21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Іван — Пiлiпаў сын

26.08.2009 10:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Іван — Пiлiпаў сын

Цераблiчы ляжаць на "тым" — баку Прыпяцi, але на "гэтым" беразе Моствы. Рака Моства, калi ўважлiва паглядзець на карту — гэта мяжа, за якою да самай Украiны населеных пунктаў няма, а толькi балоты i балоты. У памiжрэччы, па сутнасцi, размясцiўся ўвесь Столiнскi раён, але вёска Цераблiчы — з крайнiх, блiжэйшых да памежжа, што якраз i адпавядае рубрыцы "Абрысы Айчыны". Даследчыкi матэрыяльнай i духоўнай спадчыны лiчаць, што Столiншчына — гэта магутны этнакультурны пласт са старажытнымi i дагэтуль жывымi каранямi. Мова, поўная дыялектаў, архiтэктура, прылады працы, характэрныя рамёствы, культавыя традыцыi i абрады — яно ўсё на паверхнi i арганiчна знiтавана з сучаснасцю. I першая прычына гэткай столiнскай захаванасцi — менавiта прыродныя ўмовы, якiя i вызначалi паводзiны людзей, тыпаж, i рысы твару. Цераблiчы, як i суседнiя памежныя вёскi Кароцiчы, Аздамiчы, Мочуль, Велямiчы (пальцаў адной рукi хапае пералiчыць) верагодней за ўсё ўзнiклi на месцах, асвоеных старажытнымi плямёнамi, i вядуць свой адлiк з дахрысцiянскiх часоў. Кожная з гэтых вёсак мае сваю ўласную характарыстыку ў неафiцыйнай назве, як i кожны жыхар завецца адпаведна старажытнаму роду. Цераблян спрадвеку называлi "керкунамi" (назва паходзiць ад паводзiнаў дзiкай качкi).

Але шырокую вядомасць вёска набыла ў наш час дзякуючы ўнiкальнаму мастаку-разьбяру, якi жыве тут ад нараджэння i стварае драўляныя скульптуры толькi адным iнструментам — сякерай. Нiякiх iншых прылад i разцоў гэты мастак не прымяняе i не прызнае. Такiх умельцаў у краiне сапраўды больш няма. Наступныя эпiтэты пра яго не мною, дарэчы, прыдуманы: Iван Супрунчык — адметнасць нацыянальнай культуры, лiчаць этнографы, супрацоўнiкi Акадэмii навук i чыноўнiкi Мiнiстэрства культуры. Яго працы — творы высокай мастацкай вартасцi, iх захоўваюць многiя музеi краiны, а прозвiшча — у энцыклапедыях, каталогах i навуковых манаграфiях. Сапраўды, кожны беларускi этнограф лiчыў за гонар даехаць да Цераблiчаў i "адкрыць" свету Iвана Супрунчыка. А ён, нягледзячы на сваю знакамiтасць, здолеў застацца самiм-сабою, са сваiм непадробным стылем жыцця i творчасцi, у спрадвечным коле штодзённых вясковых клопатаў. Не кiдаўся ў горад "рэалiзавацца" i "раскрываць" свой талент. Не дамагаўся званняў i прывiлей. Але дзякуючы гэтаму чалавеку сёння ў Цераблiчах ёсць самабытны музей, а ў вёску вядуць турыстычныя маршруты.

Колькi б нi прыяджаў у Столiнскiя Цераблiчы, заўсёды застаю Iвана за працай. Заўсёды ён пры справе: хату прыбудоўвае, самаробны трактар рамантуе. Гэтым разам пiлаваў дошкi на цыркулярцы. Адрываць ад хатнiх спраў вясковага жыхара няёмка, але гаспадар, збiваючы пыл з вопраткi, кажа: "Працу нiколi не пераробiш". Запрашае ў хату i першай справай садзiць госця за стол, шчодра сiлкуе i толькi тады вядзе ў музей, дзе ён i дырэктар, i навуковы супрацоўнiк, i аўтар мноства драўляных скульптур. Ён жа калекцыянер i захавальнiк мноства прадметаў цераблiцкай даўнiны.

Музей этнаграфii i побыту — такая афiцыйная назва музея, якi пачынаўся некалi пад дахам вясковай бiблiятэкi — трыццаць шэсць гадоў ёю загадваў Iван. Каб аздобiць iнтэр’ер памяшкання, ён ставiў сваё разьбярства сярод кнiжных палiц i па кутах. Вяскоўцы прыходзiлi не толькi пагартаць газеты i ўзяць дахаты кнiжку, але i паглядзець на "сякерную" работу бiблiятэкара, бо Iван у драўляных скульптурах паказваў сваiх аднавяскоўцаў, хоць нiколi знарок не падкрэслiваў iх падабенства, само-сабою атрымлiвася. Партрэты былi пазнавальнымi. А сякеры i сапраўды хапала, каб бервянцовы кавалак "ажываў" канкрэтным вясковым персанажам. Цераблянам падабаўся гэты своеасаблiвы вясковы летапiс, бо Iван-летапiсец паказваў найперш сялянскую долю i паляшуцкую вынаходлiвасць, увогуле ён заўсёды славiў простага чалавека за яго працу i цярпенне. У драўляных выявах сябе пазнавалi ваенныя ўдовы, сейбiты, жнеi, пчаляр-бортнiк, палясоўшчык i дрывасек, рыбак, вясковыя музыкi... Некалькiмi дакладнымi рухамi сякеры ў яго атрымлiваецца зрабiць твар чалавека i падкрэслiць на iм цi ўсмешку, цi задумны настрой. Але галоўнае, разьбяру заўсёды ўдаецца перадаць душэўны стан героя, а гэтага ўдаецца дасягнуць не кожнаму майстру. Цяпер бiблiятэка знаходзiцца ў iншым месцы, а музейная экспазiцыя запоўнiла ўсю залу i складаецца з некалькiх дзясяткаў з малых, з далонь, да вялiкiх, у рост чалавека, скульптур. Колькi ж увогуле зрабiў iх насамрэч, майстар не ведае. Ён нават не iмкнуўся весцi хоць якую-небудзь храналогiю. Колькi тут унiкальных рэчаў колiшняга паляшуцкага побыту, якiмi валодаюць нават не кожны дзяржаўны музей. Напрыклад, ёсць вогнiкi для здабывання агню, якiм не менш за 200 гадоў, цi драўляныя лыжы для палявання, таксама надзвычай старажытныя. Каб увесцi ў музейную прастору, Iван пачынае расповед з калекцыi размаляваных скульптур пад назваю "Радаводы вёскi", дзе кожная фiгура абазначае пачынальнiка роду. Столькi радаводаў у адной вёсцы сустракаць мне яшчэ не даводзiлася. А якая моўная смаката чуць i прамаўляць гэтыя старажытныя назвы(!): Борысы, Клубы, Казакi, Ковбасы, Мовсее, Аўсяе, Кормiльцы, Стральцы, Макады, Мельнiкi, Лiхваны, Погоды, Хвеськi, Карпы, Кашэўскiя. Як сведчыць легенда, якую Iван адрадзiў i абавязкова ўсiм распавядае, цераблiцкiя радаводы адпаведна рысам характару вызначыў мудрэйшы з жыхароў Лiхван Лiхваня. З радаводнага букета складаецца i сённяшняе насельнiцтва Цераблiчаў — амаль 1200 чалавек.

Сам жа Iван паходзiць па матулiнай галiне з роду Кашэўскiх, па бацькавай належыць да Стральцоў. Але свайго таты Iван не памятае — ён загiнуў на вайне, калi сыну было толькi i роўна два гадочкi. Iван нарадзiўся 23 кастрычнiка 1942 года, а 23 кастрычнiка 1944-га Пiлiп Фядотавiч Супрунчык забiты пад Зялёнай Гурай. Узрост яго быў трыццаць чатыры гады.

"Перад адыходам на фронт тата патрымаў мяне на руках, сказаў, што можа ў апошнi раз бачыць" — перадае Iван матулiны ўспамiны. Бацька быў добрым скрыпачом i старэйшыя жыхары дагэтуль памятаюць, як ён iграў на вяселлях. Iван заўсёды ганарыўся гэтай творчай акалiчнасцю роду, што i яму перадалася ад продкаў кропля таленту.

Маляваць хлопчык пачаў рана, гадоў з васьмi, а ў дзевяць цi дзесяць зрабiў першую скульптуру. Гэта быў бюст... Сталiна. Юны мастак заўсёды хадзiў з папкай i нешта маляваў. Але выбiцца ў вялiкi мастакоўскi свет хлопцу не дазвалялi абставiны. Трэба было дапамагаць мацi. Што павiнен быў рабiць бацька, легла не толькi на братоў, але i на яго плечы. У вёсцы чалавека паважалi не затое, што ўмее маляваць цi спяваць, а як ён спраўляецца на сваiм падворку. Нарыхтоўка дроў, сена, агароднiцтва i будоўля — усё ўмелi i рабiлi Iванавы рукi. Нездарма кола яго мастацкiх вобразаў адлюстроўвае зразумелае яму народнае жыццё. Як сапраўдны гаспадар, ён нiчога не рабiў выпадкова, без неабходнай жыццёвай мудрасцi. Захапленне разьбярствам было арганiчным спалучэннем працы i адпачынку, калi можна такое паняцце прымяняць да стыхii колiшняга вясковага жыцця.

Адной з першых Iванавых прац, па-сапраўднаму ацэненых аднавяскоўцамi, сталi помнiкi-скульптуры франтавiкам, якiя не вярнулiся з вайны. Каля двара, дзе калiсьцi жыла цётка, дагэтуль захавалася пазелянелая ад часу кампазiцыя з трох салдатаў i партрэтам жанчыны, якая чакае з вайны сваiх трох сыноў-салдатаў Кастуся, Яфiма i Васiля. Помнiк-сiмвал паставiў Iван i каля сваёй хаты, дзе побач з выявай салдата ёсць выява скрыпкi. Гэта вобраз яго бацькi, твар якога Iван ведаў толькi па адзiным фотаздымку. З вайны ў Цераблiчы не вярнулiся 44 мужчыны...

На многiх прысядзiбных Iванавых помнiках па цераблiцкай традыцыi павязаныя стужкi. Звычайна стужкi павязваюцца на Радаўнiцу. Я бачыў iх i на крыжах формы мальтыйскага ордэна, якiя яшчэ захавалiся на старых вясковых могiлках. I на помнiку Iванавай мацi — вялiкай драўлянай скульптуры на новых могiлках. Гэты помнiк — апошняе, чым майстар яшчэ раз цiкава нагадаў пра сябе. I зроблены ён у непаўторным Супрунчыкавым стылi, той жа адзiнай сякерай, з тым жа глыбокiм пачуццём сынавага абавязку. Тым больш што мацi Аксiння Сцяпанаўна, якая пражыла 88 гадоў i 44 з iх была ўдавою, прасiла не ставiць на яе магiле каменны помнiк.

"Я доўга шукаў у лесе дрэва, знайшоў гэты дуб i зрабiў", — без фiласофскiх разважанняў кажа Iван пра стварэнне помнiка, хоць без фiласофскiх алегорый яму не абысцiся, бо ў руках жанчына трымае скрутак палатна. "Гэта дарога, сатканая яе жыццём", — тлумачыць майстар.

У вераснi-кастрычнiку насельнiцтва Цераблiчаў жыве сезоннымi клопатамi — нарыхтоўкай журавiнаў. У асноўным гэта справа жанчын. Яны iдуць i едуць на балота не так i далёка — усяго за 15-20 кiламетраў, каб за дзень управiцца. Пад Мерлiнскiя хутары дабiраюцца толькi тыя, хто збiраецца на тыдзень i тым больш на месяц. Як правiла гэта ўкраiнцы, якiя едуць на журавiнавыя заробкi цэлымi сем’ямi. Асноўная дарога i на Мерлiнскiя хутары, i на Альманскiя балоты праходзiць якраз праз Цераблiчы. Гэта была адзiная дарога на колiшнi авiяцыйна-бомбавы палiгон Варшаўскага Дагавора. Па ёй эвакуявалi ў 60-х гадах хутарское насельнiцтва з балот, завозiлi тэхнiку для мiшэняў, i расцягвалi хто мог тую ж тэхнiку — аўтамабiлi, танкi, самалёты — пасля вываду палiгона з карыстання. Было гэта ў сярэдзiне дзевяностых. Цяпер дарогай карыстаюцца лясгас i паляўнiчыя, за Сцвiгаю нарыхтоўваюць сена i пасуць грамадскi статак церабляне. Пад самы вечар па высокай насыпанай дарозе ў вёску брыдуць з поўнымi катомкамi ягаднiцы. Як мiнiмум за плячыма ў кожнай 20 кiло журавiнаў. Iх ужо чакаюць нарыхтоўшчыкi. На фоне адсутнасцi працы гэта не горшы сродак для папаўнення сямейнага бюджэту. Хто-хто, а "керкуны" не губляюць дадатковай, а для кагосьцi i адзiнай крынiцы зарабiць. Вясною Цераблiчы заўсёды падпiрала паводка, але пасля апошняй вялiкай вады ўвесну 1999 года раку Моству адвялi ад вёскi i з паўднёвага боку насыпалi дамбу. Цяпер цяраблянам застаецца з сумам прыгадваць непаўторную колiшнюю прыгажосць — абмялелая рака нагадвае канаву.

"Калiсьцi тут вадзiлiся мядзведзi, нашы продкi былi добрымi стральцамi i ўдзельнiчалi ў Радзiвiлаўскiх паляваннях, магчыма таму старая частка Цераблiчаў мае назву Стральцы", — разважае Iван i бярэ ў рукi яшчэ адзiн унiкальны экспанат невядома якiх часоў — драўляны паляўнiчы рог. Гук з рога аксамiтны, крыху глухаваты, нiбы асiплы голас гiсторыi. Але хто яго сёння чуе i разумее, як Iван Супрунчык?.. Добра i тое, што яшчэ ў таго-сяго на гарышчы захоўваюцца вось такiя экспанаты. Iван Пiлiпавiч ўсмiхаецца i нясе рог на месца.

А вёска гэтым часам жыве сваiм традыцыйным i звычайным жыццём: бягуць са школы дзецi, сумуе каля камерцыйнага кiёска прадавачка, будаўнiк Генадзь Петрусевiч рамантуе суседу комiн, колiшнi дарожны рабочы Пятро Наскевiч гонiць каня на поплаў, а трохгадовы хлопчык Мiша з цiкаўнасцю пазiрае, як яго дзед пераворвае агарод... Гэта тое, што заўважыў я мiмаходзь, праязджаючы з канца ў канец вёскi, ад Стральцоў да новага "мiкрараёна" з "прэзiдэнцкiмi" дамамi. А колькi можна было б яшчэ ўбачыць, затрымайся тут даўжэй. Iван распавёў пра вясельны абрад, якi бытуе ў Цераблiчах. Маладога за вясельным сталом садзяць на падушкi, а маладая пакрывае галаву "сарпанком" — найтанчэйшага ткання хусткай. Гэтым сарпанком звязваюць маладых, каб моцнай была сям’я. Мо таму i сапраўды сем’i тут рэдка распадаюцца. Уяўляю сабе малюнкi колiшняга жыцця, цiкава намаляваныя Iванам на паперы i выстаўленыя ў музеi. Калi дзяўчыне спаўнялася 12 (!) гадоў, бацька садзiў яе на калёсы, вазiў па сяле i казаў, што дзеўка ўжо "паспела", прасiў прысылаць сватоў. А павiтуху ў Цераблiчах i летам, i зiмою вазiлi толькi на санках. I гэты сюжэт таксама не застаўся па-за творчымi iнтарэсамi мастака. На жаль, многiя звычаi нават у глыбокiм Палессi згубiлiся i не запатрабаваныя ў сучасным жыццi, але Iван iх "рэстаўруе" ў сваiх малюнках i скульптурах, бо, хто ведае, цi не вернуцца да iх наступныя пакаленнi, каб не быць насельнiцтвам без роду i племенi. За ўнiкальнасць i творчае вырашэнне захавання мiнуўшчыны музею Iвана дзевяць гадоў таму прысвоена званне "народнага", а сам Iван — член саюза народных майстроў — за шматгадовую творчасць у 2000 годзе быў адзначаны спецыяльнай прэмiяй Прэзiдэнта нашай краiны.

Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цераблiчы ляжаць на "тым" — баку Прыпяцi, але на "гэтым" беразе Моствы. Рака Моства, калi ўважлiва паглядзець на карту — гэта мяжа
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика