Кіно прывезлi!
Кіно прывезлi!
"Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!" — такiм словамi Народны артыст Расii Аляксей Пятрэнка звярнуўся да публiкi ў зале Палаца Рэспублiкi, дзе адбывалася адкрыццё Мiнскага мiжнароднага кiнафестывалю "Лiстапад". Ён увогуле шмат цёплых слоў сказаў у адрас Беларусi. Іх казалi i iншыя госцi, якiя прыехалi да нас сёлета. I ўсiм адразу хацелася паверыць: ну як можна не ўлюбiцца ў нашу прыгожую краiну i яе гасцiнны, шчыры народ? Ды мы ж душу адкрыем перад тым, каго аднойчы палюбiлi i сталi лiчыць сваiмi. Нават калi палюбiлi кiнагерояў дзякуючы экрану — гэта пачуццё на ўсё жыццё перанесена на артыстаў, якiя iх увасобiлi. Леанiд Ярмольнiк — наш? Ды як жа не наш — колькi фiльмаў з яго ўдзелам паглядзелi. Але калi ў праграме была карцiна з яго ўдзелам, ён, на жаль, не змог прыехаць. Але вось сёлета на юбiлейны "Лiстапад" знайшоў час. Сяргей Гармаш — заўсёды наш! Былi ў праграме фестывалю фiльмы з яго ўдзелам, i нават сёлета ён можа прэтэндаваць на прыз за выкананне мужчынскай ролi ў конкурснай карцiне. Выдатная артыстка Алена Бабенка прыехала другi раз на наш кiнафестываль, але цяпер як лаўрэат Мiнскага мiжнароднага кiнафестывалю. Значыць, таксама — наша! Народны артыст Украiны Багдан Ступка — увогуле свой. А Васiль Ланавой — кумiр не аднаго пакалення кiнагледачоў i не ў адной краiне... Але як жа ён да гэтага часу не наведваў "Лiстапад"? Бура авацый — сам Ланавой выйшаў на сцэну. I сказаў не па ролi, а ад сябе: "У мяне з Беларуссю звязана шмат — былi сустрэчы, былi моманты, калi я прыязджаў сюды на паляванне. Гэта былi цудоўныя часы. Але павага мая да Беларусi яшчэ i за тое, што кожны раз яна ў гiсторыi нашай вялiкай радзiмы паўставала як фарпост. Ён браў на сябе першы ўдар ворага, якi наступаў, кожны раз нёс тут вялiкiя ахвяры i разумеў, што далей яго нiчога добрага не чакае". Добрыя словы пра Беларусь парадавалi Прэзiдэнта нашай краiны, якi прыехаў павiншаваць фестываль з юбiлеем, якi за гады свайго iснавання набыў свае, толькi яму ўласцiвыя рысы. Адна з iх — узнагароджанне выдатных асобаў спецыяльным прызам Кiраўнiка нашай дзяржавы "За захаванне традыцый духоўнасцi ў кiнамастацтве". Сёлета гэты прыз атрымаў народны артыст СССР Васiль Сямёнавiч Ланавой. Прэзiдэнт Беларусi звярнуўся да артыста са словамi: "Вы стварылi вобразы моцных i смелых людзей, сапраўдных мужчын. На такiх трымаюцца i дзяржава, i народ. Гэта вам ўдалося таму, што вы — такi ж чалавек. Дзякуй вам за творчасць i творчы подзвiг. Няхай гэта ўзнагарода стане прызнаннем усяго беларускага народа за служэнне мастацтву". Калi "Лiстапад" спрабаваў стаць на ногi, быў няпросты час, краiны размежавалiся, кожная пайшла сваiм шляхам. Тады кiраўнiк фестывалю народны артыст СССР рашыўся звярнуцца да прэзiдэнта па падтрымку. I знайшоў разуменне. "Ствараючы "Лiстапад", мы iмкнулiся адрадзiць адзiную кiнапрастору на тэрыторыi Садружнасцi Незалежных Дзяржаў i Балтыi, захаваць наш агульны здабытак — кiнематограф, якi не толькi забаўляе, але i выхоўвае, прабуджае ў сэрцах людзей не агрэсiю, нянавiсць, а дабрыню i чалавечую любоў", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Кiнематограф нездарма называюць фабрыкай мараў, мастацтвам, якое здольнае ўвасобiць у жыццё самыя неверагодныя фантазii i мроi, — падкрэслiў у прывiтальным слове Аляксандр Лукашэнка. — Магiя кiно сабрала ў Мiнску сузор’е выдатных акцёраў i рэжысёраў, чыя творчасць складае гонар сучаснай кiнематаграфii. Мы маем магчымасць быць сярод любiмых артыстаў, выказаць iм словы сваёй гарачай удзячнасцi i самай шчырай падзякi... Чаму мы так любiм кiнематограф? Напэўна, таму, што добры фiльм — гэта заўсёды свята душы. Тыя, хто вырас у вёсцы, нiколi не забудуць радасны крык: "Кiно прывезлi!" З якой нецярплiвасцю мы чакалi кожную новую карцiну — таму што з экранаў адкрывалася акно ў вялiзны неабсяжны свет. За герояў кiнастужак мы перажывалi як за самых дарагiх i блiзкiх людзей, бралi з iх прыклад, старалiся стаць такiмi ж моцнымi, смелымi i высакароднымi". У гэтыя днi культурнае жыццё Беларусi круцiцца вакол "Лiстапада". Калi ён толькi пачынаўся, рабiў першыя крокi, цяжка было ўявiць, што ў Мiнску можна будзе паглядзець кiнастужкi, пра якiя гаворыць увесь свет. Нiхто i думаць не мог тады, што госцi кiнафестывалю ў Мiнску будуць размаўляць на самых розных мовах: па-англiйску, па-нямецку, па-шведску i нават па-японску! Што да нас будуць прыязджаць выдатныя творцы, такiя, як славуты польскi рэжысёр Кшыштаф Занусi i прызнаны ва ўсiм свеце расiйскi майстар Аляксандр Сакураў, якiя сталi гасцямi "Лiстапада" сёлета i нават правялi майстар-класы для моладзi. "Мы разам ствараем цудоўнае свята, якое пераадольвае геаграфiчныя межы i палiтычныя рознагалоссi, сцвярджае iдэалы кiнематографа — самага масавага з усiх вiдаў мастацтваў", — падкрэслiў Прэзiдэнт. Ён пажадаў удачы не толькi гасцям, чые карцiны ўдзельнiчаюць у конкурсе, але i айчынным стваральнiкаў мрояў, таму што жыхарам нашай краiны патрэбны свой кiнапрадукт: "Мы вельмi трапятлiва ставiмся да кiнематографа, заўсёды дапамагалi i будзем дапамагаць яму. А ў адказ чакаем толькi аднаго: годных творчых вынiкаў. Стварайце яркiя, вiдовiшчныя, i ў той жа час глыбокачалавечыя задушэўныя фiльмы, якiя змогуць заваяваць гледача. Толькi такое кiно мы купiм, i за добрыя грошы. Зробiм усё магчымае, каб пра яго даведаўся свет. А калi цяжка справiцца самiм — не саромцеся, прыцягвайце калег з iншых краiн. Паглядзiце, якая зорная каманда знаходзiцца ў зале! Мы будзем рады, калi гэтая сустрэча дапаможа нараджэнню новых праектаў, годных называцца беларускiмi нацыянальнымi фiльмамi". Зрэшты, беларускiя творцы i не тушавалiся перад ганаровымi гасцямi. Перад гледачамi ўсе выглядалi аднолькава шчаслiвымi — калi падымалiся па прыступках на сцэну. Дарэчы, мiнскiя прыступкi выконваюць тую ж мiсiю, што i славутая "чырвоная дарожка" ў Канах. А што вы думалi — i прыгожыя строi артыстак разгледзець, i ўзнагародзiць любiмцаў апладысментамi. Усё ж такi не часта ў Мiнску збiраецца на адной сцэне столькi знакамiтасцяў. Якiя, мiж iншым, зусiм не супраць былi ўзяць на памяць кавалачкi талеркi, па традыцыi разбiтай Расцiславам Янкоўскiм. Старшыня журы кiнематаграфiстаў Святлана Дружынiна падняла кавалак першая, за ёй кiнуўся збiраць iх Леанiд Ярмольнiк i раздаваў дамам. А потым усе разам пайшлi глядзець кiно. Ларыса ЦIМОШЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!" — такiм словамi Народны артыст Расii Аляксей Пятрэнка звярнуўся да публiкi ў зале Палаца Рэспублiкi, д
|
|