Генадзь Блізнюк: У Турыне пастараемся бразнуць дзвярыма!
Генадзь Блізнюк: У Турыне пастараемся бразнуць дзвярыма!
25 лiстапада ў матчы пятага тура групавога этапу Лiгi чэмпiёнаў барысаўскi БАТЭ саступiў мадрыдскаму "Рэалу" з лiкам 0:1 (на 7-й хвiлiне вызначыўся Рауль) i страцiў шанцы заняць iншае месца ў групе, акрамя апошняга. Так скончылася для большасцi беларускiх балельшчыкаў нечакана падоранае футбольнае свята пад назвай Лiга чэмпiёнаў. Апошнi, шосты матч з турынскiм "Ювентусам", якi ў турнiрным плане нiчога не вырашае, БАТЭ правядзе на выездзе 10 снежня. У пяцi турах БАТЭ паказала сябе камандай няўступнай i дзёрзкай, якая зрабiла ўсё i нават больш, толькi непараўнальна большы вопыт i клас сапернiкаў пакiнуў яе на тым месцы, якое прарочылi камандзе адразу пасля выхаду ў групавы этап. Але прамежак часу, якi прайшоў з канца жнiўня да канца лiстапада, умясцiў у сябе шмат падзей (ад нiчыёй з "Ювентусам" да кубкавага матчу з "Мiнскам"), якiя прымусiлi нас глядзець найперш не на месца ў турнiрнай таблiцы, а менавiта на гульню барысаўскага клуба, эмоцыi ад якой застануцца надоўга. Разам з камандай вучылiся i балельшчыкi. Ад хатняй гульнi з "Зенiтам" з разгубленым ад вялiкай колькасцi фанаў сапернiка стадыёнам да пазаўчарашняга матчу прайшло ўсяго два тыднi, але, улiчваючы атмасферу на "Дынама", гэта былi зусiм розныя паядынкi. Усе 90 хвiлiн матчу балельшчыкi правялi на нагах. Пасля гульнi галоўны трэнер барысаўчан Вiктар Ганчарэнка выглядаў як нiколi расстроеным. "Ёсць расчараванне вынiкам. Хацелася выйграць. І, мяркую, мы не без падстаў спадзявалiся на станоўчы зыход. Бязмерна ўдзячны сваiм хлопцам, якiя зрабiлi ўсё, што маглi, паказвалi максiмум магчымага, выканалi заданне на гульню. На жаль, прапусцiлi хуткi гол, якi разбурыў нашы першапачатковыя планы. Нi пра якi паталок каманды я не магу казаць. БАТЭ — вельмi маладая каманда, у якой вялiзны патэнцыял i рэзерв для росту. Менавiта ў такiх гульнях, як з "Рэалам", мы i набiраемся майстэрства." Не хавалi свайго расчаравання i гульцы барысаўскай каманды, якiя ў мiкст-зоне падзялiлiся ўражаннямi з журналiстамi. Аляксандр Юрэвiч, абаронца: — Цяжкая гульня. Прапусцiлi непатрэбны хуткi гол. "Рэал" пачаў дзейнiчаць, зыходзячы з гэтага вынiку, якi iх задавальняў. Узламаць iх абарону нам не ўдалося, i было вельмi складана. Хаця гульня была роўнай. Шанцы на нiчыю? Расцягнуць у канцоўцы абарону "Рэала" не ўдалося, магчыма, трэба было гуляць шырэй, больш рабiць падач з фланга, да таго ж мы мала бiлi па варотах... Тут шмат прычын. Дзесьцi мы iмкнулiся больш востра згуляць, а трэба было, магчыма, прасцей, асаблiва ў канцоўцы, iмкнуцца завяршаць ударамi, а не выхадамi адзiн на адзiн. Калi б мне тры месяцы таму сказалi, што мы будзем гуляць з "Рэалам" i прайграем 0:1, я б быў задаволены. Але сёння лiчу, мы заслугоўвалi большага. Не магу сказаць, што каралеўскi клуб на галаву мацнейшы за нас... Генадзь Блiзнюк, нападаючы: — Роўная гульня з той рознiцай, што сапернiк забiў, а мы — не, хаця моманты мелi. Што мне перашкодзiла? Выканаўчае майстэрства, напэўна. У другiм моманце мяч крыху звалiўся з нагi, а ў першым не пашанцавала — па удару мяч iшоў у вароты, а потым пайшоў крыху ўлева. Мы не ўлiчылi, што першымi прапусцiм, таму прыйшлося перастройвацца, больш атакаваць. "Рэал" тактычна граматна паступiў — гулялi на контратаках. Калi б тры месяцы таму прапанавалi з "Рэалам" згуляць 0:1, усе б пагадзiлiся, але крок за крокам мы iшлi наперад, i сёння мелi права разлiчваць сама менш на нiчыю. Мяркую, у Турыне пастараемся бразнуць дзвярыма. — Што вы сказалi iгракам "Рэалу", што яны вас прэсiнгавалi ўсiм складам? З-за чаго паспрачалiся са Снайдарам? — Была невялiкая сутычка. Магчыма, яны ведалi, што адна жоўтая картка ў мяне ёсць i правакавалi. Цi грубая гульня? Лiхтаровiчу разбiлi брыво i яго павезлi ў бальнiцу накладваць швы. Iспанцы iмкнулiся зрываць нашы контратакi дробнымi фаламi, часам гэта былi досыць жорсткiя ўдары, за якiя суддзя мог бы даваць жоўтыя карткi... Сяргей Крывец, паўабаронца: — Шкада, што скончылася гульня, што не змаглi забiць i дасягнуць нiчыёй. Мандражу нiякога не было, моманты былi, але не хапiла майстэрства. Чакалi i ведалi, што iспанцы будуць так гуляць — з акцэнтам на абарону, наступаючы на горла сваёй атакуючай мадэлi. Нам не хапiла i майстэрства, i шанцавання, i ўдачы — усяго пакрыху. Вiталь Радзiвонаў, нападаючы: — Гэтак жа як з "Зенiтам" быў горкi асадак, так i зараз — вынiк мог быць крыху iншым, якi б задавольваў i нас. Але гэта вопыт, навука на будучае, якую мы скарыстаем. Гуляць можна з кожным сапернiкам — "Рэалам" цi "Ювентусам", галоўнае — з упэўненасцю ў сваiх сiлах выходзiць на поле. У Турыне будзем выходзiць надзвычай матываваныя i з вялiкiм жаданнем дасягнуць першай вiкторыi ў гэтай групавой стадыi. — Другi тайм у вашым выкананнi быў больш яркiм. У перапынку былi зроблены карэктывы? — Вiктар Мiхайлавiч удакладнiў некаторыя нюансы, а ў цэлым папрасiў дзейнiчаць у тым жа накiрунку. Мы выйшлi ў другiм тайме яшчэ больш заражанымi на барацьбу, з вялiзным жаданнем адквiтаць мяч i дасягнуць станоўчага вынiку. Надвор’е? На мой погляд, вырашальнай ролi яно не адыгрывала нi для адной з каманд. Нам, магчыма, было крыху лягчэй. Некалькi апошнiх тураў мы гулялi ў падобных умовах i кубкавая сустрэча з "Мiнскам" была ў такое надвор’е. У Iспанii зараз +15 , iм было горш... Мы нядрэнна выглядалi i не дазвалялi раскрыць "Рэалу" яго козыры. Як гулялася супраць мадрыдскай абароны? Складана. Абарона вельмi зладжаная. Я выходзiў у матчы за зборную супраць англiчан — таксама футбалiсты з гучнымi iмёнамi, тут тое самае — гуляюць толькi "зоркi", на тое ён i каралеўскi клуб. Сумна, што забiць не ўдалося. Алена АЎЧЫННIКАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
25 лiстапада ў матчы пятага тура групавога этапу Лiгi чэмпiёнаў барысаўскi БАТЭ саступiў мадрыдскаму "Рэалу" з лiкам 0:1 (на 7-й хвiлiне выз
|
|