21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Справа ў ТЭЛЕ

26.08.2009 10:43 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Справа ў ТЭЛЕ

Сёння — Дзень беларускага кiно. Яго нельга назваць святам, якое ўвесь час з намi. Ужо таму, што штодня тэлебачанне не здзiўляе нас новымi працамi беларускiх кiнавытворцаў. А самы просты шлях да сэрцаў айчыннага гледача пралягае праз тэлеэфiр.

На кiнастудыi гэта разумеюць, калi меркаваць па грандыёзных планах. Але разам з тым ёсць упэўнены запал i аптымiстычны настрой, з якiм прадстаўнiкi кiнастудыi разважаюць пра будучыню. І гэта не можа не абнадзейваць, асаблiва на фоне асцярожных i нават збянтэжаных заўваг расiйскiх кiнаасоб пра тое, што з-за крызiсу спыняецца вытворчасць многiх праектаў — фiльмаў i тэлесерыялаў. Страта апошнiх моцна ўдарыць i па беларускiх тэлегледачах, для большасцi з якiх кiно — гэта найперш тое, што паказваюць па тэлебачаннi. I вось тут высока трымае галаву i абуджаецца "Беларусьфiльм", якi выпускае адзiн тэлефiльм за другiм... Мара? Спадзяваннi i планы? Цi няўжо сапраўды прыспеў час, калi сiтуацыя можа скласцiся на нашу карысць? Прынамсi, калi адказныя асобы былi не супраць паразважаць пра перспектывы беларускага тэлевiзiйнага кiно, то ў гэтым усё ж ёсць нешта больш падобнае на рэальнасць, чым мары пра з’яўленне вялiкага фiльма. Магчыма, вытворчасць тэлекiно — гэта выйсце для беларускай студыi...

Прыбытковы бiзнэс

Адна з iстотных асаблiвасцяў вытворчасцi тэлефiльмаў у тым, што выдаткi на iх акупляюцца. Паказ расiйска-беларускага фiльма "У чэрвенi 41-га" 9 мая на Першым расiйскiм тэлеканале апраўдала ўсе ўкладзеныя ў вытворчасць сродкi. І нават калi фiльм зроблены не вельмi якасна, то пасля якога-небудзь пятага паказу ён акупляецца ўсё роўна. Што для нас вельмi iстотна: гэта ўжо праца не "ў мiнус". Такiм чынам, эканомiка вiдавочна — "за". Як не будуць "супраць" i тыя, хто можа патэнцыяльна мець дачыненне да вытворчасцi тэлекiно: заўсёды хочацца быць занятым дзе-небудзь, а не быць у бестэрмiновым творчым прастоi. А людзi, якiя праводзяць доўгiя зiмовыя вечары ля экрана, сваё "так" выражаюць нацiсканнем кнопачак на пульце тэлевiзара. Вось яны, iх iнтарэсы, iх узровень i з’яўляюцца самым загадкавым звяном у гэтым ланцужку. Таму што глядач — розны. А статыстыка пакiдае толькi ад 3 да 6 працэнтаў ад усёй глядацкай аўдыторыi за iнтэлектуаламi, якiя ад кiно чакаюць не толькi забавы, але i мастацтва. I гэтай лiчбай сёння можна апраўдаць нiбыта ўсё.

Спроба гэтага апраўдання прыйшла да нас праз расiйскiя тэлеканалы. I чаму гэта так, а не iнакш, найлепшым чынам патлумачыла аўтарытэтны тэлеаглядальнiк газеты "Известия" Iрына Пятроўская, якая была госцяй нашага кiнафестывалю. Працытую яе дзеля таго, каб потым зразумець, што прынцыпова iншае ў матывах i планах беларускiх кiнавытворцаў: "Тэлекiно — гэта топка, у якую дровы можна закiдваць няспынна. Разважаць пра тое, мастацтва цi не мастацтва гэтыя дровы — нават смешна. Раз у сезон цi раз у два-тры сезоны кампанiя, якая сябе паважае, дазваляе дзеля самапавагi нейкiя рэпутацыйныя праекты, калi здымаецца нешта вышэйшае за пояс. З лексiкi цяперашнiх тэлевiзiйных заказчыкаў знiкла слова "фiльм", "твор", "карцiна". Гэта сапраўды прадукт, якi трэба прадаць выгадна. Гэта ўсё робiцца дзеля рэйтынгу канала, якi вызначае адпаведна кошт рэкламы. Пра вынiкi нiхто не думае, таму ў нас на экране па-ранейшаму няма сапраўднага героя. Мы нават не ведаем, якiм ён можа быць..."

I тут хочацца сказаць: пачакайце, аднак жа расiйскi Бязрукаў стаў супергероем тэлефiльма, якi быў зняты сумесна з Беларуссю... Цi гэта толькi ў Беларусi ён стаў супергероем фiльма "У чэрвенi 41-га"? I як жа тады расiйскiя зоркi, якiя павiнны стаць героямi iншых тэлепрэм’ер — Данiiл Спiвакоўскi ў фiльме "Цень самурая" Вiталя Чацвярыкова i Дзмiтрый Пяўцоў, якi здымаецца ў чатырохсерыйнай ваеннай стужцы "Снайпер" Аляксандра Яфрэмава — напэўна ж, iх запрашалi дзеля таго, каб прапанаваць нам вобразы сапраўдных герояў сапраўднага кiно? А ў Беларусi апошняе спалучэнне ў дачыненнi да тэлекiно не ставяць пад сумненне.

Не кан’юнктурная кiнастудыя

Гаворачы пра перспектывы беларускага тэлекiно, генеральны дырэктар кiнастудыi "Беларусьфiльм" Уладзiмiр Замяталiн адзначыў: "Тэлевiзiйнае кiно робiцца значна хутчэй, яно больш умоўнае. Але мы перад сабой паставiлi задачу: не спрашчаць да такой ступенi, калi тэлевiзiйнае кiно носiць выключна камерцыйны характар i даведзена да крайняй ступенi наiўнасцi. Скажам, як 300 серый вядомых аргенцiнскiх цi бразiльскiх серыялаў. Наша задача — зрабiць такое кiно, якое адпавядала б духу часу, гаварыла на сучаснай кiнамове, каб яно адказвала на выклiкi сучаснасцi i раскрывала вiдавочныя балючыя кропкi. I нi кроку назад. Мы не кан’юнктурная кiнастудыя. Для нас рэпутацыя значна даражэйшая. Мы нiколi не будзем змешваць паняццi, што больш важна: бiзнэс ад кiно цi творчая складовая ў кiнавытворчасцi. Другое для нас адназначна важней. Зараз настаў момант iсцiны. Надышла ў глабальным маштабе паўза, калi для атрымання пэўных прыбыткаў трэба паказаць сябе перад грамадствам: у якiм ты насамрэч стане..."

Як вядома, кiнастудыя зараз знаходзiцца ў стане рэканструкцыi. Iдзе працэс поўнай замены абсталявання — праведзена 60 працэнтаў прац у гэтым кiрунку. Зроблена лабараторыя камп’ютарнай графiкi. Але спецыялiзаванае абсталяванне для кiно, у тым лiку тэлевiзiйнага, будзе закупляцца ў самую апошнюю чаргу (з улiкам дынамiкi развiцця тэхналогiй). Але мала толькi закупiць абсталяванне, трэба навучыць iм карыстацца тых, хто непасрэдна задзейнiчаны ў кiнапрацэсе. З сярэдзiны наступнага года на "Беларусьфiльме" збiраюцца рабiць самастойна ўсё тое ж, што робiць "Масфiльм", усе тыя паслугi, за якiмi сёння звяртаюцца туды прадстаўнiкi Беларусi.

Але рапартуючы пра паказчыкi, кiраўнiцтва кiнастудыi называе лiчбу ў 10 фiльмаў, якiя былi выпушчаны сёлета. На кiнавытворчасць сёлета пайшло 18 мiльярдаў рублёў. У наступным годзе сродкаў абяцаюць яшчэ больш — 28 мiльярдаў. I фiльмаў на два больш. Але ўжо да 2010 года "Беларусьфiльм" мае намер дагнаць... сярэднестатыстычны паказчык савецкiх часоў i выпускаць 15 карцiн за год! Колькi з iх будзе тэлевiзiйнага фармату, пакуль сказаць немагчыма, але вiдавочна, што iстотным вынiкам мадэрнiзацыi кiнастудыi стане магчымасць выкарыстоўваць тэлевiзiйнае кiно ў перспектыве як плёначнае, пераводзячы лiчбу на плёнку, а можа, будзе рабiць i наадварот: кожная карцiна, знятая на плёнцы, абавязкова будзе пераводзiцца ў тэлевiзiйны фармат. Гэта дыктуецца камерцыйнымi перавагамi — адкрываецца магчымасць не абмяжоўвацца паслугамi пракатных арганiзацый. Такiм чынам кiно прасцей дойдзе да вялiкай колькасцi тэлегледачоў, якiя часам не могуць пабываць у кiнатэатры, часам з прычыны адсутнасцi кiнатэатра ў iх мясцовасцi.

Казкi для дарослых

Прынамсi, у згаданыя вышэй застойныя савецкiя часы гэта формула працавала бездакорна. З таго часу, калi пачалася вытворчасць тэлевiзiйных фiльмаў на кiнастудыi "Беларусьфiльм" , i дзесьцi да пачатку 90-х гадоў iх было створана каля 150. Запатрабаванасць iх была вiдавочная. Потым вытворчасць тэлевiзiйных фiльмаў была спыненая гадоў на дзесяць. Тым не менш, з 2002 года на кiнастудыi зноў сталi выпускаць тэлевiзiйнае кiно: з’явiлiся фiльмы "Сяброўка-восень", "Пяшчотная зiма", "Тры талеры" i iншыя. Сёлета выйшлi "Цень самурая", "Крапавы бярэт, "Пакуль мы жывыя". Завяршаецца праца над сумесным расiйска-беларускiм фiльмам "Снайпер". I ў студзенi рыхтуецца да запуску васьмiсерыйны фiльм "Замах". У блiжэйшы час кiнастудыя збiраецца нас здзiвiць i прыгодамi, i меладрамай.

"Падыходы да выбару матэрыялу скiраваныя на тое, каб разглядаць любую тэлевiзiйную прадукцыю, якая рыхтуецца да "запуску" ў вытворчасць, з пункту погляду кiнамастацтва, наяўнасцi ў iм вобраза, метафары, — сцвярджае галоўны рэдактар кiнастудыi Наталля Сцяжко. — Чым мы кiруемся, калi плануем выпуск тэлефiльма? У першую чаргу ў сцэнарыi павiнна быць дакладна i цiкава расказаная гiсторыя. Тэлесерыял разлiчаны на сярэднестатыстычную сям’ю. Яго адметнасцю з’яўляюцца дакладна распрацаваныя вобразы герояў, жорсткiя рамкi сюжэтнай канвы. Кожная серыя — скончаная гiсторыя, але сюжэт не завершаны, у iм заяўка для наступнай серыi. Патрэбны сыход ад рэальнасцi ў iлюзiю, сыход ад паўсядзённых клопатаў, так званая "казка для дарослых". Герой павiнен быць фiгурай, якая з’яўляецца на экране як асоба, блiзкая i знаёмая для iх, з якой яны ахвотна сустракаюцца па вечарах. У кожнага героя павiнен быць свой архетып, якi iснуе ў гiсторыi, каб у гледача быў эфект праўдзiвасцi i пазнавальнасцi: "баба яга", "папялушка" i гэтак далей. Канцэпцыя, на якой трымаецца серыял, нам вядомая з дзяцiнства: казкi, якiя распавядалi нам бабулi i матулi, маюць тую ж серыяльную структуру, калi мы кожны вечар чакалi новай гiсторыi. Але сiла ўздзеяння серыяла ў тым, каб дасягаць мэтаў маральных i грамадскiх."

Шчыра кажучы, не ведаю, як усё гэта можна сумясцiць — i мастацтва, i сярэднестатыстычную сям’ю. Але калi каму-небудзь у нас удасца гэта зрабiць — буду адданай прыхiльнiцай творчасцi гэтага рэжысёра. Але хто ён, дзе ён?

Ларыса ЦIМОШЫК.

 

Перспектывы беларускага тэлевiзiйнага кiно каментуе Людмiла Саянкова, кiназнаўца, загадчык кафедры лiтаратурна-мастацкай крытыкi БДУ:

— Цi здольныя нашы творчыя кадры зрабiць якаснае тэлевiзiйнае кiно, я пакуль не бяруся сказаць. Але рабiць тое, што было зроблена да iх iншымi аўтарамi ў iншых краiнах i кармiць нас той жа "гумкай", мне здаецца, не самы эфектыўны шлях. У Беларусi могуць з’яўляцца свае тэлесерыялы: мы маем цiкавую гiстарычную лiтаратуру, ёсць багатыя на iнтрыгi творы Караткевiча, цудоўная проза нашых класiкаў. Калi б кiраўнiцтва кiнастудыi i аўтары здагадалiся ўзяць за аснову класiчны твор лiтаратуры, паводле яго зрабiць сцэнарый, каб у iм была гiсторыя, i яна была б сапраўдным вiдовiшчам, цiкавым, накiраваным у тым лiку i на масавага гледача, а з iншага боку за ёй стаяла б нацыянальная культура — гэты шлях даў бы свае вынiкi. I ў камерцыйным плане, i ў культурным, маральным, у плане нацыянальнай самасвядомасцi. Маглi б атрымацца фiльмы, якiя стваралi б пэўны эфект кансалiдацыi ў грамадстве. Пакуль гэтага не вiдаць, iдуць па шляху найменшага супрацiўлення, прапануючы тое, што даецца ў выглядзе клiшэ: хтосьцi за кiмсьцi павiнен гнацца, забiваць, нешта пераадольваць. Але гэта ўсё не мае нiякага дачынення нi да гiсторыi, нi да часу, нi да чалавечых адносiнаў. Здаецца, нават масавы глядач ужо наеўся такога прадукту. Калi мы ў вялiкiм тэлесерыяльным моры раптам убачылi тэлевiзiйнае якаснае кiно, якiм была "Лiквiдацыя" Сяргея Урсуляка, усе адразу спынiлiся ля экрана i глядзелi БТ. Гэта было, з аднаго боку, масавае вiдовiшча, а з iншага — культурная падзея, якой становiцца якасны фiльм. Таму што нам прапанавалi не тэлесерыяльнае "мыла", а моцны фiльм, дзе была свая прыгоднiцкая жанравая аснова, але там былi паказаны i чалавечыя характары, сюжэт прымушаў увесь час суперажываць. Ёсць настальгiя па кiно з чалавечым тварам. Гэта той самы ключ, якi прывёў бы нас да нейкага вынiку. Пакуль гэтага няма...

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння — Дзень беларускага кiно. Яго нельга назваць святам, якое ўвесь час з намi. Ужо таму, што штодня тэлебачанне не здзiўляе нас новымi працамi бела
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика