Што не так, Масква?
Што не так, Масква?
Апошнiм часам з Масквы ў бок нашай краiны iдуць сiгналы аб незадавальненнi часткi расiйскай палiтычнай элiты паводзiнамi Беларусi на мiжнароднай арэне. Ужо не першы раз у штотыднёвай аналiтычнай праграме "Постскриптум" маскоўскага тэлеканала ТВЦ гучыць ад iмя Масквы крытыка Беларусi за яе быццам бы адыходжанне ад Расii, намёкi на двайную гульню афiцыйнага Мiнска, яго паступовую пераарыентацыю на Захад, лавiраванне памiж Масквой i Бруселем. Вось i ў мiнулую суботу вядучы "Постскриптума" задаўся зусiм не рытарычным пытаннем: "Цi не страчваем мы Беларусь?" Яго, аказваецца, моцна хвалюе тое, што ў нашай краiны з Еўрасаюзам паступова наладжваюцца адносiны ўжо, будзем спадзявацца, на якасна новым узроўнi. Вiдаць, кагосьцi ў Крамлi гэта вельмi насцярожвае. Напрыклад, у пералiк сiмптомаў страты Беларусi аднесена i тое, што пра А. Лукашэнку ў Еўрапейскiм саюзе ўсё менш гавораць як пра "апошняга дыктатара Еўропы", што яму i шэрагу ключавых чыноўнiкаў адменена забарона на ўезд у краiны Еўрасаюза, што ў Еўракамiсii абяцаюць крэдыты i развiваць супрацоўнiцтва з Беларуссю. Чамусьцi ў Маскве заклапочаныя i тым, што ў Бруселi не супраць падпiсання з Беларуссю глабальнага гандлёвага пагаднення i згодныя нават даць "зялёнае святло" на яе ўступленне ў Сусветную гандлёвую арганiзацыю. І зусiм не зразумела, прычым тут да праблем беларуска-расiйскiх адносiнаў Мiжнародны валютны фонд, мiсiя якога нядаўна правяла ў нас перамовы аб умовах прадстаўлення крэдыту на два мiльярды долараў ЗША. Гэты яшчэ не выдзелены крэдыт у "Постскриптуме" таксама бачыцца як спроба каварнага Захаду адарваць Беларусь ад Расii. Чаму ЕС змянiў сваю тактыку ў дачыненнi да Беларусi — вядучаму праграмы зразумела: Захад вельмi насцярожылi рашучыя дзеяннi Расii на Каўказе, а таму ў Бруселi iмкнуцца спынiць геапалiтычнае ўзмацненне Масквы, у тым лiку i спробамi аддалiць Беларусь ад Масквы. Яшчэ нядаўна там былi ўпэўненыя, што такое немагчыма. А цяпер у Крамлi не настолькi ўпэўненыя ў гэтым, з трывогай у голасе палохае аўдыторыю вядучы. Бо чаму Беларусь цягне з прызнаннем Паўднёвай Асецii i Абхазii? У сваю чаргу хочацца спытаць: што вас так раздражняе, шаноўная Масква? Паляпшэнне адносiнаў з Еўрасаюзам — гэта ў першую чаргу вынiк плённай работы беларускай дыпламатыi на еўрапейскiм накiрунку i еўрапейскай дыпламатыi на беларускiм накiрунку. Павiншуйце нашых дыпламатаў, якiя ўжо не першы год працуюць над пытаннямi часам моцна заблытанай i палiтызаванай праблематыкi эканамiчнага супрацоўнiцтва з Еўрасаюзам. Бо палова нашага экспарту iдзе менавiта ў яго краiны. Значная частка атрыманай валюты потым iдзе за разлiк за нятанныя расiйскiя нафту i газ. I ўвогуле адкуль гэтыя не зусiм зразумелыя хваляваннi i сумненнi наконт нашай вернасцi як саюзнiка? Здавалася, расiйскiх партнёраў павiнна было б узрадаваць тое, што мы ў пэўным сэнсе бяром прыклад з iх у iмкненні актыўна супрацоўнiчаць з Еўрасаюзам насуперак пярэчанням Польшчы i Лiтвы. Калi вы чулi з Мiнску строгiя рэкамендацыi, як Маскве праводзiць сваю знешнюю палiтыку на Захадзе, ладзiць цi не сустрэчы ў Бруселi i Нiцы, супрацоўнiчаць з НАТА, пракладваць у абыход Беларусi па дну Балтыйскага мора газаправод i г. д. Хоць у Мiнску, чаго хаваць, не ўсё падабаецца, што Расiя робiць на мiжнароднай арэне, як, у прыватнасцi, будуе свае адносiны з краiнамi СНД. Аднак мы разумеем i прымаем яе нацыянальныя iнтарэсы. Няхай у Маскве таксама разумеюць, што i ў нас ёсць нацыянальныя iнтарэсы, якiя саюзнiкам варта паважаць. Леанiд Лахманенка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошнiм часам з Масквы ў бок нашай краiны iдуць сiгналы аб незадавальненнi часткi расiйскай палiтычнай элiты паводзiнамi Беларусi на мiжнароднай арэне |
|