ЗВЯЗДА трымаецца на любовi
ЗВЯЗДА трымаецца на любовi
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 5 снежня.)
Мы прыгледзелiся — на ўладальнiка крутой iншамаркi ён не падобны, а вось на нашага братка-падарожнiка, якога некалi з гасцiнiц так часта "выганяла" шыльдаю: "Свабодных месцаў няма", — ну вельмi... Мы абачлiвыя, мы паклапацiлiся — для нас нумары былi. А вось чалавека, з якiм хацелi сустрэцца, на месцы, на жаль, не заспелi — у адпачынку, сказалi, начальнiк Лiдскага раённага вузла паштовай сувязi Ала Мiкалаеўна Вiннiчак, разам з якою некалi мы павезлi падпiсчыкам першыя прызы, разам з якою, можна сказаць, вучылiся ладзiць сустрэчы. Ала Мiкалаеўна тады вельмi дапамагла нам... Зрэшты i цяпер, маючы вольныя хвiлiны, вельмi прыемна было паназiраць за работай галоўнай Лiдскай пошты, прыцанiцца да навагоднiх паштовак. На вечар быў запланаваны i яшчэ адзiн "аб’ект", прычым для гэтай камандзiроўкi досыць нечаканы. Нашы падпiсчыкi з Лiды, якiя абслугоўваюцца ў палiклiнiцы Беларускай чыгункi, вельмi прасiлi напiсаць аб прыемных зменах, якiя адбываюцца ў гэтай установе, сустрэцца з галоўным урачом. На грунтоўны агляд, на сур’ёзную размову часу, на жаль, не хапiла. Але тое, што ўбачылi — павiнны прызнаць — уразiла. Не будзем пiсаць, аб чысцiнi i парадку — яны ва ўстановах падобнага тыпу быць проста павiнны... Палiклiнiка поўнасцю ўкамплектавана кадрамi (нават чарга на работу ёсць). У кабiнетах — найноўшае абсталяванне. Прычым у кожным — розная мэбля, розны, прадуманы да драбнiц iнтэр’ер, з тым, каб i пацыенты, i работнiкi палiклiнiкi адчувалi сябе камфортна... Ну вось як вам, напрыклад, лабараторыя, у якую (па вялiкiм рахунку)... не трэба заходзiць: каб здаць аналiз крывi дастаткова працягнуць руку ў акенца? Як вам тэлевiзары ў калiдорах ("нiякiх канфлiктаў на тэму, хто за кiм. Асобныя з хворых нават прапускаюць сваю чаргу, каб нейкi сюжэт дагледзець", — зазначыў галоўны ўрач установы Вiталь Iванавiч Марцiнкевiч)? Як дзённы стацыянар, дзе за станам хворых вядзецца пастаяннае вiдэаназiранне? Як пастаянны рамонт памяшканняў, якога... нiхто, лiчы, што не бачаць, бо ён робiцца сваiмi сiламi — цiха i вельмi акуратна? Як выступленнi гасцей — царкоўнага хору i бардаў? Не кажучы ўжо пра выключную добразычлiвасць персаналу, кветкi на вокнах, люстэркi на сценах, аптэку i кнiгу прапаноў тут жа, на ўваходзе... Факт, што праўду пiсалi нашы чытачы — расказваць пра гэту ўстанову трэба. У тым лiку i для таго, каб у iншых праблем было менш... А значыць, у палiклiнiку мы яшчэ вернемся. ...Як дадому, цi блiзкай раднi едзем заўжды да паштавiкоў, да падпiсчыкаў Гродзеншчыны. Мiльгаюць за вокнамi назвы вёсак i мястэчак, i кожная з iх здаецца знаёмай: адгэтуль у рэдакцыю прыходзiлi пiсьмы, адтуль званiлi на "гарачы тэлефон" i "прамую лiнiю", недзе там жывуць муж i жонка, якiя знайшлi адно аднаго па аб’яве ў газеце, недзе там працуе наш, звяздоўскi халадзiльнiк i свецiць люстра, недзе тут у незнаёмым пакуль Кашалеве застанецца тэлевiзар. Вёска (дакладней, зразумела ж, мястэчка) уразiла размахам будаўнiцтва, еўрапейскасцю пошты i гасцiннасцю гаспадароў. Не паспелi агледзецца, як нас ужо распранулi, пасадзiлi, уцягнулi ў размову — прычым, зямную, разумную. Потым з кабiнета старшынi сельскага Савета