Зямля беларуская: фунт разынак і чалавечы фактар
Зямля беларуская: фунт разынак і чалавечы фактар
Крыху больш як месяц iдзе ў эфiры Першага канала праект "Зямля беларуская", а ў яго ўжо ёсць мноства прыхiльнiкаў. Маляўнiчыя краявiды, легенды i таямнiцы розных мясцовасцяў, рэдкiя рамёствы i малавядомыя факты з "бiяграфii" таго цi iншага раёна Беларусi — усё гэта захапляе, прыцягвае i ўражвае. Тым больш цiкава, хто i як раскопваў на месцах усё тое, што масавы глядач яшчэ не ведаў. Аб тым, якiя людзi стаяць за праектам, мы вялi гутарку з загадчыкам аддзела карэспандэнцкай сеткi Агенцтва тэлевiзiйных навiнаў Белтэлерадыёкампанii Вольгай Шпiлеўскай. Аўтары — Хто i якiм чынам вызначае чарговасць раёнаў, у якiх iдуць здымкi? Як адбiраюць цiкавыя факты, каб не атрымаўся пераказ турыстычных даведнiкаў? — У нас нi ў якiм выпадку не было такой мэты — пераказваць турыстычныя даведнiкi. Галоўная задача — у кожнай серыi, пра якi б раён нi iшла гаворка, паказаць тое, аб чым не расказвалi i не паказвалi дагэтуль. Мы шукаем, напрыклад, гiсторыi i легенды пра ўзнiкненне мясцiнаў — няхай яны нават не маюць пад сабой дакументальнага пацвярджэння, але калi яны незвычайныя i адметныя, калi пераказваюцца ў раёне з адных вуснаў у другiя, значыць пра гэта цiкава будзе даведацца i iншым людзям. Тым больш калi аповед iдзе ад першай асобы. Што да чарговасцi раёнаў... Над праектам працуюць не толькi сталiчныя карэспандэнты, але i ўласныя рэгiянальныя, якiя вельмi добра ведаюць свае вобласцi i прапануюць, аб чым было б больш цiкава расказаць у першую чаргу. Усё адно рана цi позна мы раскажам пра ўсе 118 раёнаў, безумоўна. Першыя трыццаць раёнаў, пра якiя фiльмы ўжо зробленыя, "трапiлi" ў лета i пачатак восенi. У сярэдзiне лiстапада творчая група абмеркавала, якiя раёны больш выгадна глядзяцца ў зiмовым аздабленнi, i як толькi снег ляжа трывала, пачнецца наступны блок здымак. Напрыклад, Гарадоцкi раён, якi лiчыцца самым паўночным, плануюць здымаць менавiта ўзiмку. Некаторыя мясцiны — скажам, Белавежскую пушчу, — пакажуць у некалькiх серыях i ў розныя часiны года, i заснежанай, i квiтнеючай. — Ходзяць чуткi, што Мiнск пакiнулi "на салодкае" i пакажуць самым апошнiм... — Справа ў тым, што пра Мiнск, як i пра Нясвiж, Мiр, Полацк, Лiду, беларусы i так ведаюць дастаткова многа, усе ж ездзяць па экскурсiях. Таму давядзецца пастарацца, каб знайсцi не вядомыя раней факты. Але мы не дзялiлi рэгiёны на больш цi менш цiкавыя, на "салодкiя" i звычайныя. Мэта праекта ў iншым. Нашы суайчыннiкi, незалежна ад месца, дзе яны жывуць, часцей бачаць па тэлевiзары што — Егiпет, Турцыю, iншыя замежныя курорты. Праграм на тэму падарожжа ў экзатычныя краiны хапае на кожным канале. А пра мясцiны, што знаходзяцца зусiм побач з намi, неяк забываешся... Або мы не ўмеем гэта прыгожа падаць, каб усiм было цiкава. Запоўнiць гэты недахоп якраз i заклiканы праект — каб людзi паглядзелi, сабралiся на наступныя выхадныя — i паехалi ўсёй сям’ёй адпачыць у гэты раён. Нават мая мама, убачыўшы першую серыю "Зямлi беларускай", пра Браслаўскiя азёры, была здзiўленая — няўжо ў нас гэта ёсць? А i сапраўды ж ёсць! І многа чаго варта пабачыць на ўласныя вочы. Мне даводзiцца перачытваць сцэнарыi ўсiх фiльмаў, i, прызнаюся, кожная серыя — адкрыццё, бо знаходжу там вельмi многа новага. У кожным раёне знаходзiцца свая разынка — як пляценне з сiты ў Браславе цi цудадзейныя крынiцы ў Мсцiславе... Героi У фiльмах "Зямлi беларускай", дарэчы, няма нiводнага выдуманага персанажа. Як няма i прафесiйных акцёраў — яны ўдзельнiчаюць толькi ў агучваннi праекта, радуючы вуха чысцюткай беларускай мовай. На дадзены момант у актыве праекта — адзiн жаночы i тры мужчынскiя галасы, якiмi "размаўляюць" героi. А героi — гэта заўжды мясцовыя жыхары, якiя з радасцю адгукаюцца на просьбы здымачнай групы. Напрыклад, у фiльме "Шклоўскiя сiмфонii" усяго за пару гадзiн наладзiлi сапраўдны кiрмаш — у мясцовым клубе знайшлi касцюмы, а прадукты ды ўсякiя тавары для антуражу месцiчы прынеслi з дому. — Цi будуць сярод герояў папулярныя ў Беларусi людзi, ураджэнцы таго цi iншага раёна? — Не, мы