21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Баркалабаўскія падмуркi

26.08.2009 10:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Баркалабаўскія падмуркi

Магiлёўскiя археолагi цяпер дакладна ведаюць, як выглядала адна з вялiкiх праваслаўных святынь Беларусi XVІI стагоддзя. А манахiнi, якiя пасялiлiся на Быхаўшчыне, iмкнуцца яе адрадзiць.

...На беразе Дняпра непадалёк ад вёскi Баркалабава старанна корпаюцца ў зямлi маладыя людзi. Нягледзячы на халодны вецер i досыць легкадумнае адзенне, моладзь за працай смяецца i па-беларуску падпявае мабiльнiку.

Студэнты Магiлёўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта лiчаць археалагiчныя раскопкi вельмi цiкавай справай, i пад рукамi ўпартых капальнiкаў паступова праступаюць старажытныя скляпеннi.

— Тут была царква Святога Iаана Прадцечы, альбо, як папросту казалi беларусы, Iвана Галавасека, — тлумачыць загадчык кафедры археалогii i спецыяльных гiстарычных дысцыплiн МДУ Iгар Марзалюк. — Гэта быў першы храм Баркалабаўскага праваслаўнага жаночага манастыра. Ён быў пабудаваны ў 30-х гадах XVII стагоддзя.

Марзалюк глядзiць на пляцоўку, дзе хаатычна раскiданыя валуны ды вялiзная цэгла, i расказвае пра храм, нiбыта бачыць яго насамрэч. Вось тут была званiца — бачыцца падмурак вежы. Роўныя лiнii сцен, прыбудова з хрысцiльняй, рэшткi трох печак.

— Паглядзiце, — Iгар трымае на далонi толькi што раскапаны керамiчны кавалак, якi праз стагоддзi захаваў колеры — бiрузовы, жоўты i трохi ружовага. — Гэта фрагмент палiхромнай маёлiкавай кафлi. Ёй былi аблiцаваныя печы ў храме, якi быў цёплы. Мы сабралi тут сотнi падобных кавалкаў. На iх ёсць фрагменты герба Магiлёва. Тут працавалi магiлёўскiя майстры i рабiлi для гэтага храма ўсё самае дарагое, багатае i шыкоўнае на той час.

Баркалабава — старажытны рэлiгiйны i культурны цэнтр Беларусi. Праваслаўны манастыр быў заснаваны на прыватных землях князёў Вялiкага Княства Лiтоўскага Саламярэцкiх, уплывовага беларускага роду. Менавiта тут пiсаўся знакамiты Баркалабаўскi летапiс — унiкальны помнiк беларускага летапiсання. У манастыры захоўваўся абраз Мацi Божай Баркалабаўскай, якi i сёння праваслаўныя вернiкi лiчаць цудатворным.

Храмы былi разбураныя ў савецкi час. Манастыр, якi называўся Свята-Вазнясенскiм, знiшчылi ў 1928 годзе. Некаторыя манаскiя будынкi дастаялi да 1990-х гадоў — там быў дзiцячы лагер, але потым зруйнавалi i iх.

Цяпер Баркалабаўскi манастыр вырашылi аднавiць. Дзеля гэтага сёлета летам у Быхаўскi раён прыехалi 9 манашак на чале са схiiгуменняй Антонiяй.

Знак адраджэння — усталяваны на пагорку вялiзны крыж. На iм — невялiкi абраз Божай Мацi, упрыгожаны карункамi. Калi сонца заходзiць, то абраза кранаюцца апошнiя сонечныя промнi i асвячаюць яго цёплым святлом.

Побач з крыжом — драўляныя канструкцыi. Гэта аснова для палаткi, дзе будуць малiцца манашкi.

— Будзем шукаць печку-"буржуйку", каб узiмку пачаць службы ў часовай царкве, — абяцае схiiгумення Антонiя.

Жанчына родам з Залахвення — вёскi, якая месцiцца побач з Баркалабавам i манастырскай тэрыторыяй. У бацькоўскай хаце схiiгуменнi Антонii цяпер жывуць манахiнi.

— Я вырашыла сюды вярнуцца, таму што тут святыня, — тлумачыць гаспадыня.

Яна працавала ў Магiлёве, мела пасаду начальнiка ў жыллёва-камунальнай сферы, але за свае рэлiгiйныя перакананнi зведала ў 1970-я ганеннi i ўрэшце пайшла працаваць у царкву. З цягам часу прыняла пострыг: жыла ў манастырах у Жыровiчах, Полацку, Оршы, а потым прасiла аб адраджэннi Баркалабаўскага манастыра ў родных мясцiнах.

Жанчына сталага ўзросту, Антонiя хоча хоць бы пачаць справу ў Баркалабаве — потым яе працягнуць iншыя людзi. Што ж, цяжка пачынаць на пустым месцы, дзе нiчога няма. Але справа ў тым, што схiiгумення Антонiя перакананая: Баркалабава — гэта сапраўды святое месца.

— У час вайны я была малой дзяўчынкай, але выдатна памятаю, як у нас на агародзе ўпала бомба, але не выбухнула, — расказвае яна. — Так было i з iншымi. У нас тут фактычна вайны не было. Немцы аднойчы прыехалi на матацыклах, але не спынiлiся. Адзiн старац, калi разбурылi манастыр, сказаў: будзе вайна, але гэты куточак яна не кране. Так i адбылося. Суседнiя вёскi палiлi i людзей забiвалi, а мы тут засталiся цэлыя.

Гавораць, што Баркалабава ахоўвае абраз Божай Мацi, якi раней быў у манастыры i мае вядомасць далёка за межамi Беларусi. З iм звязана гiсторыя з асабiстага жыцця схiiгуменнi Антонii: яна верыць, што зварот да Баркалабаўскай Божай Мацi дапамог ёй выратаваць ад самагубства брата, якi быў далёка ад яе.

— Я пасля страшнага сну прыхiнулася да абраза, бо толкам малiцца яшчэ не ўмела, — узгадвае яна. — I Божая Мацi зняла ўсе мае маркоты. А брат потым не мог паверыць i ўсё здзiўляўся, адкуль я даведалася пра яго страшныя намеры i як папярэдзiла iх.

Цяпер Баркалабаўскi абраз захоўваецца ў Быхаве, але манашкi ўпэўненыя, што з адраджэннем манастыра ён вернецца дадому. Праўда, да гэтай падзеi яшчэ далёка. Пакуль асноўная праца схiiгуменнi Антонii i яе сясцёр складаецца з вiзiтаў у розныя арганiзацыi i на прадпрыемствы. Яны просяць грошы на манастыр, заключаюць дамовы на пастаўку будаўнiчых матэрыялаў.

Адкрыты дабрачынны разлiковы рахунак для адраджэння Баркалабаўскага манастыра, i туды ўжо паступiў мiльён рублёў ад прыхiльнiкаў гэтай справы.

— Аднак пакуль не стае грошай, каб заплацiць 100 мiльёнаў рублёў за праект, — гаворыць схiiгумення Антонiя. — Шукаем сродкi i настроены наступнай вясной пачаць будаўнiцтва. Мы просiм, i Бог нам дапамагае.

Менавiта з новым будаўнiцтвам звязаны цяперашнiя архелалагiчныя раскопкi. Магiлёўскiя гiсторыкi супольна з iнстытутам Акадэмii навук будуць ажыццяўляць археалагiчны нагляд над будаўнiцтвам.

Праца пачалася ўвосень з валанцёрскiх акцый: студэнты Магiлёўскага дзяржунiверсiтэта прыязджалi на выхадныя днi i збiралi смецце, разбiралi завалы, чысцiлi тэрыторыю, потым прыступiлi да раскопак.

— Мы цяпер дакладна ведаем, як першапачаткова выглядаў храм Iаана Прадцечы, — запэўнiвае Iгар Марзалюк. — Памеры, тэхнiка ўзвядзення, архiтэктурныя асаблiвасцi i нават iнтэр’ер. Паводле вынiкаў раскопак мы можам зрабiць дакладную рэканструкцыю храма, якi з’яўляецца помнiкам барока магiлёўскай школы дойлiдства. I, безумоўна, я вельмi хацеў бы, каб новая царква была падобная на старажытны храм.

Праўда, вельмi верагодна, што новы храм не ўдасца пабудаваць на дакладна тым жа месцы. Таму што яшчэ здаўна Днепр тут падмываў бераг, i небяспека спаўзання будынка ў раку застаецца i цяпер. Так што давядзецца адсунуць будаўнiчую пляцоўку на некалькi дзясяткаў метраў ад ракi.

Мiж тым, магiлёўскiя археолагi працягваюць свае раскопкi.

— Мы мяркуем, што знайшлi пахаванне фундатара — аднаго з тых, хто стварыў гэты манастыр, альбо iгуменнi, — тлумачаць маладыя археолагi.

— Гэтыя пахаваннi — тут не адно, а некалькi — мы вылiчылi металадэтэктарам, — дадае Iгар Марзалюк. — У храме хавалi толькi вельмi важных людзей. Верагодна, што гэта самi князi Саламярэцкiя. Але спраўдзiцца гiпотэза альбо не — пакажуць будучыя раскопкi.

Акрамя ўсяго iншага, археолагi знайшлi пад Баркалабавам яшчэ i стаянку неалiту. Гэта значыць, што людзi пасялiлiся там яшчэ ў каменным веку.

Сёння i магiлёўскiя гiсторыкi, i мясцовыя жыхары ў Баркалабаўскай акрузе ўхваляюць аднаўленне жыцця ў гэтым старажытным месцы. Першыя гатовыя адсочваць будаўнiчыя работы. Другiя — дапамагаць манахiням у паўсядзённым жыццi.

Добрым знакам схiiгумення Антонiя i яе сёстры лiчаць вяртанне абразоў з манастыра. Калi храмы зачынялi, матушкi раздавалi каштоўнасцi ў надзейныя рукi. Жыхары Быхава, якiя даведалiся пра адраджэнне святынi, вярнулi манашкам старажытны абраз Серафiма Сароўскага. Яшчэ адзiн абраз прывезлi з Мiнска. Iх адрэстаўравалi, зрабiлi прыгожыя аклады.

— Усе хочуць, каб манастыр адрадзiўся i каб сюды ўрэшце вярнуўся цудатворны абраз Баркалабаўскай Божай Мацi, — гаворыць схiiгумення Антонiя. — Гэта так i будзе!

Iлона Iванова.

Быхаўскi раён.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Магiлёўскiя археолагi цяпер дакладна ведаюць, як выглядала адна з вялiкiх праваслаўных святынь Беларусi XVІI стагоддзя. А манахiнi, якiя пасялiлiся на
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика