Паслядоўнiкi Маўродзi ўжо ў iнтэрнэце. Яшчэ раз пра "бясплатны" сыр
Паслядоўнiкi Маўродзi ўжо ў iнтэрнэце. Яшчэ раз пра "бясплатны" сыр
Банальная сiтуацыя: незаконапаслухмянага чалавека, ды яшчэ пад алкагольным "допiнгам", пацягнула на "подзвiгi". Ён скандалiць у грамадскiм месцы альбо, што яшчэ горш, вырывае ў жанчыны сумку з кашальком i мабiльным тэлефонам. І, здававалася б, зусiм iнакш — у iнтэрнэце. Нiякай грубай сiлы, прымусу, гвалту. Сядзiш за камп’ютарам, абаронены сценамi сваёй кватэры, нацiскаеш на клавiшы i быццам кiруеш невядомымi табе людзьмi. Перад табой адкрываюцца гiганцкiя магчымасцi, можна рабiць практычна ўсё. I з табой нiчога не здарыцца, паколькi гэта не канкрэтны горад, вулiца, а прастора вiртуальная. Менавiта так, пэўна, лiчыць пераважная частка зламыснiкаў, якiя толькi пачынаюць працаваць у сусветнай павуцiне. Аднак меркаванне аб беспакаранасцi дзеянняў у інтэрнэце злосна жартуе з iх. Прастора вiртуальная, але пакаранне за злачынства рэальнае. I страты ахвяры махлярства — таксама. Так сцвярджаюць на падставе канкрэтных фактаў супрацоўнiкi падраздзялення "К" — аддзела па раскрыццi злачынстваў у сферы высокiх тэхналогiй УУС Гродзенскага аблвыканкама. Як i Шуру Балаганава, "камп’ютарнага" аферыста спынiлi на месцы злачынства з адпаведнымi доказамi. З той толькi рознiцай, што першы пагарэў падчас крадзяжу ў грамадскiм транспарце, а другi — у момант чарговага ўздзеяння на канкурэнтныя сайты. А вось у 20-гадовага жыхара Скiдаля iнтарэсы ў сусветнай павуцiне былi iншыя. Маючы не надта ўжо i сучасны камп’ютар, ён тым не менш набраўся ў iнтэрнэце вопыту i там жа разгарнуў даволi бурную, але, на жаль, процiзаконную дзейнасць. Стварыў англамоўны сайт пад выглядам быццам бы зарэгiстраванай у ЗША iнвестыцыйнай кампанii i прапанаваў укладчыкам проста шыкоўныя ўмовы па выплаце дывiдэндаў. Накшталт таго, як на заранку рынкавых пераўтварэнняў "паляпшалi" дабрабыт насельнiцтва сумнавядомы Маўродзi i iншыя прайдзiсветы. I рэклама, дарэчы, падобная. Памятаеце, як нахвальвалi "МММ" у тэлеролiках шчаслiвыя клiенты? Так i цяпер давер да фiрмы падмацоўваўся не толькi прыгожа аформленым сайтам, адпаведнымi лiцэнзiямi, але i водгукамi на форуме аб фiнансавых магчымасцях кампанii i разлiках з iнвестарамi. Несумненна, меркаваннi былi выключна станоўчыя. Як потым аказалася, аўтарам усiх каментарыяў з’яўляўся... сам махляр, якi выступаў пад рознымi iмёнамi. Такiм чынам ён "кiнуў" даверлiвых клiентаў на суму каля дваццацi тысяч амерыканскiх долараў. I спыняцца на дасягнутым не збiраўся, паколькi на момант затрымання арганiзаваў у iнтэрнэце яшчэ некалькi "iнвестыцыйных кампанiй". Яго "заслугi" ў гэтай сферы суд палiчыў вартымi трох гадоў пазбаўлення волi. А вось яшчэ адзiн махляр (цi, мажлiва, злачынная групоўка) пакуль у вышуку. У дадзеным выпадку быў выкарыстаны не камп’ютар, а яшчэ больш распаўсюджаны цяпер сродак высокiх тэхналогiй — мабiльны тэлефон. Жыхарка аднаго з райцэнтраў Гродзенскай вобласцi атрымала SMS-паведамленне, што па вынiках латарэi, якая праводзiлася на расiйскiм радыёканале, яна выйграла галоўны прыз. Гэта — аўтамабiль, прычым прэстыжнай мадэлi, вельмi дарагi. Якая ўдача! Праўда, рэалii такiя, што шчаслiўчыку трэба пералiчыць каля 1200 долараў на пэўны рахунак — быццам для транспарцiроўкi машыны ў Беларусь i льготных умоў мытнага афармлення. Падрабязнасцi — па ўказаным у SMS-паведамленнi нумары тэлефона. Дзяўчына патэлефанавала i, пачуўшы пацвярджэнне, што сапраўды нумару менавiта яе "мабiльнiка" пашанцавала ў латарэi, пералiчыла вышэйпамянёную суму. А далей — нi аўтамабiля, нi грошай, нi магчымасцi звязацца з арганiзатарамi "латарэi". На сёння ўжо вызначана кола падазроных асобаў i сумесна са спецыяльнымi службамi Расii праводзiцца расследаванне. Як патлумачылi ў падраздзяленнi "К" УУС Гродзенскага аблвыканкама, у падобных сiтуацыях з нечаканымi выйгрышамi (аўтамабiль альбо iншы каштоўны прыз) махляры дзейнiчаюць спосабам так званай веернай рассылкi SMS-паведамленняў, на ўдачу. Калi чалавек падыходзiць з недаверам, не адказвае, то яго проста пакiдаюць у спакоi. Калi ж "клюе", то з iм завязваецца дыялог з загадзя падрыхтаванымi i, безумоўна, пераканаўчымi адказамi на ўсе магчымыя пытаннi. А класiка махлярскага жанру ў сферы высокiх тэхналогiй — гэта "Нiгерыйскiя пiсьмы". Iх разнавiднасцяў шмат, але сутнасць не мяняецца. Аднойчы на ваш Е-mаil прыходзiць пiсьмо ад афрыканскай лэдзi, якая вас не ведае i тым не менш спадзяецца менавiта на вашу дапамогу. Вы даведваецеся аб трагiчным лёсе бежанкi з якой-небудзь адной краiны ў iншую. Пры гэтым вас запэўнiваюць, што пры ўмове пералiчэння не надта вялiкай сумы грошай можна будзе атрымаць значна больш з валютных рахункаў яе забiтага вераломнымi путчыстамi бацькi-мiнiстра. Праявiлi зацiкаўленасць, адказалi на пiсьмо — прыйдзе другое, а затым яшчэ некалькi. Увесь сэнс перапiскi ў тым, каб вы паверылi ў шчырасць няшчаснай "лэдзi" i рэальнасць сiтуацыi. А затым... Ёсць рэальныя крымiнальныя справы, у тым лiку ў Беларусi, калi махлярам (арганiзаваным злачынным групоўкам з добра размеркаванымi абавязкамi) пералiчваюцца нават дзясяткi тысяч долараў. Застацца ў дурнях можна i тады, калi па электроннай пошце альбо тэлефоне да вас звяртаецца "адмiнiстратар вашага банка" з просьбай пацвердзiць вашы банкаўскiя рэквiзiты, дапусцiм, для перазаключэння дагавора. Ужо здаралася, што такiм шляхам зламыснiкi атрымлiвалi доступ да электронных рахункаў i кралi грошы. Увогуле, калi пяць гадоў назад былi адзiнкавыя выпадкi крадзяжоў грашовых сродкаў з выкарыстаннем украдзеных пластыкавых магнiтных картак альбо рэквiзiтаў электронных банкаўскiх рахункаў, то за дзевяць месяцаў гэтага года толькi на Гродзеншчыне зарэгiстравана каля сотнi такiх злачынстваў. I вучыцца на чужых памылках хочуць далёка не ўсе. Канфiдэнцыяльная iнфармацыя па-ранейшаму пакiдаецца ў памяцi мабiльнага тэлефона, якi можа быць згублены альбо ўкрадзены, i нават на самой банкаўскай картцы... Калi трэба задумацца, што вас "кiдаюць"? Парады ад аддзела па раскрыццi злачынстваў у сферы высокiх тэхналогiй УУС Гродзенскага аблвыканкама: р Калi бачыце прапанову купiць нешта вельмi таннае, паколькi бясплатны сыр, як вядома, бывае толькi ў пастцы. р Калi паступае прапанова пераслаць няшмат грошай, каб заўтра атрымаць значна больш. р Калi вам прапануюць бясплатна паўдзельнiчаць ва аўкцыёне альбо партнёрскай праграме. р Калi просяць дапамагчы афрыканскай лэдзi атрымаць "...цаць мiльёнаў долараў" спадчыны. р Калi вы не ўдзельнiчалi ў латарэi, але раптам сталi ўладальнiкам шыкоўнага прыза i, каб яго атрымаць, трэба пералiчыць пэўную суму на рахунак арганiзатараў гэтай акцыi. р Калi звяртаюцца з просьбай паведамiць канфiдэнцыяльную iнфармацыю, якая нi ў якiм разе не павiнна перадавацца iншым асобам. Такiм чынам, першае i самае галоўнае правiла: да любых iнфармацыйных паведамленняў фiнансавага характару, распаўсюджаных праз інтэрнэт альбо мабiльную сувязь, неабходна ставiцца з вельмi вялiкiм недаверам. Трэба абавязкова праверыць гэта паведамленне: кiм яно размешчана? Што гэта за iнфармацыйны рэсурс? Усе няпэўныя прапановы лепш проста не разглядаць, а тыя, што заслугоўваюць давер — правяраць самымi рознымi спосабамi. I, перш за ўсе, упэўнiцца ў асобе прадаўца, легальнасцi фiрмы, сабраць па магчымасцi поўныя i пажадана з розных крынiц звесткi аб гiсторыi iх работы, наяўнасцi кампраметуючых абставiнаў. У iнтэрнэце арудуе шмат аферыстаў, але пераважаюць ўсё ж прыстойныя людзi, да якiх можна звярнуцца па параду. Хоць i тут, як у выпадку з вышэйпамянёным прадстаўнiком "iнвестыцыйнай кампанii", не выключана махлярства. Барыс ПРАКОПЧЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Банальная сiтуацыя: незаконапаслухмянага чалавека, ды яшчэ пад алкагольным "допiнгам", пацягнула на "подзвiгi". Ён скандалiць у гр
|
|