Купалава калыска. Сёння — 439-годдзе самастойнасцi Радашковiчаў
Купалава калыска. Сёння — 439-годдзе самастойнасцi Радашковiчаў
Сучасныя Радашковiчы — невялiчкi гарадок у Маладзечанскiм раёне з насельнiцтвам блiзу шасцi тысяч чалавек. Раней жа гэта быў нават горад, што меў магдэбурскае права... Ад’ехаўшы ад Менска ў бок Вiльнi стагоддзi таму, ды нават зараз, можна было патрапiць у гэты павятовы гарадок. Мястэчка ўпершыню ўзгадваецца, паводле гiстарычных архiваў, у 1447 годзе ў сувязi з будаваннем тут касцёла Св. Троiцы. Касцёл гэты, пабудаваны ў стылi класiцызму, месцiцца i цяпер, бадай што, у цэнтры горада. Пазней у 1882 годзе тут быў хрышчоны будучы народны песняр Беларусi — Янка Купала. Але гэта пасля... На пачатку ж гiсторыi блiзу Радашковiч рассялiлiся плямёны шнуравай керамiкi — нядзiўна, што зараз тут знаходзiцца адзiн з найвялiкшых у Беларусi завод па вырабе керамiкi. Радашковiчы заўжды былi пэўным памежкам памiж культурамi, плямёнамi, дзяржавамi... Так, дзесьцi да VІ стагоддзя гэта была самая ўскраiна рассялення балцкiх плямёнаў. Пазней iхняе месца занялi крывiчы. З Х стагоддзя гэтыя землi ўваходзiлi ў склад Полацкага княства, былi ягоным памежжам. Па некаторых археалагiчных звестках, якраз тады Радашковiчы i ўзнiклi ў злiццi рэк Вязынка i Гуйка ў Рыбчанку, услед за Маладзечнам i Лебедзевам. Назоў жа горада пайшоў ад слова "Рада" — нават i сёння мясцовыя жыхары менавiта так гэты горад i называюць, з нацiскам на першы склад. Каля Радашковiчаў з 1248 года праходзiла пачатковая мяжа новай дзяржавы Вялiкага Княства Лiтоўскага... Даехаць да Радашковiчаў можна даволi проста: дастаткова альбо праехаць 40 кiламетраў ад Мiнска ў бок Вiльнюса цi, калi вы жадаеце атрымаць пэўную долю рамантызму, правандраваць у электрычцы каля 30 хвiлiнак да станцыi Радашковiчы, дзе вам прыйдзецца пачакаць пэўнага аўтобуса. У гэтых мясцiнах вас чакаюць вельмi прыгожыя краявiды: шматлiкiя пагоркi, рачулкi, хутарочкi — у дадатак сонечнае надвор’е, i, здаецца, болей нiчога непатрэбна. Нездарма ж у гэтых мясцiнах вырас малады Iван Луцэвiч! Насамрэч, калi праглядзець ягоную бiяграфiю, то можна заўважыць, што Радашковiчы займалi далёка не апошняе месца ў жыццi будучага паэта. Так, калi памёр бацька i маладому Янку давялося ўскiнуць усе сямейныя цяжкасцi на свае плечы, у 1903 годзе ён уладкоўваецца тут на пасаду пiсара ў судовага следчага Андруцкага. А ўжо праз дзесяць гадоў тутака Мiнскiм беларускiм артыстычным гуртком была пастаўлена купалаўская "Паўлiнка". I дзякуючы перапляценням лёсу, менавiта тут ён пазнаёмiўся з рэдактарам i выдаўцом першай беларускай газеты "Наша нiва", якi i прапанаваў Купалу стаць яе рэдактарам... Цяпер Радашковiчы афiцыйна завуцца пасёлкам гарадскога тыпу. Раней жа яны былi i вёскай, i горадам: павятовым, заштатным i цэнтрам воласцi. Так, упершыню званне горада яны атрымалi ў 1549 годзе, а ўжо праз 20 гадоў i магдэбургскае права — права горада на самакiраванне. Воляй лёсу герб, сэнс якога яшчэ нават i сёння не цалкам зразумелы геральдыстам, з’явiўся ў Радашковiчаў, як нi дзiўна, толькi ў 1792 годзе. I ўжо ў наш час, зацверджаны 