яна лёгка перанеслася ў залу, дзе хоць i з краёчку, але ў першым радзе ("каб далёка не iсцi") абраў сабе месца наш прызёр. Пры ўсiх распытвалi яго, пры ўсiх расказваў, што зiмой яму стукне 75, што працаваў у Наваградку (ну так тут кажуць!) — шафёрам у будканторы, трактарыстам на заводзе ЖБІ, потым, "калi калгас акроп", працоўную кнiжку прынёс сюды, сеў на бульдозер. — У каго хочаце, можаце спытаць, — смела заявiў ветэран, — усе пацвердзяць: дзе я сваiм жалезным канём нi падсуну, нiдзе нiчога не сапсую!.. Тады зiмы снежныя былi — трэба рана ўстаць, каб дарогi людзям пачысцiць, трэба позна легчы калi... На будоўлях рабiў, на ўборцы. Агульны стаж у Пятра Iванавiча Няпраўскага 38 гадоў, 10 месяцаў i 10 дзён! Гучыць, праўда? Як i адказ на пытанне, колькi ж часу ён выпiсвае "Звязду"? — Пачаў — калi савецкiя грошы яшчэ былi, калi газета тры капейкi каштавала. Расказваў i як чытае: атрымаў нумар — прагледзеў першую старонку i ўсе загалоўкi. А ўжо вечарам, калi ўсё паробiць... Хапае клопатаў — каровы няма, дык курачкi, свiннi, гарод. Удваiх з "хазяйкай" жывуць. Гэта яна пра выйгрыш прачытала. Што далей было? — Прыходжу дамоў — яна мне руку падае: "паздраўляю". Ну я пацiснуў, пытаюся: "А з чым?" Кажа: "Ёсцека...". "Ну тады, — я ёй кажу, — i чарку налiвай". "За гэту рэч, — адказвае, — можна i дзве". "Хазяйка" — гэта жонка, Таiса Мiкалаеўна, з якой пражыў жыццё, выгадаваў "замену" — сына i дачку, з якой прычакаў чацвёра ўнукаў. I працавала яна ў гэтай жа гаспадарцы — даяркай. ("Харошая сям’я, — скажа пра iх потым старшыня СВК iмя Суворава Уладзiмiр Леанiдавiч Батурля, — на такiх нашы вёскi трымалiся"). Але ж былi ў зале i iншыя нашы чытачы-падпiсчыкi. Пра адну (з 15-гадовым стажам!) варта расказаць больш падрабязна. Загадчыца мясцовай фермы i проста прыгажуня Наталля Iванаўна (хоць на яе i не цягне...) Гладкая нарадзiлася ў Растоўскай вобласцi. Там жа хадзiла ў школу, беларускую мову, зразумела ж, не вывучаючы. Потым бацькi яе вярнулiся дамоў, на радзiму. I першае, што па прыездзе зрабiла дачка, — села чытаць... трылогiю "На ростанях". — Спачатку ну вельмi цяжка было, першая кнiга з трудам далася! — на добрай беларускай мове гаварыла жанчына. — Другая — ужо лягчэй, а ад трэцяй мяне адарваць не маглi. Бо цiкава! I мова якая!.. Шкада, што беларусы яе не любяць, не размаўляюць на ёй. Прыязджаеш ва Украiну, — у тым жа Хмяльнiцку будзе дзеўка стаяць на базары — размаляваная, крутая-крутая — i гаварыць па-свойму, што ты ў яе не пытай. А мы... Мы (калi можна казаць за iншых?) сваю мову пакуль разумеем, на ёй чытаем, яе шкадуем i нават любiм, але... па-свойму. Ну як самую прыгожую сукенку — павесiлi ў шафу i зачынiлi. А цi добра ёй там?! I нам — тут? Не... Зрэшты, мо, грэх скардзiцца — на Наваградчыне ў нас каля тысячы падпiсчыкаў, 23, як патлумачыла начальнiк аддзялення сувязi Наталля Шах, у Кашалеве i ваколiцах. Прычым верныя ўсе, адданыя: сям’я Уласевiчаў, Калясiнскiх, Бутыркаў, Кузюкоў, Барысевiчаў, Юрчыкаў... Сакратару сельскага Савета напярэдаднi дырэктар Гарадзечанскай школы пазванiў, папрасiў перадаць, што дужа хацеў бы прыехаць на гэту сустрэчу, што выпiсвае "Звязду" больш за 25 гадоў i будзе выпiсваць!.. Як i многiя iншыя, хто абраў газету некалi, "за тры капейкi яшчэ", хто абярэ яе цяпер. Чамусьцi здавалася, што людзi такiя ў Кашалеве знойдуцца, бо ўражанне пра газету мы, здаецца, "злажылi", каляндарыкi i фiрменныя прызы на памяць пакiнулi (уяўляем, дарэчы, якую класную рэкламу нам будзе рабiць Наталля Гладкая, ганяючы на веласiпедзе ў нашай кепачцы... Ды i мужыкi, ходзячы ў майках на працу цi рыбалку)... Больш за тое, расшукалi, здаецца, аўтараў: бо пачуўшы што-кольвечы з любiмай рубрыкi "Алё, народ на провадзе!", прысутныя сталi ўспамiнаць, "iсцiнную" праўду, якая здарылася тут, а асобныя нават рыфмаваць... Адзiнае, чаго, на вялiкi жаль, не паспелi, — пазнаёмiцца з гаспадаркай. А што яна таго варта — сумневу няма. — Сярэдняя зарплата ў нас шэсцьсот пяцьдзесят тысяч. У даярак — мiльён дзвесце, мiльён чатырыста. У механiзатараў на ўборцы таксама больш за мiльён выходзiла, — расказваў Уладзiмiр Леанiдавiч Бутурля. — Тое ж i ў спецыялiстаў. У нас усе зарыентаваныя на канчатковы вынiк, зарплата — сапраўды заробленая. I розная: месяц прайшоў, збiраецца савет спецыялiстаў, вызначае кожнаму каэфiцыент працоўнага ўдзелу. Гэта важны стымул. Не можа адзiн старшыня думаць за ўсiх. Кожны павiнен адказваць за сваю галiну, клапацiцца, за што купiць, як прадаць: як унесцi нешта ў касу, а не толькi паболей узяць. У гаспадарцы няма дэфiцыту кадраў, будуецца i засяляецца, можна сказаць, гарадское жыллё (падведзены прыродны газ), абнаўляюцца (што важна — гаспадарчым спосабам) фермы. — Сёлета пачалi будаўнiцтва новай, самай сучаснай. Бралi крэдыт. А адна такая ўжо ёсць у нас, — паганарыўся Уладзiмiр Леанiдавiч. — Пабудавалi самi, за свае грошы, бо ведаем, чым лепшыя ўмовы работы, тым прасцей з кадрамi: у нас, на ферму, паспрабуй яшчэ ўладкуйся... У такую вось гаспадарку, воляю лёсу, патрапiў наш маленькi звяздоўскi дэсант — каб уручыць каштоўны прыз, каб пазнаёмiцца з падпiсчыкамi, каб у чарговы раз пераканацца, што выпiсваюць "Звязду" ну вельмi прыгожыя людзi. Так было. Так ёсць. I хай будзе! ...Знаёмы пажарнiк казаў, што работа ў яго ў прынцыпе добрая. Але ж як пажар, дык хоць ты звальняйся. У журналiстаў (дакладней — журналiстак) штось агульнае з гэтым ёсць, бо як камандзiроўка... Чым далейшая, чым цяжэйшая, тым прыемней потым вяртацца дамоў, тым радасней успамiнаць сустрэчы i размовы, твары людзей, iх смех. Тым ахвотней уключаць дыктафон, каб нешта паслухаць яшчэ раз... А тым больш, калi за сталом пры гэтым сябры-калегi, на стале — хлеб з Лiды, сыр з Любчы, хрэн з Дзятлава (ля базару машына спынiлася — прыгожая бабулька прадавала)... А потым гарбата i цукеркi ад "Ивкона"... Пiр душ! (Гэта — калi блiзкiя душы разам... I пiруюць). Не абавязкова за адным сталом. Можна — кожны за сваiм. Галоўнае адчуваць, што яны, гэтыя блiзкiя душы, ёсць. I ёсць нешта, што iх яднае — клопат пра людзей, пра нашу культуру i мову, пра край, дзе "жыць i канаць". Бо, як сказаў старшыня Кашалеўскага сельскага Савета Iван Васiльевiч Каранеўскi, "з падводнай лодкi — куды ты сыдзеш". Валянцiна Доўнар, Уладзiмiр Здановiч, Яўген Пясецкi (фота). Мiнск—Вiлейка—Валожын—Iўе—Лiда—Дзятлава—Навагрудак—Карэлiчы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы прыгледзелiся — на ўладальнiка крутой iншамаркi ён не падобны, а вось на нашага братка-падарожнiка, якога некалi з гасцiнiц так часта "выганял
|
|