператарам на адкорме мясцовага свiнакомплексу. — I не так страшна ў калгасе, як малююць, — гаворыць сёння працаўнiца Сiвакова. — А я сваю работу люблю... Яна стала перадавiком працы i чацвёрты год запар займае першае месца ў Мсцiслаўскiм раёне па прывагах. Другi год атрымлiвае рэспублiканскую прэмiю за добрую працу, i яе партрэт ёсць на раённай Дошцы гонару. Але трэба шчыра сказаць, што цяперашняя праца Ларысы Уладзiмiраўны мала падобная на выраб торцiкаў i булачак у чыстым кандытарскiм цэху, дзе смачна пахне. На свiнакомплексе СВК "Мазалаўскi" iдзе рэканструкцыя, i толькi яшчэ ў няблiзкай перспектыве аператарам абяцаюць нацiсканне кнопак замест цяжкай ручной працы. Але Сiвакова шукае ў сваёй рабоце не недахопы, а перавагi. — Мы разам з напарнiцай адкормлiваем 750 свiней, — расказвае яна. — Я атрымлiваю 350—400 тысяч рублёў у месяц, i штоквартальную прэмiю за добрыя паказчыкi. Прэмiя — гэта два парсючкi, якiх праз некалькi месяцаў можна здаць i атрымаць мiльён рублёў. Большая частка заробленых грошай iдзе на падтрымку дзяцей i ўнукаў. Як усе клапатлiвыя мацi, Ларыса Уладзiмiраўна сцвярджае, што ў яе ўжо абсалютна ўсё ёсць, ды i пракармiцца ў вёсцы — няма праблем. На агародзе ў дзясятак сотак яна вырошчвае бульбу i ўсю агароднiну. У хлеве трымае свiней i курэй. Лес поўны грыбоў i ягад. — Мне падабаецца ў вёсцы — усё тут знаёмае i роднае, — гаворыць жанчына. — Я з пераездам у вёску нiчога не страцiла. I цывiлiзацыi цяпер у нашым аграгарадку не меней за горад. Крамы ў нас не горшыя. А калi нешта трэба адмысловае, то дабрацца на базар за дзясятак кiламетраў — гэта не праблема, транспарт ходзiць добра. А чым хадзiць у кiно, я лепей па плэеру пагляджу любую стужку i атрымаю задавальненне. Ларыса Уладзiмiраўна пакiнула дом у раённым цэнтры сям’i сына, а гаспадарка выдзелiла ёй аднапакаёвую кватэру ў пасёлку з усiмi выгодамi. Яна жыве тут адна з кошкай Дашай, якая не паказваецца незнаёмцам. Дзецi прыязджаюць у госцi штотыдзень. У свае 47 гадоў Ларыса Уладзiмiраўна — прыгожая i стройная жанчына. Пасля працы ў агародзе яна замянiла штаны i гумавыя боты на спаднiцу, пiнжак ды яркую хустку, i зусiм змянiла аблiчча: з вясковай працаўнiцы — на стыльную гарадскую спадарыню. Стрыманыя паводзiны, самастойны характар, добразычлiвасць. Аднак замуж другi раз яна так i не пайшла: гаворыць, што адналюбка. Але, можа, усё яшчэ наперадзе?.. У Мазалаве, дзе цяпер жывуць амаль 700 чалавек, будуюць новыя домiкi з усiмi выгодамi: вадой, каналiзацыяй, газам, цэнтральным ацяпленнем. Нездарма на iх у СВК "Мазалаўскi" стаiць чарга з маладых сем’яў, якiя адсюль у гарады з’язджаць не хочуць. У сельскай гаспадарцы, якая лiчыцца трывалай, знойдзецца праца. Таму i дэмаграфiчная сiтуацыя ў аграгарадку пайшла на паляпшэнне. Летась у Мазалаве нарадзiлася 17 дзяцей, сёлета — ужо 12. Старшыня сельскага Савета ўпэўнены, што мяжа памiж горадам i вёскай (прынамсi, аграгарадком) прыктычна сцёрлася. I яшчэ пры нашым жыццi давядзецца пабачыць, аптымiстычна сцвярджае Леанiд Падальхоў, як людзi пацягнуцца з гарадоў у сельскую мясцовасць: з душных кватэр, за якiя трэба ўсё жыццё плацiць шмат грошай, да больш вольнага i здаровага ладу жыцця. — Я сам вясковы чалавек, i я сабе iншага жыцця не ўяўляю, — гаворыць Леанiд Пятровiч. — Я люблю зямлю, агарод. Я — паляўнiчы i рыбак. А вялiкiя гарады — гэта не маё. Чалавек — кансерватыўная iстота, яму цяжка памяняць месца жыхарства, працу i лад жыцця. Падальхоў пераконвае, што далёка i не кожны гараджанiн можа стаць добрым вясковым працаўнiком. Тут патрэбна схiльнасць да фiзiчнай працы, ды яшчэ са сваёй спецыфiкай. Умоўна кажучы, не ўсе могуць гадаваць свiней. Часта гараджан, якiя нiбыта не супраць пераезду ў сельскую мясцовасць, пужаюць невялiкiя заробкi ў аграпрамысловым комплексе. Столькi, колькi зарабляе перадавiк на свiнакомплексе ў глыбiнцы, сёння атрымлiвае прыбiральшчыца ў абласным цэнтры. Аднак часцей за ўсё сельская гаспадарка матэрыяльна заахвочвае сваiх работнiкаў натуральнай аплатай — напрыклад, збожжам. Выгадна трымаць i падсобную гаспадарку, жывёлу. Зямлi даюць усiм, колькi захочаш. Толькi працуй. — Трэба быць гатовым да таго, што ў вёсцы давядзецца працаваць увесь светлавы дзень, — папярэджвае Леанiд Пятровiч. — У добрага гаспадара заўсёды праца на падворку знойдзецца: цi то на агародзе корпацца, цi то ў хляве. Затое на свежым паветры i для душы, i аддача ёсць. Старшыня сельскага Савета мяркуе, што Мазалаву яшчэ вельмi патрэбныя кавярня для моладзi i спартыўнае збудаванне, дзе можна хоць бы паставiць тэнiсныя i бiльярдныя сталы. Мазалаўскiя жанчыны гуляюць у школе ў валейбол, дзятва едзiць у Мсцiслаў у басейн, а мужчыны засталiся без спартыўных забаў. — I калi да нашай сферы з’явiцца, калi казаць агулам, яшчэ i культура жыцця, то будучае адназначна за вёскай, — заявiў Леанiд Падальхоў. — Камп’ютары у нас ёсць, i да iнтэрнэту падкючаны. Талеркi спадарожнiкавага тэлебачання вiсяць на хатах. Мабiльная сувязь працуе. I калi ёсць свой транспарт, дык i Магiлёў з яго тэатрам не так далёка. Я думаю, што ў будучынi такiх перасяленцаў, як Ларыса Уладзiмiраўна Сiвакова, у нас будзе нашмат болей. Так што зусiм магчыма, што давядзецца Ларысе зноў пячы булачкi. На ўсiх. Iлона Iванова. Мсцiслаўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гісторыя жанчыны, якая ў пошуках працы пакiнула горад і стала вясковай жыхаркай Мазалава — адно з самых маляўнiчых мясцiн Мсцiслаўшчыны. На адным
|
|