Слуп
Слуп
Каму з нас невядомыя такiя ўстойлiвыя выразы: Стаяць як слуп — знерухомець ад нечага нечаканага цi нават страшнага, не могучы вымавiць нi слова. — знерухомець ад нечага нечаканага цi нават страшнага, не могучы вымавiць нi слова.Альбо — паставiць да ганебнага слупа — абвiнавацiць у нечым сур’ёзным, у здрадзе, напрыклад. Гiсторыкi ведаюць Геркулесавы слупы — гэта старажытная назва Гiбралтарскага пралiва. Так называлi iх лацiняне, а грэкi — слупамi Геракла, а яшчэ раней фiнiкiйцы — слупамы Мелькарта. Старажытныя жыхары ўзбярэжжаў Мiжземнага мора лiчылi iх "краем свету", месцам, дзе заканчваецца суша. Гэта потым людзi старой Еўропы выйшлi ў акiяны, адкрылi новыя землi. А мне пры напiсаннi гэтага артыкула найперш успомнiлася некалi прачытанае. Была ў раннiм хрысцiянстве такая плынь — стоўпнiцтва, па руску — столпничество. Вырашыў адшукаць дакладныя звесткi аб гэтай плынi. Звяртаўся да даведнiкаў, спрабаваў знайсцi нешта ў iнтэрнэце. А дапамог ведаеце хто? — наш слаўны "Атеистический словарь" 1986 года выдання. Увогуле атэiстычная лiтаратура, выдадзеная ў часы СССР, часы барацьбы з рэлiгiяй самых разнастайных яе формаў, утрымлiвае шмат фактычных звестак, з’яўляецца неблагiм экскурсаводам. Проста трэба адкiнуць iдэалагiчную афарбоўку. Дык вось, памяць мяне не падвяла. Стоўпнiцтва — разнастайнасць хрысцiянскага аскетызму. Яна заключалася ў тым, што паслядоўнiк добраахвотна ахвяраваў сябе на доўгую iзаляцыю i знаходжанне ў любы час дня i ночы на адкрытай пляцоўцы, якая рабiлася на слупе. Заснавальнiкам гэтага руху, калi можна так сказаць, лiчыцца Сiмяон Стоўпнiк, якi жыў у 356—469 гадах. Наколькi помню з некалi i недзе прачытанага: гэта былi не проста манахi, што выбiралi для свайго адасаблення ад людской мiтуснi не пячору, не манастыр, не скiт — а менавiта слуп. Яны былi своеасаблiвымi прапаведнiкамi i прадказальнiкамi будучынi. Ну, а як прадказвалi — гэта ўжо пакрыта цемрай гiсторыi. Хоць нешта прасочваецца i ў нашы днi. У неблагiм беларускiм кiнафiльме "Белыя росы", герой, якога iграе акцёр Карачанцаў, для таго, каб яго пачулi i зразумелi, залазiць на дрэва, на той жа слуп. Праўда, не прадказвае i не прапаведуе, але спявае. У рускай мове iснуе слова — столп. Гэта альбо вежа, альбо стоўб-калона. Яшчэ там ёсць выраз пра столп грамадства. Пушкiн некалi, адчуваючы свой генiй, напiсаў славутае: <І>Я памятник себе воздвиг нерукотворный, К нему не зарастет народная тропа, Вознесся выше он главою непокорной Александрийского столпа. Але i стаўбы-стаўбцы ў суседняй мове iснуюць. Славуты запаведнiк на Енiсеi, каля Краснаярска, дзе каменныя "стаўбы" ствараюць разам з тайгой унiкальны рэльеф. У рускай мове былi яшчэ "стаўбцы" — склееныя скруткi, на якiх захоўвалiся запiсы самага разнастайнага зместу, у тым лiку i крымiнальнага, а таксама запiсы аб радаслоўнай дваран. Таму самыя паважаныя з iх i называлiся — стаўбавыя дваране. Але ж i ў нашай Беларусi ёсць горад Стоўбцы. Увогуле ж, паводле стваральнiка аднаго з першых расiйска-крыўскiх цi беларускiх слоўнiкаў Ластоўскага — стоўб, стоўбчык, стаўбец, стаўбун — гэта глiняны посуд для самага рознага начыння, але яго асобная форма адпавядае форме, падобнай да слупа. А слуп — ён i ёсць слуп. Ну як жа абысцiся без Янкi Брыля з яго зачараванай музыкай слова, з яго трапным веданнем псiхалогii беларускага селянiна. Аповесць "Нiжнiя Байдуны" (гэта назва вёскi): "Зрэшты ў тую ноч, калi на свеце гула i падвывала белая завiрушная цемра, Захар Iванавiч Качко (так ён любiў называцца) вяртаўся з карчмы пехатою. Доўга iшоў з мястэчка, нялёгка, з блытаннем ног i адпаведным унутраным маналогам. Урэшце сяк-так набрыў на слуп каля павароткi i, шчаслiва абняўшы яго, прытулiўшыся да сцюдзёнай драўнiны аброслай шчакой, цiха, пяшчотна спытаўся: — Чы тутэй весь Дольнэ Байдуны? Спытаўся на мове тады афiцыйнай, бо гэта — з краiны майго маленства, з палавiны дваццатых, заходнебеларускiх гадоў. Колькi часу мiнула, а