21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Канiцкая восень

26.08.2009 10:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Канiцкая восень

Лінiя жыцця

  Побач са старажытнымi руiнамi ў вёсцы Канiчы Касцюковiцкага раёна пабудуюць сучасную ферму

Чырвонае i залатое

...Раiса Цiмафееўна Маiсеенкава не заўважае навокал маляўнiчых развалiнаў. Яна на веласiпедзе цягне з крамы муку i цукар: сёлетняй восенню ў Канiчах так урадзiлi яблыкi, што тутэйшыя гаспадынi не спраўляюцца iх перапрацоўваць.

Усё жыццё Раiсы Цiмафееўны прайшло ў родных Канiчах — у старажытнай вёсцы з багатай гiсторыяй. Пенсiянерка з гордасцю паказвае на паўразбураны будынак з цёмна-чырвонай цэглы, якi ўпрыгожвае празрыстае золата восеньскага лiсця. Дрэвы абляпiлi сцены, растуць унутры будынка, але не закрываюць высока на фасадзе лiчбы — "1914".

— Гэта панскi бровар, — тлумачыць жанчына. — Тут выраблялi вiно, пiва, спiрт. А за савецкiм часам была МТС. Усе нашы руiны — гэта рэшткi гаспадаркi паноў Цеханавецкiх, якiх тут не бачылi стагоддзе. Цяпер жа, здаецца, i наша вёска на вымiранне iдзе: жыхароў яшчэ багата, але моладзi i дзяцей мала. Вось толькi калi хто прыедзе да нас на старажытнае дойлiдства паглядзець...

Раiса Цiмафееўна, былы брыгадзiр i дэпутат, цяпер шчыруе з яблычным варэннем для дзяцей, якiя з’ехалi адсюль. Старэйшы сын пакiнуў Канiчы нядаўна ў пошуках працы i перспектывы.

Наконт будучынi гэтай вёскi меркаваннi пакуль разыходзяцца: некаторыя чакаюць адраджэння Канiчаў у сувязi з пабудовай налета сучаснай фермы на тысячу дойных кароў, iншыя сумуюць з прычыны закрыцця мясцовай школы пасля гэтага навучальнага года.

Старажытнасцi на агародах

Настаўнiца гiсторыi з яшчэ дзеючага Канiцкага педагагiчнага калектыву школы-садка Ларыса Камкова жыве на беразе сажалкi — у месцы, дзе калiсьцi стаялi панскiя аранжарэi. Гавораць, што калi жыхары Канiчаў на ўласных агародах адкопваюць старажытныя падмуркi, то зусiм не лiчаць такую падзею за сенсацыю. Маўляў, прызвычаiлiся да руiнаў, да суседства мiнулага i сучаснага.

Аднойчы капанула на падворку i Ларыса: знайшла старажытныя ключы, абломкi прыгожых кветкавых гаршкоў, фрагменты кафлi. Гэтыя знаходкi i сталi пачаткам школьнага музея "Вытокi".

— Ёсць шмат народных паданняў наконт назвы Канiчаў, — расказвае настаўнiца. — Самае разумнае тлумачэнне — ад кiрмашу коней, Конiчы. Але самая прыгожая легенда — пра прыгажуню Каню i яе трагiчнае каханне. Нiбыта да панiча, якому не дазволiлi жанiцца высакародныя бацькi. Альбо да простага хлопца, якога застрэлiў таксама закаханы ў яе панiч. Выбiрайце, якi варыянт даспадобы. Але фiнал адзiн: дзяўчына кiнулася ў вiр на рэчцы. I на нашай Бе-сядзi сапраўды ёсць Сiнi вiр.

У 2001 годзе школа стала месцам святкавання 490-годдзя Канiчаў. Шкада, што да зусiм круглага 500-гадовага юбiлею сама школа не дажыве. Сёння тут вучыцца толькi 35 дзяцей, у першы клас пайшлi 4 вучнi. I ўсе разумеюць, што трымаць вялiкую школу для такой малой колькасцi вучняў фiнансава нявыгадна.

Дзецi будуць вучыцца ў суседнiм аграгарадку Новыя Саматэвiчы. Калiсьцi гэта новае паселiшча ўтварылi лiтаральна ў чыстым полi для перасяленцаў з забруджаных Саматэвiчаў. А ў Канiчах дасюль шкадуюць, што пасёлак не пабудавалi ў iх вёсцы, дзе было дастаткова вольнага месца i патрэбныя камунiкацыi.

У тым выпадку можна было б гучна казаць пра адраджэнне былой велiчы Канiчаў. А яна сапраўды была. Паводле гiстарычнага спiса, на атрыманне сялянамi зямлi пасля адмены прыгоннага права ў Канiчах было болей жыхароў, чым у Касцюковiчах, якiя сёння маюць статус горада i раённага цэнтра.

Канiчы нават маюць "вёску-сястру" ў Амурскай вобласцi. Выявiлася, што на пачатку XX стагоддзя падчас Сталыпiнскай рэформы вяскоўцы выехалi за Урал i там заснавалi Канiчы. Карта i лiсты нашчадкаў перасяленцаў, якiя цiкавяцца сваiмi каранямi, захоўваюцца ў школьным музеi.

Буслы над касцёлам

У вёсцы Канiчы ёсць пасёлкi з назвамi — як у горадзе мiкрараёны. Куляшоўка названа прозвiшчам першага пасяленца. Можа, гэта быў далёкi сваяк вядомага беларускага пiсьменнiка Аркадзя Куляшова, якi нарадзiўся непадалёк у Саматэвiчах i ўславiў Бе- сядзь?

А Мястэчкам называецца паселiшча каля вялiкага касцёла. Там сялiлiся заможныя людзi, мяшчане. Па-сучаснаму — прэстыжны раён. Яго цэнтр — вялiзны гмах касцёла, цяпер паўразбураны.

— У розных крынiцах ён запiсаны як будынак другой паловы XIX стагоддзя, але мы з гэтым нязгодныя, — каментуе знаўца мясцовай гiсторыi Ларыса Камкова. — Старажылы распавядаюць, што да разбурэння на iм быў надпiс — 1825 год. А назву касцёла нiхто не ведае.

Вядома толькi, што будаўнiчую пляцоўку касцёла пераносiлi з-за гiбелi чалавека. Людзi палiчылi гэта дрэнным знакам i пасунулiся ў iншае месца. Цэглу для касцёла перадавалi рукамi праз усю вёску: з цагельнi — да будоўлi.

Падчас Другой сусветнай вайны немцы, распавядаюць старыя, з касцёла вывезлi арган i абiтыя чырвоным аксамiтам лаўкi з моранага дуба. Не захавалiся да нашых дзён шыкоўныя вiтражы i каштоўныя фрэскi. Аднак i сёння, калi ад касцёла застаўся толькi касцяк з цэглы, ён робiць вялiкае ўражанне сваёй велiччу, вялiзнымi памерамi.

Над алтаром вырасла сасна, а на званiцы з разбуранымi лесвiцамi могуць трапiць цяпер толькi птушкi.

— Штогод буслы гняздуюцца на касцёле i ўсё клякочуць, — расказвае Раiса Маiсееўна. — Сёлета ў сям’i было чацвёра птушанят. Раней — толькi двое. I ўсё лета бацькi нястомна працавалi: яна ахоўвала, а ён насiў i насiў ежу. Тут самае бяспечнае месца.

Руiны касцёла, калi можна так сказаць, надзвычай моцныя. Калi б бомба ў вайну не трапiла прама ў касцёл, ён бы i цяпер стаяў. Будаўнiчыя растворы за панамi рабiлi на яйках i тварагу, вапну вытрымлiвалi гадамi. За Саветамi рэшткi касцёла хацелi разабраць на цэглу: рвалi тросы, ламалi трактары, але так нiчога i не атрымалася. Нiводнай цаглiны не ўдалося адкалупаць ад кладкi.

— Археолагi прыязджалi толькi на курганныя магiльнiкi, а помнiкамi архiтэктуры нiхто не цiкавiўся, — гаворыць Ларыса. — А тут павiнны быць склепы з пахаваннямi. Калi проста скочыць каля касцёла, то зямля гудзе так, нiбыта там пустоты.

Канiцкiя школьнiкi, зразумела, не адмаўляюць сабе ў задавальненнi аблазiць усе старажытныя руiны. Нездарма на ўцалелай сцяне касцёла з’явiўся эпахальны надпiс: "Здесь был рэпер".

— У касцёле быў падземны ход, але ён завалены смеццем, — паведамiла 8-класнiца Вольга Рыцiкава.

— Гавораць, што падземныя хады вялi ад касцёла да бровара, — падтрымаў аднакласнiцу Слава Мартыненка.

— А прывiды там ёсць?

— Няма, — цвёрда адказалi сучасныя падлеткi. — Мы нiколi не бачылi ў руiнах таямнiчыя зданi, таму што мы ў iх не верым!

Кафэ са скляпеннямi

Драўляная царква Нараджэння Багародзiцы, пабудаваная ў 1863 годзе, стаяла яшчэ дзясятак гадоў таму. Не так даўно яна проста ўпала, асела, засталiся адны сцены i, так бы мовiць, склад дроў. Мiж тым мясцовае насельнiцтва нiводнага кавалка дрэва ад царквы не бярэ на гаспадарчыя патрэбы, бо лiчыць гэта цяжкiм грахом.

Царква перастала працаваць у 1920-я, там захоўвалi ўгнаеннi. Апошняга святара, вельмi адукаванага чалавека i знаўцу замежных моў, улады раскулачылi.

Ад панскага маёнтка, двухпавярховага белага будынка, засталося толькi некалькi камянёў ды алеi са старых лiпаў i клёнаў. Суконную фабрыку, дзе выраблялi прадукцыю з поўсцi iспанскiх авечак, з сучаснiкаў нiхто i не бачыў.

Затое у былых гаспадарчых памяшканнях маёнтка i цяпер месцiцца вясковая крама. А ў складскiм будынку бровара было праўленне саўгаса, якiм кiраваў Дзмiтрый Сяргеевiч Цiмашэнка. Сёння ён узначальвае Бялынкавiцкi сельскi Савет, але старажытныя скляпеннi ў былой канторы паказвае ўсiм цiкаўным.

— У Канiчах жыве 350 чалавек, i каля паловы — пенсiянеры, — дае справаздачу старшыня. — Спадзяёмся, што новая ферма ажывiць вёску. Цяпер жа людзi працуюць у школе, ляснiцтве, сацыяльнымi работнiкамi альбо ездзяць у Расiю на будоўлi. Маё перакананне: хто хоча — працу знойдзе i на жыццё заробiць.

Хоць апошняе наваселле ў Канiчах было больш за дзесяць гадоў таму, а сёлета 14 чалавек памерла i толькi 1 нарадзiўся, Дзмiтрый Сяргеевiч спадзяецца на адраджэнне вёскi.

— Такое прыгожае месца: дзве ракi, старажытнасцi, грыбы да ягады ў навакольных лясах, чыстае паветра i спакой, — пералiчвае выгоды Цiмашэнка. — Калi б былi блiжэй да сталiц, ужо даўно прадпрымальныя людзi знайшлi б, як гэта выкарыстаць.

Школьнiкi са сваiмi настаўнiкамi таксама думаюць пра будучыню Канiчаў. Яны нават праект прапанавалi: што можна зрабiць з рэшткаў старога бровара. Напрыклад, кавярню.

— Мы пралiчылi працэнт разбурэння i колькi грошай патрэбна на ажыццяўленне такога праекта.

— I колькi?

— Ну, шмат. Але зразумейце, што такой вёскi, як нашыя Канiчы, больш няма. У нас незабруджаная радыяцыяй зона. Тут можна сумясцiць гiсторыю i экатурызм.

— I хто-небудзь зацiкавiўся вашым праектам?

— Мы занялi другое месца на конкурсе, атрымалi грамату. Мы проста iмкнулiся пераканаць усiх, што мы маем права жыць на сваёй зямлi.

— Мне здаецца, што справа тут не толькi ў грашах, але i ў зацiкаўленых людзях, — падкрэслiвае Ларыса Камкова. — Трэба ставiць на парадак дня праблему адраджэння нацыянальнай культуры.

Канiчы на ростанях

— Калi я дажыву да пенсii, пайду жыць у Канiчы, — з усмешкай абяцае малады i энергiчны ксёндз Анджэй Далянскi з Касцюковiчаў.

Ён зрабiў незвычайную выставу ў гасцёўнi парафii: фота гiстарычных месцаў i на асобных маленькiх палiцах — камянi з iх. Ёсць там i палiца Канiцкага касцёла.

Пад кiраўнiцтвам ксяндза валанцёры з рымска-каталiцкай парафii Святой Тройцы цяпер прыбiраюць тэрыторыю касцёла ад смецця i пустазелля.

Што датычыцца канiцкiх паноў Цеханавецкiх, то яны заўсёды жылi ў Польшчы, у беларускую глыбiнку наведвалiся зрэдку, але мясцовае насельнiцтва лiчыла iх вельмi добрымi людзьмi. Яны зусiм кiнулi Канiчы пасля першай рускай рэвалюцыi, у 1905 годзе.

Ксёндз Анджэй зацiкавiўся радаводам Цеханавецкiх, калi напрыканцы 1990-х гадоў убачыў склеп з гэтым прозвiшчам на каталiцкiх могiлках у Магiлёве. Магiлёўскiя i канiцкiя Цеханавецкiя — гэта, хутчэй за ўсё, дзве сваяцкiя галiны.

— Я даведаўся, што iх нашчадкi жывуць у Англii, — расказаў Далянскi. — Адзiн з iх прыязджаў у Нясвiж на перапахаванне аднаго з Радзiвiлаў. Яго нiбыта запрашалi ў Канiчы, але ён не паехаў.

Можа, гэта страх перад рэвалюцыяй i сялянскiм бунтам, якi перадаваўся з пакалення ў пакаленне?..

— Некалькi гадоў таму ў Канiчы нiбыта прыязджаў нашчадак Цеханавецкiх, — паведамiў старшыня сельскага Савета. — Мужчына сталага ўзросту паглядзеў на руiны, паўздыхаў ды i паехаў.

— А наконт будучынi Канiчаў хачу сказаць наступнае, — працягнуў ксёндз Анджэй. — У маiм дзяцiнстве ўся Польшча перажывала праблему: людзi кiдалi вёскi i з’язджалi ў вялiкiя гарады. Але сёння многiя вяртаюцца назад. У горадзе на ўсiх не хопiць месца i паветра. Немагчыма, каб пераехалi ўсе, але нават калi так здарыцца — людзi абавязкова вернуцца. Калi-небудзь ажывуць i Канiчы. Я веру, што ажыве i старажытны касцёл. Можа, я i не дажыву да гэтага, але мы нiколi не дапусцiм, каб ён упаў.

— Прыязджайце ў нашы Канiчы вясной, i тады паверыце ў iх лепшую будучыню, — раiць Ларыса Камкова. — Наша вёска ўвесну мяняе сваё аблiчча: сакавiтая зелянiна i кветкi "да твару" старажытным руiнам i сучасным дамам. Усё квiтнее месяцы два: бэз, яблынi... Спяваюць птушкi, ажывае прырода. Так i мы ажывём!

Пакуль жа на панскай алеi векавыя дрэвы скiдваюць убранне: жоўтае лiсце круцiцца ў паветры, засыпае дарогу. I здаецца, што недзе там, удалечынi, iдзе канiцкi чалавек. Пакуль незразумела лiнiя руху — насустрач ён iдзе альбо сыходзiць. Як яшчэ не вызначана лiнiя жыцця ўнiкальных Канiчаў.

Iлона Iванова.

Касцюковiцкi раён.

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Раiса Цiмафееўна Маiсеенкава не заўважае навокал маляўнiчых развалiнаў. Яна на веласiпедзе цягне з крамы муку i цукар: сёлетняй восенню ў Канiчах т
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика