На кругi свае
На кругi свае
Юрый Мароз, пабыўшы на пасадзе мiнiстра сельскай гаспадаркi, пакiнуў сталiцу i адправiўся ў пасёлак Белавежскi, а гэта 400 км ад Мiнска. Там ён узначалiў жывёлагадоўчы комплекс i вось што з гэтага атрымалася. Генеральны дырэктар ААТ "Белавежскi" Юрый Мароз: — Напачатку дзевяностых гадоў, калi пачалася вядомая нам палiтычна-эканамiчная нестабiльнасць, на абласным узроўнi мне гаварылi: "Юра, кiдай ты ўсё i ўцякай, а то пасадзяць". Цяжкiя часы былi, але комплекс удалася захаваць, i калi ў 1996 годзе я пайшоў на новую працу, то быў упэўнены, што нiкому не ўдасца комплекс развалiць i за дзесяць гадоў. Сiстэма ўпраўлення адладжаная, у прадпрыемства нiякiх даўгоў i крэдытаў..., але я памылiўся. Мне давялося пабываць у "Белавежскiм", калi Ю. Мароз комплекс ужо пакiнуў i сiтуацыя там склалася напружаная — не хапала кармоў. Падзеж быў высокiм i ў асноўным гiнуў маладняк. На забой адпраўлялi свiней, якiя не здолелi набраць i 70 кг. — У 2002 годзе вырашаўся мой далейшы лёс, i калi я аднойчы паведаў жонцы, што давядзецца ехаць назад у "Белавежскi", то яна паглядзела выразна i сказала, што з галавой у мяне не ўсё ў парадку. Вядома ж, сталiца, жыццё наладжана, а тут назад у... Прыехалi ў "Белавежскi" i нават выкупiлi свой дом, якi прадалi перад ад’ездам у Мiнск. Калi развал, то не ведаеш, за што брацца. Але найперш неабходна было спынiць падзеж жывёлы — справiцца з хваробамi свiней. Прыйшлося звярнуцца да палякаў. Iх спецыялiсты ўсё расклалi па палiцах i сказалi, што трэба рабiць. А ўвогуле, найлепшая вакцына — гэта якасны корм з усiмi неабходнымi дабаўкамi. I праз тры гады абстаноўка на комплексе нармалiзавалася. Адыграла ролю i тое, што мы пачалi браць зямлю ў вялiкiх аб’ёмах, да комплексу далучылi 4 калгасы, вядома ж, не лепшыя. Калi мы ўзялi апошнi, то там заробак у 2003 годзе быў 36 тысяч ды i тую зарплату не выдавалi людзям паўгода. На фермах нi вокнаў, нi дзвярэй. Многiя не разумелi тады — навошта ўсё гэта?. Але з’явiлася свая зямля, а з ёю i корм. Удалым аказаўся 2004 год, якi даў па 46 ц/га збожжа. А сёння ў нас 14 тысяч гектараў i комплекс на 90 працэнтаў забяспечаны сваiмi кармамi. Адназначна, што, папрацаваўшы мiнiстрам, Юрый Мароз ведаў, дзе ўзяць грошы, i ў гэтым плане яму iшлi насустрач. Iстотна дапамог Нацыянальны банк. Да 2002 года ў "Белавежскага" набралася 18 млрд. даўгоў, толькi прыватнiкам была запазычанасць у 2,5 млн. долараў. "Беларусбанк" выкупiў усе крэдыты i да сёлетняга года комплексу было прадастаўлена iльготнае крэдытаванне пад 3 працэнты. Без такой падтрымкi выбрацца з даўгоў самастойна было б праблематычна. — Пяць гадоў таму выпуск мяса на комплексе быў у межах сямi тысяч тон, найбольшай вытворчасцi мяса дасягнулi ў 1987 годзе —12 тыс. тон, а сёлета мы выходзiм на 15 тыс. тон, рэнтабельнасць свiнiны — 20 працэнтаў. Дойных кароў у нас 1850 галоў i надоi ў межах 6400 кг ад каровы, рэнтабельнасць малака 50 працэнтаў. Больш паловы мяса мы перапрацоўваем самi, а 35 працэнтаў адпраўляем на экспарт. Ёсць свае магазiны ў Мiнску i па Брэсцкай вобласцi. За 9 месяцаў атрымалi 12 млрд. прыбытку. На "Белавежскiм" працуе 1420 чалавек, сярэдняя зарплата па прадпрыемству 821 тысяча. Сёння ў нас няма пратэрмiнаванай аплаты крэдытаў, выплачваем падаткi... З прыходам у "Белавежскi" Ю. Мароза вытворчасць мяса, як мы бачым, вырасла ў 2,2 раза, а вось выкарыстанне газу зменшылася ў 10 разоў. У гэтым плане на комплексе праведзена поўная рэканструкцыя, i калi тэмпература паветра да -5°С, то выкарыстоўваецца мясцовае палiва, а пры больш нiзкай тэмпературы апальванне iдзе газам. Самы выгадны збыт мяса — гэта экспарт. "Белавежскi" нават меў два магазiны ў Маскве, але давялося iх закрыць, бо пачалiся перабоi з пастаўкай мяса туды, i не па вiне "Белавежскага". Перашкаджае празмернае адмiнiстраванне, нашы бюракратычныя перапоны. — Зямля ў нас не з лепшых — многа камення, i каб сабраць з гектара, як у гэтым годзе, 55 цэнтнераў, то неабходна ў зямлю i многа ўкласцi. I калi б не фонд падтрымкi сельскай гаспадаркi, то мы не здолелi б столькi купляць мiнеральных угнаенняў, прэпаратаў аховы раслiн... А з праблемай камення таксама спраўляемся. У нас знаходзiцца спецкамендатура, i 150 чалавек асуджаных да "хiмii" штодня выходзяць на поле збiраць каменне. Працуюць добра, бо без нашага хадайнiцтва нiкога датэрмiнова не вызваляюць. А на "хiмii" у асноўным сядзяць за нявыплачаныя алiменты ды вадзiцелi, якiя ўчынiлi дарожныя аўтааварыi. Некаторыя пасля вызвалення застаюцца ў нас працаваць. — Навошта мне шукаць недзе работу, калi ў вас зарабiць можна, — кажа чалавек i мы iдзём насустрач. Цiкава, але з 2002 года генеральны дырэктар не змянiў нiводнага спецыялiста, а гэта з’ява даволi рэдкая: кожны кiраўнiк iмкнецца падабраць сваю каманду, якая найбольш падыходзiць яму. Але не трэба думаць, што Ю. Мароз такi добры i пакладзiсты. Ён выслухае ўсе прапановы i прымае рашэнне — апошняе слова за iм. Лiчыць, што чалавеку неабходна даць магчымасць праявiць сябе, а з кадравымi перастаноўкамi не трэба спяшацца. Iншая справа — падказаць, направiць... Ды людзi пры такой зарплаце стараюцца не аступiцца. Тут якраз той выпадак у сельскай гаспадарцы, калi добры заробак адпавядае добраму жыллю з выгодамi. — Калi толькi была задума ўзвесцi гэты пасёлак, то Уладзiмiр Бядуля, пачуўшы пра мае планы, сказаў: "Ты, малады чалавек, напэўна, музыкант. Табе як тыя клавiшы — нацiснуў i ўсё будзе. Я вунь ужо трыццаць гадоў як нагой дзверы ў любы кабiнет адчыняю i ведаю, што да чаго". Уладзiмiр Лявонцьевiч чалавек аўтарытэтны i з двойчы Героем не выпадала спрачацца, а сёння наш пасёлак можа канкурыраваць з iншым райцэнтрам. Адзiн Палац культуры чаго варты! Жыццё не саступае гарадскому. У "Белавежскiм" рабочыя кароў не трымаюць, хоць больш дробную жывёлу i птушак у некаторых дварах гадуюць. Магчыма, тут чалавеку лепш чым у горадзе, бо акрамя зарплаты рабочыя атрымлiваюць бясплатныя абеды ды яшчэ па 3-15 кг мяса — натуральная даплата. Пра ААТ "Белавежскi" яшчэ многа можна было б расказваць. Напрыклад, што тут не ўзводзiлi новых фермаў, а прывялi ў парадак тыя, што былi, гэтаксама паступiлi i з мехдварамi. Што на прадпрыемстве перавага аддаецца сучаснай замежнай тэхнiцы, што ў перспектыве ўзвядзенне сучаснага камбiкормавага завода (яшчэ аднаго), спартыўнага комплексу... Але, напэўна ж, ёсць i праблемы. — Галоўная праблема звязаная з фармiраваннем цэн у сельскай гаспадарцы, а яшчэ адна ў тым, што ў кiраўнiцтва i калектыву няма зацiкаўленасцi ў рабоце. Здавалася б, чым больш прадукцыi выпускаем, тым больш высокай павiнна быць зарплата, а на справе гэтага няма. Ды i iншыя праблемы ўзнiкаюць. Засталося толькi сказаць. што ААТ "Белавежскi" — прадпрыемства паказальнае. Са 106 жывёлагадоўчых камплектаў краiны ён з’яўляецца адным з лiдараў, а гэта абавязвае да многага. Сымон Свiстуновiч. Камянецкi раён. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Юрый Мароз, пабыўшы на пасадзе мiнiстра сельскай гаспадаркi, пакiнуў сталiцу i адправiўся ў пасёлак Белавежскi, а гэта 400 км ад Мiнска. Там ён узнача
|
|