Бясконцая энергiя
Бясконцая энергiя
Дэпутацкая трыбуна
Беларусь зацiкаўлена ў выкарыстаннi альтэрнатыў традыцыйным вугалю, газу i нафце Вучоныя спрачаюцца наконт таго, як доўга яшчэ чалавек будзе карыстацца прыроднымi рэсурсамi. І якiх завоблачных вышыняў дасягнуць цэны на "чорнае" i "блакiтнае" золата. Бадай, толькi ў адным яны салiдарныя — запасы гэтага багацця аднойчы скончацца. Нiчога не застаецца, як шукаць iм замену. Патрабаваннi амаль што завоблачныя — неабходны такiя крынiцы, якiя б нiколi не заканчваліся i экалогiю пры гэтым не псавалi. На першы погляд, сiтуацыя бязвыхадная, аднак... Так чалавек "прыручыў" сонца, вецер, ваду... Замест батарэi — зямныя недры Нетрадыцыйныя крынiцы энергii — сонца, вецер, вада ды iншыя — на захадзе ўжо трывала "стаяць на нагах". Сёння там бураць свiдравiны i ацяпляюць дамы энергiяй зямных недраў, гарачую ваду атрымлiваюць з калектара на даху, i гэта ўжо нiкога не здзiўляе. У нас пакуль альтэрнатыўная энергетыка iдзе дробнай хадой. Асобныя чыгуначныя станцыi награваюць ваду для абслугоўвання цягнiкоў пры дапамозе сонечных батарэй, сям-там функцыянуюць некалькi ветраўстановак, ёсць сумесны праект з Латвiяй па будаўнiцтве ветрапарка, энергiю выпрацоўваюць ГЭС... Патэнцыял жа Беларусi ў выкарыстаннi альтэрнатыўных крынiц энергii неблагi: вадаёмаў у "сiнявокай" — хоць адбаўляй, ёсць i пляцоўкi прыдатныя для "збору" ветру. Зацiкаўленасць у развiццi нетрадыцыйнай энергетыкi абазначылася на дзяржаўным узроўнi. Аб тым сведчаць i палажэннi айчыннай Канцэпцыi энергетычнай бяспекi, а таксама Праграмы па развiццi ветраэнергетыкi. У якiм ключы павiнна развiвацца заканадаўства ў гэтай сферы, абмяркоўваем з дэпутатамi, што працуюць намеснiкамi старшынi ў Камiсii Палаты прадстаўнiкоў па прамысловасцi, палiўна-энергетычным комплексе, транспарце, сувязi i прадпрымальнiцтве, — Анатолем Паўловiчам i Яўгенам Казiмiрчыкам. Нават адходы прыдатныя Чалавек схiтрыўся выпрацоўваць энергiю з рэчаў, здавалася б, зусiм для гэтага непрыдатных. Так новым энерганосьбiтам сталi... адходы жыццядзейнасцi! Пры iх спальваннi адмысловым чынам утвараецца бiягаз. Вы толькi ўявiце сабе, колькi такой энергii могуць ствараць нашы СВК. I самае цiкавае, што такiя ўстаноўкi функцыянуюць на Брэстчыне i Мiншчыне, — расказаў нам Яўген Казiмiрчык, на падыходзе ўжо i ў Гомельскай вобласцi. А як здорава, калi ацяпляць можна за кошт пiлавiння — гэта ж па сутнасцi таксама адходы вытворчасцi... — Прымяненне альтэрнатыўных крынiц энергii ў многiм залежыць ад геаграфiчнага становiшча, — заўважае Анатоль Паўловiч. — Скажам, Румынiя i Швецыя знаходзяцца ў спецыфiчных умовах — гарыстая мясцовасць, наяўнасць мора, таму ветры дзьмуць там з большымi хуткасцямi, чым на раўнiннай Беларусi. Безумоўна, у многiх краiнах Еўропы гэтыя працэсы атрымалi большае развiццё. Аднак i ў нас узнаўляльная энергетыка — адзiн з рэзерваў папаўнення энергабалансу краiны. Пытаннi, звязаныя з выкарыстаннем энергii ветру, сонца, рэк прапiсаныя ў Канцэпцыi энергабяспекi. Прычым калi прымяненне сонечнай i ветравой энергii — досыць новыя працэсы для нас, то ГЭС у Беларусi функцыянуюць даўно. У гэтым у нас iстотны вопыт. Улiчваючы, што ў краiне няма ўласных крынiц энергii (нафты мы здабываем каля 1,8 млн тон пры патрэбе прыблiзна ў 7 млн тон), а сусветныя запасы рэсурсаў вычарпальныя, трэба задумвацца на перспектыву. Вось многiя краiны i звярнулiся да мясцовых крынiц энергii: дрэва, пiлавiнне, торф. Усё гэта ёсць i ў Беларусi. У краiне ёсць некалькi заводаў, якiя выпрацоўваюць тэхнiчны спiрт. Пры гэтым працэсе выкарыстоўваецца пiлавiнне. Насычанае прадуктамi гэтай тэхналогii пiлавiнне — легнiн — знайшлi магчымасць спальваць у катлах, брыкеты рабiць. Скажам, у Бабруйску выпрацаваныя мiльёны тонаў легнiну — гэта ж iстотны запас! Наогул праграма па развiццi мясцовых крынiц энергii — сюды мы адносiм i ўзнаўляльную энергiю — прадугледжвае, каб да 2012 года выйсцi на паказчык прыкладна 25 працэнтаў у энергабалансе краiны. Пакуль жа ветраэнергетыка ў Беларусi — прыкладна на ўзроўнi 1 МгВт. Дзве нямецкiя турбiны працуюць у раёне Нарачы, плюс ёсць недзе ў прыватных асобаў, у сялян, мабыць. Я ведаю, што ў Карэлiчах ёсць устаноўкi... Карацей, з’яўляюцца яны ў асобных прыватных фiрмаў, праяўляюць вялiкi iнтарэс СВК. А яго калега дадаў, што працуюць з узнаўляльнай энергiяй i ва ўнiверсiтэце iмя Сахарава, дзе ёсць свая вытворчая база ў раёне Волмы — там гiдра-, ветра- i сонечныя ўстаноўкi. I даследаваннi праводзяць, i спецыялiстаў рыхтуюць у гэтай сферы. Дарагое задавальненне Сярод несумненных плюсоў альтэрнатыўнай энергii — яе невычарпальнасць i экалагiчная чысцiня, аднак iх пакуль фактычна перакрэслiвае адзiн "тоўсты" мiнус — дарагавiзна. — Безумоўна, попыт на ўзнаўляльныя крынiцы будзе расцi па меры вычарпання прыродных рэсурсаў, — лiчыць Яўген Казiмiрчык. — Чым меншыя запасы вуглевадароднай сыравiны, тым большую актуальнасць стануць набываць iншыя крынiцы энергii. Сёння ж i самi ўстаноўкi для нетрадыцыйнай энергетыкi дарагiя, i тэрмiн iх акупнасцi даволi iстотны, i сабекошт выпрацаванай электраэнергii вышэйшы. Аднак цэны на традыцыйныя энерганосьбiты павялiчваюцца... ... i ў перспектыве зраўняюцца з альтэрнатыўнымi крынiцамi па прыбытковасцi — такую думку выказаў у гутарцы Анатоль Паўловiч. "На сёння самая танная энергетыка — з прымяненнем газу, — дадаў дэпутат, — аднак улiчваючы, што газ заканчваецца, многiя краiны робяць разлiк на ўзнаўляльную энергетыку, хоць яна i даражэйшая сёння". Закону быць?! На думку дэпутатаў, заканадаўчае афармленне магчымасцяў нетрадыцыйнай энергетыкi ў Беларусi патрэбнае найперш для таго, каб вызначыць правiлы гульнi для iнвестараў, i са з’яўленнем такога нарматыўнага прававога акта яны актывiзуюцца — лiчаць нашы суразмоўцы. Трэба ўносiць змены ў Мытны кодэкс, каб вырашыць праблемы з пастаўкай абсталявання, у падатковае заканадаўства — каб стварыць спрыяльны рэжым для работы ў гэтай сферы i шмат чаго iншага. Як высветлiлася, замацаваць нюансы выкарыстання альтэрнатыўнай энергii ў выглядзе закона ў Беларусi ўжо спрабавалi. Праект такога дакумента паступаў у Палату прадстаўнiкоў з Савета Мiнiстраў, аднак яго адазвалi па прапанове дэпутатаў: "Законапраект быў выключна рамачны", — тлумачыць Яўген Казiмiрчык. Наступная спроба можа быць зроблена ў самы блiзкi час, напрацоўкi вядуцца: — Налета трэба будзе займацца законапраектамi аб электраэнергетыцы i аб нетрадыцыйных узнаўляльных крынiцах энергii, — агучыў актуальныя планы камiсii намеснiк старшынi. Прыгадваючы вопыт сваiх iншаземных калег, дэпутаты спасылаюцца на тое, што хоць нейкiя аспекты альтэрнатыўнай энергетыкi ў будучым законе варта прапiсаць досыць падрабязна: — У Германii была магчымасць больш падрабязна распiсаць ветраэнергетыку — аж да тарыфаў, а астатняе зрабiлi рамачна i па меры напрацоўкi звестак па сонечнай энергii, па бiягазе яны ўдасканальвалi сваё заканадаўства. Вось такi падыход варта абраць i нам. Пэўныя зачэпкi па ветра- i гiдраэнергетыцы ў нас ёсць — тут можна паспрабаваць закласцi ў закон больш канкрэтна. I такiм пакрокавым метадам, маючы нейкiя напрацоўкi i атрымлiваючы iнфармацыю, удасканальваць заканадаўства. Каб фiрмы, якiя пойдуць у гэтую сферу, базiравалiся на законе, а не на нейкiх пастановах, якi могуць змяняцца досыць часта. Закон мае ўсё ж большае пастаянства — для яго змянення патрэбны як мiнiмум год, таму выхад на распрацоўку закона — гэта заўжды вельмi iстотна. На думку Анатоля Паўловiча, нетрадыцыйнай энергетыцы на першых парах патрэбна сур’ёзная дапамога з бюджэту. Маўляў, калi яна будзе дарагая, то хто ж яе будзе браць, i хто стане займацца нявыгадным бiзнэсам? Сапраўды, зрабiць так, каб тарыфы былi сувымерныя з выдаткамi i пры гэтым альтэрнатыўныя крыніцы канкурыравалi з iншымi, больш таннымi вiдамi энергii, без датацый i льгот немагчыма. — Асаблiвыя ўмовы для нетрадыцыйнай энергетыкi патрэбныя на пачатковы перыяд, каб можна было стаць на ногi, — лiчыць суразмоўца. — Як толькi цэны на газ i на ўзнаўляльныя крынiцы энергii зраўняюцца, i яны пачнуць прыносiць прыбытак, тады ў гэтыя ўмовы ўжо можна будзе ўносiць карэктывы, таму што гэта ўсё ж такi расходы, якiя нясе бюджэт. Вось у чым асаблiвасцi, i чаму трэба заканадаўства. Вось гэтыя рэчы добра прапiсаныя ў аўстрыйскiм, нямецкiм, шведскiм заканадаўствах. А мы яшчэ не можам устанавiць канкрэтныя крытэрыi ацэнкi работы той цi iншай сферы ўзнаўляльнай энергетыкi, таму што ў нас няма добрай напрацаванай базы. Там, дзе працуюць дзве ветраўстаноўкi, вядзецца ўлiк, ёсць аналiтыка, але гэта ж толькi дзве ўстаноўкi, якiя працуюць у тых канкрэтных умовах, а ў краiне на сёння разведана 3600 пляцовак... Акрамя самога падыходу да распрацоўкi заканадаўства аб альтэрнатыўнай энергетыцы за мяжой, як лiчаць дэпутаты, можна яшчэ шмат чаго пераймаць — выкарыстоўваць замежныя тэхналогii, абсталяванне. — Iдэй сапраўды шмат, — дадае Анатоль Паўловiч, — трэба, каб усё гэта як мага хутчэй увасаблялася ў рэальныя праекты, а гэта пытаннi фiнансавання, iнвестыцыйная палiтыка. Мы зацiкаўленыя ў тым, каб да нас iшоў замежны капiтал, нам патрэбныя прамыя iнвестыцыi. Энергетычны рынак у Беларусi сёння вельмi цiкавы, пад яго ёсць адпаведная праграма, ёсць кантроль з боку дзяржавы. Застаецца спадзявацца, што са з’яўленнем закона аб нетрадыцыйных узнаўляльных крынiцах энергетычны рынак краiны стане больш прывабным — i для айчынных бiзнэсменаў, i для замежных. Iнфармацыя пра дзiвосныя прылады будзе на слыху. А нашы жыхары ўспрымуць "навiнку". Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вучоныя спрачаюцца наконт таго, як доўга яшчэ чалавек будзе карыстацца прыроднымi рэсурсамi. І якiх завоблачных вышыняў дасягнуць цэны на "чорнае |
|