згадваеш тое пытанне амаль кожны раз, калi маўклiвы слуп на паваротцы наблiжаецца да цябе, калi на яго адзiным, выцягнутым драўляным рукаве зноў праяўляецца надпiс — iмя нашай вёскi, ужо даўно па-свойму, як у загалоўку". Для беларуса-селянiна слуп найперш атаясамлiваецца з бервяном або тоўстым брусам, пастаўленым стаўма. Пры будаўнiцтве жылля ён нiяк не мог абысцiся без слупоў, цi шул. У шулах выдзяўбалiся пазы, таму яны i станавiлiся асновамi сцен. Слупы станавiлiся асновамi ганкаў, платоў, варот. Потым прыходзiла ў жыццё вёскi электрычнасць. Тут таксама нельга было абысцiся без драўляных слупоў. У Пiмена Панчанкi ёсць верш "Лiнiя высокага напраужання", дзе вобраз якраз завязваецца з лiнiй электраперадач з iх слупамi: А падпоры — Як гiравiкi: Нi на хвiлю Зняць цяжар той Нельга iм. У гушчар жыцця Не днi — Вякi Ленiнскую Несцi iм энергiю. Можна папракнуць паэта ў тым, што аддаў ён данiну ленiнiяне, якая была абавязковай у тыя часы (верш напiсаны ў 1963 годзе). Але будзем справядлiвымi. Менавiта Ленiным была абвешчана праграма па электрафiкацыi краiны, якая жыла яшчэ нават не пры газнiцы, а пры лучыне. План той называўся "ГОЭЛРО" — i ў многiм быў выкананы ў наступныя дзесяцiгоддзi. У нас жа, у Беларусi, да многiх вёсак першыя слупы электраперадач падыходзiлi якраз у 60-я гады мiнулага стагоддзя. Дзякуючы слупам з’яўлялiся ў вёсках радыё, тэлефон... Як бяжыць час. Мы, каму крыху за пяцьдзесят, неяк яшчэ не прызвычаiлiся адносiць сябе да старэйшых пакаленняў. Але ж... Радавалiся мы, калi замест газнiцы запальвалася ў хаце лямпачка, калi загаварыла ў ёй радыё. Адзiн з першых успамiнаў маленства: сяджу на ўслончыку i слухаю па радыё паведамленне аб палёце ў космас Гагарына. Мала што разумею, але настрой у хаце прыўзняты. Бацькi, якiя таксама мала што разумеюць, проста адчуваюць вялiкасць падзеi. Ну, а тэлефона мы проста баялiся. Як па iм гаварыць, што адказваць, калi зазвонiць. Самому ж некуды пазванiць — падзея! А мая ўнучка ўжо свабодна валодае i камп’ютарам, i мабiльным тэлефонам... А потым прыйшлi васьмiдзясятыя. I драўляныя слупы пачалi замяняць жалезабетоннымi. Старыя слупы складвалi ў вялiкiя кучы, выпiсвалi на дровы, на iншыя патрэбы. Тады i напiсаў верш "Могiлкi слупоў", як цяпер разумею, не без пэўнага, хай i неасэнсаванага мною, уплыву Панчанкi. Пачынаўся верш так: Як i людзi падпiралi неба I высокi ў жылах неслi сэнс. Колькi iх было, драўляных, трэба, Каб святло надзей разнесцi спрэс, А цяпер металу i бетону Саступiлi — як палегла раць! I наканавана ёй сягоння Дагнiваць. Альбо ў агнi палаць... Слупам уздымаецца з комiнаў хат дым у зiмовы час — значыць марозна, бязветрана. Слупам стаiць пыл за машынаю. А ў летнi час слупам стаяць над вамi чорныя мошкi. Ёсць i ртутны слуп. Слупам у народзе часам называюць i недалёкага, тупога чалавека. Невялiкi слуп — слупок. Ён можа стаяць на сцiплай магiле, асаблiва ў час вайны, нейкай iншай навалы. А рыбакi ведаюць, што калi лавiць на мармышку, то яе трэба апусцiць на дно i, пастукаўшы, узняць некалькi слупкоў муцi. Слупком ляжаць кнiгi на стале, iншыя рэчы. Калегi-журналiсты ведаюць, што слупком называем мы i калонку кароткiх радкоў у газеце цi часопiсе. А ў батанiцы слупок — гэта частка песцiка памiж рыльцам i завяззю. Слупняком называлi вострую iнфекцыйную хваробу, якая прыводзiць да сутаргаў мышцаў. А закончу дарожнымi слупамi. Два такiя, металiчныя, са знакамi, якiя рэгулююць рух, нядаўна паставiлi на дарозе i каля маёй хаты. Наперадзе паваротка, таму, вiдаць, ёсць у iх неабходнасць. Падумалася: пяць дзесяцiгоддзяў такой патрэбы не было — i вось спатрэбiлася. Але ж колькi было раней машын на гэтай вулiцы, i колькi прамiльгвае iх сёння. Час не стаiць на месцы. Алесь Касцень. г. Паставы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каму з нас невядомыя такiя ўстойлiвыя выразы: Стаяць як слуп — знерухомець ад нечага нечаканага цi нават страшнага, не могучы вымавiць нi слова. Аль
|
|