Сама садок я садзіла...
Сама садок я садзіла...
Сама буду палiваць, пяецца далей у вядомай прыпеўкi. А ў некаторых гаспадарках Гомельшчыны гэты радок гучыць на iншы лад: "сама буду шкадаваць". І гэта цалкам заканамерна. Бо недзе нехта недагледзеў, не зразумеў, недаацанiў. Або наогул праспаў у шапку. Як у КСУП "Камбiнат "Усход" Гомельскага раёна, напрыклад. Тут заклалi яблыневы сад на дзясятках гектараў. Выбралi некалькi вiдаў саджанцаў. I сярод iх — гатунак "Айдарэд". Ну i што, калi ён не ўключаны ў дзяржаўны рэестр вобласцi? Затое — iнiцыятыва! Смелы палёт думкi. Эксперымент. I дэвiз: хто не рызыкуе — той не п’е шампанскае. I не закусвае яблыкамi. Вясной пайшлi кiраўнiкi глядзець, як дрэўцы прыжылiся, як выпускаюць яны залёную лiстоту. Але — дудкi! 5800 саджанцаў вымерзлi. Ляснулi яны. А з iмi ляснула 37,9 мiльёна бюджэтных рублёў. Калi даведалiся пра гэта ў КСУПе "Iвакi" Добрушскага раёна, то ледзь у ладкi не запляскалi. У iх прагрэс у параўнаннi з "Усходам". Бо дуба тут далi "толькi" 4600 саджанцаў. На 1200 меней. Ды паспяшалiся iвакаўцы радавацца. У iх — сумнае лiдарства па ўдзельнай вазе загiнулых дрэўцаў. Ажно 82 працэнты ад высаджанай колькасцi апынулася на сметнiку. А што ў старым садзе плошчай у 37 гектараў? Зарос ён бадыллем розным ды кустоўем так, што заблудзiцца там можна i "агу" крычаць. Але — увага! На гарызонце з’явiлiся плантацыi адкрытага акцыянернага таварыства "Цiхiнiчы", што ў Рагачоўскiм раёне. Там нехта (аграном-садавод, а можа намеснiк дырэктара) летам усё блукаў па iх i нешта то мацаў у кустах парэчак, то нiзка нагiнаўся да садовых сунiц. Ягады шукаў! Ну не так, скажам, як iголку ў стозе сена, але ўсё ж пэўныя намаганнi прыкладваў. I нездарма. Бо парэчкi трэба было садзiць летась у кастрычнiку, а сунiцы — у жнiўнi—вераснi. Такая тэхналогiя, такiя рэкамендаваныя тэрмiны. Цiхiнiцкiя ж эксперыментатары махнулi на iх рукой. Самi з вусамi, маўляў. На два месяцы пазней пасадкi зрабiлi. I што? Спадзявалiся на адно, атрымалi другое. Цiха! Што гэта варушыцца i быццам чвякае? Дык гэта ж, браточкi мае, мышы, пацукi ды зайцы вушастыя сад малады ў "Цiхiнiчах" аблюбавалi. Карой ды галiнкамi ласуюцца так, што толькi пiлавiнне ляцiць. Ды на падкопы пад каранi нацэлiлiся нахабна. Заплакалi ад ранаў ды пашкоджанняў там 2477 саджанцаў яблынь i 3400 — парэчак. Ды яшчэ ў дадатак прырабiлi ногi 2634 яблынькам пасадкi 2005—2007 гадоў. Хто? Адзiн Бог ведае. А кiраўнiкi ААТ — не. Прычын яны не выяўлялi. Страт не падлiчвалi. Спiсалi адным махам аўтаручкi. Ды i ўсё. Поўны парадак. I вось з восеньскага туману выплывае фермерская гаспадарка "Яблыневы сад", што ў Калiнкавiцкiм раёне. Ключом б’е тут фантазiя ў кiраўнiка. Да такой ступенi, што ёю зацiкавiлася пракуратура. Гаспадарка прад’явiла да аплаты дагаворы пастаўкi пасадачнага матэрыялу на 167,5 мiльёна рублёў. А райсельгасхарч пералiчыў бюджэтныя сродкi на яе разлiковы рахунак. "Казырны туз" у тым, што па ўказаных дагаворах "Яблыневы сад" выступiў i як пастаўшчык, i як пакупнiк. У тым сэнсе, што ў 2006—2007 гадах "рэалiзаваў" сабе ж 50 245 сваiх уласных саджанцаў пладова-ягадных культур. Вось так! I нiякiх цвiкоў. Хiцер Змiцер, але ж i Саўка не дурны. Гэту народную прымаўку на практыцы прымянiлi i ў КСУПе "Саўгас "Чырвонаакцябрскi" Буда-Кашалёўскага раёна. Для закладкi саду яму былi выдзелены фiнансавыя сродкi з рэспублiканскага фонду падтрымкi вытворцаў сельгаспрадукцыi, харчавання i аграрнай навукi. А ў саўгаса — гiра на нагах: крэдыторская запазычанасць на 35,1 мiльёна рублёў. Манеўр быў абраны такi: перапрадаць 5800 саджанцаў яблынь КСУПу "Брылёва" Гомельскага раёна. Парушана заканадаўства ў частцы выкарыстання бюджэтных сродкаў? Ну i што, маўляў. Затое запазычанасць пагашана. Нам добра i iм прыемна. Гэтыя i многiя iншыя факты былi ўстаноўлены супрацоўнiкамi Камiтэта дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласцi падчас праверкi выканання Дзяржаўнай мэтавай праграмы "Пладаводства" за 2004—2008 гады. Было выяўлена расходаванне бюджэтных сродкаў не па мэтавым прызначэннi з парушэннем заканадаўства ў памеры 221,8 мiльёна рублёў, а таксама неэфектыўнае iх выкарыстанне на 412 мiльёнаў. Адным словам, сама садок я садзiла... Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сама буду палiваць, пяецца далей у вядомай прыпеўкi. А ў некаторых гаспадарках Гомельшчыны гэты радок гучыць на iншы лад: "сама буду шкадаваць&qu
|
|