Пiкнiк для вепрука
Пiкнiк для вепрука
Вёска Хракавiчы знаходзiцца за сорак кiламетраў ад Чарнобыльскай станцыi. Са скаргай на занадта пражэрлiвых дзi- коў яе жыхары сёлета звярнулiся да мясцовых уладаў. Пiшуць: прыходяць зверы на людскiя агароды, выбiраюць, што iм даспадобы, i ласуюцца. Аналагiчныя звароты на iмя старшынi Брагiнскага райвыканкама адрасавалi жыхары вёсак Просмычы i Новая Грэбля. Старшыня Хракавiцкага сельскага Савета Адам Царанок — сам заўзяты паляўнiчы. Аднак, гаворыць, такiх, як ён, аматараў становiцца ўсё менш: "Цяпер у раёне 70 паляўнiчых, а было калiсцi 350". На пытанне, куды ж дзелiся сапраўдныя мужчыны, адказвае, што не таннае гэта задавальненне для вяскоўца. Узносы членскiя вялiкiя — каля 100 тысяч, пуцёўка каштуе 80 тысяч рублёў, раз на тры гады дзяржпошлiна на зброю — яшчэ 100 тысяч. Разавы дазвол на здабычу дзiкай жывёлiны — ад 40 тысяч за сяголетка да 230 — за трафейнага дзiка. А калi што парушыў — штрафы завоблачныя. Праўда, час ад часу i сюды наязджаюць аматары з iншых гарадоў, у тым лiку з расiйскай сталiцы. Ёсць адзiн iтальянец, якi штогод iмкнецца да блiзкасцi з прыродай менавiта на ўгоддзях мясцовай паляўнiчай гаспадаркi.Забаўка не для бедных А цi ведаеце вы, што клыкi даўжынёй звыш 28 сантыметраў каштуюць 2600 еўра? А менш за 13 сантыметраў — 250 еўра. Размова iдзе аб трафейным дзiку, забiтым на паляваннi. Самца кабана ў пяцi-сямiгадовым узросце называюць секачом — за загнутыя клыкi, якiмi ён здольны секчы працiўнiка. Забiць такога — асаблiвы гонар для паляўнiчага i таму такiя каштоўныя трафеi. Але ж каб атрымаць своеасаблiвы сувенiр за такiя немалыя грошы, трэба ехаць у расiйскае Прымор’е. Гэтую i iншую iнфармацыю ў вялiкай колькасцi можна знайсцi на рэкламных сайтах, прысвечаных паляванню на дзiка ў розных краiнах свету. Беларусь для паляўнiчых у Інтэрнэце прадстаўлена невыразна. Пасля доўгiх пошукаў усё ж такi было знойдзена некалькi прапаноў. Вартасць паляўнiчага тура ў Вiцебскай вобласцi каштуе 130 еўра ў дзень. У яе ўваходзяць суправаджэнне егерам, транспартныя паслугi, лiцэнзiя на паляванне, прадастаўленне трафейнага лiста, пражыванне i харчаванне падчас палявання. Дадаткова аплачваюцца сустрэча i провады на мяжы, дазвол на ўвоз i вываз адной адзiнкi зброi i боепрыпасаў да яе (50 еўра), ветэрынарны сертыфiкат (40 еўра), кошт трафеяў i iншыя паслугi. Для замежных грамадзян дзiк з клыкамi 13 см будзе каштаваць менш за 200 еўра. Здаецца, Беларусь проста павiнна прыцягваць паляўнiчых усiх краiн. I танна, i вострых пачуццяў — звыш меры. Кабаны суседнiх краiн, аб’ядноўвайцеся! Праўда, вострых пачуццяў дастаткова i ў жыхароў тых раёнаў, дзе за апошнiя гады распладзiлiся дзiкi. У Брагiнскiм раёне, якi гранiчыць з Палескiм радыялагiчным запаведнiкам, жывёла час ад часу выходзiць харчавацца на палеткi. Асаблiва шануе кукурузу малочна-васковай спеласцi. Пасля ранняга снедання або начной вячэры поле падобнае на толькi што пераворанае, але ж бульдозерам, — сведчаць людзi. I прапануюць радыкальную меру барацьбы: "Пастраляць усiх!" У Нараўлянскiм раёне сёлета спецыяльная камiсiя двойчы выязджала падлiчваць страты на месцах патраў — у гаспадаркi "Братэрства" i "Кiраўскае". Парнакапытныя з’елi пятую частку кукурузы, высаджанай як на зялёную масу, так i на зерне. Асаблiвасць поўдня Беларусi не толькi ў блiзкасцi да "зоны". Пашпартны рэжым, устаноўлены на мяжы з Украiнай, на дзiкоў не распаўсюджваецца. Тым больш, як расказвае радыёлаг Нараўлянскага раёна Аляксандр Сiнiцкi, на тэрыторыi суседняй дзяржавы i ў былыя часы сельская гаспадарка не вельмi развiвалася, а цяпер зусiм завяла. Вось i ходзяць дзiкi камандамi па 50—100 галоў кармiцца ў Беларусь. Мiж iншым, у гэтым раёне, як i ў Гомельскiм i Добрушскiм, сёлета ўзялi павышаныя лiмiты на адстрэл кабана. Увогуле 90 жывёлiн толькi ў Нараўлянскiм раёне павiнны быць, як сказана ў дакументах, "адабраныя з жывой прыроды". Прасцей кажучы, забiтыя. Дзiк у законе Па афiцыйных звестках Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, зараз у вобласцi налiчваецца амаль 9300 асобiн дзiка. Яго колькасць у параўнаннi з мiнулым годам вырасла на 15 працэнтаў. Пры тым, што ў тэорыi прырост можа складаць да 200 працэнтаў! Сённяшнi ўзровень толькi на 5—10 працэнтаў перавышае аптымальны, i таму, лiчаць эколагi, небяспекi не стварае. Летась была прынята пастанова Савета Мiнiстраў Беларусi аб магчымасцi ўвядзення асаблiвага рэжыму выкарыстання рэсурсаў дзiкага кабана, якi наносiць страты ў асобных раёнах. Мясцовым выканаўчым i распарадчым органам дадзена права ўводзiць на сваёй тэрыторыi асаблiвы рэжым яго адстрэлу. Рэжым можа быць уведзены па прапанове камiсii па папярэджваннi знiшчэння або пашкоджання паляўнiчымi жывёлiнамi сельскагаспадарчых i лясных культур, калi дзiкi пашкодзiлi не менш за чвэрць ад усiх плошчаў пасеваў. Нядаўна ў Лельчыцкiм раёне быў уведзены такi рэжым. Ён, мiж iншым, прадугледжвае дазвол на паляванне не толькi з прымяненнем паляўнiчай агнястрэльнай зброi, але i магчымасць ставiць жывапасткi (гэта такiя агароджаныя падкормачныя пляцоўкi, вароты якiх зачыняюцца пасля таго, як туды трапляе жывёлiна). Акрамя таго, дазваляецца паляванне прамысловым брыгадам з лiку мясцовых жыхароў i супрацоўнiкаў паляўнiчых гаспадарак. Таксама, пры такiм рэжыме, можна паляваць ў любы час сутак i за межамi тэрмiнаў, дазволеных правiламi. Аднак у Гомельскiм абласным камiтэце прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя гавораць, што менавiта ў гэтым, самым лясiстым раёне вобласцi, колькасць пагалоў’я кабаноў не перавышае аптымальнага ўзроўню. Цi не стаiць за ўвядзеннем падобнага рэжыму бяздзейнiчанне раённай камiсii, супрацоўнiкаў паляўнiчых i сельгасгаспадарак, непрыняцце элементарных мераў для папярэджвання патраў, жаданне спiсаць страты "на вепрука"? Вядучы паляўнiцтвазнаўца Гомельскай абласной арганiзацыйнай структуры Рэспублiканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання "Беларускае таварыства паляўнiчых i рыбаловаў" Пётр Голуб расказвае, што паляўнiчыя не маюць вялiкай ахвоты адстрэльваць дзiка ў так званых "забруджаных зонах" Гомельшчыны. Толькi сёлета мяса 63 адстрэленых жывёл прызнана непрыдатным для ўжывання — яно таксама радыяцыйна забруджанае. Паляўнiчым кампенсуюцца выдаткi на лiцэнзiю (так звычайна называюць разавы дазвол на здабычу) у выпадку, калi забiты кабан непрыдатны для ежы. Часта мясцовыя жыхары сустракаюцца i з iншай бядой — шаленствам дзiкiх жывёл. Той жа паляўнiчы з Брагiншчыны Адам Царанок сам летась забiў двух шалёных вепрукоў. Пры гэтым далёка не ўсе выконваюць Указ Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь "Аб некаторых мерах па павышэннi эфектыўнасцi вядзення паляўнiчай гаспадаркi i рыбагаспадарчай дзейнасцi, удасканаленнi дзяржаўнага кiравання iмi", дзе сказана, што "Пры ўстанаўленнi заражанасцi прадукцыi палявання трыхiнелёзам, спарганозам або фiнозам цi перавышэння гранiчна дапушчальных узроўняў радыяцыйнага забруджвання прадукцыя палявання абясшкоджваецца карыстальнiкам паляўнiчых угоддзяў у парадку, устаноўленым заканадаўствам аб адходах". У сапраўднасцi мала хто хоча везцi тушу забiтага хворага або забруджанага на радыяцыю дзiка на утыльзавод у Гомельскiм раёне. Куды лягчэй закапаць, дзе давядзецца. Меню для вепрука, або Што не з’еў, то пакусаў Адстрэльванне дзiкiх жывёл — далёка не адзiны спосаб стрымлiвання калектыўных i iндывiдуальных паходаў кабаноў на сельгаспасевы. Гаспадаркi разам з паляўнiчымi павiнны выконваць шэраг мераў, накiраваных на падтрыманне колькасцi дзiкоў у пэўных межах — не менш за тры асобiны на тысячу гектараў. Першая з iх — зразумела, не марудзiць з уборкай сельгаскультур. Аб выкананнi iншых — у тэорыi i на практыцы. l Бiятэхнiчныя мерапрыемствы павiнны праводзiць у тых месцах, дзе дзiк "сталаваўся" летась. Ён сапраўды памятае, дзе было смачна i прыходзiць праверыць, цi ёсць што на гэты раз. l На полi трэба абавязкова мяняць культуры, якiя прыйшлiся даспадобы драпежнiку. Нават людзi, далёкiя ад сельскай гаспадаркi, ведаюць, што севазварот карысны для глебы — гэтая мера звычайна выконваецца. l Трэба ствараць адцягваючыя падкормачныя пляцоўкi. Для гэтага ўсе карыстальнiкi паляўнiчых гаспадарак закупляюць адходы зерня. Але ж цi ў дастатковай колькасцi i якой якасцi? Часцей прывозяць на паляўнiчыя ўгоддзi тое, што магло б згнiсцi на асабiстым падворку. Кабану такi корм наўрад цi прыходзiцца даспадобы. l Пасеў буферных зонаў. Гэта калi першыя 50—100 метраў поля засеяныя культурай, якую дзiк не любiць. Рэальна такiх культур няма — ён есць усё: ад бульбы да гуркоў i таматаў. У Малдове з задавальненнем частуецца вiнаградам, а ў iзраiльскiм горадзе Хайфа летась паеў амаль усе зялёныя насаджэннi. Вяпрук не грэбуе i мясам, у тым лiку змей, яд якiх, здаецца, на кабаноў не дзейнiчае. Агульнавядома, што дзiкi знаходзяць пад зямлёй розныя ласункi — карэнне, плады i грыбы. l Рэкамендавана засейваць узлескi i прагалiны кормам для вепрукоў, напрыклад, аўсом. На практыцы кабан "дзякуй" не гаворыць, аднак з’ядае з задавальненнем. З’еў бы яшчэ — ды дзе ўзяць столькi "аўсяных узлескаў"? l Звер пужлiвы. Баiцца ўсяго, што звязана з чалавекам. Абаронцы прыроды рэкамендуюць выкарыстоўваць супраць нашэсця кабаноў усё, што грукае, напрыклад, петарды. У французскiм дэпартаменце Канталь адзiн селянiн прымянiў незвычайны спосаб абароны свайго бульбянога поля. Па ўскрайку яго ён устанавiў некалькi радыёпрыёмнiкаў i ўключыў iх на самую вялiкую гучнасць. Першы намеснiк старшынi камiтэта па сельскай гаспадарцы i харчаваннi Гомельскага аблвыканкама Андрэй Андрэенка расказвае, што ў шэраг гаспадарак закупiлi спецыяльныя гарматы з газавым балонам на вышынi трох метраў. Але ж разумная жывёлiна праз некаторы час прыйшла да высновы, што нiякай бяды ад такой "пукалкi" няма i стала пасвiцца пад прыладай. У Петрыкаўскiм раёне, дзе знаходзiцца дзяржаўны "Нацыянальны парк "Прыпяцкi", дзе дзiкi адчуваюць сябе гаспадарамi, на дрэвах побач з полем развешваюць старое адзенне, якое мае чалавечы пах. На пэўны час дапамагае. l Прымяненне электраагароджаў для аховы асаблiва каштоўных пасеваў, увогуле самае звычайнае агароджванне ўсяго таго, на што можа спакусiцца нахабны налётчык. Але ж дзе грошы ўзяць на кiламетры частаколу? — разводзяць рукамi вяскоўцы. Начальнiк аддзела дзяржаўнага кантролю за аховай i выкарыстоўваннем зямель, раслiннага i жывёльнага свету, асаблiва ахоўных прыродных тэрыторый Гомельскага абласнога камiтэта прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Кузьменка гаворыць, што ў iншых краiнах, напрыклад у Польшчы, да 50 працэнтаў даходаў паляўнiчых гаспадарак iдзе на прадухiленне i выплату страт ад патраў. У нас усё звычайна заканчваецца складаннем актаў. Да суда нiводная справа так i не дайшла. Бо калi пачынаюць разбiрацца: хто што павiнен быў зрабiць, каб не дапусцiць вепрука на палеткi, аказваецца, што нiводны бок да канца не выконвае прадугледжаных заканадаўствам правiлаў. А яны гавораць: "Землекарыстальнiкам i грамадзянам, якiя не забяспечылi выкананне ўскладзеных на iх мерапрыемстваў па прадухiленнi патраў, страты, прычыненыя дзiкiмi капытнымi жывёлiнамi, не аплачваюцца". Вiдаць, таму лягчэй за ўсё прапанаваць самыя радыкальныя меры барацьбы з няпрошанымi гасцямi сельскагаспадарчых угоддзяў. Iрына Асташкевiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёска Хракавiчы знаходзiцца за сорак кiламетраў ад Чарнобыльскай станцыi. Са скаргай на занадта пражэрлiвых дзi- коў яе жыхары сёлета звярнулiся да мя
|
|