21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

СУРОКІ. ЛЯЦIЦЕ ДА САРОКI...

26.08.2009 10:38 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

СУРОКІ. ЛЯЦIЦЕ ДА САРОКI...

Сіла слова

 

У народзе лiчылася, што можна сурочыць дзiця i мiжволi. Вось чаму беларусы, калi хто-небудзь выказвае ў сувязi з чалавекам цi жывёлай сваё здзiўленне, заўсёды кажуць: "Соль табе ў вочы, галавешку ў зубы". Гэтай заўвагай яны думаюць засцерагчы таго, хто выклiкаў падзiў, ад небяспечных вынiкаў.

У М. Нiкiфароўскага адносна гэтага напiсана: "Самая распаўсюджаная i небяспечная дзiцячая хвароба — сурокi (урокi, гляды, зазехi) ад благога вока. Ёсць "акаяннiкi зроду", адзiн iх позiрк на нейкую iстоту, часта зусiм нявiнную, прыносiць ёй незлiчоныя беды. Сурокi суправаджаюць ад калыскi да магiлы не толькi чалавека, але i скацiну, птаства; найбольш пакутуюць ад сурокаў дзецi i жывёлы ў "дзяцiным" узросце; жанчыны, калi ў iх месячныя, цяжарныя, "дзяцiнахi" (якiя кормяць грудзьмi), хлопцы i дзяўчаты надзвычайнай прыгажосцi i маладыя, што бяруць шлюб, а таксама немачныя старыя. Сярод "акаяннiкаў", якiя часта i самi не ведаюць, што твораць, ёсць такiя, што сурочаць толькi людзей або толькi жывёл; большасць жа iх сурочыць усё без разбору. Само сабою зразумела, што хваробы ад сурокаў не паддаюцца медыцынскаму лячэнню, а вылечваюцца толькi "бабамi", да якiх пакутнiкi i звяртаюцца".

I бабкi-шаптухi старалiся: " Маць Прачыстая iшла, Iсуса Хрыста нясла. На сiне мора, на белы камень. Сцiрала, змывала, рабу божаму (iмя) помачы давала. Вячэрняй зарнiцай, паўночнай зарой, ранiшняй зарнiцай, дзённай зарой, рабе божай (iмя) помачы давала. Агнявыя, вадзяныя, ветраныя, калючыя, палючыя, свярбучыя, сурочныя, надумныя, прыгаворныя, бабскiя, мужчынскiя, хлапечыя, дзявочыя, дзяцiныя, сто жыл, сто пажылак, упрашвала, умаляла Госпада Бога. Ранiшняя зара тухла, каб гэтая боль утухла. Як Маць Прачыстая свайго сына прылюбiла, каб гэтая боль мой дух прылюбiла" (Дрыб. р-н). У М. Нiкiфароўскага знаходзiм: "Перш чым лячыць ад сурокаў, трэба пераканацца, цi папраўду дзiця "сурочана" i цi няма iншых прычынаў хваробы. Дзеля гэтага дзiця трэба купаць у дажджавой цi рачной вадзе i ў ночвы кiнуць тры халодныя вуглi: "у галавешкi, у сяродку, у ножкi. Калi вуглi пачнуць рухацца i сiнець — дзiця сурочанае, а большая цi меншая ступень iх рухомасцi i шыпення пакажа ступень "сурочанасцi" (кожны асобны вугаль на тое месца, дзе пераважна сканцэнтраваныя сурокi). Калi вуглi спакойныя — смела можна сцвярджаць, што дзiця захварэла не ад сурокаў".

Амаль аналагiчнае сцвярджаў А. Сержпутоўскi: "Сурокi — гэта такая хвароба, якая прыкiдаецца, як на дзiця зiрне той, у каго зроду лiхiя вочы. Е такiя паганыя вочы, што яны як толькi глянуць не то што на дзiця, але нават i на сталага чалавека, то зашкодзяць. Хоць бы яны глянулi так сабе, без жаднага лiхога замерку. Такiя лiхiя вочы шкодзяць вельмi ганебна дзецям ды малой жывёле. Урокi цi падзiў прыстае i к жанкам, як е ў iх на бялiзне месячныя, як яны ў стане або як яны кормяць цыцкаю дзяцей. Апрыч таго, падзiў прыстае к гожым хлопцам i дзеўкам, к маладым на вяселлi i к нядошчым старым. Тыя паганыя людзi, што маюць такiя вочы, i самi не ведаюць, што яны так шкадлiвы; адны з iх шкодзяць толькi людзям. Другiя — жывёлу, а е й такiя поганi, што шкодзяць усяму, на што нi зiрнуць. Ад урокаў цi падзiву не дапамагаюць жодныя лекi дохтураў, а трэба iх лячыць толькi дома рознымi прымхамi да прасiць тых баб, каторыя добра ўмеюць, як адхадзiць ад гэтае напасцi".

Даволi часта такiя шэпты маглi называцца i "Малiтвамi , "Малiтвамi ад зглазу," " Малiтвамi ад сурокаў i чорных вачэй". " Первым разам, божым часам, Госпаду Богу памалюся, Прачыстай Мацеры пакланюся i ўсiм прыпадобнiчкам , божжым угоднiчкам, кiеўскiм i пячэрскiм. Святыя прыпадобнiчкi, божжыя угоднiчкi, прыбягайце. Памагайце рабу божаму (iмя скажы) цi малому балячку вымаўляцi i ўрокi-прымоўкi. Як на моры. на каменi стаяў дуб; пад тым дубам, на каменi, сядзела дзеўка Лiсавета. Яна шыла-вышывала, рабу божаму (iмя скажы) балячку вымаўляла i ўрокi-прымоўкi: калючую, балючую, свярбучую, прымоўную, прыгаворную, падуманую, пагаданую, жаноцкую, парабоцкую, дзявоцкую, хлапецкую, бацькiну i маткiну, смешную, уцешную, завiсную, радасную, карысную, начную, палуначную, дзённую, палудзённую, ветраную, вадзяную, часную i мiнутную. Скула-скулiшча, муравая-муравiшча i ўрокi-прымоўкi, тут вам не хадзiць, крывi не палiць, жоўтай касцi не ламiць.Скула-скулiшча, муравая-муравiшча i ўрокi-прымоўкi, выйдзiце вы з касцей, з палукасцей, з жыл i з паўжыл, з буйной галавы, з карых вачэй, з румянага лiца, з гарачае крывi i з шчырага сэрца. Iдзiце вы ў чыстае поле, там вас ажыдаець, з вiном, з гарэлкай сустракаць; там вас будуць угашчацi, пуховыя падушкi слацi, шоўкам кравацi засцiлацi.

Вышэптваю, выгаварваю з касцей, з палукасцей, з жыл i паўжыл, з буйной галавы, з карых вачэй, з румянага лiца, з гарачай крывi i з шчырага сэрца. Падуць i плюнуць тры разы". (Добр. р-н).

У П. Шэйна чытаем: "Напрыклад, пры лячэннi ад "сурокаў " мацi распраналася да сарочкi i тры разы пераносiла грудное дзiця памiж сваiм целам i сарочкай, пачынаючы ад падолу i каўняра. "Начнiцы" часам лячылi так: налiвалi ў гаршчок ваду з такога месца, адкуль яе нiхто не чэрпаў гады тры, даводзiлi да кiпення, клалi туды нож, iголку, верацяно, накрывалi драўлянай мiскай i ставiлi гаршчок пад калыску, дзе ляжала дзiця, потым асцярожна пераварочвалi гаршчок. Калi вада хутка вылiвалася ў мiску, дзiця павiнна было хутка вызвалiцца ад "начнiц". Нiчога рацыянальнага не было i ў лячэннi "крыксаў", "сушчаў", "разачкi", "радзiмца ", "грызi на пупе" ,"валасення", " вогнiка" i iнш. Вiдаць, больш рацыянальна лячылi " дзiцячую жаўтуху" : рабiлi адвар з бессмяротнiкаў, купалi ў iм дзiця i крыху адвару давалi яму выпiць.

Праўда, замовы гэтага плана маглi называцца i крыху па-iншаму: "Падзiўкi ", "Подзiўкi" i г.д., але сутнасць iх заключалася ўсё ў тым жа — пазбавiць дзяцей ад уздзеяння злых ( "завiдушчых", зайздрослiвых ) вачэй. Абавязкова адзначым, што замовы-шэпты "ад падзiўкi "лiчылiся надзвычай моцнымi i выконваць iх маглi, а дакладней, ведалi словы i маглi iмi вылечваць толькi самыя моцныя спагадлiвыя знахаркi i варажбiты. "Падзiўкi мужчынскiя, жаночыя, дзявочыя, хлапечыя, iдзiце, падзiўкi, у мохавае балота, iдзiце туды, дзе сонца не грэе, дзе вецер не вее, дзе людзi не бываюць. Як кустом не кусцiцца, так на небе божым (iмя) не вiдаць. Паўтараецца тройчы" . (Акцябр. р-н).

Як бачым, галоўную ролю ў магiчным вылячэннi адыгрываюць не сродкi народнай медыцыны, а звычаi, якiя стваралi вакол хворага своеасаблiвы калектыўны настрой, што дазваляў знахару з дапамогай грамадскай свядомасцi ўплываць на стан хворага чалавека. Гэта, па сутнасцi, сацыяаморфная спроба вырашэння адвечнай прыроднай праблемы: у якасцi фантастычнай мэты выступае не вылячэнне канкрэтнага хворага, а задавальненне родавых i эмацыянальных мiфалагiчных запатрабаванняў. Вядома, што патрыярхальныя людзi чакалi ад любога знахара не разгорнутага грунтавання самiх прычын хваробы i спосабаў яе больш поўнага вылячэння. Патрабавалася зусiм iншае — аднаўленне, калi можна, дык самае падрабязнае, усiх дэталяў карцiны, якая вядома толькi па адным рэальным элеменце — прысутнасць хворага. Гэты элемент трэба дапоўнiць да цэласнага, завершанага вобраза — мiфа, здольнага даць "задавальненне выдумкай", i пазбавiць усiх: i хворага, i ўсiх прысутных ад пакутлiвага пачуцця неакрэсленасцi, нявызначанасцi i бяссiлля. Адчай i страх павялiчвалiся асаблiва тады, калi хварэлi-гарэлi не дарослыя, а дзецi. Разгледзiм яшчэ адну групу замоў пры лячэннi дзяцей ад лiхаманкi, якая даволi часта падкiдвалася ў малых. Таму што iм даводзiлася паўсюдна дапамагаць дарослым: знаходзiцца пад дажджом, снегам, на марозе i ветры, разутымi i слаба апранутымi, бо даношвалася вопратка i абутак за старэйшымi.

М. Нiкiфароўскi тлумачыў узнiкненне лiхаманкi наступным чынам: "Увесну i ўвосень нельга спаць на заходзе сонца: тады найхутчэй у безабароннага чалавека заходзiць лiхаманка цi прыстае iншая ўнутраная хвароба. Часта здараецца, што, не паспеўшы па нейкай прычыне ўвайсцi ў соннага, лiхаманка спяшаецца зрабiць гэта адразу пасля сну; прачнуўшыся, той выразна чуе, што яго завуць па iменi, хоць i не бачыць таго, хто клiча: гэта клiча лiхаманка. Як толькi чалавек адгукнуўся, лiхаманка завалодвае iм. Таму прадбачлiвы чалавек не павiнен адгукацца, не пераканаўшыся, што яго клiча не прывiд, а сапраўдны чалавек".

Аляксей НЕНАДАВЕЦ.

(Працяг будзе.)

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У народзе лiчылася, што можна сурочыць дзiця i мiжволi. Вось чаму беларусы, калi хто-небудзь выказвае ў сувязi з чалавекам цi жывёлай сваё здзiўленне,
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика