Няўжо нам непатрэбная Сусветная i айчынная мастацкая культура?
Няўжо нам непатрэбная Сусветная i айчынная мастацкая культура?
У рэдакцыю "Звязды" паступаюць тэлефанаваннi i лiсты адносна новай школьнай праграмы. Найбольш пытанняў выклiкала лiквiдацыя прадмета "Сусветная i айчынная мастацкая культура". Многiя цiкавяцца: хiба правамоцна замяняць гэты надзвычай важны прадмет чарчэннем, якое ўведзена ў школьны расклад з гэтага навучальнага года? Аргументы вучняў — у наступных лiстах. Каму перашкаджала СМК? Рашэнне зняць прадмет са школьнай праграмы — даволi неасцярожны крок. Бо гаворка iдзе аб духоўным развiццi асобы. Сама назва прадмета, калi расшыфраваць яе цалкам, гучыць так: "Сусветная i айчынная мастацкая культура". У першую чаргу, айчынная: культура нашай краiны, нашага народа. Гэта нашы каранi i наша гiсторыя. Мiгель дэ Сервантэс сказаў: "Гiсторыя — скарбнiца нашых дзеянняў, сведка мiнулага, прыклад i павучанне для сучаснага, перасцярога для будучага". Менавiта гiсторыя i культура кожнага народа робiць яго ўнiкальным, непаўторным. Толькi ведаючы мiнулае сваёй краiны, яе жыхар можа па праву лiчыць сябе часцiнкай нацыi. Самая важная рыса СМК заключаецца ў тым, што гэты прадмет пашырае кругагляд вучня, дапамагае лепш арыентавацца ў культуры розных краiн. Гэта ўплывае на ўзровень эрудыцыi i агульную дасведчанасць. На ўроках СМК дзецям даюцца тыя азы, якiя павiнен ведаць кожны больш цi менш развiты чалавек. Урокi СМК таксама маглi паўплываць на фармiраванне ўласнага светапогляду вучня. На iх ён вучыцца адчуваць, мыслiць. Хтосьцi скажа: "Няхай культуру вывучаюць тыя людзi, якiм гэта цiкава". Кожны вырашае для сябе. Але ж мы сутыкаемся з тымi цi iншымi пластамi культуры паўсюдна: гэта i архiтэктурныя стылi, i вiды жывапiсу, i жанры лiтаратурных твораў; гэта музыка, тэатр i кiно. Усё ж больш прыемна, калi ведаеш, дзе ўзнiкла тая цi iншая плынь, хто быў яе прадстаўнiком i цi ёсць у тваiм родным горадзе будынкi ў стылi, напрыклад, барока. Жыццё кароткае, а мастацтва вечнае. І каб не страцiць творчую працу, якая стваралася тысячагоддзямi, трэба яе ведаць, любiць i берагчы. Кацярына Аляксандрава, вучанiца 11 класа гiмназii № 1 г. Мiнска. У кожнага вучня ёсць свой любiмы прадмет. Прадмет, якi мяне ўразiў, — СМК (сусветная мастацкая культура). У нас выкладала цудоўная настаўнiца — Немзер Дора Iзраiлiеўна, вельмi адукаваны i працавiты чалавек. Стылем яе выкладання мастацтва i ўсяго таго, што з iм звязана, захаплялiся амаль усе вучнi. Яна цудоўна ведала ўсё тое, што даносiла да нас. Наша настаўнiца паспрабавала ўзрасцiць кветку любовi да Вялiкага мастацтва, культуры, кветку веры ў сябе. Гэта былi не сухiя ўрокi, яны вылучалiся з шэрагу звычайных школьных дзён вельмi яркiмi колерамi. У маiм класе вучнi гавораць аб уроках СМК так: "Цiкавая iнфармацыя для развiцця i вывучэння; на кожным уроку мы даведвалiся аб нечым новым i былi зацiкаўленыя гэтым; было цiкава паслухаць пра жыццё людзей, якiя жылi ў iншых стагоддзях, вельмi далёкiх ад нашага". У гэтым годзе СМК вырашылi выкраслiць са школьнай адукацыйнай праграмы. Чаму так адбылося? На мой погляд, культуру павiнен вывучаць i ведаць кожны з нас. Культура дапамагае чалавеку ўзняцца на больш высокi ўзровень развiцця. Мы жадаем, каб у школах, гiмназiях i лiцэях зноў вывучалi гэты важны i цiкавы прадмет — сусветную мастацкую культуру! Крысцiна Балаболава, вучанiца 11 класа гiмназii № 174 г. Мiнска. * * * А вось яшчэ меркаваннi школьнiкаў. Марына Ханецкая, 11-класнiца СШ № 90 г. Мiнска: — СМК павышае агульную адукаванасць, пашырае кругагляд вучняў. Мы не толькi даведалiся шмат новага аб свеце — мы адкрывалi новае ў сабе, развiвалiся як асобы. Ганна Хадаровiч, 9-класнiца СШ № 186 г. Мiнска: — Лiчу, што адмена курса СМК — гэта памылка. Для мяне гэтыя ўрокi заўсёды былi святам. Вiкторыя Курылiна, СШ № 210: — СМК — гэта ўрокi выхавання чалавечай душы. Я вучуся ў 11 класе. Мне пашчасцiла, што я паспела прайсцi поўны курс гэтага прадмета. Вiкторыя Шаколiна, гiмназiя № 1 г. Мiнска: — Дзякуючы настаўнiцы Чарнышовай Маргарыце Пятроўне я маю ўяўленне аб гiсторыi культуры, магу разважлiва ацэньваць сучасныя творы мастацтва, параўноўваць iх з класiкай. Урокi СМК дапамаглi сфармiраваць уласны стыль i густ... Нельга пазбаўляць школьнiкаў гэтага цудоўнага прадмета! Мне балюча думаць, што мая маленькая сястрычка, якая ў наступным годзе пойдзе ў школу, не атрымае ўрокаў СМК. Не варта ставiць крыж на гэтым прадмеце! Соф’я Ермаловiч, гiмназiя № 8 г. Мiнска: — Няўжо нельга вярнуць СМК? Памылкi рабiлiся заўсёды, але — трэба своечасова iх выпраўляць! Вiкторыя Сацута, гiмназiя № 15 г. Мiнска: — Вельмi шкада, што курс СМК выключылi са школьнай праграмы. Гэты прадмет у пэўным сэнсе змянiў маё жыццё... Мне крыўдна за дзяцей, якiя не сутыкнуцца з гэтым прадметам.* * * Па каментарый да ўзнятага пытання мы звярнулiся ў Мiнiстэрства адукацыi Беларусі. У Мiнiстэрстве адукацыi разгледжаны зварот з установы "Рэдакцыя газеты "Звязда". Паведамляем наступнае. У адпаведнасцi з Дэкрэтам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 17 лiпеня 2008 г. № 15 "Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыi" Мiнiстэрствам адукацыi распрацаваны вучэбныя планы для ўсiх тыпаў агульнаадукацыйных устаноў, у якiх прыведзены ў раўнавагу змест вывучэння вучэбных прадметаў прыродазнаўча-матэматычнага i гуманiтарнага цыклаў. Пытаннi айчыннай i сусветнай мастацкай культуры ўлiчаны пры вывучэннi вучэбных прадметаў "Сусветная гiсторыя", "Гiсторыя Беларусi", "Руская лiтаратура", "Беларуская лiтаратура", "Музыка", "Выяўленчае мастацтва". Акрамя гэтага, на факультатыўных занятках па жаданнi вучняў i iх законных прадстаўнiкоў можна вывучаць вучэбны прадмет "Айчынная i сусветная мастацкая культура".Для пашырэння ведаў вучняў у адукацыйнай галiне "Мастацтва" Мiнiстэрствам адукацыi зацверджаны больш як 60 праграм факультатыўных заняткаў, якiя размешчаны на сайце навукова-метадычнай установы "Нацыянальны iнстытут адукацыi" (www.аdu.bу). Нагадваем таксама, што ва ўстановах пазашкольнага выхавання i навучання рэспублiкi вучнi могуць наведваць аб’яднаннi па iнтарэсах з мэтай вывучэння розных вiдаў нацыянальнага i замежнага мастацтваў. К.С. Фарыно, намеснiк мiнiстра.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У рэдакцыю "Звязды" паступаюць тэлефанаваннi i лiсты адносна новай школьнай праграмы. Найбольш пытанняў выклiкала лiквiдацыя прадмета " |
|