21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

З ВЕРАЙ у сэрцы

26.08.2009 10:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З ВЕРАЙ у сэрцы

Сямейны вечар. Задушэўная размова. Успамiны, справы, мары, музыка... Нiбыта прыгожы рамантычны фiльм, якi зараджае надзеямi ўсiх, хто развучыўся спадзявацца. Цi баль са шлейфамi казачных сукенак, дзе гасцiнная гаспадыня ведае ўсё пра тых, хто да яе прыйшоў. І дакладна разумее, якi самы кароткi i правiльны шлях дапаможа пакарыць сэрцы. Усё проста: яна валодае сакрэтамi чараўнiцтва. Чаго тут дзiвiцца — навучылася ў кiно "На спiне ў чорнага ката" ў сваёй гераiнi анёла Кэт. Вера Палякова паспяхова карысталася гэтымi сакрэтамi падчас сваёй творчай вечарыны i нiколькi не хавала iх ад iншых.

Актрыса i тэлевядучая шчыра прызналася ў тым, што адзначае свой першы прыкметны юбiлей. Што першы раз на экране яна з’явiлася, калi ўручала ўзнагароду Мiхаiлу Баярскаму — у тэлесерыяле. Але з таго часу было шмат роляў. Спраўджваецца i галоўная роля для любой жанчыны: дзевяцiгадовы сын напярэдаднi дня нараджэння парадаваў маму выдатнымi адзнакамi за чвэрць. А яна адчувае сябе настолькi шчаслiвай — хочацца дзялiцца радасцю з усiм светам. Што гатовая памерцi дзеля кахання — нават рыхтуецца гэта зрабiць... на прэм’еры мюзiкла "Байкер". У гэтых прызнаннях, як i ў новай ролi, ёсць прыкметы чараўнiцтва.

Мастацкая шчырасць

— Я не маю права на няшчырасць, — прызнаецца Вера Палякова ў iнтэрв’ю нашай газеце. — На жаночым ток-шоу працую, дзе важна выклiкаць у чалавека прыхiльнасць да сябе, каб ён даверыўся, раскрыўся перад камерай. Так жа i з гледачамi ў тэатральнай зале. Гледачы вельмi разумныя, адчуваюць, калi iх падманваюць, асаблiва цяпер, калi ёсць цiкавасць да тэатра: у нас жа пастаянна поўныя залы! На вечарыне былi людзi, якiя ведаюць маю творчасць i ходзяць на мае спектаклi. Гэта мой глядач. Ён абавязкова павiнен ведаць усё пра мяне.

— Шчырасцi ў прафесii вы вучылiся ў Лiдзii Манаковай, выкладчыка Беларускай акадэмii мастацтваў. Утварыў фурор выпускны спектакль вашага курса "Туцi-фруцi". I напэўна з самымi смелымi надзеямi вы прыходзiлi ў прафесiю. Цi спраўдзiлiся яны?

— Па-першае, спраўдзiлася тое, што я маю працу. Мяне ўсе пытаюцца, што б я хацела сыграць?.. А я хачу проста iграць! Няма канкрэтнай ролi-мары ў тэатры цi кiно. Мне важна ўжо тое, што ёсць праца, якая прыносiць мне задавальненне.

Ведаеце, я вельмi люблю сваiх студэнтаў, якiм сама выкладаю ў Акадэмii мастацтваў: кожны курс прыходзiць з амбiцыямi i жаданнем перавярнуць увесь творчы свет. I я была такая. I мне хацелася ўзварушыць тэатральны свет. Мы спадзявалiся, што будзем працаваць разам усiм курсам, цi створым свой тэатр. Насамрэч гэта мара кожнага курса. Але калi адзiн курс з дваццацi здолее сапраўды стварыць свой тэатр, то гэта ўжо будзе вялiкае творчае адкрыццё. Мы ж у вынiку разышлiся па розных тэатрах. I толькi ў пяцi чалавек удала склаўся творчы лёс. А некаторыя проста сышлi з гэтай прафесii. На жаль, цi на шчасце — магчыма, столькi артыстаў i не патрэбна ў Беларусi. Сёння шмат староннiх людзей у нашай прафесii, i ўвогуле на сцэне. Я разумею: яна заварожвае, i людзi рвуцца да вяршыняў. А потым мы бачым у тэатры слабыя спектаклi, на эстрадзе бездапаможных выканаўцаў. Каб гэтага не было, важна падтрымаць менавiта таленавiтых асобаў, даць iм больш магчымасцяў праявiцца.

— Вашы здольнасцi былi адзначаны — па працах у фiльмах i тэатрах. Але была адна роля, дзе ўсё трымалася на эмоцыях, у спектаклi "Погляд незнаёмца" паводле сучаснага нямецкага аўтара. А вам з якой драматургiяй больш падабаецца працаваць?

— За ролю Веры ў гэтым спектаклi я атрымала прыз за лепшую жаночую ролю на фестывалi Гётэ, якi праходзiў у Беларусi. Гэта для мяне была цiкавая спроба працы з сучаснай драматургiяй. Але калi шчыра, я не вельмi люблю эксперыменты, абстракцыi, тэатр абсурду... Больш задавальнення атрымлiваю ад класiкi. Вельмi люблю касцюмаваныя спектаклi — з высокiм маўленнем, прыгожымi дэкарацыямi, сукенкамi, капелюшамi, кiнжаламi. Нездарма ж я выкладаю мастацтва бою на сцэне. Гiстарычныя спектаклi, як i гiстарычныя фiльмы, для мяне найбольш прыцягальныя. Я люблю i сучасныя спектаклi, але калi яны рэалiстычныя. Мне здаецца, што як актрыса я магу больш дакладна данесцi думку, якая закладзена ў спектаклi, калi яна выкладзена простай для гледача мовай. Сучасныя тэатральныя формы цiкавыя, але больш — для пэўнай часткi публiкi, для эстэтаў. А я блiжэй да народа. Мне цiкавы рэалiзм. I мы iмкнёмся яго прыгожа даносiць. Каб паход у тэатр стаў прыгожым святам i чалавек пры гэтым нешта для сябе зразумеў.

— Чаму тады вы не працуеце ў акадэмiчных тэатрах, але выбралi тэатр-студыю кiнаакцёра?

— Я прыйшла ў студыю кiнаакцёра з акадэмiчных тэатраў. Гэта быў свядомы выбар. Я працавала ў Купалаўскiм тэатры. Нават 60 дзён працавала ў ТЮГу — па размеркаваннi. I ў Рускiм тэатры ўвогуле была на галоўных ролях. Потым у Малым тэатры iграла галоўную ролю ў адным спектаклi. Дарэчы, мне такi варыянт тэатра спадабаўся больш, калi працуюць запрошаныя артысты: няма чаго людзям дзялiць, няма ўнутраных плыняў i iнтрыг. Таму прайшоўшы праз акадэмiчныя тэатры, я ўсвядомiла, што яны мне не падыходзяць. Ёсць тэатр — i ўсё. Ты павiнен iм жыць, i больш нiякага жыцця не iснуе. А з маiм буйным тэмпераментам аднаго тэатра мала. Хацелася паспрабаваць сябе i на тэлебачаннi, i ў кiно. Якраз тады, калi пачыналася кар’ера ў кiно, я сышла з Рускага тэатра, разумеючы, што задыхнуся ў замкнёнай прасторы. А праца ў тэатры-студыi кiнаакцёра дазваляе акцёрам i гучаць, i здымацца, i праявiць сябе ў розных акцыях i канцэртах. I тэатр ад гэтага толькi выйграе — у нас вельмi вядомыя артысты, якiя пастаянна здымаюцца, увесь час навiдавоку, на слыху. Сам тэатр маленькi, значыць i праблем меней. У нас няма такога моманту, як у Купалаўскiм тэатры, дзе вялiкая трупа, адбываецца змена пакаленняў, у якiх розныя iнтарэсы. У нас усё больш кампактна. Безумоўна, бываюць "сямейныя" праблемы, але яны не перарастаюць у глабальныя. Самае галоўнае — усё пакiдаць за кулiсамi. А потым я магу выказаць сваё меркаванне. Я абсалютна не канфлiктны чалавек. Выбуховы, але не канфлiктны.

— Важна даваць выпуск нейкiм эмоцыям?

— Я пастаянна выплёскваю свае эмоцыi. Бо калi я iх стану трымаць унутры, будзе толькi горш: яны накоплiваюцца — i ўвогуле жах што можа здарыцца... Мае родныя i блiзкiя ведаюць, што са мной складана, але церпяць. Ведаюць, што я ўсiх люблю i ўжо праз хвiлiну пасля выбуху з усiмi памiруся.

— А што такое страшнае можа здарыцца з-за эмоцый?

— Здараецца, я ўваходжу ў стан дэпрэсii. Потым доўга не магу з яе выйсцi. Магу тыдзень плакаць, пакутаваць, перажываць. Бывае i такое: калi нехта мяне пакрыўдзiў, я перапакутую, а потым выкрэслiваю гэтага чалавека са свайго жыцця. Калi ў мяне накапiўся негатыў, я ўжо не магу ўспрымаць чалавека, не цярплю, калi ён да мяне дакранаецца, стаiць побач. Праз нейкi час я ўнутрана дарую ўсiм, хто некалi мне прычынiў боль, хоць болей не падтрымлiваю стасункаў. Да такiх высноў мяне падштурхнулi ўсе.

Асэнсаваныя эпiзоды

— Для вас важна адчуванне ўнутранай свабоды?

— Вельмi важна. Насамрэч нейкi час я змагаюся — нават сама з сабой. Але калi адчуваю, што вычарпала сябе ў нечым, цi мяне нешта напружвае, то магу ўстаць i сысцi. Я настолькi прывыкла ўставаць i сыходзiць, што ў мяне няма шкадавання з-за гэтага.

Вось я некалi сышла з праекта "Ранiца". Я разумела, што за чатыры сезоны я вычарпала сябе ў гэтым праекце СТБ. Быў яшчэ "Дзённiк жанчыны" — i таксама здарыўся момант, калi я адчула, што ён мне не патрэбны. З’явiлася ток-шоу на БТ — я быццам бы чакала яго ўнутрана. Заўсёды, калi ад нечага адмаўляешся, то жыццё прапаноўвае магчымасцi пачаць нешта новае.

— Такая магчымасць будзе ў мюзiкле "Байкер", дзе ў вас будзе галоўная роля. Чым зацiкавiла гэтая праца?

— Роля Iрыны адрознiваецца ад iншых маiх роляў. Яна душэўная. Такая, якая, у прынцыпе, я ёсць у жыццi. Мне часта даюць iграць ролi, якiя не адпавядаюць мне i маёй унутранай прыродзе, майму разуменню свету, але я ўжо ўмею iх добра выконваць. Нягоднiц я iграю проста на раз-два-тры... Але разуменне любовi i сэнсу жыцця ў мяне такое, як у Iрыны. Для мяне каханне — гэта святое слова.

— Ваша гераiня памiрае з-за няшчаснага кахання. А як вы лiчыце, чаму часцей менавiта жанчыны пакутуюць з-за кахання?

— У мюзiкле мы абое памiраем. Спачатку я, а потым — ён. Вядома ж, гэта мастацкi твор i можна казаць, што ў сённяшнiм жыццi ўсё iнакш. Мужчыны iншыя... Напэўна, па-iншаму працуе iх арганiзм. Нельга iх вiнавацiць у тым, што яны не так адкрыта праяўляюць свае эмоцыi. Я не маю права вiнавацiць — у самой сын расце. Я iмкнуся вырасцiць з яго, як мне здаецца, сапраўднага мужчыну. Мужчына, на мой погляд, павiнен быць разумным. Разумнейшым за жанчыну. Адказным. I шчодрым. Не столькi ў сэнсе дарагiх падарункаў, хоць i гэта важны момант, калi ён не шкадуе нiчога для каханай. Я маю на ўвазе iншую шчодрасць — у нейкiх душэўных праявах: i падтрымаць, i слова добрае сказаць. Тады жанчынам памiраць не трэба будзе.

— З такiмi думкамi трэба рабiць ток-шоу для мужчын — каб яны лепш разумелi жанчын...

— Я часам чую, маўляў, тваё шоу для хатнiх гаспадынь. Але высветлiлася, што многiя мужчыны глядзяць "Жыццё як жыццё"! Палова гасцей у нас — мужчыны. I ў зале палова мужчын. Мяне гэта здзiўляе. Насамрэч не заўсёды i не ўсе тэмы кранаюць i хвалююць асабiста мяне. А ёсць тэмы вельмi важныя, якiя хвалююць не толькi жанчын, але i мужчын, таму што шмат што ў жаночым свеце залежыць менавiта ад iх. У нас шоу атрымлiваецца "iнтэрнацыянальнае", а мы па iнерцыi яго называем жаночым.   — Цi былi выпадкi, калi людзi дзякавалi за тое, што iм перадача дапамагла вырашыць рэальную праблему?

— Нам пастаянна i тэлефануюць, i пiшуць. Бываюць лiсты, на якiя нават невядома як адказаць: людзi кажуць, што няма куды звярнуцца па разуменне, i вылiваюць усё сваё жыццё, расказваюць сваю гiсторыю. Але ў нашага народа менталiтэт своеасаблiвы: у кадр выцягнуць складана, як i прымусiць гаварыць перад камерамi. Толькi моцныя i смелыя людзi могуць прыйсцi i распавесцi пра сваю бяду адкрыта. Цi тыя, якiх сапраўды дапякло. У прынцыпе, я стварыла б нейкi форум у працяг праграмы, дзе людзi маглi б напiсаць пра ўсё, што iх хвалюе, абмяркоўваць розныя тэмы з асабiстага жыцця, дапамагалi б адзiн аднаму парадамi. А мы б iм iмгненна маглi адказаць: вось Вера Палякова лiчыць так. I дзеля гэтага працавала б нейкая група, дзе былi б вельмi тонкiя душэўныя людзi. У нас лiстоў шмат i, на жаль, у мяне няма часу на iх адказаць — не магу гэта рабiць за кошт часу, якi прасвячаю сваёй сям’i, свайму дзiцяцi. Для мяне як вядучай праграмы, якая звяртаецца да сямейных пытанняў, менавiта сям’я стаiць на першым месцы.

— А вы ў складаных сiтуацыях да каго часцей звяртаецеся па парады?

— Да мужа.

— А да бацькоў? Да мамы?

— Ёсць моманты, калi я звяртаюся да мамы. Не магу сказаць, што зусiм нiколi. Але ўсё-такi я дарослы чалавек. I цяпер больш раюся з мужам.

— А як жа сяброўкi?

— Так, ёсць сяброўкi, якiм я давяраю, якiя заўсёды скажуць праўду. Мне з iмi няма чаго дзялiць, таму што ўсе сцвердзiлiся як асобы. Памiж намi няма моманту сапернiцтва. Усе мае сяброўкi разумныя жанчыны. I ўвогуле стасункi з дарослымi самадастатковымi людзьмi для мяне —

Каштоўныя iмгненнi

— Але ж не кожнай жанчыне скажуць, што яна "падобная на Сафi Марсо"...

— Так, у фiльме "Эскiз на манiторы" была фраза: "А мне заўсёды казалi, што я падобная на Сафi Марсо. Вы не знаходзiце?.." I там так знята, што сапраўды ёсць падабенства. Асаблiва калi ў мяне была кароткая стрыжка пад хлопчыка — Сафi Марсо з "Бума"! А ўвогуле я падобная на ўсiх — i нi на каго ў прыватнасцi. Мне казалi, што ў адным спектаклi я падобная на Клаўдзiю Кардынале, у iншым — на Веру Халодную...

— Як вы ставiцеся да параўнанняў?

— Гледзячы з кiм параўноўваюць. Апошнiм часам мяне параўноўваюць з Лалiтай. Знешне мы абсалютна розныя. Магчыма — мой тэмперамент, аптымiзм, патэнцыял да гэтага схiляе. Я заўсёды кажу "дзякуй" за такое параўнанне. Таму што яна вельмi таленавiтая асоба. Што нi песня — хiт. Што нi выхад — бомба. I разумная.

— Вы таксама спяваеце. Акцёрскiя спевы становяцца ўсё больш папулярнымi. Калi вы зразумелi, што можаце спяваць?

— Я з шасцi гадоў займалася ў музычнай школе. Спявала ў хоры "Пралеска" — па пiянерскiх часах ён быў вядомы. Была там нават салiсткай. А потым ужо iшлi iншыя творчыя заняткi, танцы, напрыклад. Але патрапiла ў тэатральны лiцэй, калi мы пераехалi на новую кватэру. I так мяне тэатр захапiў, што я зразумела: хачу жыць на сцэне. Я ўдзячная педагогам у Акадэмii мастацтваў — у мяне была магчымасць спяваць i там. Калi заканчвала акадэмiю, была ўжо на дзявятым месяцы цяжарнасцi, а ўсё роўна выскоквала на сцэну, станавiлася на крэсла, спявала арыю... Я спявала заўсёды. Проста толькi год таму ў мяне з’явiлася магчымасць выпусцiць сольны дыск песень у супрацоўнiцтве з Сяргеем Сухамлiным. Ёсць ужо i новыя песнi, новыя задумы. Цяпер ён дапамагае мне працаваць над нумарамi ў мюзiкле "Байкер". Але ёсць у мяне некалькi песень у супрацоўнiцве з iншымi кампазiтарамi. Часта просяць праспяваць песню з фiльма "Яшчэ пра вайну". Свае прызы на кiнафестывалях я атрымала ў асноўным за працу ў гэтай карцiне — за ролю другога плана.

— Вы прайшлi той этап, калi былi кастынгi ў расiйскiя серыялы...

— У "Зале чакання" i "Каменскай" былi маленькiя эпiзоды, нават не ролi. Не магу сказаць, што я вельмi хацела там здымацца. Патэлефанавалi, запрасiлi. Было цiкава. Гэта былi мае самыя першыя крокi. А ў Аляксандра Васiльевiча Яфрэмава ў фiльме "Павадыр" ужо была роля. Пасля яе быў "Эскiз на манiторы", пасля — "Маленькiя ўцекачы". I пайшло — паехала... Адзiнае — не было сапраўднай галоўнай ролi ў кiно. Затое ёсць чаго чакаць.

— Вы ездзiце на кiнафестывалi ў iншыя краiны. Напэўна, там памятаюць лепшыя карцiны "Беларусьфiльма" i гатовыя бачыць нашых вядомых з тых часоў кiназорак. А як прымаюць маладых беларускiх артыстаў?

— Калi мы прыязджаем на кiнафестывалi ў братнiя краiны, то адчуваем цiкавасць да таго, што адбываецца на нашай кiнастудыi. Ёсць нейкая настальгiя — многiя сённяшнiя зоркi кiно здымалiся на "Беларусьфiльме", пачыналi тут свой творчы шлях. I яны шчыра жадаюць, каб наша кiно развiвалася. I ўсе вераць. Часам на фестывалях яны даюць нам прызы за карцiны з вялiкiм авансам на будучыню. Каб быў стымул рухацца далей. Нашых артыстаў заўсёды прымаюць добра. Трэба аддаць належнае Святлане Сухавей, старшынi Гiльдыi акцёраў кiно, якая дабiлася павагi да беларускiх артыстаў. Усе ведаюць, што беларускiя артысты безадмоўныя, усе канцэрты адыграюць, адспяваюць, адпрацуюць. Наша дэлегацыя звычайна самая дысцыплiнаваная.

— Фестывалi — гэта найперш новыя кантакты. Магчымасцi супрацоўнiцтва з рэжысёрамi з Расii, напрыклад... Некаторыя вашы калегi iх скарысталi.

— Мне шмат разоў прапаноўвалi: трэба з’ездзiць у Маскву, паспрабаваць. Але мне нiколi не хацелася з’ехаць. Мне добра i ўтульна ў Беларусi. Ёсць магчымасць рэалiзавацца тут i я веру, што iх будзе больш. Акрамя таго, разумею, што ўсе раз’езды-прыезды не адаб’юцца станоўча на маiм асабiстым жыццi, а яно для мяне самае галоўнае. Я павiнна бачыць свайго сына. Мне неабходна пастаянна адчуваць блiзкага чалавека, дыхаць iм. Гэта мая апора, маё натхненне. Толькi дзякуючы таму, што жыву ў стане кахання, я такая, як ёсць, i магу тварыць.

Размаўляла Ларыса ЦIМОШЫК.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сямейны вечар. Задушэўная размова. Успамiны, справы, мары, музыка... Нiбыта прыгожы рамантычны фiльм, якi зараджае надзеямi ўсiх, хто развучыўся спадз
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика