Жыллё падае. У цане
Жыллё падае. У цане
Тэмпы знiжэння коштаў на нерухомасць у сталiцы ўжо апярэджваюць паказчыкi 1999—2000 гадоў. У блiжэйшыя месяцы кватэры будуць таннець хутчэй, i прагнозы экспертаў становяцца ўсё больш радыкальнымi. Пры эканамiчных цяжкасцях яшчэ на працягу 10—12 месяцаў доларавыя кошты да канца наступнага года знiзяцца на 30-40 працэнтаў. Такiя прагнозы беларускiх банкiраў. Яшчэ месяц таму на другасным рынку 1-пакаёвая кватэра ў панэльным дзевяцiпавярховiку з кухняй у 7,2 метра i пакоем каля 17 "квадратаў", напрыклад, у Фрунзенскiм раёне Мiнска, якi ў плане жыллёвага будаўнiцтва развiваецца найбольш актыўна, каштавала ад 62 тысяч. Цяпер цэннiк пачынаецца з 55 тысяч. Тыя, каму трэба прадаць кватэру тэрмiнова, знiжаюць кошты сур’ёзна. Паводле звестак аналiтыкаў беларускага партала нерухомай маёмасцi rеаlt.bу, у апошнiя два месяцы 2008 года назiраецца знiжэнне кошту як на другасным рынку нерухомасцi, так i у новабудоўлях Мiнска. Асаблiва адчувальна гэта адбылося у пачатку снежня, калi частка прадаўцоў, каб прадаць нерухомасць да Новага года, знiзiла кошты за тыдзень на 5—15 працэнтаў. Колькасць кватэр, прапанаваных у iнтэрнэце i ў базе звестак агенцтваў нерухомасцi, за кастрычнiк—лiстапад вырасла прыкладна амаль на 20 працэнтаў, што i тлумачыць знiжэнне коштаў. Лiдарам па аб’ёме прапановы другаснага жылля ў Мiнску на сёння па-ранейшаму з’яўляецца ўсё той жа Фрунзенскi раён (22 працэнты ўсiх прапаноў). Далей iдуць Маскоўскi i Савецкi раёны (14 i 12 працэнтаў адпаведна), найменш прапаноў у даўно забудаваных Кастрычнiцкiм i Партызанскiм раёнах — каля 6 працэнтаў ад усiх прапаноў. Кватэры ў новабудоўлях сталiцы прапаноўваюцца па камерцыйных цэнах ад 1300 да 2600 долараў за квадратны метр. За жнiвень—лiстапад 2008 года сярэднi кошт прапановы новабудоўляў Мiнска знiзiўся на 1,2 працэнта — з 1907 долараў за квадратны метр да 1885. А за ўвесь 2008 год сярэднi кошт новабудоўляў Мiнска знiзiўся прыкладна на 100 долараў, або 5 працэнтаў — з 1995 долараў у студзенi да 1885 у снежнi. Нягледзячы на тое, што сярэдняя цана квадратнага метра патаннела не нашмат, гэта не значыць, што ў горадзе няма танных кватэр. Аналiтыкi адзначаюць, што некаторыя забудоўшчыкi, каб разлiчыцца з банкамi, робяць скiдкi на 200 i нават 500 долараў за квадратны метр. "Прапануйце сваю цану!" — самы папулярны сёння лозунг мiнскiх дэвелапераў, спецыялiстаў бiзнэсу нерухомасцi. Дарэчы, для параўнання, за апошнiя два з паловай месяцы квадратны метр у Маскве патаннеў амаль на 10 працэнтаў. Кошты на маскоўскiя новабудоўлi дасягнулi свайго гiстарычнага максiмуму ў кастрычнiку (6,54 тысячы долараў за метр), i толькi за лiстапад яны знiзiлiся ў сярэднiм на 90 долараў (без улiку элiтнага жылля ў цэнтры расiйскай сталiцы, дзе пакуль кватэры не таннеюць нават ва ўмовах крызiсу). Што будзе далей? Аналiтыкi цэнтраў нерухомасцi лiчаць, што да канца лета 2009 года агульнае знiжэнне коштаў на мiнскую нерухомасць можа скласцi 25, а то i 30 працэнтаў. Больш радыкальную iнфармацыю дае агляд "Кошты на нерухомасць у свеце: надзённая дынамiка i перспектывы": тут прагназуецца яшчэ большы абвал рынку — да 40 працэнтаў. У сувязi з крэдытнымi праблемамi (сёння, як вядома, большасць беларускiх банкаў спынiла крэдытаванне куплi жылля i выдачу крэдытаў нечаргавiкам) i запаволеннем росту даходаў насельнiцтва ўжо хуткiм часам у сталiцы i ў цэлым па краiне можа пачацца хуткае знiжэнне коштаў, супастаўнае па сваiх маштабах з тым, якое назiралася ў 1998—99 гадах. Пры базавым сцэнарыi (гадавы прырост ВУП на 7,5-8,5 працэнта, iнфляцыя каля 12 працэнтаў, курс 2367 рублёў за долар) знiжэнне коштаў складзе да канца 2009 года ў параўнаннi з 3-м кварталам 2008 года: на першасным рынку 23,6 працэнта ў валюце, на другасным рынку — 36,4 працэнта. Пры горшым развiццi падзей — стрэсавым сцэнарыi (стагнацыя ВУП, больш высокiя тэмпы iнфляцыi, глыбокая дэвальвацыя рубля) кошт квадратнага метра ў Мiнску знiзiцца ў новабудоўлях на 36,6 працэнта ў доларах, вярнуўшыся да паказчыкаў пачатку 2005 года. На другасным рынку варта чакаць скарачэннi на 30,8 працэнта ў замежнай валюце. У цэлым па Беларусi знiжэнне коштаў на нерухомасць будзе менш значным, чым у сталiцы, лiчаць аналiтыкi. "Такая дынамiка коштаў, безумоўна, будзе мець негатыўныя наступствы для iпатэчнага рынку i для рынку iншых крэдытаў, у забеспячэнне якiх былi выкарыстаныя аб’екты нерухомасцi. Гэтая сiтуацыя можа прывесцi да наступнай дэстабiлiзацыi рынку жылля i рынку нерухомасцi ў цэлым", — адзначаюць аналiтыкi ІRN-цэнтра. Дарэчы, у суседняй Расii агучаных урадам захадаў у падтрымку iпатэкi будзе недастаткова, каб прадухiлiць калапс на рынку. Фактычна iпатэчны рынак там спынiў сваё iснаванне ўвосень. У нас жа iпатэка яшчэ не набрала наогул нiякiх абаротаў. Каб беларусы зноў сталi браць крэдыты на жыллё, заработная плата у 2009 годзе павiнна вырасцi прынамсi на 30 працэнтаў, рубель застацца стабiльным, а кошты на нерухомасць знiзiцца на 25—30 працэнтаў, што, як паказваюць розныя прагнозы, малаверагодна. Анатоль СЛАНЕЎСКI.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тэмпы знiжэння коштаў на нерухомасць у сталiцы ўжо апярэджваюць паказчыкi 1999—2000 гадоў. У блiжэйшыя месяцы кватэры будуць таннець хутчэй, i прагноз
|
|