17 лiстапада 1999 года Маладзечанскiм раённым Саветам дэпутатаў, герб атрымаў свой цяперашнi выгляд: "У сярэбраным полi "барочнага", цi "германскага", шчыта паясная выява Святога Стэфана, закiданага камянямi". Гiсторыя хрысцiянства расказвае аб тым, што гэты святы пакутнiк першага стагоддзя новай эры быў забiты за сваю палымяную пропаведзь. Падчас гэтага ён папрасiў: "Госпадзi! Ня ўмiнi iм граху сяго"... Менавiта ў Радашковiчах, пры дапамозе тамашняга ксяндза, у 1922 годзе Аляксандар Уласаў урачыста адчынiў дзверы беларускай гiмназii iмя Францыска Скарыны, што, варта сказаць, ва ўмовах польскай акупацыi было амаль што немагчыма. Менавiта ў гэтай гiмназii навучаўся i будучы народны паэт Беларусi Яўген Скурко, больш вядомы пад псеўданiмам Максiм Танк. У гiмназii ставiлiся п’есы, лiтаратурныя вечарыны, выдавалiся рукатворныя часопiсы... У 1928 годзе яна была зачыненая польскiмi ўладамi, як "радыкальная па нацыянальным пытаннi". Дык вось, калi прайсцiся ад школы ўздоўж цэнтральнай вулiцы, як калiсьцi хадзiў знакамiты мастак Язэп Драздовiч, можна ўбачыць каталiцкiя i яўрэйскiя могiлкi XIX ст., i ансамбль паўвекавой забудовы, i, безумоўна, амаль шасцiсотгадовы касцёл. У самым канцы вулiцы, перайшоўшы праз рачулку, напаткаеш помнiк Герою Савецкага Саюза капiтану Мiколу Гастэлу, якi падчас Вялiкай Айчыннай вайны тут здзейснiў сваю гераiчную атаку. Сапраўды, уся гiсторыя Радашковiчаў ахутаная не толькi культурным мiнулым, але i сапраўдным вайсковым. Так, яшчэ падчас Лiвонскай вайны XVI ст. у павятовым гарадку адбылася сустрэча войскаў Жыгiмонта II Аўгуста i Iвана IV Жахлiвага. Бiтва, аднак, так i не адбылася: напужаны Iван не рашыўся пачынаць вайсковых дзеяў, а сам Жыгiмонт так i не прыехаў да месца дыслакацыi беларускiх войскаў. Такiм чынам, Радашковiчы сталi "месцам змiрэння" беларусаў i рускiх. Пазней, падчас так званай "Невядомай Вайны", Радашковiчы былi поўнасцю знiшчаныя войскамi цара Аляксея Мiхайлавiча. А ў 1708 годзе тут адбылiся перамовы мiж шведскiм каралём Карлам XII i самаабвешчаным вялiкiм князем лiтоўскiм Станiславам Ляшчынскiм, якi, паводле дамовы, абяцаў зрабiць ВКЛ воласцю Швецыi. Ляшчынскi, праўда, нядоўга ўтрымаўся ля ўлады, а шведы ў гэтым жа годзе прайгралi Палтаўскую бiтву. Было ў Радашковiчах i рэвалюцыйнае мiнулае. Тут у 1794 годзе дзейнiчалi паўстанцы Мiхала Клеафаса Агiнскага, праз 36 гадоў жыхары зноў паўстаюць супраць расiйскiх уладаў, а падчас паўстання Кастуся Калiноўскага 1863—1864 гг. атрады Ю. Бакшанскага... Увогуле Радашковiчы, гэта цудоўная мясцiна, якая змяшчае ў сябе прыродную прыгажосць i чалавечую генiяльнасць, насычанасць гiсторыi i супакоенасць фiласофii. Каго гэтая зямля толькi нi пабачыла: Я. Купала, М. Танк, Б. Тарашкевiч, С. Рак-Мiхайлоўскi, Ф. Стацкевiч, А. Уласаў, А. Гаштольд, Б. Сфорца, Глябовiчы, Масальскiя, Агiнскiя, Радзiвiлы!.. Пабываць у гэтым мястэчку варта! Мiкола ТАМАШЭВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сучасныя Радашковiчы — невялiчкi гарадок у Маладзечанскiм раёне з насельнiцтвам блiзу шасцi тысяч чалавек. Раней жа гэта быў нават горад, што меў магд
|
|