свядома ад гэтага адмовiлiся. Ва ўсякiм разе, пакуль што — бо серый будзе 118, хочацца не паўтарацца, а рабiць кожны раз штосьцi новае. Але, хутчэй за ўсё, вядомых асобаў усё ж не будзе — бо тады фiльм атрымаецца не пра мясцовасць, а пра гэтага канкрэтнага чалавека. — У першых, "летнiх" прэзентацыйных ролiках праекта здымалiся вядомыя беларускiя гiмнасткi. Каго чакаць у зiмовай частцы — бiятланiстаў, хакеiстаў? — Наконт спартсменаў сказаць не магу — гэта цалкам прыдумкi рэжысёраў. Хачу толькi яшчэ раз падзякаваць усiм удзельнiкам гэтых здымак, якiя з энтузiязмам адгукнулiся на прапанову. Напрыклад, маленькiх дзяўчат-танцорак з Мiнска ў Брэсцкую вобласць (здымкi праходзiлi ў Косаўскiм i Ружанскiм палацах) прывезлi самi бацькi, i ўсе яны адпрацавалi вельмi натхнёна i самааддана. — Ведаю, здымачным групам вельмi дапамагалi супрацоўнiкi музеяў, мясцовыя ўлады... Дзе-небудзь прыём запомнiўся асаблiва? — Кагосьцi аднаго я вылучыць не магу. Гэта дзiўна i радасна — паўсюдна, куды мы прыязджалi, людзi iшлi насустрач i дапамагалi ў здымках, чым толькi маглi. Некаторыя задумы ў рэжысёраў нараджалiся спантанна, але заўсёды знаходзiлi гарачую падтрымку. Трэба было бачыць, як, да прыкладу, у Браславе: на месцы вырашылi, што добра было б паказаць азёры зверху, iдэю актыўна падтрымалi мясцовыя ўлады — i лiтаральна праз тыдзень мы ўжо выехалi на здымкi з верталёта. Прычым гэтыя здымкi, надзвычай складаныя, былi арганiзаваныя бясплатна. Дзякуючы таму, што здымачныя групы працуюць у цеснай звязцы з раённымi ўладамi, вялiкiх грошай праект дагэтуль не запатрабаваў. "Ён увогуле некамерцыйны", — адзначае Вольга Шпiлеўская. Мабыць, iдэя паказаць прыгажосць родных мясцiнаў заўжды ляжала на паверхнi, але так маштабна за яе дагэтуль нiхто не браўся... Таму цяпер творчыя брыгады АТН так горача вiтаюць у кожным раёне, i стараюцца паказаць лiтаральна ўсё, вартае ўвагi. А перад рэжысёрам стаiць нялёгкая задача — у любым выпадку ўкласцiся ў хранаметраж, 13 хвiлiн. Спачатку, праўда, планавалася рабiць серыi ўдвая даўжэйшымi, але потым, прагледзеўшы першыя серыi, вырашылi, што гэты фармат зацягнуты, i скарацiлi. "13 хвiлiн — якраз той час, якi глядзiцца на адным дыханнi. Але калi гледачы запатрабуюць працягу i падаўжэння серый — матэрыялу ў нас хопiць", — запэўнiвае Вольга. Гледачы — У праекта ўжо склалася свая глядацкая аўдыторыя. Але некаторыя скардзяцца, што прапусцiлi тую цi iншую серыю — дзе яе потым можна будзе знайсцi? — На сайце Белтэлерадыёкампанii ёсць асобная старонка, дзе можна паглядзець усе фiльмы i фатаграфii са здымачнай пляцоўкi. "Зямля беларуская" — праект "доўгайграючы", разлiчаны прыкладна на два гады. I магчыма, пакуль што рана загадваць, што з iм будзе па заканчэннi гэтага тэрмiну, але так хочацца зазiрнуць у будучыню... Кажуць, напрыклад, што ўжо ёсць дамоўленасць з замежнымi тэлеканаламi, зацiкаўленымi ў набыццi ўсiх серый... — Перамовы з замежнымi краiнамi сапраўды вядуцца, — пацвярджае Вольга Шпiлеўская. — Плануецца, што будзе зроблены адзiн вялiкi прэзентацыйны фiльм пра Беларусь. Акрамя таго, мы плануем прапаноўваць замежным гледачам i тыя серыi, якiя паказваем цяпер. Безумоўна, у кожным раёне пастараемся пакiнуць копiю серыi пра гэтыя мясцiны, у рэшце рэшт, гэта наша сумесная работа. А яшчэ, думаю, для агульнаадукацыйных устаноў гэта таксама быў бы вельмi добры i цiкавы матэрыял для вывучэння, карысны нават для непадрыхтаваных гледачоў i для аўдыторыi любога ўзросту. Напрыклад, маёй дачцэ 8 гадоў, i яна глядзiць гэтыя фiльмы з задавальненнем. — Вельмi важнае ў фiльмах гукавое афармленне — не толькi музыка, але найперш беларуская мова. Як быць з тымi, хто не разумее або ўвогуле не ведае яе? Для замежных гледачоў будзе зроблена пераагучванне або субцiтры? — Пакуль што мы разважаем над гэтым пытаннем. Трэба зняць хоць бы палову праекта, а потым аналiзаваць, наколькi ён запатрабаваны. Гутарыла Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Крыху больш як месяц iдзе ў эфiры Першага канала праект "Зямля беларуская", а ў яго ўжо ёсць мноства прыхiльнiкаў. Маляўнiчыя краявiды, леге
|
|