21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Алесь Шаўцоў: "Лiпа"

26.08.2009 10:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алесь Шаўцоў: "Лiпа"

У дрэў, як i ў людзей, у кожнага — свой лёс. Адно ледзь праб’ецца на свет, а яго ўжо стопчуць, цi зааруць. Му-

сiць, яму здарылася вырасцi не ў тым месцы цi не ў той час. Другое дрэва, i такiх большасць, расце сабе паволi ў лесе памiж такiх самых дрэў. Калi ўсе квiтнеюць, дык i яно квiтнее, калi ўсе вясной зелянеюць цi ўвосень скiдваюць лiсце, дык i яно робiць тое ж самае. А калi надыдзе пэўны час, тое дрэва разам з iншымi пераўтворыцца ў дровы, а калi пашанцуе, то — у шафу цi зэдлiк. Але ёсць дрэвы, якiя воляй выпадку цi па пяшчоце годнага чалавека растуць даўжэй за астатнiя, робяцца вышэйшымi i мацнейшымi за iншых, а пасля скону веку людская памяць пра iх жыве яшчэ доўгiя гады.

Такое дрэва расло i ў адным з цiхiх мiнскiх двароў. Гэта была лiпа. Старая, вялiзная, з дзвюма верхавiнамi, яна панавала над дваром i баранiла яго ад вятроў са Свiслачы, якая цячэ побач. Штогод у месяцы, якi так i называецца — лiпень, лiпа цвiла, яе мядовы водар быў чутны здалёк, пчолы ў яе галiнах гулi, як моцны трансфарматар на падстанцыi. Жанчыны з навакольных дамоў прыходзiлi пад лiпу з пакецiкамi i бралi лiпавы цвет, чый адвар разам з малiнавым варэннем былi раней першай дапамогай ад зiмовых хваробаў.

Праз вулачку раслi, мабыць, адзiныя на той час ва ўсiм Мiнску пiрамiдальная таполя i сiбiрская лiстоўнiца. Iх i паасобку не часта ўбачыш, а тут — разам. Кажуць, жыў тут яшчэ за царскiм часам бацюшка, якi па сваёй мiсiянерскай справе пабываў у розных краiнах. На ўспамiн пра iх ён i пасадзiў тыя дрэвы. Калi ўвечары прамянi сонца на захадзе прабiвалiся праз галлё спачатку высокай, як мiнарэт, таполi, а потым лiстоўнiцы, якая нiбыта сышла з японскай мiнiяцюры па шоўку, людзi выходзiлi ў двор, садзiлiся пад лiпай на лаўкi i цiха размаўлялi пра свае справы.

Вулачка, на якой стаяць нашы дамы, на карце Мiнска з’явiлася даволi даўно i, што цiкава, за ўвесь час iснавання сваёй назвы не мяняла. Свой пачатак яна бярэ ад насыпу былой Лiбава-Ровенскай чыгункi, якая была пабудавана ў 1873 годзе. Вулачка на Хаванскай горцы (яе назва — ад прозвiшча гаспадара пляца, што жыў на рагу) перасякае былы Iгуменскi тракт, якi ўжо ў савецкi час перайменавалi спачатку ў Чэрвеньскi тракт, а потым у вулiцу Маякоўскага. Дарэчы, ад скрыжавання з нашай вулачкай Iгуменскi тракт раней мяняў назву на Дачны праспект — ён вёў да вядомага маёнтка Прушынскiх-Любанскiх у Лошыцы.

Паралельна нашай вулачцы цячэ безыменны ручай, якi неўзабаве ўпадае ў Свiслач. Мо i было калi ў ручая сваё iмя, але мне яно, на жаль, невядома. На месцы ручая цяпер знаходзiцца школьны стадыён, а ручай цячэ ў трубе. У свой час праз ручай была зроблена кладка, па якой мы хадзiлi ў школу.

Школа наша мела пятнаццаты парадкавы нумар, зразумела, што першыя вучнi займалiся тут яшчэ да вайны. Калi ў сярэдзiне 70-х гадоў мiнулага стагоддзя наш выпускны клас ладзiў традыцыйны сход, то мы развесiлi на слупах запрашэннi па ўсiм наваколлi i — не прагадалi. Прыйшло шмат былых вучняў i нават некалькi бабулек-выпускнiц 30-х гадоў. На наша пытанне, а дзе ж астатнiя, адказ быў вельмi просты — загiнулi ў вайну.

У час маiх школьных гадоў на берагах ручая мы з хлопцамi знаходзiлi стрэляныя гiльзы, а аднойчы трапiлi нават на цэлыя патроны. Калi пра гэта дазналiся дарослыя, то на ручай прыехалi сапёры i зрабiлi, як цяпер кажуць, "зачыстку". Нашы бацькi тое ж самае зрабiлi з нашымi мяккiмi месцамi.

Вайна пакiнула на нашай вулачцы i сумныя ўспамiны. Трохi старэйшыя за нас хлопцы неяк пасля школьных заняткаў адкапалi зямлянку, дзе знайшлi чалавечыя косткi. Выклiкалi мiлiцыю, вайскоўцаў, тыя апыталi жыхароў, хто памятаў ваенны час. Высветлiлася, што знойдзеныя рэшткi належаць чатыром чырвонаармейцам, якiя летам 1941 года ў першыя гадзiны акупацыi Мiнска наладзiлi засаду на Чэрвеньскiм тракце, чым нарабiлi немцам шмат шкоды, але, на жаль, i самi загiнулi. Мясцовыя жыхары ўначы пад страхам смерцi таемна пахавалi салдат пад вялiкай бярозай. Зразумела, што нiякiх помнiкаў цi крыжоў на магiле ў той час пастаўлена не было. Цяпер прах герояў-абаронцаў пакоiцца на Чыжоўскiх могiлках, дзе яны былi ўрачыста, з ваеннымi ўшанаваннямi, пахаваныя наноў.

На нашай вулачцы да канца 50-х гадоў стаяла невялiкая вайсковая часць. Ад яе засталася алея старых таполяў, двухпавярховы будынак былога штаба i дом, дзе жылi сем’i афiцэраў. Пасля расфармiравання часцi на месцы драўляных казармаў вайскоўцамi былi пабудаваныя два чатырохпавярховыя жылыя дамы, у якiя з усёй краiны з’ехалiся памежнiкi. Гэта было ў час так званага "хрушчоўскага дэмбеля", калi адбывалася масавае скарачэнне ўзброеных сiлаў. Амаль усе, хто жыў тут, ведалi адзiн аднаго яшчэ па сумеснай службе па ахове межаў, шмат хто сябраваў сем’ямi. Штогод адстаўнiкi талакой выходзiлi на суботнiкi, ладзiлi свята двара, у дамах i навокал быў узорны парадак, раслi дрэвы, цвiлi кветкi.

Далей наша вулачка iшла покатам да рэчкi, мiма прыватных сядзiбаў, i праходзiла па-над млынам. Трохпавярховы млын да вайны i нейкi час пасля яе карыстаў моц Свiслачы, для чаго тут была зроблена драўляная плацiна i вадаскiд. Калi ў 50-х гадах будавалi ЦЭЦ-2, то нiжэй за млын па рацэ паставiлi новую плацiну, ужо капiтальную, якая цяпер трымае ваду на адным узроўнi круглы год. Млын быў спачатку пераведзены на электрычнае сiлкаванне, а потым i зусiм зруйнаваны. Яго голыя цагляныя сцены без даху i з пустымi вокнамi амаль дваццаць гадоў узвышалiся на беразе. Побач стаялi драўляныя пакгаўзы, якiя мелi вароты ў два бакi — на вулiцу i на рэчку. Справа ў тым, што раней прывозiлi збожжа i забiралi гатовую муку не толькi на калёсах i машынах, але i па вадзе на лодках. На мастках было вельмi зручна сядзець летам з вудай, а зiмой чапляць на валёнкi канькi, каб гойсаць па пакрытай iльдом Свiслачы. Нашчадкi галубоў з млына да гэтага часу жывуць пад дахамi дамоў нашай вулачкi. Да млына вёў таксама невялiчкi завулак, якi так i называўся — Млынарны, ён iснуе i цяпер.

Далей за млын вулачка блукае ўздоўж ракi, акрэслiваючы старажытную вёсачку — Сакалянку. Тут захаваўся маленькi куток аднапавярховага старога, амаль вясковага ўкладу з садавiнай ды гароднiнай, сабакамi ды курамi.

Жыццё не стаiць на месцы, змены кранулi i нашу вулачку. Замест крывабокiх хацiн выраслi шматпавярховыя жылыя дамы, на месцы дашчаных баракаў стаiць будынак раённай адмiнiстрацыi, бераг рэчкi добраўпарадкаваны, адсыпаны сцежкi, пастаўлены лаўкi, панатыканы маладыя дубчыкi. Там штодня з ранiцы да вечара можна сустрэць людзей усiх узростаў: падлеткаў i маладых жанчын з вазкамi, пенсiянераў i бегуноў. На беразе пасуцца качкi, якiх нiхто не пужае, наадварот, iх кормяць хлебам.

Але няма ўжо нi лiпы, нi таполi, нi лiстоўнiцы. Iх спiлавалi з мэтай менавiта добраўпарадкавання. Пайшлi з жыцця ахоўнiкi межаў некалi вялiкай краiны, iх дзецi i ўнукi раз’ехалiся. На месцы былой салдацкай магiлы — роўны газон. Шкада, калi чалавечая памяць губляе гiсторыю, але яшчэ больш шкада, што мала каму сёння гэта патрэбна. Спадзяюся, што калi нашы людзi больш-менш уладкуюць свае справы i задаволяць фiзiчныя патрэбы, яны звернуць сваю ўвагу на духоўныя бакi жыцця, у тым лiку i на гiстарычныя каранi. Тады i добраўпарадкаванне будзе рабiцца з большым сэнсам, не губляючы повязi часоў, i як для сябе. Каб толькi засталiся на той час людзi, якiя будуць здольныя адказаць на слушнае пытанне — а што тут было раней?

Ну а назва нашай вулачкi вельмi простая, як само жыццё — Палявая.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У дрэў, як i ў людзей, у кожнага — свой лёс. Адно ледзь праб’ецца на свет, а яго ўжо стопчуць, цi зааруць. Му- сiць, яму здарылася вырасцi не ў тым м
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика