21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Выконваючы абавязкі дырэктара Светлагорскай цеплаэлектрацэнтралі Анатоль Ліпскі: "Мы ўвесь час

26.08.2009 10:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Выконваючы абавязкі дырэктара Светлагорскай цеплаэлектрацэнтралі Анатоль Ліпскі: "Мы ўвесь час ідзём па шляху ўдасканальвання вытворчасці"

 Прадстаўляем суразмоўцу

Можна сказаць, што ўсё жыццё Анатоля Яўгенавiча, акрамя службы ў армii i вучобы ў Беларускiм ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга полiтэхнiчным iнстытуце, звязана са Светлагорскам. У гэтым горадзе на Бярэзiне ён нарадзiўся, закончыў школу, сюды ж быў накiраваны на работу пасля атрымання вышэйшай адукацыi ў 1981 годзе.

Малады спецыялiст як пачаў сваю працоўную бiяграфiю на мясцовай цеплаэлектрацэнтралi, так i працягвае яе цяпер. Інжынер-цеплаэнергетык быў прызначаны майстрам па рамонце кацельнага абсталявання, затым быў пераведзены на пасаду старшага iнжынера групы падрыхтоўкi рамонтаў, дзе таксама добра зарэкамендаваў сябе. Яго стараннасць, энергiя, уменне ладзiць з людзьмi, высокая квалiфiкацыя спрыялi таму, што ён упэўнена браў адну вышыню за другой: iнжынер-тэхнолаг рэжымна-наладачнай групы, намеснiк начальнiка вытворча-тэхнiчнага аддзела, яго начальнiк, намеснiк галоўнага iнжынера ЦЭЦ па эксплуатацыi, галоўны iнжынер. На апошняй пасадзе ён працаваў з 2006 года. Цяпер — выконваючы абавязкi дырэктара Светлагорскай ЦЭЦ.

Аўтар 44 рацыяналiзатарскiх прапаноў. Узнагароджаны юбiлейным медалём "70 гадоў Узброеных Сiлаў СССР" (1988 г.). У яго характарыстыцы адзначаецца непасрэдны ўдзел у распрацоўцы i рэалiзацыi розных тэхнiчных праграм, праектаў, рэканструкцый як у асноўнай, так i ў дапаможнай вытворчасцях, што садзейнiчае паляпшэнню тэхнiка-эканамiчных паказчыкаў прадпрыемства. Здольны на практыцы планаваць, арганiзоўваць, каардынаваць, кантраляваць i аналiзаваць работу персаналу.

 

— Анатоль Яўгенавiч, цiкавы факт: у гэтым месяцы споўнiлася роўна паўстагоддзя, як ступiла ў строй Светлагорская ЦЭЦ. А вы свой такi ж самы юбiлей святкавалi праз два днi пасля. Цi няма тут нейкай, прабачце, заканамернасцi?

— Дзякуй за жарт (усмiхаецца). Проста — супадзенне такое, выпадак, да чаго я стаўлюся нармальна. А заканамернасць бачу ў тым, што мой бацька Яўген Iосiфавiч у свой час працаваў на ЦЭЦ, i калi старшакласнiкам я некалькi разоў наведаўся да яго на работу, то вырашыў: усё, таксама буду энергетыкам. Мара ажыццявiлася i будзе мець працяг.

— Што маеце на ўвазе?

— Мой старэйшы сын цяпер вучыцца на трэцiм курсе Беларускага нацыянальнага тэхнiчнага ўнiверсiтэта (былы полiтэхнiчны iнстытут) на такiм жа факультэце, якi i я закончыў.

— Добрая пераемнасць, што i казаць. Але давайце ўсё ж прыгадаем гiсторыю вашага прадпрыемства. Ёсць версiя, што дзейнасць яго падказала выбар назвы новага горада — Светлагорска, якi ўзнiк на месцы населенага пункта Шацiлкi. Цi не так?

— На пастаўленае пытанне адкажу наступным чынам. Маюцца гiстарычныя даныя аб тым, што Шацiлкi ўваходзiлi то ў склад Кiеўскай Русi, то ў Вялiкае Княства Лiтоўскае, то ў Рэч Паспалiтую, то ў Расiйскую Iмперыю. У складзе Беларускай ССР гэта было невялiкае мястэчка, якое займала зручнае геаграфiчнае становiшча: чыгунка, рака Бярэзiна, што з’явiлася адным з фактараў таго, каб будаваць тут Васiлевiцкую дзяржаўную раённую электрастанцыю (ДРЭС). Назва станцыi звязана з тым, што асноўным палiвам для яе быў фрэзерны торф Васiлевiцкага тарфянога масiву.

Дык вось, калi была пабудавана ўжо ДРЭС, а дакладней, першая чарга яе, у Шацiлкi перамясцiўся з Парычаў раённы цэнтр. А да гэтага тут былi ўжо здадзены ў эксплуатацыю вялiкая колькасць жылля, дзiцячы садок i яслi, школа, лазня, тры магазiны, клуб, намецiлася, а дзе i пачалося будаўнiцтва аб’ектаў прамысловага прызначэння, i ўзнiкла пытанне аб назве iмклiва ўзводзiмага горада. Уносiлiся самыя розныя прапановы: Камсамольск, Партызанск i г.д. Але спынiлiся на назве Светлагорск, таму што самае буйное i важнае на той час прадпрыемства ў раёне — ДРЭС — надало яму магутны iмпульс у развiццi сваёй прадукцыяй — электраэнергiяй, якую ў абыходзе называюць святлом. Вось так у лiпенi 1961 года гарадскi пасёлак Шацiлкi i быў пераўтвораны ў горад з назвай Светлагорск.

— I Васiлевiцкая ДРЭС, вiдавочна, тады была перайменавана ў Светлагорскую ЦЭЦ?

— Не, гэта адбылося значна пазней, праз 18 гадоў. Па той прычыне, што ў сувязi з развiццём прамысловай вытворчасцi горада Светлагорска, яго жылога сектара i да таго падобнага цеплавыя нагрузкi станцыi сталi пераважаць над электрычнымi.

— Зразумела, Анатоль Яўгенавiч. Але давайце вернемся да пачатку будаўнiцтва такога важнага аб’екта нашай краiны, як Светлагорская ЦЭЦ.

— Згодны. I скажу, што яно пачалося ў 1954 годзе ў адпаведнасцi з Пастановай Савета Мiнiстраў СССР. Праект генеральнага плана распрацаваў калектыў Львоўскага аддзялення iнстытута "Цеплаэлектрапраект". Станцыя прызначалася для забеспячэння электраэнергiяй шэрагу гарадоў i прамысловых пунктаў паўднёвай часткi Беларусi. На выбар месца паўплывалi такiя важныя аргументы, як траса чыгункi Ленiнград — Адэса, перасячэнне яе з ракой Бярэзiнай, якую палiчылi выдатнай крынiцай цыркуляцыйнай вады, i наяўнасць дастатковай палiўнай базы ў выглядзе тарфянога Васiлевiцкага масiву, якi знаходзiўся ўсяго за 20 кiламетраў ад будоўлi, пра тое я ўжо гаварыў.

Прадпрыемства турбiнамi i генератарамi забяспечваў Ленiнград, катламi — падмаскоўны Падольск, трансфарматарамi — Масква i г.д. Першая група рабочых прыбыла сюды са Смалявiцкай ДРЭС у колькасцi 17 чалавек, а характэрнай асаблiвасцю будоўлi з’яўлялася шырокае прымяненне зборнага жалезабетону. Па гэтым паказчыку станцыя была другой па лiку ў Савецкiм Саюзе. Наогул звыш ста прадпрыемстваў краiны пастаўлялi сюды будаўнiчыя матэрыялы i абсталяванне.

— А па iншых паказчыках як выглядала ДРЭС?

— Яна была пабудавана па апошнiм слове тэхнiкi i аснашчана найскладанейшым высокапрадукцыйным абсталяваннем. Назаву толькi параметры пары. Яны сапраўды высокiя былi па тым часе: 100 атмасфер, а тэмпература — 540 градусаў. А гэта азначала, што электраэнергiя выпрацоўвалася з найменшым удзельным расходам палiва на адпушчаную кiлават-гадзiну. Для кiравання асноўным i дапаможным абсталяваннем, ахове яго ад пашкоджанняў, кiравання цеплавымi працэсамi i ўлiкам расходу палiва i пары шырока прымянялiся, ды i цяпер прымяняюцца, аўтаматычныя сродкi.

— Мы, Анатоль Яўгенавiч, ведаем, што спецыялiсты ваша прадпрыемства з тэхнiчнага пункту погляду называлi незвычайным, выдатным. Чаму?

— Прычыны наступныя. Канец 50-х—60-я гады мiнулага стагоддзя. Васiлевiцкая ДРЭС — самая магутная электрастанцыя ў Беларусi, флагман энергетыкi. У 70—80-я гады яе абсталяванне было пераведзена са спальвання цвёрдага палiва на газападобнае. Затым, у 80-я гады, ЦЭЦ працавала ўжо на пяцi вiдах палiва: прыродным газе, каменным вугалi, фрэзерным торфе i спадарожным нафтавым адбензiненым газе. Неардынарнасць нашай ЦЭЦ яшчэ i ў тым, што тут устаноўлены былi турбiны ўсемагчымых тыпапамераў, якiя выпускалiся ў былым СССР, i што мы выдаём напружанне двух узроўняў — 110 i 220 кiлават. Сёння ж мы выкарыстоўваем тры вiды палiва. Цвёрдае адышло ўжо ў нябыт, а прымяняюцца спадарожны беларускi газ, якi паступае з Рэчыцы з газаперапрацоўчага завода (у палiўным гадавым балансе ён складае 48 працэнтаў) i прыродны газ. Рэзервовым палiвам з’яўляецца мазут.

Асаблiвасцямi ЦЭЦ з’яўляецца i тое, што турбагенератар ТГ-3 быў пераведзены на работу з панiжанымi вакуумам i ахалоджаннем пары ў кандэнсатары турбiны сеткавай вадой, i што быў рэалiзаваны канструктарскi праект мадэрнiзацыi турбiн Т-45/50-90 i ТР-45-90 ст. №№ 4, 3 на работу з падачай пары з агульнастанцыйнага калектара 10 атмасфер абсалютных.

— Апошнiя сказы, Анатоль Яўгенавiч, не кожнаму чытачу зразумелыя, але мы здагадваемся, што гэта былi важныя праграмы. Праўда?

— Праўда. Яны, а таксама ажыццяўленне цэлага комплексу арганiзацыйна-тэхнiчных i тэхналагiчных мерапрыемстваў, садзейнiчалi i садзейнiчаюць таму, што хоць цеплаэлектрацэнтралi 50 гадоў ужо, тэхнiка-эканамiчныя паказчыкi яе работы параўнальныя з паказчыкамi самых новых i лепшых электрастанцый краiны. А па выкарыстаннi мясцовага вiду палiва (спадарожнага газу) ёй у рэспублiцы няма роўных.

— За 50 гадоў дзейнасцi Светлагорскай ЦЭЦ колькi было яе дырэктараў?

— Усяго пяць, самаадданых, творчых кiраўнiкоў, для якiх характэрны былi высокiя чалавечыя, арганiзатарскiя i прафесiйныя якасцi. Будзе правiльна, калi ў паўвекавы юбiлей прадпрыемства мы аддадзiм iм належнае вось гэтым падрабязным аповедам.

Першым кiраўнiком быў Аляксандр Мiкалаевiч Завадскi, чалавек цiкавага лёсу. ДРЭС ён узначалiў у 50-гадовым узросце, прайшоўшы да гэтага нялёгкую жыццёвую дарогу. Быў слесарам чыгуначнага дэпо ў Смаленску, закончыў Прамакадэмiю iмя Сталiна, удзельнiчаў у вайне з нямецкiмi фашыстамi i быў узнагароджаны ордэнамi Баявога Чырвонага Сцяга i Чырвонай Зоркi, некалькiмi медалямi.

Прайшоўшы школу на электрастанцыях БелДРЭС, Кузбаса i Мiнска, ён узначальваў Васiлевiцкую ДРЭС з 1954 па 1964 год i за мiрную працу быў удастоены ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга i "Знак Пашаны", з’яўляўся Ганаровым грамадзянiнам Светлагорска.

Эстафету Аляксандра Мiкалаевiча з 1964 па 1983 год пранёс Канстанцiн Фёдаравiч Пракапенка, якога ў горад на Бярэзiне перавялi з пасады дырэктара Гродзенскай ЦЭЦ. Аб тым, што ён унёс значны ўклад у абнаўленне i ўдасканальванне энергетычнай вытворчасцi, сведчыць прысваенне яму звання "Выдатнiк энергетыкi i электрыфiкацыi СССР" i ўручэнне ордэна "Знак Пашаны".

Прыкметнай была дзейнасць з 1983 па 1986 год на прадпрыемстве ў якасцi яго кiраўнiка i Данiіла Мiкалаевiча Боўсука, якi свой рабочы шлях пачынаў майстрам РЭУ "Гомельэнерга", а затым займаў высокiя пасады Гомельскага прадпрыемства электрычных сетак.

На долю Мiкалая Барысавiча Барбука, якi кiраваў ЦЭЦ у 1986—2000 гадах, выпала неабходнасць рэканструкцыi i мадэрнiзацыi тэхналагiчнага абсталявання, пераводу катлоў з цвёрдага палiва на газападобнае. Ён быў узнагароджаны медалямi "За доблесную працу" i Ленiнскiм юбiлейным.

Выдатна зарэкамендаваў сябе на пасадзе дырэктара i Уладзiмiр Анiсiмавiч Собаль, якi прыйшоў на прадпрыемства пасля заканчэння Беларускага ордэна працоўнага Чырвонага Сцяга політэхнічнага інстытута i за 17 гадоў работы вырас ад машынiста катлатурбiннага цэха да кiраўнiка ЦЭЦ (2001—2008 гады). Ён удастоены ганаровага звання канцэрна "Белэнерга" "Выдатнiк Беларускай энергасiстэмы", мае шмат ганаровых грамат. Сёлета Уладзiмiр Анiсiмавiч стаў галоўным iнжынерам Рэспублiканскага ўнiтарнага прадпрыемства "Гомельэнерга".

— Чым з’яўляецца ваша прадпрыемства сёння?

— Светлагорская ЦЭЦ — фiлiял РУП "Гомельэнерга", яна складаецца з цэлага комплексу магутных збудаванняў: галоўнага корпуса будынка галоўнага шчыта кiравання, берагавой помпавай станцыi, хiмводаачысткi, мазутнай гаспадаркi, ГРП-1,2, Ару 110, 120 кВ. У калектыве працуе 619 чалавек.

— Без вашай, будзем казаць так, прадукцыi, нiбы без вады: нi туды i нi сюды...

— Абсалютна правiльна. Мы выпрацоўваем цяпло i электраэнергiю. Наша прадпрыемства на 84 працэнты забяспечвае патрэбнасцi прамысловага вузла горада i жыллёва-камунальнага сектара ў цеплавой энергii ў выглядзе пары i гарачай вады. Пара адпускаецца спажыўцам з параметрамi згодна з заключанымi дагаворамi, а сiстэма гарачага водазабеспячэння — закрытая. Выдача ж электрычнай магутнасцi ажыццяўляецца праз АРУ (адкрытае размеркавальнае ўстройства) на напружанне 110 i 120 кВ. Наша электраэнергiя паступае ў адзiную энергетычную сiстэму Беларусi i папаўняе яе.

— Як вы падрыхтавалiся да асенне-зiмовага перыяду?

— Грунтоўна. Выкананы запланаваныя аб’ёмы рамонту цеплавых сетак i асноўнага абсталявання, створаны запасы рэзервовага палiва ў межах нарматыву i г.д. Адным словам, цалкам падрыхтаваныя да зiмы.

— Памылкi ў вашай рабоце дорага абыходзяцца ўсiм...

— Мы не маем права на iх. I гэта яшчэ раз пацвердзiлi нядаўнiя падзеi на Лукомльскай ДРЭС, калi адключылася электраэнергiя амаль у 50 працэнтаў яе спажыўцоў. Не трэба нiкому даказваць, наколькi наша работа адказная i складаная, i мы робiм усё, каб не дапускаць промахаў у ёй, каб ствараць камфорт для насельнiцтва i наогул усiх нашых спажыўцоў. Асноватворныя пытаннi нашага калектыву — рацыянальнае выкарыстанне палiўна-энергетычных i матэрыяльных рэсурсаў, знiжэнне ўдзельных расходаў умоўнага палiва на выпрацоўку цеплавой i электрычнай энергii, як гэтага патрабуе Дырэктыва Прэзiдэнта краiны № 3, пры адначасовай мадэрнiзацыi вытворчасцi.

— У гэтай рабоце, напэўна, вы актыўна супрацоўнiчаеце з навукай?

— А як жа. Моцныя сувязi ў нас устанавiлiся з Беларускiм цеплаэнергетычным iнстытутам "Белэнергасеткапраектам", Беларускiм нацыянальным тэхнiчным унiверсiтэтам, Беларускiм навукова-даследчым праектным iнстытутам энергетычнай прамысловасцi, Гомельскiм тэхнiчным унiверсiтэтам iмя Сухога, групай вучоных з Санкт-Пецярбурга i г.д. Без навукi нам нiяк нельга ў пытаннях як мадэрнiзацыi, так i аховы навакольнага асяроддзя. Вось цяпер, напрыклад, займаемся пытаннямi манiторынгу выкiдаў. Вы бачылi ў нас тры дымавыя трубы, дзевяць энергетычных i адзiн вадагрэйны кацёл. На гэтым абсталяваннi-аб’ектах будуць устаноўлены прыборы для пастаяннага кантролю выкiдаў па iнгрэдыентах i прыняцця мераў для iх змяншэння. Наогул жа лiчу неабходным сказаць, што мы распрацоўваем i рэалiзуем цэлы шэраг праектаў, накiраваных на павышэнне надзейнасцi i эканамiчнасцi работы. Мы ўвесь час iдзём па шляху ўдасканальвання вытворчасцi.

— А што можна сказаць пра клопаты аб сваiх працаўнiках?

— Побач з асноўнай дзейнасцю на прадпрыемстве надаецца вялiкая ўвага паляпшэнню ўмоў работы i адпачынку людзей. Стан усiх памяшканняў адпавядае патрабаванням санiтарных правiлаў i нормаў. Маецца здраўпункт, трэнажорная зала. Функцыянуе сталовая, дзе харчуюцца не толькi работнiкi прадпрыемства. Ахвотныя аздаравiцца могуць зрабiць гэта ў санаторыях Мiнiстэрства энергетыкi, доме адпачынку "Васiлёк" РУП "Гомельэнерга". Шмат цiкавых мерапрыемстваў праводзiцца ў нашым Доме культуры энергетыкаў. За апошнiя пяць гадоў былi пабудаваны два дзевяцiпавярховiкi на 36 кватэр кожны, i 30 кватэр былi заселены нашымi работнiкамi пры долевым будаўнцтве з iншымi арганiзацыямi, што дазволiла зняць напружанасць у гэтым пытаннi. Пра развiццё фiзкультуры, спорту, мастацкай самадзейнасцi я ўжо i не кажу. Яно — на вышынi. Калектыў наш жыве паўнакроўным жыццём.

— Мы вiншуем ваш персанал з паўвекавым юбiлеем i жадаем яму ўсяго найлепшага.

— Дзякуй.

Матэрыял падрыхтаваў Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.

Лiчбы i факты

* Кастрычнiк 1958 года — пуск першага турбагенератара i катла. Першая турбiна забяспечыла святлом шэраг населеных пунктаў.

— 1961 год — увод у эксплуатацыю абсталявання першай чаргi: чатырох турбагенератараў i пяцi паравых энергетычных катлоў.

— 1966 год — былi ўведзены для прамысловага патэнцыялу горада магутнасцi другой чаргi — 140 атмасфер абсалютных: чатыры катлы i дзве турбiны.

— 1979 год — Васiлевiцкая ДРЭС перайменаваная ў Светлагорскую ЦЭЦ.

* 1985 год — пераход на новы вiд палiва — прыродны газ.

* 90-я гады — спад у вытворчасцi, звязаны з развалам былога СССР.

* 2000 год — пад’ём у эканамiчным росце.

* 2005—2006 гады — выканана рэканструкцыя турбiн № 3, 4, што палепшыла эфектыўнасць работы цеплавой схемы станцыi.Паважаныя калегi! 

 

Уся гiсторыя Васiлевiцкай ДРЭС — Светлагорскай ЦЭЦ звязана з надзейным забеспячэннем цеплавой i электрычнай энергiяй шматлiкiх спажыўцоў горада Светлагорска i энергасiстэмы Рэспублiкi Беларусь. Работу вашага калектыву цяжка пераацанiць. Без яе немагчыма жыццядзейнасць многiх прадпрыемстваў, арганiзацый, устаноў, тысяч людзей.

Вы працуеце стабiльна. У вас удала спалучылiся талент i мудрасць старэйшага пакалення, энтузiязм i запал моладзi. Працягваючы справу першапраходцаў-энергетыкаў мiнулага стагоддзя, вы набылi каштоўны шматгранны вопыт стваральнай працы, высока трымаеце сваю марку, з’яўляецеся ўзорам паспяховай работы, эфектыўнага гаспадарання. Так трымаць i далей!

Вiншую вас з паўвекавым юбiлеем прадпрыемства. Шчыра жадаю калектыву рабочых, IТР, кiраўнiцтву моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, светлага настрою, шчасця, новых працоўных перамог!  

АДРАС

247003, г. Светлагорск, фiлiял РУП "Гомельэнерга" Светлагорская ЦЭЦ.

Тэл. 8+(02342) 2 02 57.

УНН 400146977

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прадстаўляем суразмоўцу: Можна сказаць, што ўсё жыццё Анатоля Яўгенавiча, акрамя службы ў армii i вучобы ў Беларускiм ордэна Працоўнага Чырвонага Сця
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика