Губернатар Смаленскай вобласці Сяргей Антуф’еў: "Беларусам трэба пераадолець псiхалагiчны бар’е
Губернатар Смаленскай вобласці Сяргей Антуф’еў: "Беларусам трэба пераадолець псiхалагiчны бар’ер"
Сёння па статыстыцы на аднаго жыхара Смаленскай вобласцi прыпадае 20 тысяч кВт-гадзiн электраэнергii ў год, пры тым што ў сярэднiм па Расiйскай Федэрацыi гэты паказчык не перавышае 5 тысяч кВт-гадзiн. Такiх высокiх лiчбаў вобласць дасягнула дзякуючы рабоце Смаленскай атамнай электрастанцыi. Смаленская АЭС — адно з вядучых энергетычных прадпрыемстваў Паўночна-Заходняга рэгiёна Расii. Штогод яна выдае ў энергасiстэму РФ каля 20 млрд кВт-гадзiн электрычнай энергii. Гэта прыкладна сёмая частка ўсёй электраэнергii, што выпрацоўваецца дзесяццю атамнымi станцыямi Расii. Смаленская АЭС — найбуйнейшае горадаўтваральнае прадпрыемства вобласцi, на долю якога прыходзiцца больш за 30 працэнтаў паступленняў у абласны бюджэт. — Пасля таго, як у 1982 годзе быў уведзены ў эксплуатацыю першы блок Смаленскай АЭС, наша вобласць атрымала магутны стымул да эканамiчнага развiцця, павысiла свой статус, стала рэгiёнам з сур’ёзным iндустрыяльным патэнцыялам, — расказаў беларускiм журналiстам губернатар Смаленскай вобласцi Сяргей Антуф’еў на прэс-канферэнцыi, што прайшла ў межах прэс-тура саюзных СМІ па перайманнi вопыту будаўнiцтва i эксплуатацыi атамных электрастанцый. — Цяпер агульная магутнасць САЭС — 3000 МВт. Дзякуючы ўводу яе ў строй, забяспечанасць вобласцi электраэнергiяй у тры разы перавысiла яе патрэбы. Паводле слоў губернатара, атамная электрастанцыя — сур’ёзны эканамiчны капiтал i адначасова — своеасаблiвы iнкубатар таленавiтых людзей, прафесiяналаў вышэйшай квалiфiкацыi. За больш чым 20-гадовы працоўны стаж Смаленская АЭС прадэманстравала надзейнасць сваiх рэактараў. Па тэхнiка-эканамiчных паказчыках, радыяцыйнай бяспецы, ступенi ўздзеяння на навакольнае асяроддзе яна неаднаразова прызнавалася адной з лепшых атамных станцый Расii. За ўвесь час эксплуатацыi радыяцыйны фон на пляцоўцы размяшчэння станцыi i ў кантралюемай 30-кiламетровай зоне не павышаўся i цяпер знаходзiцца на ўзроўнi натуральнага фону (0,09—0,13 мкЗв/гадзiну). Як падкрэслiў Смаленскi губернатар, САЭС — экалагiчна чыстае прадпрыемства, якое не аказвае шкоднага ўздзеяння на людзей i асяроддзе. Асаблiвая ўвага тут надаецца мерам бяспекi. Усе тры энергаблокi станцыi абсталяваны сiстэмай лакалiзацыi аварый, якая выключае выкiды радыеактыўных рэчываў. Спецыяльныя сiстэмы забяспечваюць надзейны адвод цяпла ад рэактараў нават пры поўнай страце станцыяй электразабеспячэння з улiкам магчымых непаладак абсталявання. Абарона ад радыеактыўнага ўздзеяння пабудавана па прынцыпе паслядоўных бар’ераў, спраўнасць i стан якiх кантралююцца аўтаматычнымi сiстэмамi кантролю i персаналам станцыi. Сёння Смаленская атамная станцыя лiчыцца адной з самых надзейных не толькi на тэрыторыi Расiйскай Федэрацыi, але i Еўропы, падкрэслiў губернатар. На яго думку, у многiм гэта абумоўлена высокай квалiфiкацыяй персаналу станцыi. Нездарма менавiта на Смаленскай АЭС у свой час быў створаны першы трэнiровачна-вучэбны цэнтр для падрыхтоўкi персаналу ўсiх расiйскiх атамных электрастанцый (сёння кожная АЭС мае свой вучэбны цэнтр). Жыхары населеных пунктаў, размешчаных у 30-кiламетровай зоне вакол станцыi, у тым лiку i горада-спадарожнiка САЭС Дзеснагорска, маюць 50-працэнтныя льготы на аплату электраэнергii. Паводле слоў Сяргея Антуф’ева, многiя заходнiя краiны ўжо адмовiлiся ад такiх прэферэнцый i ад самога паняцця 30-кiламетровай зоны бяспекi. — Мы перастрахоўваемся, бо ў свой час нас усiх напалохаў Чарнобыль, — патлумачыў кiраўнiк адмiнiстрацыi Смаленскай вобласцi. Пры гэтым ён заўважыў, што ў жыхароў Смаленскага рэгiёна ў цэлым i ў дзеснагорцаў у прыватнасцi няма той радыяфобii, якая ўсё яшчэ пануе ў Беларусi пасля аварыi на ЧАЭС: — Для беларусаў, калi вы збiраецеся ўзводзiць сваю АЭС, вельмi важна пераадолець псiхалагiчны бар’ер. А для гэтага трэба адпаведным чынам падрыхтаваць грамадскую свядомасць. Многiя страхi з’яўляюцца ад недахопу iнфармацыi. Калi iнфармацыi нестае — яе нiшу запаўняюць чуткi. На Смаленскай АЭС сёння эксплуатуюцца тры энергаблокi з уран-графiтавымi рэактарамi РВМК-1000 (рэактар вялiкай магутнасцi канальны) на цеплавых нейтронах другога i трэцяга пакаленняў. Электрычная магутнасць кожнага — 1000 МВт, цеплавая — 3200 МВт. Праектная гадавая выпрацоўка электраэнергii САЭС — 21 млрд кВт-гадзiн. Спажыванне на ўласныя патрэбы не перавышае 8,5 працэнта ад усёй вырабляемай электраэнергii. Першы энергаблок САЭС быў уведзены ў 1982 годзе (праектны тэрмiн заканчэння яго эксплуатацыi — 2012 год), другi — у 1985-м (праектны тэрмiн заканчэння эксплуатацыi 2015 год), трэцi — ў 1990-м (тэрмiн заканчэння эксплуатацыi — 2020 год). Для падаўжэння работы Смаленскай АЭС на станцыi рэгулярна праводзяцца планавыя i бягучыя рамонты па рэканструкцыi i мадэрнiзацыi абсталявання. Аднак урадам Расii даўно прынята рашэнне аб будаўнiцтве другой атамнай станцыi на тэрыторыi Смаленскай вобласцi. Гэты праект уключаны ў расiйскую праграму развiцця атамнай энергетыкi. Увод у эксплуатацыю САЭС-2 плануецца пасля 2010 года. Размяшчацца яна будзе за 6 км ад дзеючай станцыi ля вёскi Пяцiдворка. Тып энергаблока ўдакладнiцца па вынiках тэхнiка-эканамiчнага абгрунтавання. Як патлумачыў беларускiм гасцям намеснiк галоўнага iнжынера САЭС па эксплуатацыi Уладзiмiр Захаранкаў, праектам атамных станцый з рэактарам тыпу РВМК (у тым лiку i Смаленскай) прадугледжваецца доўгатэрмiновае захоўванне адпрацаванага ядзернага палiва на пляцоўках АЭС. На некалькi гадоў яно змяшчаецца ў басейнах вытрымкi пры рэактарах. Пры гэтым адбываецца iстотны спад рэшткавага цеплавыдзялення i актыўнасцi. Потым адпрацаванае ядзернае палiва перавозiцца ў спецыяльнае сховiшча, дзе захоўваецца ў спецпеналах пад слоем вады 35-40 гадоў. Пасля гэтага тэрмiну плануецца перавод адпрацаванага палiва на сухое захоўванне ў Цэнтралiзаванае сховiшча, якое цяпер будуецца ў Краснаярскiм краi. Што датычыцца радыеактыўных адходаў, якiя ўтвараюцца пры эксплуатацыi атамных рэактараў любых тыпаў, усе яны збiраюцца, сартуюцца, перапрацоўваюцца i адвозяцца на спецсховiшчы. На Смаленскай АЭС сёння працуе каля пяцi тысяч чалавек, чвэрць з якiх — моладзь. Сiстэма сацыяльных iльгот i гарантый грунтуецца на карпаратыўным i галiновым пагадненнях, на калектыўным дагаворы. Яна рэалiзуецца праз медыцынскае абслугоўванне, добраахвотнае страхаванне i страхаванне ад няшчасных выпадкаў ў быце i на вытворчасцi, праз рэабiлiтацыю i сацыяльна-курортнае забеспячэнне, недзяржаўнае пенсiйнае забеспячэнне i жыллёвую праграму. Калектыўны дагавор прадугледжвае дадатковыя льготы i гарантыi работнiкам САЭС i членам iх сем’яў. Сёння ў Рэспублiцы Беларусь доля iмпартуемых энергарэсурсаў складае каля 85 працэнтаў. Практычна ўвесь газ, што спажываецца ў краiне, а таксама большая частка нафты ўвозяцца з Расii. Будаўнiцтва ўласнай атамнай электрастанцыi дазволiць знiзiць залежнасць ад iмпарту энергарэсурсаў i забяспечыць краiну адносна таннай энергiяй. Паводле разлiкаў Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, увядзенне ў энергабаланс АЭС сумарнай электрычнай магутнасцю 2 тыс. МВт дазволiць задаволiць каля 25 працэнтаў патрэбаў краiны ў электраэнергii i прывядзе да знiжэння яе сабекошту на 13 працэнтаў за кошт скарачэння затрат на палiва. Iнга МIНДАЛЁВА. Мiнск — Смаленск — Дзеснагорск — Мiнск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння па статыстыцы на аднаго жыхара Смаленскай вобласцi прыпадае 20 тысяч кВт-гадзiн электраэнергii ў год, пры тым што ў сярэднiм па Расiйскай Федэра |
|