З губернатараў — у спікеры
З губернатараў — у спікеры
Да абрання кiраўнiка нiжняй палаты парламента пасяджэнне праводзiла старшыня Цэнтрвыбаркама Лiдзiя Ярмошына. У сваёй прамове яна адзначыла высокi ўзровень адукаванасцi i прафесiяналiзму дэпутатаў. 11 народных абраннiкаў маюць навуковыя ступенi i званнi, 41 — узнагароджаны ордэнамi i медалямi. Некалькi дзясяткаў ужо маюць вопыт дэпутацтва, сямёра — састаяць у палiтычных партыях (КПБ i Аграрная партыя). Як заўважыла Лiдзiя Ярмошына, 28 працэнтаў абраных — кiраўнiкi арганiзацый у розных сферах, 15 прадстаўнiкоў мясцовай улады. Аб прафесiйным статусе народных абраннiкаў старшыня ЦВК падчас сваёй прамовы выказалася дыпламатычна i ўстрымалася ад канкрэтных лiчбаў, а ў гутарцы з журналiстамi прызналася — яе некалькi бянтэжыць, што ў новым складзе дэпутатаў толькi двое юрыстаў. Аднак яна заўважыла, што падчас работы ў парламенце многiя народныя абраннiкi займаюцца павышэннем адукацыi — атрымлiваюць неабходную профiльную спецыяльнасць у Акадэмii кiравання. "Тым больш што сама работа тут з’яўляецца юрыдычнай акадэмiяй", — дадала Лiдзiя Ярмошына. Размаўляючы з журналiстамi, старшыня ЦВК згадала важнасць "здаровага кансерватызму" ў рабоце парламентарыяў — маўляў, навошта адмаўляцца ад таго, што добра працуе... Мандатная камiсiя, вывучыўшы ўсе прадстаўленыя дакументы (у тым лiку пастанову ЦВК, прынятую па скаргах аб прызнаннi выбараў несапраўднымi па асобных выбарчых акругах), устанавiла, што "абранне ўсiх дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў праведзена ў адпаведнасцi з патрабаваннямi Выбарчага кодэкса Рэспублiкi Беларусь. Парушэнняў выбарчага заканадаўства, якiя маглi б паслужыць падставай для прызнання паўнамоцтваў асобных дэпутатаў несапраўднымi, не выяўлена". Прызнанне паўнамоцтваў новых дэпутатаў Лiдзiя Ярмошына назвала "самым галоўным рашэннем на сённяшняй сесii". На пост кiраўнiка нiжняй палаты парламента была вылучана адна кандыдатура — губернатара Вiцебскай вобласцi Уладзiмiра Андрэйчанкi. І яе ўхвалiла абсалютная большасць новых калег Уладзiмiра Паўлавiча. Вопыт у яго сапраўды багаты — амаль 12 гадоў ён сумяшчаў кiраўнiцтва Вiцебскiм абласным выканаўчым камiтэтам i заканатворчую дзейнасць у Савеце Рэспублiкi. Новы спiкер нiжняй палаты прадставiў дэпутатам сваё бачанне прыярытэтаў у далейшым развiццi нацыянальнага заканадаўства, падыходаў да арганiзацыi работы Палаты прадстаўнiкоў: — Парламент павiнен забяспечыць высокi якасны ўзровень i стабiльнасць нацыянальнага заканадаўства. Ключавую пазiцыю ў заканатворчасцi я сфармуляваў бы так: дзяржаўная адказнасць, цвярозы розум i народныя iнтарэсы. Нам неабходна такiм чынам весцi заканатворчую работу, каб яна, па-першае, змацоўвала i цэментавала беларускую дзяржаўнасць, пераводзiла на мову законаў прыярытэты ўнутранай i знешняй палiтыкi Рэспублiкi Беларусь, па-другое, была прагматычнай, зыходзiла з жыццёвых рэалiй, па-трэцяе, увасабляла ў канкрэтныя заканадаўчыя рашэннi iнтарэсы i спадзяваннi людзей. Гэта трыяда, як уяўляецца, дазволiць нам пастаянна трымаць руку на пульсе краiны, прымаць узважаныя i своечасовыя законы, дабiвацца максiмальнай адэкватнасцi паправак, якiя мы будзем уносiць у дзеючую прававую базу. Ён выказаў спадзяванне на паляпшэнне ўзаемаразумення памiж беларускiм парламентам i Парламенцкай Асамблеяй АБСЕ, а таксама ПА Савета Еўропы. "Мы за сумленнае ўзаемадзеянне, раўнапраўныя адносiны без двайных стандартаў — як з гэтымi, так i з усiмi iншымi мiжнароднымi арганiзацыямi". У гутарцы з журналiстамi новы спiкер нiжняй палаты зрабiў акцэнт на стабiльнасцi нацыянальнага заканадаўства. Маўляў, калi нячаста змяняюцца правiлы гульнi, гэта вiтаюць iнвестары. "У нашым заканадаўстве, я лiчу, у апошнiя гады гэта стабiльнасць наступiла — невыпадкова такi рост iнвестыцый". Падзялiўся ён з прадстаўнiкамi мас-медыя i меркаваннем аб тым, што "прыватны бiзнэс павiнен большую лепту ўносiць у развiццё вытворчага патэнцыялу Рэспублiкi Беларусь". Немалаважнай задачай заканадаўства ён назваў i садзейнiчанне развiццю дэмакратычных працэсаў — "каб народ мог больш удзелу браць у кiраўнiцтве краiнай, кантраляваць, як працуюць чыноўнiкi". Вось i ў пытаннi прызнання або непрызнання незалежнасцi Абхазii i Паўднёвай Асецii, на яго думку, трэба ўлiчваць меркаванне народа. Гэта пытанне ў парламент пакуль нiхто не ўносiў, калi будзе ўнесена — будзе разглядацца, — заўважыў новы кiраўнiк Палаты прадстаўнiкоў. Аб шанцах пераходу на прапарцыянальную выбарчую сiстэму палiтык выказаўся так: "Трэба яшчэ папрацаваць па нашай старой схеме, я лiчу, яна сябе апраўдала", дадаўшы пры гэтым, што няма нiчога вечнага... Намеснiкам новага кiраўнiка Палаты прадстаўнiкоў па вынiках тайнага галасавання дэпутатаў стаў старшыня (цяпер ужо былы) Шклоў-скага райвыканкама Валерый Iваноў. Выбары на гэтую пасаду таксама праходзiлi безальтэрнатыўна. Кандыдатуру намеснiка спiкера вылучыў сам спiкер. Дэпутаты прыйшлi да кансенсусу i ў тым, што датычыцца пастаянных камiсiй Палаты прадстаўнiкоў — iх колькасць i профiль не зменяцца: застануцца 14 камiсiй з тымi ж назвамi, што былi i пры трэцiм склiканнi. А вось iх персанальны склад i кiраўнiцтва стануць вядомымi толькi 30 кастрычнiка — на чарговым пасяджэннi сесii. Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да абрання кiраўнiка нiжняй палаты парламента пасяджэнне праводзiла старшыня Цэнтрвыбаркама Лiдзiя Ярмошына. У сваёй прамове яна адзначыла высокi ўз |
|